Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Адным з галоўных аргумэнтаў, ужываных тымі, хто рашуча асуджае Мацкевіча, быў артыкул Паўла Ясяніцы «Маральныя згрызоты крэсовага шляхціца», напісаны кімсьці, хто тады быў у Вільні і як сам кажа: «Служыў у Арміі Краёвай, у аддзеле прапаганды, і пільнае чытаньне жоўтай прэсы ўваходзіла ў мае абавязкі». Я задаў сабе працы і адшукаў кнігу Ясяніцы «Сьляды сутычак», у якой фігуруе гэты тэкст. Ясяніца, як вядома, псэўданім. Пад ім выступаў мой калега з «Акадэмічнага клюбу валацугаў» у Вільні, тады студэнт гісторыі, Лех Бэйнар, які ў нас меў мянушку Бахус. Прозьвішча зусім не жыдоўскае, як спрабавалі шаптаць, а татарскае. Бэйнар паходзіў з татарскай шляхты, хаця, наколькі я ведаю, ужо ня быў магамэтанінам. А імя Лех і пасьлей набытае прозьвішча Ясяніца сьведчаць аб каталіцка-пястаўскіх прыхільнасьцях яго і ягонай радзіны.

Калі спаважны гісторык і сьведка падзеяў піша нагэтулькі легкадумную рэч, то ўжо што гаварыць аб іншых. Бэйнар быў чалавекам сумленным і бясстрашным, ён ня мог згадзіцца з тым, што для Мацкевіча было ясным, змагаўся да канца ў аддзеле «Łupaszki» і пасьля вайны быў засуджаны на сьмерць. Уратаваў яго, здаецца, Баляслаў Пясецкі, шэф «Paxu»[108]. Я не прыгадваю сабе, каб Бэйнар у нашым клюбе валацугаў выяўляў свае палітычныя перакананьні. Зацяты эндэк быў у нас адзін, Казімеж Галабурда, які быў высланы і памёр у Гулагу ад дызэнтэрыі. Зь іншых сяброў клюбу наш сэньёр Гасюліс быў расстраляны савецкімі ўладамі за зрываньне плякатаў; Буйніцкі застрэлены за супрацоўніцтва з тымі ж самымі ўладамі; Ендрыхоўскі быў «выбраны» ў Сойм Летувы і галасаваў за ўлучэньне Летувы ў Саюз.

Маральнае абурэньне Бэйнара шчырае, і, паўтараючы за «Эпіцэнтрам цямрэчы» Конрада: «Агіда! Агіда!», — я, напэўна, выражу пачуцьці шмат якіх сваіх равесьнікаў. Угледзеўшыся, аднак, бліжэй у ягоны артыкул, ня знойдзеш у ім амаль нічога, апрыч пачуцьцёвай экзальтацыі.

Першы закід датыкаецца да характару Мацкевіча, якога Бэйнар абвінавачвае ў баязьліўстве, бо калі ён пасуляў супраціў камунізму нават коштам зьнішчэньня ўсяго польскага народу, то чаму ён не пайшоў у лес (як ён сам, Бэйнар?) Для тых, хто знаў Мацкевіча, гэта адно дэмагагічны прыхватак. Другі закід датыкаецца да раману «Дарога ў нікуды», які Бэйнар называе нікчэмным. Чаму? Таму што іншыя нацыянальнасьці паказаныя ў ім прыхільна, а палякі ачэрненыя і што ім няма згадкі аб ZWZ[109], зь якога пасьлей нарадзілася АК. А таксама таму, што ў гэтай кнізе няма любосьці да роднай зямлі, як у «Пану Тадэвушу»(?). Адылі «Дарога ў нікуды» існуе і абароніць сябе сама. Атака на яе навядзе, можа, на прычыны, зь якіх цяжка быць польскім раманістым. Калі б нехта ў мінулым стагодзьдзі выявіў Польшчу так, як Гогаль Расію ў «Мёртвых душах», то абавязкова заслужыў бы найменьне нікчэмніка. Трэці, зрэшты, закід — што Мацкевіч друкаваўся ў бульварнай прэсе. Безумоўна, ён не павінен быў гэтага рабіць. Але што ён друкаваў? Якраз некалькі разьдзелаў «Дарогі ў нікуды», якую Бэйнар палічыў пасквілем.

У цкаваньні Мацкевіча брала ўдзел дзіўная грамада — і патрыёты, і сукрытыя агенты віноўнікаў забойства ў Катыні. Гэтыя апошнія і былі найбольш зацікаўленыя ў тым, каб абвясьціць сьведку фашыстым і калябарантам. Якраз цяпер я зазірнуў у тэчку зь лістамі Мацкевіча да мяне, датаванымі 1969–1970 гг. Яны тычацца захадаў, якія я рабіў, каб пасуліць ягоныя кнігі амэрыканскім і нямецкім выдаўцам, з малым посьпехам, бо кожны раз трапляўся нехта з палякаў, аруплены, каб перашкодзіць выданьню кнігі. Мацкевіч і ягоная жонка, Барбара Тапорска, таксама знакамітае дараваньне, жылі ў крайняй беднасьці. Мушу пагадзіцца з тым, што Мацкевіч піша ў адным зь лістоў, — у параўнаньні зь імі Гамбровічу дужа пашчасьціла.

* * *

Мацкевіч паплаціўся за сваё падарожжа ў 1943 г. у Катынь на запросіны нямецкіх уладаў. З польскіх пісьменьнікаў туды яшчэ езьдзіў Фэрдынанд Гётэль. У Варшаве памяталі яго перадваенныя адкрытыя пахвалы фашызму, а ў 1940 годзе ў яго пракінуліся нясьмелыя схільнасьці да калябарацыі, бо ён зарэгістраваўся як прадстаўнік вольнае прафэсіі, літаратар, і намаўляў калегаў да гэтага ж самага. Шмат хто зарэгістраваўся, бо нібыта так больш бясьпечна. Аднак Гётэль меў добрае пачуцьцё грамадзкай кан’юнктуры і загадаў патрыятычнага кодэксу, а таксама больш не пасоўваўся ў згодніцтве што да немцаў. І дарма што ён паехаў у Катынь, ніхто яго пасьлей на эміграцыі не абвінавачваў у калябарацыі. А Мацкевіч, які з усімі быў на нажох, не лічыўся з грамадзкай думкай і быў паводле ўдачы чалавекам сварлівым, выехаўшы ў Катынь, узмацніў непрыхільныя да ягонай асобы настроі, і нікога не цікавіла, што паехаў ён з згоды польскіх падпольных уладаў.

Ці павінны былі палякі, у імя вышэйшых дыпляматычных інтарэсаў, удаваць, што яны нічагусенькі немцам ня вераць і дадаць катынскія могілкі да іншых гітлерскіх злачынстваў? Гэта б запатрабавала здушэньня ў сабе маральнага пратэсту, нечалавечай амаль дысцыпліны. Савецкая дзяржава прыкладала велічэзныя намаганьні, каб пераканаць увесь сьвет у сваёй нявіннасьці, і ейныя хаўрусьнікі ўважалі гэта за чыстую манэту або ўдавалі, што ўважаюць, таму палякі заставаліся сам-насам, з праўдай, якую абвяшчалі іхныя ворагі. І хто б паверыў, бо ўсім былі вядомыя іхныя антысавецкія «крыўды». Вось парадксальнае раўнаньне, годнае філязофскага аналізу.

Нядаўна, адведваючы знаёмых, я выпадкова ўзяў з паліцы тоўстую кнігу амэрыканскага карэспандэнта ў Маскве Гарысана Э. Сэльсбэры «Journey For Our Times» (1983) і натрапіў на ўрывак, дзе адлюстроўваецца падарожжа заходніх дыпляматаў і журналістых у Катынь. Я чытаў гэта, і мяне ледзьве не пацягнула на ваніты:

«Кэці Гарыман жыла ў Маскве з сваім бацькам, цяпер паслом у Маскве. У яе была пасада ў «Office of War Information», і адначасна яна спаўняла функцыі гаспадыні дому, уносячы жыцьцё і весялосьць у банальныя сцэнары. Яна перарабіла банкетную залю пасольства ў корт для гульні ў бадмінтон і знайшла запас старых галівудзкіх фільмаў на страсе. Яны былі такія крохкія, што лопаліся штохвіліны падчас паказу, аднак мы пушчалі іх і так».

«Кэці была ў Маскве, калі абвясьцілі навіну пра Катынь, і сказала, што хоча паехаць. Расійцы неўзабаве запрасілі яе і Джона Мэльбі, маладога attachй пасольства. Яны падрыхтавалі спэцыяльны цягнік — міжнародныя wagon-lits, вагон-рэстарацыя, абніцаваная чырвоным дрэвам, мноства ікры, шампанскага, масла, белага хлеба, вэнджанай ласосі, букатак, біф-строганаў, катлетаў па-кіеўску — і мы вырушылі, каб пабачыць адну зь вялікіх трагедый вайны».

«Расійцы адбілі Смаленск у верасьні 1943 году і памкнуліся цяпер запусьціць сваю прапагандысцкую бомбу. Заходнія карэспандэнты былі запрошаныя як частка дэкарацыі. Мне ня думаецца, каб удзел Кэці Гарыман і Джона Мэльбі быў санкцыянаваны палітыкай U.S. Я мяркую, што гэта зьдзеялася як прадыктаваны імгненьнем рэфлекс, дарма што Эвэрэл Гарыман насамрэч бачыў досыць «лёнданскіх» палякаў і калі вярнуўся з Катыні, сказаў мне, што ад пачатку быў перакананы ў тым, што палякі купіліся на нямецкую вэрсію злачынства, і тое, што яму паказалі, умацавала яго ў гэтым перакананьні».

«Я глыбока ўдзячны савецкаму дэпартамэнту прэсы за арганізацыю гэтай выправы. Гэта была (і застаецца) добрая навука савецкіх мэтадаў. Захапленьне выклікала раскоша гэтага цягніка, зь яго беласьнежнымі пасьцелямі, пярынкамі, духмяным мылам, з ахайна апраненымі афіцыянтамі, раскоша, як для цара».

«Зрэшты, гэта мог быць адзін зь цягнікоў, прызначаных спэцыяльна для цара. Сядзець у вагоне-рэстарацыі за сталом, поўным бутэлек, хрусталя і срэбра, талерак, на якіх нагрувасьціліся закуски, і з-за ўпрыгожаных карункамі фіранак назіраць побач, на суседняй каляіне, драўляныя таварныя цягнікі, скуль параненыя чырвонаармейцы з галовамі ў крывавых бінтох, рукамі ў гіпсе, ампутаванымі нагамі, прыглядаліся да нас, трасучыся наўкола сваіх печак, было амаль нязносна».

вернуться

108

«Pax» — польская грамадзкая арганізацыя сьвецкіх каталіцкіх дзеячоў, заснаваная ў 1945 г.

вернуться

109

ZWZ — Związek Walki Zbrojnej (Зьвяз збройнай барацьбы) — кансьпірацыйная вайсковая арганізацыя, створаная польскім эміграцыйным урадам на пачатку 1940. Галоўнай мэтай прызнавалася дывэрсійна-сабатажная дзейнасьць. Галоўнакамандуючы — ген. К. Сасноўскі (з чэрвеня 1940). У 1942 годзе перайменавана ў Армію Краёвую.

69
{"b":"598980","o":1}