Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

А дзе шукаць цэнтар у сучаснай Эўропе? Мы ўжо даўно страцілі Рым як цэнтар, што зіхціць на ўсю нашу цывілізацыю. У мінуўшчыну таксама адышоў пэрыяд, падчас якога ролю цэнтру маглі выконваць некаторыя гарады з магутным культурным і палітычным патэнцыялам — такія, як Парыж або Вена. Не ўдаецца гэтай ролі адыгрываць і сучасным цэнтрам эўрапейскай адміністрацыі, Брусэлю ці Страсбургу, за якімі сапраўды стаіць Эўропа адкрытых межаў, але Эўропа ўніфікаваная.

Калі я добра распазнаю імкненьні эўрапейцаў, найзырчэй выражаныя ў існуючай супярэчнасьці паміж выразьлівым устанаўленьнем межаў свайго месца і іх несупынным парушэньнем, то новай Эўропай, якая ўзьнікне ў найбліжэйшым часе, будзе Эўропа рэгіёнаў. Бо мне здаецца, што толькі такая яе форма зробіць магчымым дасягненьне сучасным эўрапейцам цэнтру, што ўкарэньвае і вызначае яго ў сваёй адметнасьці і адначасова забясьпечвае яму ўдзел у справах гэтага сьвету, у тым, што паўсюднае.

Што такое Эўропа рэгіёнаў? Гэта куля, цэнтар якой паўсюль, а межы нідзе. Гэтае адмысловае вызначэньне Бога, сфармуляванае яшчэ гермэтычнай традыцыяй і дзякуючы сярэднявечным містыкам прысабечанае хрысьціянствам, падаецца надзвычай трапным і ў адносінах да нашых разважаньняў. Узьнікненьне малых і вялікшых рэгіёнаў — гэта ўзьнікненьне аўтэнтычных цэнтраў, што знаходзяцца паблізу чалавека і што як мага паўней яго выражаюць. Гэты працэс неабходны ў часе ўзьнікненьня эўрапейскага саюзу, неабходны для раўнавагі. Адкрыцьцё ці скасаваньне межаў выкліча ўзмацненьне разнароднасьці і адметнасьці, якія будуць бараніцца ад уніфікацыі. І гэта натуральная зьява. Так спараджаецца далёка не чужое эўрапейскаму досьведу адзінства ў разнароднасьці. Узьнікненьне рэгіёнаў — гэта імкненьне да пошуку цэнтру, рух унутро. Адначасна ўзмоцнены цэнтар адчыніць межы, прыцішыць нашы страхі перад адкрытасьцю і зьмяшэньнем, і тым самым спрычыніцца да павелічэньня шанцаў рэалізацыі ідэі эўрапейскай супольнасьці.

Фальшывым зьяўляецца цьверджаньне, што ў імкненьні эўрапейцаў да ўкараненьня ў сваіх малых рэгіёнах крыецца небясьпека прымату партыкулярных інтарэсаў, ксэнафобіі і нацыяналізму. Нацыяналізм надышоў з пэрыфэрыі. Ён нарадзіўся сярод людзей, аддаленых ад цэнтру, які жылі з комплексам цэнтру і былі эксплюатаваныя цэнтрам. У гэтым сэнсе нацыяналізм зьяўляецца плодам пэрыяду нарастаючай дыспрапорцыі паміж палітычна-культурным цэнтрам і рэгіянальна-этнічнай правінцыяй. Рэальную процівагу гэтаму можа стварыць Эўропа, якая заснуе цэнтры на пэрыфэрыях і асяродак якой будзе паўсюль.

Эўропа рэгіёнаў, баронячы адметнасьці і разнароднасьці як багацьці, якія яе самавызначаюць, безумоўна, ня будзе імкнуцца да сьціраньня існуючых межаў. Існаваньне магутных рэгіянальных цэнтраў будзе захоўваць і ўмацоўваць гэтыя межы. У гэтым няма супярэчнасьці, паколькі першапачатковае значэньне самога слова «мяжа», лацінскага «finis» і роднаснага яму «finitimus» — памежны, зьвязана хутчэй з паняцьцем блізкага суседзтва, чымся з поўнай ізаляцыяй. У гэтым спэцыфіка рэгіёну, які можна назваць рэгіёнам паўзьмежжа, і таму такім, у якім межы ідуць унутро, а не навонкі блізкага нам прасьцягу. Існаваньне жывога цэнтру аслабляе адно тыя межы, якія ідуць навонкі, якія ізалююць і замыкаюць, натуральным чынам узмацняючы існаваньне межаў, што ідуць унутро і вызначаюць характар рэгіёну.

Існаваньне і разьвіцьцё рэгіёнаў паўзьмежжа, якіх у сучаснай, шматкультурнай Эўропе будзе ўзьнікаць усё больш, надзвычай важнае ў працэсе ажыцьцяўленьня эўрапейскага задзіночаньня. Бо якраз у гэтых рэгіёнах мае шанцы найхутчэй утварыцца аўтэнтычная супольнасьць, народжаная ў змаганьні магутных адметнасьцяў. Якраз тут выразьліва ўстаноўленыя межы будуць супадаць ува ўнівэрсальным цэнтры. Так будзе ўзьнікаць Эўропа Цэнтру. І тады, можа, нам удасца збудаваць такую страху над нашай галавой, якая ня будзе захінаць неба.

Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.

З пэрспэктывы Трансыльваніі

Дарагі Аляксандру*!

На тваю прапанову размовы адказваю — як гэта ўжо некалі было — лістом. Папярэдні я напісаў табе, калі ты падрыхтоўваў бліскучы нумар «Кантэкстаў», прысьвечаны антрапалёгіі тэатру і альтэрнатыўнай культуры. Я тады быў у «Падарожжы на Ўсход» з калектывам, што якраз у тым — 1990 годзе — стварыў Фонд «Паўзьмежжа», а пазьней Цэнтар «Паўзьмежжа — мастацтваў, культур, нацыяў» з сядзібай у Сэйнах.

Сёньня ты падрыхтоўваеш выданьне «Кантэкстаў», прысьвечаных Летуве, ты бываў у маім доме на шляху ў Вільню і Коўню, запісваючы адрасы і цяжкія для завучваньня прозьвішчы.

Тое, што тут перацінаюцца нашы шляхі, што такі гэтым разам кантэкст нашай размовы, найбольш яскрава адлюстроўвае эвалюцыю, якую перажылі нашы пошукі. Сёньня мы заангажаваныя ў спасьціжэньне Летувы, у прысутнасьць Летувы. Сёньня мы ўсё лепш паўтараем прозьвішчы, вучымся мэлёдыі словаў, якія ў вуснах паляка не асвоены зусім, нібыта мы чуем голас не з суседзтва, што трывае стагодзьдзі, а з далёкага кантынэнту.

І пры ўсім гэтым ты прапануеш — і гэта яшчэ адзін доказ тваёй д’ябальскай інтуіцыі — назваць нашу размову «З пэрспэктывы Трансыльваніі», што адразу надае прадмету нашых зацікаўленьняў належныя, шырэйшыя вымеры.

Так, прыгадваючы ў памяці ўсе нашы размовы ў Цімахавізьне, Сэйнах, Варшаве.., усе пастаўленыя табой пытаньні, я пачынаю пісаць.

* * *

Чаму пэрспэктыва Трансыльваніі важная для нашай размовы? Таму што яна зьмяшчае Польшчу і Летуву ў пэўнай сыстэме спалучаных судзінаў, якія ўзаемна абумоўлены і аказваюць адзін на аднаго магутны ўплыў. Гэта сыстэма ўбірае ў сябе, безумоўна, паўзьмежжы Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы з сваёй пячаткай гістарычных сувязяў, зьменлівых межаў, культурных сваяцтваў. На гэта наклалася яшчэ пячатка супольнасьці сацыялістычнага лягеру, аб якой мы цешыліся, што яна будзе неўзабаве пераадолена, а ў сапраўднасьці мы будзем змагацца зь ёй яшчэ дзесяцігодзьдзі.

Само паймо паўзьмежжа ў сучасны момант тут непапулярнае. Зьвязана гэта з тым, што, згаджаючыся на сапраўднасьць паўзьмежжа, ты пагаджаешся на адмаўленьне ад выключнасьці, напрыклад, летувіскасьці або польскасьці на дадзеным прасьцягу. Узяць хаця б Вільню — летувісы столькі змагаліся, каб мець яе за сваю, за сваю сталіцу. А тут цяпер беларусы абвяшчаюць сьвету, што іх духоўнай сталіцай зьяўляецца Вільня і спакойна прапануюць, каб гэты горад стаў сталіцай усіх нас — летувісаў, палякаў, беларусаў, жыдоў... Аднак гэта тут ужо ў нас ёсьць. Тут ніводны народ не зьяўляецца ўласьнікам усяго.

У выніку перад намі заўсёды стаяць два магчымыя сцэнары паводзін: або мы будзем хацець усё мець ва ўласнасьці і тады пачнем пісаць на мурох лёзунгі накшталт «Польшча для палякаў» і старанна будаваць вобраз кожнага іншага як чужніка і ворага, або дом свой збудуем адкрытым, разьвіваючы добрасуседзтва і пашану да іншага.

Істотная праблема ў гэтым выпадку замыкаецца ня ў тым, што будзе прыняты першы сцэнар, бо сьвядомых і актыўных нацыяналістаў у нас няшмат, а праявы ксэнафобіі хоць і распаўсюджаныя, але застаюцца, тым ня менш, у бальшыні месцаў адмоўнай рысай. Праблема палягае ў тым, што вялізная бальшыня нас лічыць, што дастаткова ня быць нацыяналістам, мець дэмакратычныя пагляды, і ўсё будзе ў парадку. Тым часам адкрыты дом трэба будаваць; тут патрэбна выканаць вялікую працу, патрэбна мець вялікае сэрца.

Падобная сытуацыя і з паймом талеранцыі; само лацінскае слова «tolerare» — зносіць, утрымвае ў сабе нешта пасіўнае, і таму мае рацыю Ян Павел ІІ, кажучы: «Талеранцыя — гэта замала...». Але аб талеранцыі пазьней.

Цяпер я хачу толькі зазначыць, што поле пабудовы, завязваньня ніцяў супольнасьці ў часе нарастаючай хвалі працэсаў дэзынтэграцыі на паўзьмежжах, я б вызначыў як адно з найістатнейшых поляў дзеяньня нашага Цэнтру ў Сэйнах.

Вось жа для мяне асабіста пераломам у поглядах на паўзьмежжа як на сыстэму, што засяроджвае ўсю гэтую нашую частку Эўропы ў адзін арганізм, былі падарожжы ў Трансыльванію. Раней былі толькі інтуіцыі, адзінкавыя здагадкі, чытаньне кніг.

98
{"b":"598980","o":1}