Я не ўзумею ўзнавіць сваіх тагачасных думак. Гэта адна з маіх фазаў такой вялікай, амаль псыхапатычнай зьнясіленасьці, а зь іншага боку, дзеяньняў, падпарадкаваных аднэй абсэсіі. Я ня мог пісаць вершаў, што, як для мяне, дастатковы довад хваробы, і ўсю энэргію я баёдаў, намагаючыся вывезьці Янку з Варшавы і ўспамагчы ёй дабрацца на Захад, але адныя межы пасьля другіх аказваліся надта небясьпечнымі або немагчымымі. Было досыць шмат заняткаў, каб унікаць яснага зразуменьня. Хто, зрэшты, яго меў. Шок верасьня 1939 г. быў такім дужым, што гэтае перажываньне вымагала часу, перш як належна асесьці.
* * *
Вось жа, справа зь Вільняй няясная. Ня тое, каб я адрокся ад сваіх палітычных перакананьняў. Маё супрацоўніцтва з «Gazetą Codzienną» ў значнай меры тлумачыцца асобай Буйніцкага, бо ён пераважна займаўся ў газэце літаратурай. Апрыч таго, мне насамрэч былі бліжэйшымі «краёўцы», чымся прававерныя патрыятычныя палякі, а як сваяк Оскара Мілаша, які хацеў Вільні для Летувы, я ня мог гадаваць у сабе варажнечу да «летувіскай акупацыі».
Урад летувіскага гаспадарства не даваў нам, аднак, ніякай палёгкі, наадварот, ён праводзіў у Вільні неразумную палітыку, дзеючы супраць собскіх інтарэсаў. Падзел жыхароў на розныя катэгорыі прадугледжваў залічэньне бальшыні зь іх да «некарэннага насельніцтва» або «ўцекачоў» — у якраз гэткіх групах апыняліся нават спаконвечныя віленчукі. Права на летувіскія пашпарты было адно ў тых, хто быў прапісаны ў акрэсьленых пунктах пачынаючы, бадай, з 1920 году, але зьмешчаная ў гэтых пашпартох рубрыка «нацыянальнасьць» мела на мэце абмежаваньне колькасьці паўнапраўных грамадзянаў. Я аддаў перавагу пашпарту, чымся паперцы ўцекача, але ж якую нацыянальнасьць я мог заявіць, як ня польскую? Зрэшты, я мусіў неўзабаве зьнішчыць гэты пашпарт падчас пераправы з Зафіяй Раговіч у General Gouvernement[106], бо ён не адпавядаў фальшываму пропуску жыхара Сувалак.
З тымі колішнімі «жагарыстымі», якія пайшлі ў камунізм, я не шукаў кантактаў. Пакт Молатава—Рыбэнтропа іх цалкам выкрываў. Адным з апошніх (але кіслых) маіх выступаў наконт іх на бачынах «Po prostu» была просьба аб прыняцьці ў Народны Фронт у 1936 годзе, і я шмат бы даў, каб перачытаць яго сёньня. Праўда, я быў запрошаны на сход, дзе абмяркоўвалі новую назву пэрыёдыка пасьля закрыцьця «Po prostu» цэнзурай. Гэтая назва «Karta» — мой унёсак, бо, як і «Żagary», яна паходзіла з майго сьціплага запасу летувіскіх словаў. «Karta» значыць пакаленьне, «viena karta» азначае ўдар, зусім інакш па-польску, з чаго паўстае жаданая шматзначнасьць. Пасьля пары нумароў пэрыёдык быў забаронены і зьнік.
Палітычна найбліжэйшымі мне былі цяпер у Вільні сацыялістыя. Гэта была група, якая ўтварыла собскую арганізацыю «Wolność» і якая складалася з уцекачоў і мясцовых. З прыхадняў: Уладыслаў Маліноўскі і ягоная жонка Галіна, Стэфан Сальман (ведамы пасьлей як Стэфан Арскі) з жонкай Магдай Гэрц, Зьбігнеў Мінцэр, Зафія Раговіч, Вацлаў Загурскі, зь мясцовых Рэната Маенова, Уладыслаў Рыньца. Я трымаўся зь імі. «Wolność» мела ўплывовага апекуна за мяжой, Оскара Ланге, тады прафэсара эканомікі Чыкагскага ўнівэрсытэту. Дзякуючы яму радзіны Маліноўскіх і Сальманаў дабраліся да Амэрыкі, праз Расію і Японію, здаецца, з швэдзкімі пашпартамі. Мінцэр, Загурскі, Зафія Раговіч і я нелегальна прывандравалі ў Варшаву, я з Зафіяй, якая ўжо пару разоў выконвала місію кур’ера па маршруце Сувальшчына — Усходняя Прусія — Райх — General Gouvernement. Яна была жонкай Вацлава Раговіча і тады мела каля пяцьдзесяцёх. Я згадваю яе як добрага кампаньёна.
У каўню Рудніцкага насупраць катадральнага касьцёлу раптам даносіцца гучны грукат зялезьзя, уезд савецкіх танкаў. Гэта дасюль для мяне адно з найсумнейшых здарэньняў майго жыцьця, бо я ясна ўсьведамляў незваротнае і меў брыдкае пачуцьцё, што я сьведка стаптаньня безабаронных народаў, якім дарма спадзявацца на якое-колечы права. Якраз так выглядае досьвед няшчасьця. Акурат тады пала Францыя. Два монстры дзялілі здабычу, распачынаючы тысячагадовае, як ім здавалася, панаваньне над Эўропай.
Што б сталася, каб жа я ня ўцёк зь Вільні? Я б апыніўся ў «Prawdzie Wileńskiej», як Буйніцкі, або зь белымі мядзьведзямі. Хоць Януш Мінкевіч і іншыя ўратаваліся, арганізаваўшы літаратурнае кабарэ. Пра зьмест іхных тэкстаў мне нічога, зрэшты, не вядома. Тое, што тады наступіла, было верна апісана ў рамане Мацкевіча «Дарога ў нікуды».
З Мацкевічам я ня бачыўся, такім парадкам, зь лета 1940 да лета 1944 году, калі ён зьявіўся ў Варшаве. Інакш кажучы, я ня быў сьведкам ягоных пачынаньняў у акупаванай немцамі Вільні. Абвінавачаньні ў калябарацыі паходзілі з тых самых колаў, якія мелі зуб на Мацкевіча яшчэ ў пэрыяд 1939–1940 гг., і г.зн. прэцэдэнт быў ужо створаны. Калі над адным з найлепшых польскіх раманістых чыніцца негалосны суд, бяз права абароны, варта, відаць, задумацца, якія погляды ён абвяшчаў у сваіх творах, а таксама, кім былі ягоныя абвінавачвальнікі. Мацкевіч у тым, што ён пісаў, ніколі не выкручваўся. Яму можна верыць, калі ён вытлумачвае непаразуменьне вакол прозьвішча — у артыкуле («„Рэдактар“ Багдан Мацкевіч»). Яму можна таксама верыць, калі ён у сваіх раманах і пасьляваенных эсэ без засьцярогаў выкладае сваю пазыцыю. Бо, на маю думку, ягоная пазыцыя была нагэтулькі абсалютна ня-польскай, г.зн. адваротнай той, якая лічылася аксыёмай у мазгох агромністай бальшыні палякаў, што калі б ён быў нават беззаганным, яму б належала прышчапіць віну. Артадаксальны польскі пагляд на адбываную вайну прадугледжваў вернасьць заходнім хаўрусьнікам, вяртаньне польскае дзяржавы ў межы 1939 году. У гэта верыла «польская Вільня» і ейнае войска, АК[107]. Для Мацкевіча гэта былі мроі аднэй нацыянальнай меншыні, якая часовы стан міжваенных гадоў хацела зрабіць сталым. У гэтай частцы Эўропы перамогу магла атрымаць або Нямеччына, або Расія, і як летувісы, так і беларусы ды ўкраінцы ведалі, што нельга ставіць на Захад. Насельніцтва земляў колішняга Вялікага Княства (за выняткам палякаў і жыдоў) вітала немцаў з энтузіязмам і, як ведама, толькі невытлумачальнае нямецкае вар’яцтва прывяло да зьмены настрояў. Заставаўся камунізм, які Мацкевіч уважаў за вялікае ліха. Барацьбу зь ім ён стаўляў на першае месца, вышэй за нацыянальныя інтарэсы, і закідаў АК, што дзеючы нібыта на карысьць заходніх дэмакратый, яна ў існасьці дапамагае перамозе іхнага хаўрусьніка, г.зн. Масквы. Пасьля таго, як мінуліся дзесяцігодзьдзі, трэба прызнаць, што гэтая ацэнка добра адлюстроўвала лёс Польшчы, якая, супраціўляючыся адным і другім, пакладала надзеі на далёкіх і абыякавых трэціх. На жаль, гэтая рэалістычная ацэнка добра служыла толькі Мацкевічу-раманістаму, дазваляючы бязьлітасна паказаць тупікі гісторыі. Ніхто, нават сам Мацкевіч, не падтрымаў бы ўдзелу ў нямецкай крыжавой выправе, дастаткова самымі немцамі скампрамэтаванай.
Зь ягоных твораў вынікае, што калі б ён мог уваскрасіць царскую Расію, то б уваскрасіў, бо ўважаў яе за дзяржаву, дзе ў пашане быў закон і талеранцыя, асабліва ў параўнаньні з тым, што паўсюль усчалося пасьля першай сусьветнай вайны. Тут ён таксама ішоў абсалютна супраць польскага гледзішча, якое паміж Расіяй і камунізмам ахвотна стаўляла знак роўнасьці, чаму, зрэшты, цяжка дзівіцца, паколькі, напрыклад, савецкая палітыка масавага вывазу палякаў зь беларускіх і ўкраінскіх земляў, распачатая адразу пасьля рэвалюцыі, была далейшым працягам царскай палітыкі ў дзевятнаццатым стагодзьдзі, з той розьніцай, што сродкі тарнаваліся яшчэ больш жорсткія. Мацкевіч катэгарычна супярэчыў таму, каб прызнаць камунізм за спэцыфічна расійскі твор, і не адчуваў ніякай варожасьці да расійцаў, на якіх папросту спала няшчасьце камуністычнай улады.
Чым ён займаўся ў Вільні пад нямецкай акупацыяй, цяжка сказаць. Калі б вайна была паміж Расіяй і Нямеччынай, ён, напэўна, не вагаючыся, стаў бы на бок Расіі, але калі вялася вялікая гульня за вывальненьне народаў ад камунізму, яму, тэарэтычна, даводзілася быць прыхільнікам нейкага пярэдыху або пагадненьня зь немцамі, што, шчыра кажучы, ня розьніцца ад калябарацыі. Акурат гэтулькі можна выснаваць зь ягоных пасьляваенных твораў, бо тады ў Вільні дзейным калябарантам ён ня быў.