— Добра, — сказаў Хвёдар. — Слухай, дзяцюк малады, — зьвярнуўся ён да хурмана, — едзь назад. Нас прывязуць. Вялiкi табе дзякуй.
Дзяцюк нiчога не сказаў, гукнуў на каня й пачаў заварачвацца.
— Вы багажу нiякага нi маеце? — спытаў брата Пракоп.
— Гэта што?
— Прабач, мне i нi ў галаве, што ты, можа, пабеларуску гаварыць забыўся… Пытаюся, цi маеце што з сабой?
— Ды не. Станцыя тут-жа, як рукой падаць. Дык навошта?
Калi зайшлi ў хату й разьдзелiся, Янук спасьцярог вялiкае падабенства бацькi й дзядзькi. Хвёдар перарос Пракопа. Смуглявы, буйнавалосы, ён здаваўся надта бльiзкiм i разам з тым недаступным. Марыя Iванаўна, што да гэтага часу роту не адчынiла, цяпер зьдзела пальто, сьцягнула з галавы хустку й разглядалася.
— Дайце, я павешу, — падыйшоў Янук.
— Калi ласка. Я для цябе нешта маю.
Жанчына гаварыла чыста парасейску, з прыцiскам, характэрным маскалём. Навет Хвёдар, што ўжо пачаў у гутарку ўкiдаць беларускiя словы, розьнiўся вымовай ад жонкi. Пакуль Янук павесiў пальто на круку на сьцяне, жанчына палезла ў ручную торбу й выцягнула цэлую жменю загорнутых у чырвоныя паперкi цукеркаў.
— От, дзяцюк ты мой, гасьцiнца табе. Трымай.
З гэткiмi словамi Марыя Iванаўна насыпала Януку поўную жменю цукеркаў.
— Дзякую вам, — сказаў Янук ды падыйшоўшы да Ўладзiмера. — Будзем есьцi разам? — спытаўся.
— Не, дзякую, — адказаў той. Ён стаяў сярод хаты й разглядаўся. Янук ня ведаў пра што зь iм гаварыць.
— Разьдзенься, сядзь, — сказаў ён Уладзiмеру.
Тымчасам дзядзька Хвёдар распрануўся, бязь нiякае прынукi сеў на лаве ля стала. Таўставатая й пульхная Марыя прысела побач мужа. Нейкi час плялася нясуладная гутарка, ажно Пракоп раптам нешта прыгадаў.
— Янучок, зьбегай ты да Тодара, — сказаў Пракоп сыну, — папрасi ў яго лiтроўку. Скажы, што пасьля заплачу.
— Нiчога ня трэба, Пракоп. Нiкуды нi пасылай. Я штосьцi маю, — забег наперад Хвёдар. — Марыя, будзь добрая, там у мяне ў кiшэнi, — сказаў жонцы.
Жанчына ўстала, падыйшла да вешака ля парогу i зь сярэдняй кiшэнi пальта дастала вялiкую пляшку маскоўкi ды паставiла яе на стале.
— Я, браток, ня п'ю, ды от для вас думаў, - пачырванеў Пракоп.
— Ды знаеш, браце, гэта ўжо занадта. Ды чаму? Па чарачцы ўсе зробiм, намаўляў брат.
— Я калiсьцi, бывала, пры гасьцях дык чарку выпiў, - тлумачыў Пракоп. Але тут у нас нядобрае ў хаце было. Гэты-ж наш акцiвiст, цi як яго, чорта, цяперака зваць, дык ён як толькi зьмена прыйшла то мяне тут сiлай паiў ды iкону во пабiў, - паказаў Пракоп зрокам у кут.
— Гэта што? — зьдзiвiўся Хвёдар. — Хто пабiў i навошта?
— Доўга, браток, расказваць… Наш мясцовы камунiст гэта. Хацеў мне сiлай гарэлкi ў рот налiць i крычаў, каб за таварыша Сталiна й за савецкую ўласьць пiў. А я-ж хваравiты, вунь пры Паляках палiцыя пячонкi адбiла, дык i баранiўся, як мог… Тады гэты басяк поўнай налiтай чаркай ды як чарахнiць па iконе, так i пасыпалася шкло…
— Ды гэта ён цябе насiлаваў? — сур'ёзна спытаў Хвёдар.
— А як-жа.
— А хто ён такi, гэты чалавек?
— Буракоў сын. Помнiш Паўлюка Бурака?
Хвёдар зморшчыў лоб.
Помню, ну так, помню. Дык гэта яго сын? Я, пэўна, нi знаю яго?
— Малы шчанюк быў… Ня будзеш знаць.
— Дык гэта ён за Сталiна й за савецкую ўладу?
— Ну так.
— Маладзец, дзяцюк, ведае што рабiць, — сказаў Хвёдар i зiрнуў на жонку й сына.
— Я нi знаю, — адказаў зьбянтэжаны Пракоп. — Нi знаю цi маладзец, паўтарыў, скоса зiрнуўшы на брата.
— Ды не, Пракоп, — сказаў той, не за тое маладзец, што хулiганiць, а таму што Сталiна вялiчае. Разумееш?
Хведар доўга глядзеў на Пракопа, як-бы зрокам хацеў нешта недаказанае языком вытлумачыць.
— Ты лепi знаеш. Я нiнадта разьбiраюся, — сказаў Пракоп. — Алi чаго-ж я сяджу, нешта на стол трэба, — устаў гаспадар. Ён загадаў Януку прынесьцi хворасту, распалiць плiту. Неўзабаве на скварадзя засквiрчэласала й смажылася каўбаса з тых сьцiплых запасаў, што ў клецi вiселi пад самай страхой (каб пацукi не дабралiся) на якую нечакана-пiльную патрэбу. Прыемны пах расплыўся па хаце. Хвёдар падыйшоў да печкi.
— Як гэта завецца? Хвораст, цi што?
— Так, хвораст, — адказаў Янук.
— Помню. Ведаеш, многа забыўся пра гаспадарскае з дому. Прыкладна, у нас на Ўрале, дзе я служыў, печкi палiлi вуглём. Але тут, вядома, вугля няма.
Ён прайшоўся ўдаўжкi i ўшыркi па пакоi, пазiраючы на Пракопа, што стаўляў пасуду на стол, спынiўся перад здымкамi на сьцяне, пачаў пра некаторыя распытвацца. Уладзiмер падыйшоў да Янука, стаяў i маўклiва пазiраў на полымя ў печцы. На стале зьявiўся разовы жытнi хлеб, гуркi, капуста шыткаваная.
— Вы госьцiкi, прабачце нам, што нiчога спiцыяльнага нiма, — гаварыў Пракоп. — Каб-жа гэта чалавек ведаў…
— Ну ды што ты, навошта гэта, Пракоп? — зьдзiвiўся Хвёдар. — Усё во, што маеш i ёсьць для нас спэцыяльнае.
— А калi Мiкола вернецца, Янук?
— Нi казаў.
— Заседзiцца можа.
— Гэта твой другi сым? — зацiкавiўся госьць.
— Так. На сяло недзе пашоў.
Як на добрую згадку, адчынiлiся дзьверы й на парозе стаяў Мiкола. У хату ўвайшоў нясьмела, спачатку зiрнуў на незнаёмых людзей, пасьля на патэльню на печцы, пацягнуў носам. Вочы яго павандравалi на стол, пры якiм завiхаўся бацька. Пабачыўшы пляшку водкi й каўбасу, дзяцюк мяркаваў, што гэтта адбываецц нешта надзвычайнае.
— Мiкола, от i ты на добры ўспамiн. Паглядзi, якая ў нас вялiкая радасьць у хаце: гэта во мой брат Хвёдар, яго жонка Марыя i сын Уладзiмер, адрэкамэндаваў бацька.
— Здрасьця, — прывiтаўся Мiкола.
Госьцi спасьцераглi, што хлапец кульгае, але нiхто пра прычыну не распытваўся.
— Дома, значыцца, бацьку памагаеш, цi ў школе? — спытаў Хвёдар.
— I дома, i за шаўца вучуся, усяк бываiць, — адказаў Мiкола.
— Гэта за каго вучышся? — не зразумеў дзядзька.
— За сапожнiка, — ператлумачыў хлапец.
— Ага, так, шавец — гэта сапожнiк, — сказаў Хвёдар i спытаўся Пракопа: — Нi расказваў ты мне пра жонку. Калi памерла?
Пракоп уважна паглядзеў на гасьця, памяркаваў.
— Пачакай, братка, пасьля раскажу. Давай перш перакусiм.
Селi госьцi за стол бяз прынукi, Пракоп — на табурэце напрыканцы стала, Хвёдар i Марыя — на лаве ля сьцяны, а хлопцы — насупраць iх.
— Перш памолiмся, — сказаў цiха Пракоп. — У iмя Айца й Сына й Сьвятога Духа, амiнь. Госпадзi, Божа наш, багаславi гэту яду i ўсiх за сталом. Дай нам усiм здароўя й даруй нам грахi нашы. Дзякую Табе, Госпадзi, за тое, што вярнуў брата майго й сям'ю ягоную. Дзякуй Табе, Госпадзi, за ласкi Твае вялiкiя для нас. Нiхай iмя Тваё вялiкае славiцца сягоньня, заўтра й на вякi вякоў. У iмя Айца й Сына й Сьвятога Духа, амiнь.
Перахрысьцiлiся ўсе тры лiтоўскiя Бахмачы, а госьцi сядзелi й няўцямна пазiралi адзiн на аднаго. Сам Пракоп, звычайна сядаючы за стол перад спажывай, адно хрысьцiўся, але сяньня, паднечаны нязвычайным здарэньнем, наважыў падзякаваць Богу за вялiкую ласку Ягоную. Пасьля малiтвы спасьцярог, што недаверкаў, мусiць, за сталом госьцiць.
— Дык, калi пазволiце, па чарачцы, — запрапанаваў Хвёдар i ўзяўся за пляшку.
— Будзь добры, — сказаў Пракоп, — налiвай. Ну толька адну кроплю для мяне.
Брат набухтырыў Пракопу поўную чарку.
— Ну а вам? — спытаў Хвёдар хлопцаў, налiўшы жонцы й сабе. — Будзеце пiць?
— Я вып'ю, — адказаў Мiкола.
— Я нiколi ня пiў, - прызнаўся Янук.
Хвёдар налiў Мiколу поўную, Януку — трэцюю часьць, а сыну — палову чаркi.
— Усе будзем сьвяткаваць гэты дзень, калi мы, пасьля так доўгай разлукi нарэшце спаткалiся. Таму прапаную ўсiм выпiць! — тлумачыў госьць, устаючы.
— Дай, Божа, здароўя вам i нам, — падтрымаў Пракоп.
— Дык за здароўе!
Пракоп ледзь вусны памачыў. Марыя Iванаўна й Хвёдар выпiлi да дна, хлопцы таксама. Адно Янук закашляўся й зморшчыўся, калi водка забрала яму дыханьне.
— Алi-ж моцная, каб яе чорт! — сказаў, зiрнуўшы на Ўладзiмера.
Узялiся закусваць. Госьцi, вiдаць, спадабалi, самаробную каўбасу, бо елi са смакам.