Аўтар гэтых успамінаў, як і іншыя журналістыя, ня быў перакананы тымі ўяўнымі довадамі, якія ім былі прадстаўленыя. Ён гэтаксама ўстрымаўся ад высновы, хто быў віноўнікам падзеяў у Катыні. Але амэрыканскі пасол у Маскве, Эвэрэл Гарыман, даў сябе пераканаць. А мець амэрыканскага пасла сваім ворагам, безумоўна, адно паглыбляла катастрафічную сытуацыю польскага ўраду ў Лёндане.
Юзаф Мацкевіч бачыў катынскія пахаваньні і напісаў, што ўгледзеў. Ён выпадкова таксама стаўся сьведкам, як адбывалася масавае вынішчэньне жыдоў немцамі ў Панарах, і таксама склаў падрабязны рапарт. І дакуль будзе існаваць польскае пісьменства, гэтыя два запісы жудасьці дваццатага стагодзьдзя трэба несупынна прыгадваць для таго, каб захоўваць меру тады, калі літаратура надта аддаляецца ад сапраўднасьці.
Мацкевіч быў пісьменьнікам-рэалістым, і ў параўнаньні зь ягонай зацятасьцяй у адлюстраваньні «як напраўду было» іншыя варыянты рэалізму выяўляюць сваю бледасьць або фальш. Яму была чужая ўся высокая сафістыка літаратурных дыскусій, і ён не задумваўся над непераадольнай дыстанцыяй паміж словам і сапраўднасьцяй. Як, зрэшты, і над заўсёды прадказальным канцом раману. Старасьвецкі да ўпорыстасьці, ён паслугаваўся мовай як інструмэнтам, не дазваляючы стылю набыць самастойнае існаваньне і атрымаць перамогу над пішучай рукой. Раман і надалей быў для яго «люстрам, пастаўленым на гасьцінцы», і ён дбаў пра абсалютную вернасьць дэталі.
«Дарога ў нікуды» і «Ня трэба гучна гаварыць» разам утвараюць эпас канца. Гэта канец Вялікага Княства Літоўскага ці ягоных рэштак, якія дажылі да 1939 году, канец гэтаксама Вільні як гораду з польскай і жыдоўскай люднасьцю. Іншай, чымся гэтыя раманы, хронікі няма. Далей, гэта карціна жыцьця пры савецкай уладзе з чэрвеня 1940 да чэрвеня 1941 гг., да нападу Нямеччыны на свайго папярэдняга хаўрусьніка, і пры нямецкай уладзе. Апошнія разьдзелы другога раману даюць карціну Варшавы 1944 году, дзе ён апыніўся тады як уцякач зь Вільні.
Твор Мацкевіча аб вайне — гэта абсалютнае выключэньне ў багатай польскай літаратуры на гэтую тэму. У ёй пануе патрыятычны ўзор, барацьба палякаў зь немцамі. Мацкевіч да гэтага ўзору заставаўся больш ці менш абыякавым, у чым можна ўгледзець ягоную ўласную нелюбосьць да зацяганых уяўленьняў і ўплыў шматнацыянальнай Вільні. Дзьве падставовыя польскія пазыцыі сутыкнуліся ў гэтым стагодзьдзі між сабой: незалежнасьць Польшчы як мэты ўсіх змаганьняў і высілкаў, і ахвяраваньне гэтай незалежнасьцяй у імя камуністычнага інтэрнацыяналізму. Ніводная зь іх не знайшла падтрымкі ў Мацкевіча, больш таго, ён ставіцца да іх варожа. Тыя, хто адкінуў незалежнасьць у імя камунізму, як у Вільні Дэмбіньскі або Ендрыхоўскі, для яго былі ня столькі зраднікамі Польшчы, колькі агентамі дзяржавы, якая несла няшчасьце людзям розных нацыянальнасьцяў. У сваю чаргу незалежнікі — адсюль ягоная нэгатыўная ацэнка АК — былі асьлепленыя сваёй канцэнтрацыяй на барацьбе зь нямецкімі захопнікамі і не здавалі сабе справы з таго, што, разьлічваючы на перамогу заходніх дэмакратый, яны рыхтавалі перамогу хаўрусьніка гэтых дэмакратый — Расіі. Мацкевіч у сваіх раманах і ў сваёй публіцыстыцы выступае як прыхільнік антысавецкага інтэрнацыяналізму ці, калі інакш, антыкамуністычнага інтэрнацыяналу. Адсюль вынікаюць спаважныя насьледкі, у тым ліку і мастацкія, бо ягоныя героі не падзеленыя паводле крытэру нацыянальнасьці. Сярод тых, каго ён абдорвае сымпатыяй, палякі, летувісы, беларусы, немцы, белыя расійцы, ублытаныя ў розныя падпольныя рухі, патэнцыйныя ўдзельнікі калектыўнага, міжнароднага супраціву сыстэме.
Ня варта падыходзіць спаважна да ўсяго, што пісаў Мацкевіч-антыкамуністы. Некаторыя ягоныя артыкулы сапраўды прасякнутыя абсэсіяй і мяжуюць з паранояй, паводле вядомага ўзору выкрыцьця паўсюль агентур, нават у Ватыкане. Таму, укладаючы зборнік ягоных публіцыстычных твораў, належыць памятаць, што фантазіямі і нават вар’яцтвам ён заплаціў за сталасьць сваіх паглядаў. Адсеў відавочных абмылак адбываецца пасьля сьмерці блізу ўсіх пісьменьнікаў, і думка аб гэтым павінна ўстрымаць ад выступаньня ў тозе суровых судзьдзяў.
* * *
Два атрыманыя ўчора лісты збудзілі ўва мне перажываньне, адзін ад Ю., другі ад М. Гэтыя мае равесьніцы і каляжанкі зь юрыдычнага факультэту ўнівэрсытэту Сьцяпана Батуры ў Вільні ня толькі сьцежкай сантымэнтаў скіроўваюць мяне ў мінуўшчыну. Яны існуюць як асобы нагэтулькі каштоўныя, што я лічу сябе шчасьлівым, могучы аб іх думаць. Бо ў нашым горадзе былі надзвычайныя дзяўчаты, і якімі ж беднымі павінны быць усе тыя, памяць якіх ня можа заапэляваць да такіх каштоўных чалавечых наўзораў. Кажучы гэта цяпер, калі яны сівыя і гадуюць унукі, я больш-менш ведаю іхнае жыцьцё, поўнае абмылак і трагедый.
З М. я ніколі ня быў блізка, але прыглядаўся да яе. У свой рахунак я запісваю тое, што ейныя пукатыя шклы нізкавокай асобы не перашкодзілі мне ацаніць ейнае прыгаство. Яна была пазаркой, з добрай фігурай, і, відавочна, у яе галаве не было капрызаў, бо яна заўзята перасьледавала вялікія мэты. Яна і ейная сястра належалі да нутранога кола Ендрыхоўскага і Дэмбіньскага, або «Po prostu» і «Karty», а потым у пасьляваеннай Польшчы да прыкметных фігур зь «віленскай групы». Яны паходзілі зь вельмі каталіцкай радзіны, а ў камунізьме знайшлі новую рэлігію, як і Зося Вэстфалевіч, жонка Дэмбіньскага, сястра якой была манашкай.
Ліст М., напісаны ў сьмелай і рашучай манэры, камэнтаруе перадусім мой верш пра парушэньне табу кідком каменя ў вужаку, які яна знайшла ў польскім выданьні «Сьведчаньня паэзіі». Далей каляжанка дадае: «Але калі мы ўжо затрымаліся на вужацы, напішу табе аб рыбах. У маленстве я ўвайшла ў кухню, дзе скакалі жыўцом абшкрэбленыя гаспадыняй рыбы. Мне заўсёды былі блізкімі гэтыя стварэньні. Таму я пачала забіваць іх (ад літасьці), пляжачы іх галовамі аб сьцяну. Я ўся была ў іхнай крыві. Гэта была сытуацыя, зь якой не было добрага выйсьця. Але я ўсё думаю, ці потым, ужо дарослай, я б не была, як тыя гадунцы Сарбоны».
У некалькіх словах М. (наш юрыдычны факультэт разьвіваў выдатны інтэлект) дае гісторыю сябе і сваёй групы. Літасьць над людзьмі прыводзіць да захадаў, якія не былі добрым выйсьцем. А гадунцы Сарбоны, узгадаваныя на філязофіі Сартра, практыкавалі генацыд у Камбоджы.
Далей М.:
«Каб было весялей, напішу, якім я цябе памятаю. Гэткі вісус з Залі Сьнядэцкіх, ты ляціш на чале групы работнікаў і студэнтаў, ганяючы эндэцкіх баевікоў, якія хацелі сарваць вечар паэзіі розных народаў. У цябе такая міна ваўкалака, якую ты ўмееш рабіць, зубы ашчэраныя, вочы вырачаныя, у руках трымаеш аскепкі крэсла. І выеш.
Другі абразок: мы стаім край стала ў клюбе юрыстых і пра нешта спрачаемся, ня памятаю пра што, відаць, пра палітыку, бо ты злосна кажаш мне: ты заўсёды была і застанешся ханжой. Ты, безумоўна, мяне зачапіў, калі я гэта памятаю. Я двойчы ставалася ханжой, і ў трэці раз мне ёй ужо ня стаць. Гэта насьледак ня толькі старасьці, але і літаратуры, якая суправаджае мяне ад маленства».
У іншай частцы ліста М. гаворыць аб прамоўленай Іосіфам Бродзкім у Стакгольме Нобэлеўскай лекцыі: «Іосіф Бродзкі пры прысуджэньні Нобэлеўскай прэміі сказаў тое, што я хацела табе напісаць, толькі нашмат прыгажэй».
Маё мысьленьне пра іх, гэтых дзяўчатаў зь Вільні, а сёньня старых жанок, фактычна нельга пераказаць прозай, яно нагэтулькі напоўненае скаротамі і нагэтулькі шматузроўневае, што вымагала б нейкага адмысловага роду любаснай паэзіі. Час у ёй, відаць, не пасоўваўся з той пары, калі мы былі ў ніжэйшых клясах гімназіі, калі М. забівала рыбы на кухні, а Ю. насіла матроскі каўнерык мундзеру школы сясьцёр-назарэцянак. Праўдападобна, у гэтых упарта ўзьнікаючых абразох супольнасьці скрозь маленства выражаецца мая туга па вяртаньні, па apokatástasis[110], па аднаўленьні і, значыцца, па часіне, калі нічога ня мусіла быць так, як пасьлей сталася, калі яшчэ (уяўляючы сабе нейкую зусім іншую эпоху, іншыя ўзвычаеньні etc.) мы ня мусілі быць падзеленыя. А хто ведае, ці не нараджаецца такая любасная паэзія зь летуценьня аб «анёльскай сэксуальнасьці» Свэдэнборга, з жаданьня абсалютнай ідэнтыфікацыі, амаль поўнага ператварэньня ў другога, не бяспола, а таксама з пранікненьнем у ягоную іншую плоць.