Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

* * *

Перадваенная Вільня вярнулася, калі я цяпер чытаў (у карэктуры) мэмуары Люсі С. Давідовіч «From That Place and Time». Узгадаваная ў Нью-Ёрку, яна правяла 1938–1939 год у Вільні, ажыцьцяўляючы дасьледаваньні ў тамашнім Жыдоўскім Навуковым Інстытуце. Гэта вельмі карысная кніга, бо яна нагадвае аб іншай важнай Вільні, жыдоўскія традыцыі якой здабылі ёй імя «Ерусаліму Поўначы». Збольшага трэцяя частка яе люднасьці мела няшмат супольнага зь дзяржавай, у якой яна апынілася, гаварыла на ідыш і часткова, у сваім верхнім слаі, па-расійску. Мэмуары Давідовіч, якая ня ведала польскай, закранаюць перадусім падзел на «мы» і «вы», а таксама перасьледы. Адзін зь ейных віленскіх прыяцеляў, журналісты, страціў вока падчас студэнцкіх антысэміцкіх забурэньняў у 1931 годзе (гэта я памятаю). Апошні перадваенны год азначыўся поўнай перамогай эндэцкай праграмы, увасобленай у жыцьцё OZON[105]: пікетаваньне жыдоўскіх крамаў, праекты закону, які забараняў бы рытуальныя забойствы, мноства распараджэньняў наконт прымусовай палянізацыі, і апрыч усяго гэтага антысэміцкая прапаганда, у якой супаравалі паміж сабой урадавая прэса і прэса пазьнейшага сьвятога, Айца Максыміліяна Кольбэ. Вільня, згодна з паведамленьнямі Давідовіч, была небясьпечным горадам: паўтараліся напады хуліганаў, узброеных палкамі, так што кожная сустрэча з маладымі палякамі пагражала зьбіцьцём. Давідовіч прызнае, жанкі і дзеці ня білі, што, аднак, не зьмяншала адмоўнага эфэкту гэткіх здарэньняў.

Гэтую Вільню, мусіць, варта прыгадаць, калі кажацца аб канцы Вялікага Княства. Бравая польская моладзь, што калякамі цяла сваіх калегаў па ўнівэрсытэце і чыніла паляваньні на мінакоў, неўзабаве магла пабачыць савецкія танкі, аточаныя радасным грудам жыдоўскае моладзі, хаця сумлеўна, што ў ейных развагах спалучыліся прычына і насьледак. Сцэны гэтага радаснага вітаньня на вуліцах Вільні ў сваёй аўтабіяграфічнай кнізе апісвае Хаім Градэ («My Mother’s Sabbath Pays», пераклад зь ідыш), а паколькі ён быў рупатлівым пісьменьнікам і дбаў пра аб’ектывізм, дык апавядае тамсама, як у той жа самы дзень ён пайшоў у катадральны касьцёл і як шкада яму было зьбертага там сьмяротна сумнага груду вернікаў.

Маё бліжэйшае знаёмства з Мацкевічам адбылося ў 1940 годзе, калі Юозас Калюот’іс, рэдактар «Naujoji Romuva», дапамог мне дабрацца да летувіскай тады Вільні, што, зрэшты, я лічыў пераходным этапам. Мацкевіч рэдагаваў адну зь дзьвюх выходзячых тады польскіх газэтаў у Вільні, «Gazetę Codzienną». Заступнікам рэдактара быў мой калега з «Żagarów», Тэадор Буйніцкі. Я стаў супрацоўнікам гэтай газэты, як і шмат літаратараў, мясцовых і ўцекачоў, у тым ліку Сьвятаполк Карпіньскі і Януш Мінкевіч. Палемізуючы пасьля доўгіх гадоў з маім эсэ пра Буйніцкага, Мацкевіч («Аб пэўнай апошняй спробе і застрэленым Буйніцкім» (1954) не згаджаўся з маім вызначэньнем ягонай праграмы як абароны «польскага кантону» ў абсягу Летувы. І, бясспрэчна, ні «польскі кантон», ні Польшча, ні Летува не маглі задаволіць гэтага пасьлядоўніка Вялікага Княства, калі ён хацеў ісьці сьлядамі Людвіка Абрамовіча. На практыцы, аднак, праграма «Gazety Codziennej» зводзілася да гэтага, і гэта адрозьнівала яе ад «Kuriera Wileńskiego», які стаўся голасам польскай артадоксіі, вызнаванай бальшынёй польскай Вільні: для яе прыналежнасьць Вільні да Летувы была папросту летувіскай акупацыяй.

З Мацкевічам я так бліжэй не пасябраваў, бо гэта было іншае пакаленьне і іншы склад розуму. Я паважаў яго як пісьменьніка, а таксама чалавека добрай волі, які робіць, што можа, і гэтай пашаны я не пазбыўся і дасюль. Што не замінала мне разважаць над ягоным пакручастым конам. Спасярод шляхты Вялікага Княства было ці мала адчайных авантурнікаў, да якіх я б залічыў ягонага брата Станіслава, але быў ведамы таксама тып ціхага, але заўзятага авантурніка, які свайго ня ўпусьціць. Акурат такім я ўяўляю сабе Юзафа. Насоўваецца пытаньне, у якой ступені самадыйны і свавольны індывід, перакананы, што справядлівасьць на ягоным баку, мае абавязак або права выступаць супраць грамадзкай думкі. Каб забыцца, што гэтая думка рэпрэзэнтуе і нашую сымпатыю або антыпатыю да яе, трэба вялікае намаганьне, але толькі тады пытаньне пра грамадзкую ролю канфармізму набывае сэнс. Мацкевіч абарачаўся ў сваім віленскім шляхоцкім асяродзьдзі колішніх кавалерыстых вайны 1920 году, такіх жа самых, як і ён, цяпер зазвычай ураднікаў, але таксама дуэлянтаў і паляўнічых, як, напрыклад, ягоны прыяцель Міхал Паўлікоўскі зь Меншчыны, які рэдагаваў паляўнічы дадатак да «Słowa» пад назвай «Дзе гэта, дзе зайгралі паляўнічыя ражкі...» (з трыма кропкамі, так!). Тым ня менш ён вылучаўся на гэтым фоне. На яго вельмі моцна паўплывала расійская гімназія і ягонае, у школьных гадох, фанатычнае зацікаўленьне кнігамі з абсягу заалёгіі і арніталёгіі (у чым мы былі падобныя), з адукацыі і з здольнасьцяў назіраць ён быў прыродазнаўцам. Можа, гэтая нібыта пазытывісцкая пастава прышчапіла яму скептыцызм да «польскай Вільні». Ён заатакаваў гэтую Вільню зь першых нумароў «Gazety Codziennej», публікуючы артыкулы, у якіх роспач і гнеў з прыклёпу верасьнёўскай паразы распружваліся ў зацятых нападах на ўсю міжваенную Польшчу, не пакідаючы каменя на камені. Ён не любіў ні Пілсудзкага, ні санацыі (дарма што працаваў у санацыйным «Słowie»), але каб знайсьці цяпер супрацоўніка ў асобе Пятра Каўнацкага, «нацыяналістага», і разам зь ім высьмеяць аддзелы «палкоўнікаў», дарма што яго нічога апрача гэтага з Каўнацкім ня лучыла, гэта ўжо было занадта. Гэта выглядала на глум з паваленай Польшчы, каб спадабацца летувіскім гаспадаром. Несупынна ўцісканая цэнзурай і абвінавачаная летувісамі ў падрыўных тэндэнцыях (бо што гэта за падступная балбатня аб Вялікім Княстве?) «Gazeta Codzienna» дала пачатак бурлівым сваркам, у якіх сукрытым аргумэнтам супраць яе была «калябарацыя з акупантам». Іншымі словамі, Мацкевіч выявіў талент трапляць у такую сытуацыю, каб быць бітым абодвума бакамі. Гэта мелася паўтарыцца пасьлей. Бясспрэчна, пачуцьці гневу і гаркоты пасьля паразы былі паўсюднымі, і ён даваў ім выражэньне, будучы агорненым згрызотамі, а не таму, каб некаму дагадзіць. Але бальшыня, хоць адчувала тое ж самае, стрымлівала сябе, бо неяк нядобра мыць брудныя хусты ў гэткую сумную часіну.

Вільня гэнага кароткага пэрыяду, калі яна была прылучана да незалежнай Летувы, перацяжараная ўцекачамі, паддадзеная пахутчанай літуанізацыі, законам і палкай, калі трэба (тыя, хто нядаўна біў жыды, цяпер былі бітыя, хаця ня толькі яны, можна было атрымаць і за сьпеў у касьцёле па-польску), сплывала малаком і мёдам, як гэта ўмеюць абладзіць гаспадарлівыя летувісы, мела знакамітыя рэстарацыі і каўні, у якіх гандаль вёўся за валюту, купляліся пашпарты і візы, плянаваліся падарожжы на Захад, а перадусім была горадам самых розных чутак і заўсёды непамысных ведамак. Летува, аточаная варожымі гаспадарствамі, прыцягвала, маўляў абток збаўленьня, няшчасных, якія гатовыя былі апрастаць ногі ў вандроўцы празь мяжу, але, апыніўшыся ў пункце сваіх летуценьняў, заўважалі, што патрапілі ў пастку. Летакі з Коўні на Захад, праз нэўтральную Швэцыю, нейкі час курсавалі. Я нават сам зьвярнуўся з просьбай да неафіцыйнага польскага прадстаўніцтва ў Коўні, быў залічаны, ужо меў месца, калі вылетам быў пакладзены канец.

Ня думаю, што польска-летувіскія напружанасьці мяне вельмі закраналі. Хаця прыязьньства з Калюот’ісам, які арганізоўваў польска-летувіскія сустрэчы, г.зн. польскіх і летувіскіх рэпрэзэнтацыйных постацяў, каб гэтыя напружанасьці зьняць, павінна было мяне ангажаваць у гэтым кірунку. Nota bene: Калюот’іс, з Коўні, ня ведаў польскай ня толькі падчас майго візыту ў Коўню ў 1938 годзе, але і цяпер, і мы гаварылі па-француску. (Яго навучаньне ў Парыжы аказалася благім прыгатаваньнем для будучага доўгагадовага зьняволеньня ў Гулагу.) Маштабнасьць і пагрозьлівасьць падзеяў пазбаўляла вагі польска-летувіскія церці, і я хіба папросту паціскаў плячыма. Мацкевіч у згаданым ужо эсэ закідае мне дэфармацыю праўды, калі я кажу, што «шмат нянавісьці паміж летувісамі і палякамі адышло ў невараць». Як ён заўважае, у Вільні, у выніку нацыяналістычнай і нямудрай палітыкі летувіскіх уладаў, варожасьць польскамоўнай люднасьці расла. Лякальна, так. Аднак, незалежна ад абапольных прэтэнзій, існаваў фундамэнтальны факт людзкіх паводзінаў Летувы ў дні верасьнёўскай паразы, а гэтаксама, як я гаварыў, неадпаведнасьць, і нават сьмяхотнасьць нацыянальных сварак.

вернуться

105

OZON — Obóz Zjednoczenia Narodowego (Лягер нацыянальнага задзіночаньня) — польская cанацыйная палітычная арганізацыя. Існавала з 1937 па 1939 гг. Асноўнай мэтай абвяшчала спробу задзіночаньня элемэнтаў, што падтрымлівалі санацыю. Вызнавала лёзунгі мілітарызацыі краіны, засяроджаньня грамадзтва вакол войска і Э. Рыдз-Сьміглага.

67
{"b":"598980","o":1}