Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Зараз пачаў справаздачу прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскi. Голас ягоны, гэтым разам скарэй настаўнiцкi чымся прэзыдэнцкi, барабанiў манатонна, заглыбляючыся ў гiсторыю й статыстыку. Пад гэткi гоман лёгка можна было заснуць. I ледзь Янук задрамаў, як разбудзiлi яго воплескi. Няўцямна зiрнуў на слуцкiх настаўнiц, а нос падказаў яму, што ад iх, асаблiва ад Зоркi, нясло танным адэкалёнам. Заля й людзi зноў некуды адплылi…

Гарачае лета. Трэба абавязкова пчол дапiльнаваць, каб ня выраiлiся, а калi й будзе той, дык каб ня ўцёк. Праўда, учора вечарам падслухоўваў вульлi, цi няма дзе вясельля… Розныя галаскi, — ведаў iх добра Янук, калi заводзiць матка, а там, мiж агульнага шуму, можна паслухаць «сватоў» i «свацьцяў». Здавалася, што вясельля ня было. Але, хто iх ведае. Памылялiся-ж i раней. Бывае, што вясельля не падслухаеш, а рой бывае. Гэту трывогу Янукову раптам засланiў курадым.

— Бяры, сынок, куры iх добра дымком, а я буду рамкi выцягваць.

Гэта бацькаў аўтарытэтны голас. Янук не марудзiць, бярэ курадым, цiсьне мяшок i нюхае сiняваты дымок, што йдзе з рыльца, ад спарахнелага карча ўсярэдзiне. Бацькавы рукi, жылiстыя зьверху й мазолiстыя на далонях, адчыняюць вечка вульля, ды намагаюцца за рамку ўзяцца. Але што такое робiцца? Вулей раптам… Ды не гэта ня вулей, а дамавiна… Васкова-жоўты матчын твар. А чаго-ж ён з тым дымам…, чаго Янук з тым дымам у матчыну дамавiну? Гэтта вялiкi перапалох сьцiснуў Януку грудзi, а раптам аднекуль вялiкiя гучныя воплескi цi яшчэ нейкi гук…

— Спадар Бахмач!

— Га? Што? — прахапiўся Янук i перад сабой, амаль зусiм упрытык убачыў твар случчанкi Зоркi.

— Вы гэта што, спадар Бахмач? Прадстаўнiк народу прыехаў на кангрэс спаць?

— Кангрэс? — няўцямна, прыцiшаным, спалоханым голасам спытаўся Янук. Перад iм лагодненькая ўсьмешка курносенькай дзяўчыны. Але не пра ейную прыгажосьць цяпер думаў Бахмач. Навокал людзi. Некаторыя глядзяць на яго. А iз сцэны манатонны голас чарнявага чалавека ў чорных акулярах.

— Прабачце, задрамаў. Цэлую ноч ня спаў у цягнiку.

— …паўсталi шматлiкiя батальёны Беларускае Краёвае Абароны, — гаварыў Астроўскi, — якiя пакрылi сабою ўсю тэрыторыю наступных акругаў: Менскае, Барысаўскае, Слуцкае, Баранавiцкае, Слонiмскае, Навагрудзкае, Вялейскае й Глыбоцкае.

Зноў воплескi. Янук цяпер разглядаўся, сам плёскаў у далонi й намагаўся камтраляваць ацяжэлую галаву.

— Калi рэзультат правядзеньня мабiлiзацыi быў доказам нацыянальнай сьпеласьцi беларускага народу, то постаць нашага жаўнера, — далей чытаў прэзыдэнт БЦР, — часта голага й босага, па каленi ў балоце, на холадзе, моцна трымаючага вiнтоўку ў сваiх руках, зьяўляецца доказам яго надзвычайнай сiлы й бясконцай адданасьцii сваьму народу й бацькаўшчыне.

I далей: — Найбольшую цяжкасьць мы мелi й маем з камандным складам. Агулам гаворачы, жаўнер беларускi вельмi добры, але камандны склад вымагае яшчэ вялiкай апрацоўкi й падрыхтоўкi. За гэты час ужо праведзена двое курсаў перападрыхтоўкi афiцэраў i падафiцэраў, а з пятнаццатага чэрвеня арганiзавана афiцэрская школа ў Менску для нашых юнакоў зь сярэднiх i iншых школаў.

«Так, — думаў Янук, — постаць нашага жаўнера, голага й босага, па-каленi ў балоце… доказ надзвычайнай сiлы… Што той бэцээраўскi прэзыдэнт вярзе? Янка Сарока зь Вiльнi. Iншыя, зялёненькiя гадамi, ганаровую варту трымаюць. Зь пятнаццатага чэрвеня, значыцца два тыднi назад пачалi школу. Жаўтаротыя пiскляты… А тут ужо на паляваньне трэба, а гэтыя яшчэ парадкам сабак кармiць не ўзялiся…»

I Янукова думка крута ў другi бок павярнула. Вядома-ж, бяз гэтага кангрэсу, бяз гэтых справазачаў i нарадаў нельга. Яны патрэбныя беларускаму народу ў гэты крытычны ў гiсторыi момант як рыбе вада. Але, усё-ж… Сёе-тое гаворыцца, абы падгладзiць абы там якiя дзiркi заткнуць, паказаць што нешта ёсьць, што вось, маўляў, зiрнеце, якiя мы малайцы, гаспадары. Арганiзаваная афiцэрская школа для юнакоў, такiх, як i сам Янук. Брава! Колькi трэба намаганьняў i сродкаў, а перадусiм часу, каб вышкалiць чалавека на афiцэра? А там ужо чатыры днi назад пачалася поўная афэнзыва. Пала Орша, Магiлёў, клiнамi хваля паўзе пад Бабруйск, Слуцак, Полацак, Барысаў. Цi адзiн раз i цi адзiн мудры чалавек сказаў пра палiтыкаў: сяньня радзяць пра ўчарашняе, а заўтрашнiх праблемаў i ня бачаць. Але. Калi-б вораг ня прыблiжаўся з-за Дняпра, можна было-б iз кпiнамi да сяго-таго, гэтта сказанага, аднесьцiся. Ды няма калi кпiць. Тут трэба, як мага сiлаў, нешта радыкальнае выдумаць. Ня будзеш падчас таго, як пажар трэба тушыць, разважаць пра рэгулямiн пажарнае аховы… А з другога боку, што меў гаварыць Астроўскi? Бэрлiнскiя вяльможы да апошнiх часоў не давалi дазволу на арганiзацыю беларускага войска. Навет i цяпер, калi самiм вораг на горла лезе, адно батальёны дазволiлi, дый тыя пад iх камандай. Можа лепш уважна паслухаць што тут на кангрэсе гаворыцца?

Яшчэ пару разоў засынаў Янук, але суседка, жартуючы, як добрая апякунка, не давала «народнаму прадстаўнiку» праспаць так важных гiстарычных падзеяў. Бачыў Янук зноў Антося Дзеркача, аднойчы зь левага боку ззаду, iншы раз на першым паверсе на бальконе. Цэлы час гацкi палiцыянт пiльна пазiраў ва ўсе бакi. I пераглядаўся зь iншымi, якiя, вiдаць, таксама мелi «спэцыяльнае заданьне».

Пасьля прыняцьця справаздачы Астроўскага, наступiлi прывiтаньнi кангрэсу, насамперш ад фон Готбэрга, на якое прынялi запрапанаваны Астроўскiм адказ з падзякай. Пасьля йшлi па чарзе прывiтаньнi ад Беларускае Карёвае Абароны, жаўнераў парадкавае службы Ўсходняга фронту, ад беларускiх сялянаў, работнiкаў i iнтэлiгенцыi; ад беларускага праваслаўнага духавенства прамаўляў архiяпiскап Фiлафей. Былi й вiтаньнi ад эвангелiкаў-баптыстаў i ад беларускiх рыма-каталiкоў. Найбольш урачыста й прыгожа вiтаў кангрэс Саюз Беларускае Моладзi, калi галоўны шэф-праваднiк Мiхась Ганько, у асысьце кiраўнiчкi жаночага адзьдзелу СБМ д-ра Н. Абрамавай, юнакоў i юначак, з трыбуны запэўнiў дэлегатаў, што «мы, моладзь, прысягаем перад вамi, рэпрэзэнтантамi волi Беларускага Народу, што будзем з гонарам несьцi сьцяг змаганьня за народную волю, што нiколi ня зганьбiм i ня здрадзiм нашага нацыянальнага iдэалу»

Даклад вiцэ-прэзыдэнта БЦР Шкялёнка разглядаў прэтэнзii й нелегальныя пасягненьнi суседзяў, - Польшчы й Расеi ды бальшавiцкае Масквы, — да Беларусi, ды iхныя розныя махiнацыi ў навейшыя часы, каб трымаць беларускi народ у няволi.

39

Першае паседжаньне кангрэсу скончылася пад полудзень. На дварэ, як быццам на якiм усенародным фэсьце, людзi стаялi групамi перад тэатрам, хадзiлi па маленькаму парку, некаторыя раскладалi на траве харчы, каб паабедаць, а iншыя шлi ў сталоўку Беларускае Самапомачы. Усё гэта адбывалася пад ласкавым, пяшчотным чэрвеньскiм сонцам. Адно недалёка ад тэатру галоўная вулiца 25-га Сакавiка стагнала пад цяжарам вайсковых грузавых аўтамашынаў, што пылiлi па вакольнай зеленi й руiнах.

Янук хадзiў мiж людзей, прыслухоўваўся гутаркам дэлегатаў, што распытвалiся адзiн аднаго пра навiны ды блiзкiх i знаёмых, а некаторыя разважалi пра палiтыку й навiны з фронту. Падобна, як на кiрмашы, адно тут ня было коней пры калясках з падвязанымi да колаў, каб тарчалi ўверх, аглоблямi.

— Ага, во дзе ты, народны прадстаўнiк, — усьмiхнуўся над вухам, злавiўшы ззаду за руку, Антось Дзяркач. — Знаёмся, братка.

Янук адвярнуўся. Ля Антося стаяў чалавек у шэрым, гадоў больш трыццацi, з шырокiм тварам, белабрысы, з лагоднай усьмешкай i пiльнымi вачмi.

— Наш мясцовы сябра, Кастуся Падгайскага даўны супрацоўнiк, Аўген Князь. А гэта во народны прадстаўнiк дык ён той самы ведамы паэт Янук Бахмач, каторага ты, Аўген, пэўне, чытаў.

— Чытаў, чаму-ж не. Крыльлi ён толькi што растапырыў, але надзеi дае, усьмiхнуўся Князь. — Прыемна пазнаёмiцца.

— Для мяне вялiкая прыемнасьць, — сьцiпла сказаў Янук.

Яны прывiталiся рукамi.

— Дык ведаеце што, давайце да мяне. Тут недалёка, але часу няма чаго трацiць, бо каля другой назад трэба. Iдзём, — запрасiў Князь.

88
{"b":"103053","o":1}