Пра ліст Ю., заклапочанай станам свайго здароўя, валей я б агулам не пісаў. Бо мне давялося б выцягнуць адразу шмат ніцяў. Мяне зьдзіўляе яе заўсёды мінорная схільнасьць прымяншаць сябе, аж да таго, што калі ёй верыць, то няпраўда, што ў яе сьветлы розум і характар. Заўжды пра сябе, пра сваю хваробу і верагодную хуткую сьмерць, зь нядбаласьцю, з пацісканьнем плячыма.
Вечар паэзіі розных народаў, пра які згадвае М. Супраціўляючыся «нацыянальнай» Вільні, мы мелі розныя кантакты, і я мяркую, што некаторыя іхныя сьляды прыгадаліся, напрыклад, у 1972 годзе ў цягніку Ротэрдам-Парыж, калі, вяртаючыся зь зьезду паэтаў, мы расьпілі наліўку з Абрамам Суцкевэрам, які перажыў віленскае гета і пасьля напісаў фундамэнтальную кнігу пра нямецкія злачынствы ў Вільні. Я гэтаксама мяркую, што гэтыя кантакты вытлумачвалі, прынамсі, часткова, сакрэт Уладыслава Рыньцы. Бо як стаць міліянэрам падчас вайны, заснаваўшы транспартную фірму? Рыньца (мянушка «Рэнка») паходзіў з Сылезіі. У Вільні апыніўся студэнтам — яшчэ адзін мой калега-юрысты. У палітыцы сымпатызаваў «Strzelcu»[111], тым часам як іншыя (Ендрыхоўскі) — «Legionu Młodych»[112], бо гэта быў пэрыяд «палявеньня» гэтых санацыйных арганізацый. Ува ўнівэрсытэце ён быў адным з галоўных дзеячоў нашага антыэндэцкага блёку падчас выбараў да «Bratniej Pomocy»[113], дзе вылучыўся і як знакаміты прамоўца. Пасьлей ён апыніўся на ўскрайку групы і не наблізіўся да камунізму. Што ён рабіў у 1934–1939 гг., я не змагу сказаць (адвакатура?), і пагатове я, відаць, не дацямлю, як ён зь беднага сына шахтара зрабіўся фінансавым магнатам, апэруючы з 1941 году дзе? — на лініі Вільня—Менск—Варшава, на тэрыторыях, мяшаных нацыянальна, якраз тых, якія Юзаф Мацкевіч апісаў у рамане «Ня трэба гучна гаварыць». Мне здаецца, што адным зь ягоных вартых увагі рухальных матываў была велічэзная колькасьць наяўных грошай у Вільні, у золаце і далярах, якую можна было лёгка інвэставаць. Супольнік Рыньцы, Крывіцкі, быў жыдам з Рыгі і, мабыць, мабілізоўваў гэтыя капіталы. Крывіцкі працаваў у бюро фірмы ў Вільні і Менску, якія былі ліквідаваныя ў меру набліжэньня фронту, і ў 1944 годзе зьявіўся ў Варшаве, дзе я зь ім пазнаёміўся. Бясьпеку яму гарантавалі добрыя арыйскія паперы, наагул Вільня мела адну з найбольш дасканалых фабрык фальшывых дакумэнтаў. З Варшавы, не чакаючы, пакуль прыйдуць расійцы, ён выехаў у чэскую Прагу і там зьнік пры нявысьветленых абставінах. Іншым дзейнікам пасьпяховасьці Рыньцы быў, відаць, ягоны дыпляматычны гені і адсутнасьць нацыянальных забабонаў. Фірма мела прыкрыцьцё, бо, нібыта, яна займалася пастаўкамі для войска і, апрача таго, давала за «дах» грошы высокапастаўленым немцам. У існасьці яна праводзіла маштабныя валютныя апэрацыі на чорным рынку. І цяжарнікі ішлі, напоўненыя ўсім, толькі не пастаўкамі для войска, зброяй, рэч ясная, але не прызначанай для немцаў. Рыньца належаў да нашай сацыялістычнай «Wolności» (ён гэтаксама быў сувязным паміж Бундам у віленскім гета і Бундам у варшаўскім гета), і дзеля гэтага да «лёнданскага» падпольля, для якога магчымасьць карыстацца такой транспартнай сеткай была важнай. Ён вазіў грошы і зброю для аддзелаў АК, але, думаецца, шлях да Менску, які праходзіў церазь лясы, падкантрольныя савецкай партызанцы, быў адкрыты для яго дзякуючы адпаведным дамовам і таемным паслугам. Ягоныя цяжарнікі перавозілі таксама ўратаваных зь віленскага гета жыдоў, не за грошы, калі меркаваць па выпадку Севярына Троса. Трос папісваў перад вайной у газэту «Orka na ugorze», як і мой брат Анджэй, і апыніўся ў Вільні як уцякач з Варшавы. Мой брат хаваў гэтага свайго калегу пэўны час у кватэры нашых бацькоў у Вільні, на Зарэччы, на вуліцы Папоўскай. Пасьля Трос і ягоная жонка былі пасаджаныя ў цяжарнік Рыньцы і высаджаныя ўжо ў Варшаве, дзе я знайшоў для іх добры прытулак. На жаль, яны загінулі падчас варшаўскага паўстаньня, але не як жыды, а папросту як цывільнае насельніцтва. Уся дзейнасьць фірмы была, зь нямецкага пункту гледжаньня, крымінальнай, і цяжка скеміць, як не адбылося ніводнага правалу. Гені Рыньцы выявіўся і тут, бо ён стварыў калектыў (памятаю яго шафёраў), на які мог абсалютна пакладацца, сцэмэнтаваны на больш здаровых падставах, чымся стасункі шэфа з падначаленымі. «Сямейная» атмасфэра ўсярэдзіне гэтай групы «сваіх хлопцаў» зь Вільні выключала данос, найбольш частую прычыну катастрофы.
Я пісаў пра Ўладка Рыньцу ў «Роднай Эўропе», называючы яго літарай W., але ўзноў вяртаюся да яго, бо насамрэч ён мне імпанаваў, і я дагэтуль стараюся зразумець, як ён гэта ўсё рабіў. Пасьля вайны ён заснаваў, як і плянаваў, выдавецкую фірму і стаўся б напэўна лідэрам выдавецкага рынку, аднак неўзабаве прадпрыемства было згорнутае ў рамках барацьбы з прыватнай ініцыятывай. Тады ён стаў адвакатам і спэцыялізаваўся ў справах спадчын, у тым ліку і амэрыканскіх, карыстаючыся тым, што дзякуючы сувязям зь «віленскай групай» мог даставаць пашпарты на замежныя падарожжы.
* * *
Абвінавачваньне Мацкевіча паводле палітычных крытэраў не вядзе далёка. Так, ён быў маньякам, донкіхотам, утапістым, але, тым ня менш, гэтая палітычная пасія сілкавала ягоны пісьменьніцкі талент, які быў строга рэалістычным і адначасна хацеў служыць, ці, калі інакш, быць літаратурай на злобу дня. Апошняе паходзіла зь ягонай сумленнасьці і маральнага абурэньня. Ён пастаянна пытаўся: «як гэта магчыма?» і хацеў быць голасам гукаючага ў пустэльні, калі ўсе іншыя маўчалі. На шчасьце, ён ня быў палітыкам.
Апошнія разьдзелы «Ня трэба гучна гаварыць» даюць шанец параўнаць аўры Вільні і Варшавы, як іх адчуваў прыбылы зь Вільні ўлетку 1944 году Мацкевіч. І абраз Варшавы, павар’яцелай, легкадумнай, абыякавай да страляніны дзе-нідзе, пыхлівай ад свайго геройства, вясёлай, бо блізкая перамога, у яго праўдзівы. Для Мацкевіча гэта была бесклапотнасьць дзяцей, якія ня хочуць ведаць, што яшчэ хвіліна, і нічога не застанецца ад іхных забавак, як нічога не засталося ў Вільні.
Мацкевіч, прыехаўшы ў Варшаву, выразіў жаданьне спаткацца з мной і зь Янушам Мінкевічам. Мы правялі доўгую гутарку. Зь ягонага боку гэта было паўтаранае на розныя лады пытаньне «як гэта магчыма?». І цяпер, калі ясна для кожнага, што заходнія хаўрусьнікі далёка, нічога? Ніякай спробы дамовіцца, хаця б у апошні момант, зь немцамі, якія дазнаюць паразу і ўжо схіляюцца да саступак? Бо цяпер можна было б выдаваць газэту, каб гучна апавесьці праўду аб савецкай акупацыі, зацісканую польскім падпольлем на службе Лёндану, а ўскосна Масквы. Мы слухалі яго зь недаверам, як слухаюць разумова непаўнавартаснага чалавека. І высьмеялі яго. Мы сказалі яму, што ў яго няма ніякага ўяўленьня аб тутэйшых настроях, што ніхто б не супрацоўнічаў з такой газэтай, што калябарантам, Эмілю Скіўскаму і Фэліксу Рыбіцкаму, ніхто не падае рукі, і яго, калі б ён пачаў выдаваць такую газэту, абвінавацілі б у зрадзе. Мацкевіч нічога нам не сказаў аб газэтцы «Alarm», тры нумары якой былі, відаць, выдадзеныя вясной 1944 году ім супольна з жонкай.
Апавядаючы гэта, я не ўважаю, што павялічваю віну Мацкевіча, які ў гэтым выпадку выяўляўся калябарацыяністым, скуль магло б вынікаць, што такім ён быў і раней. Але не вынікае. Ён быў тады чалавекам, які перажываў роспач, і, можа, роспач яго была большая за Мінкевічавую ці маю, бо мы захоўвалі нейкія надзеі.
* * *
Добра, што я згадаў Уладыслава Рыньцу і яго акцыі ў трохкутніку Вільня—Менск—Варшава, бо яны даюць пэўнае паняцьце аб нечуванай гусьціні і заблытанасьці тамашніх людзкіх лёсаў падчас нямецкай акупацыі. Іхны абраз мусіць запярэчыць польскім уяўленьням, моцна перакручаным патрыятычнай канвэнцыяй. Сапраўднасьць гадоў вайны на гэных тэрыторыях таксама была цалкам прыхавана і перароблена афіцыйнымі гісторыкамі. Гэта факт, што немцы віталіся там як вызваляльнікі, і калі б ня іхнае шаленства, гэтыя народы былі б поўніцай на іхным баку. І абставіны склаліся так, што схема змагароў і калябарантаў ухоплівае ледзьве дробную частку праўды. Гэта была трохбаковая гульня, прычым вялізная бальшыня люднасьці лявіравала, шукаючы бясьпекі ў адных і другіх, а існавалі таксама незалежныя анклявы, нешта накшталт асобных дзяржавак, заснаваных узброенымі важакамі. Веда аб гэтым усім зьмяняла пэрспэктыву Мацкевіча, добра служачы ягонаму аб’ектывізму.