Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Ну а як-жа Дуня Макатунiшка? Яна бегае зь кiм? — спытаўся Янук такiм тонам быццам-бы дзяўчына яго мала цiкавiла.

— Так з нашымi, каб зь кiм, дык не. Алi-ж цiраз прыяжджаў да яе гэты, як яго, Аблiзаны Авечка. Зь iм яна. Яна-ж цяперака вучоная. дык знаеш, сваiм да яе нi падступiцца, — закасаў Уладзiк вусьнiну.

— Як гэта нi падступiцца? Ганаровая, цi што? Танцаваць ня пойдзiць калi папросiш, цi як?

— Як табе сказаць… Ну от вазьмi мяне. Каб я спрабаваў пасесьцi да Дунi, дык пра што маю зь ёй гаварыць? Яна-ж учыцелька, начытаная, а я такi сабе просты мужык. Дык яна да такiх, як я, анi ня хiнецца. А вiчарынаў цяперака ня робiм. Немiц кажыць, што ночы няможна, а ўдзень як зробiш? Ну а цяперака вялiкодны пост яшчо…

— А гэты самы Аблiзаны Авечка доўга ў яе праседжваў?

— Ды чаму-ж не…

— А ў каго яна цяперака жывець?

— У Клавы.

Амаль тое самае, хаця iншымi словамi, расказаў пра Дуню Януку Мiкола.

— Алi-ж яна цябе чакаiць. Многа раз прыбягала да нас, пыталася пра цябе.

— А казала, што мяне чакаiць?

— Ага.

На наступны дзень Янук адважыўся адведаць Макатунiшку, але ня ў Клавы. Калi пра што шчыра пагаварыць, — а было-ж пара што, — дык лепш бязь сьветак непаклiканых. Зазiрнуў у школу зараз пасьля таго, як вучнi дамоў пайшлi. Адчыняючы дзьверы чуў, як борздым тэмпам бiла ў грудзёх сэрца, але зараз-жа апанаваўся, паспакайнеў. Тут працавала тая, што яго даўно чакала. Ня ўсьпеў навет добра разгледзiцца, адно на франтаваой сьцяне спасьцярог у рамках гэрб пагонi й заўважыў, што побач ня было партрэту Гiтлера. Тут-жа яго зрок спынiўся на дзяўчыне, што пры стале нешта запiсвала ў школьны дзёньнiк заняткаў. Яго каханая. Тая, якой сьветлы вобраз так некалi песьцiў ягонае ўяўленьне ў Вiльнi, цi ў менскай вязьнiцы. Хвалiстыя буйныя валосы, задуманы падпёрты левай рукой твар. Узор канцэнтрацыi. Янук зьдзеў шапку, спынiўся. Дзяўчына зiрнула на яго, на ейным твары зьявiлася няўцямнасьць i яна, замiж прывiтаньня, пырснула голасным сьмехам.

Гэны гучны сьмех укалоў дзесьцi ў незагоеную эмацыянальную рану. Бахмач зьбянтэжыўся й ня ведаў як на гэта рэагаваць. Дуня раптам спынiла сьмех, устала з-за стала й сур'ёзна пазiрала на Янукоў твар. Пасiнелы, здрабнелы хлапец дзiцячым выглядам скарэй мог-бы нагадваць каторага ейнага вучня, а не паважнага, пэўнага сваiх рухаў i выгляду настаўнiка. Ды не. Гэта ня Дунiн вучань, а той самы паэт, што сьвет некалi зьбiраўся перабудаваць i да гэнай перабудовы свайго гону ня мог стрымаць. Лятуценьнiк i самародак-гэрой, абстрыжаны, худы, аж шэры, iзь сiнякамi пад вачмi, у бацькавы абноскi апрануты, у суцэльным выглядзе сваiм надта камiчны.

Яны стаялi ў адлегласьцi крокаў чатырох адзiн ад другога, напорыста пазiралi сабе ў вочы. I ўгледзела Дуня ў Януковых вачох раней няпрысутную там цьвёрдасьць i яшчэ нешта. Калiсьцi дамiнаваў там пытальнiк, зьдзiўленьне, гаспадарыў шукальнiк прыгодаў, а цяпер — нешта наводля апаразы, крыўднае горычы й рашчараваньня. Ранены iдэялiст. За гэтым прыйдзе злосьць, а можа й нянавiсьць. Бачыла Дуня нешта падобнае ў вачох сваiх, даверлiвых некалi да людзей, сясьцёр i маткi. Мiж Януковым зрокам i тварам, — добра памятала тое Дуня, — была некалi суцэльная, суладная гармонiя выгляду. У вачох гнязьдзiлася неўгамонная прага лёту, паэтычная асмугласьць, сьведамасьць знаёмства з адлеглымi гарызонтамi думак i мараў. Яны вечна нечага шукалi, танцавалi жыцьцём, заўсёды яе, Дуню, заманьвалi, да прыгодаў цягнулi й падбадзёрвалi. I добра гарманiзавалi з буйнымi валосамi й сьветлым тварам. Цяпер суцэльнасьць страцiлася. Калi вочы поўнасьцю не застылi яшчэ цьвёрдасьцю, дык прынамсi ў iх ужо доўга трывала гартаваньне. Зь нейкай прычыны, — цi гэта адно так Дунi здавалася? — вочы цяпер выглядалi камiчна на мiзэрненькiм, высахлым тварыку. Сама-ж хлапцова поза куды больш увыдатняла тую камiчнасьць. Як нi намагалася стрымацца настаўнiца, яна зноў пырснула сьмехам.

— Чаго так тагочаш? — шорстка спытаўся ў дзяўчыны Янук.

— Як нi рагатаць? Ха-ха-ха! Цi ты ў люстра глядзеўся? Абстрыжаны, такi сур'ёзна паважны й надзьмуты, як пузыр. Ха-ха-ха!

Янук паволi пачаў аглядаць сваю вопратку, пагладзiў рукой абстрыжанную галаву, камiчна прыжмурыў вочы, ужо ўсьведамiўшы як запраўды сьмешным мог паказацца дзяўчыне. Раптам i ён, спачатку павольна, а пасьля жвавей, пачаў рагатаць. I для Янука гэта быў першы й шчыры, побач звонкага Дунiнага, рогат ад няпамятных часоў. I сьмяючыся супольна, гэтак сябе заахвочвалi ды дайшлi неўзабаве да тэй мяжы, дзе па iнэрцыi рагочаш iз свайго-ж рогату. Дыхаць стала цяжка, у Янука набеглi ў вачох сьлёзы. Выцер iх рукою.

Дуня змоўкла. Цяпер уважней прыгледзеўся ёй Янук. У пакоi, перапоўненым двума шэрагамi лавак, запанавала цiшыня. Паднечана пажвавелi ў грудзёх маладыя сэрцы й пры сьвятле праменьняў заходзячага сонца, што праз вокны зiрнулi, паволi, з прагнасьцю насалоды, прыблiжалiся да сябе дзьве пары вуснаў. Янук узяў дзяўчыну ў вабдымкi раптоўна, парывiста, iмпэтна.

— Ты-ж, Янучок… мiленькi, ня штурмуй так, памалу, — кволым, ласкавым голасам перасьцярогi спынiла яго дзяўчына.

— Ну не шкадуй, дай-жа ты мне табой нацешыцца! — цьвёрда насядаў Янук, абцалоўваючы ейныя румяныя шчочкi й глыбака, быццам матка, што даўно згубленае дзiця знайшла, заглядаў у шырока адчыненыя, юрлiвыя дзяўчынiны вочы.

— Зажурыўся па мне, Янучок?

— Ага, зажурыўся, Дунечка, моцна, моцна. А ты па мне?

— Ага, мусiць i я.

— Якое гэта такое мусiць? Прызнавайся, так цi не?

— Ну нiхай сабе…

— Нiхай сабе што?

— Зажурылася.

— Вось як. Адразу прызналася-б.

Янук зноў i яшчэ больш раптоўна, чымся раней, насеў на Дунiны вусны. Агарнула яго млявасьць, як некалi ў канюшыне цi тады над рэчкай па дарозе з Глыбокага. П'ючы нэктар каханых вуснаў, Янук зусiм аслабеў, пачаў дрыжэць, але напятая юрлiвасьць усёроўна трымала яго пры Дунiных вуснах. Адчуўшы хлопцавы дрыжыкi, дзяўчына адпiхнула яго.

— Даволi на прывiтаньне. Дый пост цяперака.

— А што ў пост няможна?

Разгарачаны, Янук адчуваў сябе як малы хлопчык, што выцягнуў руку па пульхную аладку й атрымаў ложкай па ёй. Неўзабаве, з намаганьнем, успакоiўся, усьмiхнуўся.

— Ты можа дамоў iсьцi сабiралася? — спытаўся ў Дунi.

— Ды мне не сьпяшыцца. У Клавы бацькоў жыву.

— У iх харчы маеш?

— Ага. Яшчэ да вечара далёка.

Стаялi пры вакне. Сонца вызiрнула з-за хмары. Над соснамi на могiльнiку кружылi груганы й чорнымi, абшырнымi лапiкламi чарнела спад сьнегу поле.

— I ня ўгледзiш як жаваранкi зьявяцца, — сказала Макатунiшка голасам, якi сьветчыў, што думкi яе зусiм ня пры жаўранках былi.

— Ну то расказвай што чуваць, — спанукаў Янук.

— Ты з дарогi, ты першы. Я, сам ведаеш, памалу тутака зь дзеткамi. Працы хапае. А ты на шырокiм сьвеце пабываў, многа перажыў, дык i мне раскажы.

— Я перш за ўсё хачу цябе пра настаўнiцкую працу спытаць, — ня ўступаў Янук. — Многа вучняў маеш?

— Ды хапае. Усяго ў чатырох клясах, мусiць, больш сарака. Было-б i больш, ды некаторыя ня прыходзяць. Знаеш некаторых людзей цямноту…

— I як-жа ты спраўляешся? Вучыш адразу дзьве клясы?

— Першую з трэцяй, а другую з чацьвёртай. Адны маюць цiхiя заняткi, а другiя голасам. Хiба-ж ты прынцып знаеш. Ну неяк iдзе. Ужо крыху руку набiла. Чаго добрага, а працы хапае.

— А як-жа бацькi да цябе адносяцца?

— Цяпер вельмi добра. Можа паспрыяла таму старая Плясьневiчыха, якую зь недахопу кавлiфiкаваных настаўнiкаў былi тут працаваць паставiлi. Дык яна як пачала ўсялякую бязглузьдзiцу ўперамешку з дурнiцамi плесьцi то ня толькi бацькi затурбавалiся, але навет дзецi пачалi зь яе рагатаць. Яна, — як бы табе сказаць? — як-бы грунт для мяне падрыхтавала. Людзi сказалi, што навет Дуня Макатунiшка за яе лепш патрапiць. Праўда, некаторыя гэта так сабе iз кпiнкамi, ведаеш… Але скора пераканалiся, што я, хоць i «жабоцька нямытая», але настаўнiца нядрэнная.

I Янук запраўды пабачыў на Дунiным сьветлым тварыку задавальненьне, што адбiваецца асаблiвым колерам у людзей, калi яно ёсьць запраўдным доказам усьведамленьня собскае годнасьцi.

81
{"b":"103053","o":1}