Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Зь фiлязафiчнага пункту гледжаньня лiбэралiзм уяўляецца як намiналiстычная дактрына, паколькi ягоным выточным пунктам ёсьць палажэньне, якое сьцьвярджае, што асноўным элемэнтам iснага, так званым анталягiчным тыпам ёсьць iндывiдуальныя самабытныя iснаваньнi, сярод якiх вырозьніваюцца чалавечыя iндывiдуумы[63]. Таму ён уяўляе сабой варыянт антрапалягiчнага намiналiзму.

Вынiкам такога бачаньня сьвету ёсьць адмова ад тэзы аб падпарадкаваньнi чалавечых iндывiдаў усялякага роду тэарэтычным канструкцыям (улучна з мовай) i стварэньне фундамэнту для пэўнай злучнасьцi рысаў, якiя можна вызначыць пры дапамозе тэрмiну свабода. Прыводжаньне яе поўнай дэфiнiцыi заўсёды зьвязана зь вялiкiмi цяжкасьцямi i таму, як я мяркую, найлепш яе можна ўхарактарызаваць пры дапамозе складнiкаў, што скрыжоўваюцца ў ёй. Немагчыма, безумоўна, iх усе пералiчыць i паказаць, якiя памiж iмi iснуюць сувязi, але што да некаторых, зрабiць гэта, напэўна, можна.

Няма сумлеву, што трактуючы людзей як самабытныя iснаваньнi, мы ўгрунтоўваем iх iнавацыйныя пазыцыi. Чалавечыя iндывiдуумы, незалежна ад абстрактных iснаваньняў, не «прамаўляюцца» таму — наўсуперак думцы аднаго з постмадэрнiстаў М.Фуко — шляхам моўных, тэарэтычных або, шырэй, сымбалiчных канструкцыяў. Чалавечыя паводзiны свабодныя i няскутыя, што прыводзiць да магчымасьцi выхаду вонкi iх. Суб’ект не паводзiць сябе тут па-плятонску. Ён не адкрывае аб’ектыўных законаў або iдэальных аб’ектаў, якiя насоўваюцца на яго зь сярэдзiны, а ёсьць iхным праектадаўцам. Законы — гэта вынiк звычаёвай дамовы або сьвядомай легiсьляцыйнай дзейнасьцi, што фармулюе ясна кадыфiкаваныя разьдзелы нормаў. Фундамэнтам, дзякуючы якому яны могуць быць прынятыя людзьмi i станавiцца спакмянём паразуменьня памiж непрымушанымi бакамi, ёсьць рацыянальнасьць дамоваў, сымэтрычная ўзглядам кагнiтыўных структур чалавечага розуму. Спалучэньне разумнасьцi, што апэлюе да здольнасьцi чалавечай кемлiвасьцi, з здатнасьцю стварэньня нечага новага становіць аснову рэалiзацыi чалавечай волi. Таму волiцыянальнасьць уяўляе сабой неадрыўны складнiк чалавечай свабоды, якi робiць магчымым зьдзейсьненьне зьменаў згодна з iндывiдуальнымi мэтамi паасобных людзей.

Узаконеньне перакананьняў чалавечага розуму абапiраецца на пэўным мэтафiзычным крытэры праўды кожнага чалавечага iндывiдуума: iм ёсьць пэўнасьць або сьвядомасьць собскага iснаваньня... Перакананьне гэта датычыць усiх паасобных людзей i ў насьледак гэтага мы гаворым ужо аб коэкзыстэнцыi — рэглямэнтацыi для кожнага iндывiда ўдзелу ў iснаваньнi. Яно дазваляе захаваць аўтаномiю думкi i рашэньня (я ведаю, што iсную) i не выключае адкрытасьцi (я ня маю прыклёпаў, каб меркаваць, што iншыя ня ведаюць таго, што ведаю я). Тады стаецца магчымым дыялёг роўнапарадкавых што да iснаваньня, сувэрэнных асобаў. Раўнапраўнасьць экзыстэнцыi ўмагчымляе (добрааахвотнае) захаваньне канцэпцыяў, што падтрымваюць ня толькi эканамiчную каапэрацыю, але i прыўносяць з сабой спачуваньне i здольнасьць аказаньня дапамогi. Роўнасьць права на iснаваньне не парушае таму незалежнасьцi i годнасьцi чалавечага бытаваньня.

Натуральная здольнасьць людзей уступаць у непрымушаныя сувязi ўтварае зь iх грамаду сувэрэнных адзiнак, якiя добрааахвотна складаюць групу цi нават супольнасьць. Гэты вобраз супрацьлежны статку, групе адзiнак, утворанай пры дапамозе вонкавага прымусу. Такі прымус часта набывае выгляд абстрактных iдэяў i вартасьцяў, што ўваходзяць у iх склад, а таксама спосабаў iхнай рэалiзацыi. Узглядам iх людзi бязвольныя i экзыстэнцыйна аднавымерныя. Стаўленьне да iх замыкаецца тады адно ў высваеньнi гэтых вартасьцяў i пасіўнай iх культывацыi. Таму гэта прызнаньне пазапачуцьцёвых клiшэ за собскiя, дзе статак, замiж угоды, абапёртай на добраахвотнай згодзе, кiруецца пры дапамозе вонкавага загаду[64].

Вышменаваную аксіялягiчную мадэль лiбэралiзму зазвычай адносяць да ўсяго навачаснага пэрыяду нашай цывiлiзацыi. Вынiк гэтага — iдэнтыфiкаваньне вышменаваных вартасьцяў з (пад)вартасьцямi, якiя ў iсьце ёсьць iхнымi насьледкамi. Гэта выражае досыць пашыранае перакананьне, што неадрыўным сускладнiкам сукупнай дактрыны лiбэралiзму ёсьць пэўны род эканамiчных вартасьцяў. Больш таго, яго ўважаюць за тоесны з пэўным тыпам гаспадарча-эканамiчнай палiтыкi. Але нягледзячы на гэта, як i агульнапашыранае скарачэньне ў выглядзе «прынцыпаў свабоднага рынку», гэты род уяўляе сабой сыстэму вартасьцяў — што мае надэканамiчны вымер — i выклiкае гарачкавы пошук вартасьцяў, што выступаюць вонкi практычнага i парадкуючага вымеру пастулятаў, зь якiх i складаюцца «прынцыпы свабоднага рынку». Таму зьяўляюцца спробы ўдасканалiць лiбэралiзм або «дапоўнiць» Гаека пры дапамозе вартасьцяў, што надаюць ягонай тэорыi характар, якi хутчэй выходзiць за межы вiдавочнай эканамiчнай эфэктыўнасьцi[65]. Дзеля гэтага замiж таго, каб сягаць да вытокаў i шукаць фундамэнтальную анталёгiю лiбэралiзму, якi ў сваiм прагматычна-жыцьцёвым вымеры можа быць вызначаны як «свабодны рынак», узьнiкае сьветагляд, вытворны ад правiлаў гэтага апошняга. Такiм чынам адкрываецца шлях да тварэньня мiту, якi мае характар, аналягiчны з матэрыялiстычным сьветаглядам, i ўзьнiкае ў насьледак абагульненьня вынiкаў практычнага тарнаваньня (некаторых) навуковых тэорыяў. Адылi такi сьветагляд мае няшмат супольнага з «мэтафiзыкай» (часта ў лiтаральным значэньнi гэтага тэрмiну), што ляжыць у аснове тэорыяў, удалае практычнае прытарнаваньне якiх нарадзiла спакусу ягонага ўтварэньня[66].

Узнаямленьне з своеасаблiвай вiзiяй сьвету лiбэралiзму i вынiкаючай згэтуль сыстэмы вартасьцяў абцяжвае яго ўсякiмi «грахамi» i недарэчнасьцямi капiталiзму. Гэта недакладны тэрмiн, паколькi ён зьвязаны з эканамiстычнымi спрашчэньнямi, але якраз дзякуючы гэным грахом ён умела выкарыстоўваецца партыямi левай арыентацыi.

Нельга сказаць, што капiталiзм у сваёй злучнасьцi ёсьць адзiным рэальным канкрэтам, зь якога можна вылучыць агульны лiбэральны ўзор. Таму трэба падрэсьлiць, што аб гэтым узоры немагчыма гаварыць у адрыве ад, напрыклад «Сharta Magna Libertatium», адкуль надзвычай далёка да капiталiзму ў «чыстым» выглядзе. Як прыклад грамадзтва, найблiжэйшага да iдэалу лiбэралiзму, у клясычным Таквiлевым разуменьнi, прыводзяць Злучаныя Штаты. Адылi апiсаная Таквiлем фэрмэрская супольнасьць, як падаецца, у дачыненьнi да капiталiстычных грамадзтваў тагачаснай Эўропы была «адсталая» ў разьвiцьцi. Таму рэалiзацыя iдэалу свабоды i дэмакратыi будуецца гэтта на подзе разгляду ў iстоце пераддзяржаўнага, перадкапiталiстычнага i перадiндустрыйнага грамадзтва. I калi б мы захацелi адшукаць аналёгiю для яго ў Эўропе, то яму адпавядала б там не ангельскае грамадзтва эпохi прамысловай рэвалюцыi або францускае пасьля Напалеона, а супольнасьцi XIII i XIV-стагодняй Эўропы. Асобныя гарадзкiя супольнасьцi, у якiх iснавала як вольнае прадпрымальнiцтва (рамяство i работнiкi па найме, кантракце), так i грошы, рабiлi магчымай вытворчасьць ды добраахвотны абмен дабротамi, а таксама абмен працы на капiтал.

Загэтым капiталiстычныя пераўтварэньнi не ўяўлялi сабой наблiжэньня да лiбэральнага iдэалу, а ў iстоце былi адыходам ад яго (хаця i не канчатковым). Я мяркую, што падобны працэс распачаўся ў ЗША значна пазьней, чымся ў Эўропе, i ягоным пiкам i канцом была сэрыйная вытворчасьць аўтамабіля Ford T. Таму якiмi рысамi характарызавалася раньнекапiталiстычная эканомiка i грамадзтвы, што яе ўтваралi? Увогуле яны арыентавалiся на т.зв. рэсурсаёмiстыя тэхналёгii, якiя патрабавалi вялiкага засяроджаньня капiталу i сродкаў. Iх вызначае агрэсіўная дзяржаўнасьць, падпарадкаваная гэтаму манапалiзаванаму капiталу. Яна пацягнула за сабой грувасткае заканадаўства, якое накiдала iндывiдам вышэйпаложаныя мэты дзяржаўнасьцi. Яны былi рэалiзаваныя пры дапамозе цэнтралiзаваных пастановаў i дзяржаўнага iнтэрвэнцыянiзму. Вынiкам гэтага была ня толькi калянiзацыя, падтрыманая дзяржавай, але i Вялiкi Крызыс, а таксама бюракратызацыя i аўтарытарнасьць узаемiнаў памiж людзьмi. Крайны прыклад такiх працэсаў уяўляе сабой нацысцкая Нямеччына. У гэтым пэрыядзе дух супольнасьцi заступае нацыяналiзм i нацыяналiзаваныя эканамiчныя суб’екты, а выцясьненьне сувэрэннасьцi чалавечых iндывiдаў сындыкалiзмам замяняецца сутыкненьнем памiж сабой чалавечых статкаў, менаваных «клясамi». Канчатковым увасабленьнем гэтых рысаў, мэханiка якога надзвычай аддалiлася ад лiбэральнага iдэалу i адмовiла яго, быў камунiзм.

вернуться

63

Абавязкова прынамсi зважаць на асноўнае i велiзманае фiлязафiчнае пытаньне, якое зьявiлася ў сувязi з намiналiзмам. Уршуля Л.Жэглень апавядае наступнае: «У дыскусiях над праблемай няiсных спакмянёў традыцыйна, як i ў спрэчцы аб унiвэрсалiях, вырозьнiваюцца тры [...] становiшчы: (1) намiналiсцкае, згодна зь якiм няiсныя спакмянi знаходзяцца ў мове (Расэл, Quine); (2) канцэптуалiсцкае, паводле якога няiсныя спакмянi зьяўляюцца ў развазе (стоiкi, Картэзій, I.Кант, T.Read, Ф.Брэнтана), упаасобку ў развазе Бога (некаторыя схалястыкi, Ляйбнiц); (3) рэалiстычнае ў акрэсьленым сэнсе, г.зн. што статус няiсных спакмянёў незалежны ад дзьвюх згаданых сфэраў, а спакмянi гэтыя iснуюць (у сэнсе анг. there is або ням. es gibt) аб’ектыўна (арабскiя фiлёзафы, A.Meinong), у: O istnieniu w logice i w filozofii, у: «Prace z pragmatyki, semantyki i metodologii semiotyki», red. Jerzy Pelc, Ossolineum Wrocław, 1991, s. 221. Прыняцьцё намiналiзму ў першай, радыкальнай вэрсii ўблытвае нас у пэўныя цяжкасьцi, датычныя статусу мовы. Таму калi мы ня прымем другога становiшча (яго можна назваць канцэптуальным намiналiзмам), то тады мова ёсьць сапраўднасьцяй, што iснуе вонках чалавечай развагi (цi нават боскай) i генэруе няiсныя спакмянi. Факт гэтай неадпаведнасьцi выкарыстоўвае постмадэрнiзм, адмаўляючы апошнюю тэзу i настойваючы на першай, мяркуючы, што мова ёсьць ня толькi аб’ектыўнай сапраўднасьцяй, але i дэтэрмiнуючай чалавечыя паводзiны, а нават i чалавечыя думкi.

вернуться

64

Шырэй аб гэтай праблематыцы гл. у: Liberalizm — tło ontologiczne i konsekwencje poznawcze, у: Filozofia liberalizmu, red. Józef Tarnawski, Warszawa, 1993.

вернуться

65

R.Piekarski, Krytyczne uwagi o Hayeka liberalnej teorii wolności, у: Filozofia liberalizmu, wyd. cyt.

вернуться

66

Напрыклад, у под гiпотэзаў Айнштайна лягла пэўная дэтэрмiнiсцкая «мэтафiзыка», а квантавая мэханiка ўзьнiкла на аснове ягоных тэорыяў, выражаных у канкрэтнай мове навукi. Гэта цягне за сабой, аднак, апрычоны сьветагляд, iндэтэрмiнiсцкi ў сваёй прыродзе. Зьяўляюцца дзьве магчымасьцi разьвязаньня гэнага несупадзеньня. З аднаго боку, адмаўляецца фундамэнтальная анталёгiя, што ляжыць у вытоку агульнай i прыватнай тэорыi ўзгляднасьцi, але тым самым стаўляюцца пад сумлеў ня толькi гэтыя дзьве апошнiя тэорыi, але i квантавая мэханiка, якая выводзiцца згэтуль. З другога боку, iснуе перакананьне, што або квантавая мэханiка адно «досьледная», часовая тэорыя, якая заменiцца ейным адпаведнiкам, але якая, тым ня менш, мае дэтэрмiнiсцкi характар, або, што трэба, у адпаведнасьцi зь першым, вынайсьцi тэрыю, агульнейшую, чымся яна, якая б зьясьняла яе i якая, у пляне агульнапрынятай i асаблiвай фундамэнтальнай анталёгii, мела б таксама iндэтэрмiнiсцкую прыроду. Аб гэтых праблемах я пiшу шырэй разам зь Ежы Вайткавякам у: Can Quantium Mechanics Help in The Development of Determinism?, у: Problems in Quantum Physics II, red. J.Mizerski, A.Posiewnik, J.Pykacz, M. Żuławski, «World Scientific», Singapur, 1990.

38
{"b":"598980","o":1}