Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Ну, што пра яе можна сказаць? Рытм i рыфмы ўпарадку. Думка ёсьць. Паэзii, быццам, няма. Але, што-ж, як першую спробу, яно пайшло. I то, паколькi помню, нехта з нас папраўляў, можа навет i я. Бачыце, два першыя радкi дзеясловамi канчаюцца. Гэта нядобра. дзеясловы рыфмуюцца надзвычайна лёгка, кажнае дзiця гэта здолее, а таму ў творчай працы трэба гэтага высьцерагацца. Пачытайце хаця-б Багдановiча цi Купалу, самi пераканаецеся. Цяпер-жа ў двух першых радкох у ваз займеньнiк «я» аж два разы. Абыйшлося-б адным. Калi-б, прыкладна, замянiць «у высь я» на «пад неба», дык глядзiце што выйдзе: «жадаў, каб пад неба арлом паляцеў». Верш адразу ўзбагацiўся, а сэнс не мяняецца. Дый наагул, як сказаў я, у гэтай першай зваротцы паэзii ў вас няма, хаця ў далейшыых ёсьць яе проблiскi. Паўтараю: проблiскi. Разумееце? Паэтычны палёт у вас таксама ёсьць. Ня турбуйцеся, не сьпяшыцеся. Вам трэба добра жыцьцю прыглядацца, а яно перапоўнена паэзiяй, горкай i салодкай… Справа ў тым, што запраўднай i прыгожай паэзii сiлай з сэрца ня выдушыш… Цяпер узяць вашу другую зваротку, дзе далей арлом сваё падарожжа прадаўжаеце…

Вяршынны гаварыў павольна, сяброўскiм тонам. У пакоi, сумежным з тым, адкуль учора дзядзька з калючымi вачмi Янука вон выгнаў, нiкога, апроч iх ня было. Янук уважна слухаў i зайздросьцiў гэтаму экспэрту такiх ведаў з паэзii. Вяршынны на хаду рэарганiзоўваў Януковы радкi, каб iлюстраваць свае думкi.

Пасьля паўгадзiннай гутаркi крытык пажадаў Януку плённае творчасьцi, моцна пацiснуў руку ды параiў схадзiць да сакратаркi па ганарар. Крыху пазьней Янук выхадзiў з рэдакцыi i з задавальненьнем сьцiскаў у кiшэнi атрыманыя сорак тры маркi. Першы ганарар! А ў вушах зроўнаважаны й аўтарытэтны голас раiў як пiсаць. Горкая праўда. Ня было ў ягоных вершах паэзii, адно проблескi яе. Чырванеўся юнак, намагаўся прыгадаць кажнае слова Вяршыннага.

— Агулам, яшчэ раз добра прачытайце й прадумайце мой артыкул пра «рунь», — гаварыў крытык з «Парнасу». — Там многа парадаў, зь якiх трэба было-б вам скарыстаць…

«Трэба будзе», — думаў Янук, пакiдаючы пасьля зруйнаваную сталiцу.

25

Янук сядзеў на абшырным бальконе ў выгадным, плеценым з лазы, крэсьле. Перад iм зграмазьдзiлiся малыя, з чырвонымi чарапiчнымi й шэрымi гонтавымi дахамi, хаты. Вакол iх — невялiкiя агародчыкi, дзе ля парканаў усьмiхалiся сланечнiкi, а на лехах — буйнае варыва. Дзесьцi на вiшнi тарарахала сарока. Далей лянiва плёскала ў берагi марудная Вяльля, а за ёй, пад прапаласканым небам, узвышалася Замкавая гара. Калiсьцi спад Януковага, нянадта спрактыкаванага, пяра нарадзiлiся радкi:

Грозна, думна з гары пазiраюць муры
Помнiк слаўных часоў Гедзiмiна.
Шмат пражыў чалавек, не адзiн прайшоў век,
Сьлед пакiнуў на шэрых руiнах.

Муроў тых замала асталося, каб яны «грозна, думна» пазiралi, адно адзiн, зьлiзаны часам, лабаты кутавы сэктар. Адылi здалёку гэны кут натхняў Янука да палёту ў вунь якую буйную фантазiю. I чамусьцi ў сувязi з гэным вершам прыгадаўся яму iншы, напiсаны зараз-жа пасьля прыезду на навуку ў Вiльню:

Прывiтаньне табе, Вiльня,
Слаўны горад Крывiчоў,
Места памятак магiльных
Нашых прадзедаў, дзядоў.

Зь вершам на пяць зваротак, адно на гарачую руку змайстраваным, i нянадта адшлiфаваным, пасьпяшыў Янук у «Беларускi голас». Там сустрэў яго сiвы, кволы з выгляду рэдактар Аляхновiч, што некуды сьпяшыўся й таму не папрасiў студэнта навет у канцылярыю цi пакой а зараз-жа, тут на сходах, перайшоў да роспытаў:

— Студэнт? Адкуль?

Янук назваў мясцовасьць.

— Ага, знаю, знаю. Вельмi добра зрабiў, што прыехаў вучыцца. Трэба нам найбольш сваей iнтэлiгенцыi. Вельмi, вельмi добра зрабiў.

Янук нясьмела пазiраў на розавы твар i цяжка яму было паверыць, што перад iм стаяў аўтар даўгога й надзвычайна цiкавага нарысу «У кiпцюрах ГПУ», якiм некалi ўзахлёб цэлыя гадзiны зачытваўся. А былы гаротнiк пытаўся:

— Дык што скажаш мне, студэнт?

— Ня ведаю як пачаць… Маю тут верш на прывiтаньне Вiльнi…

— Ага, дык ты й паэт, аказваецца… Ну што-ж… Маладзец. Давай што маеш, калi добры дык зьмяшчу. Але, братка, я моцна сьпяшу. Зайдзiся калi… пагаворым…

З такiмi словамi Аляхновiч, не разьвiтаўшыся, рушыў сходамi ўнiз. Верш, бязь першае звароткi, зьявiўся ў газэце на наступны тыдзень. Цэнзар, як выглядала, не згаджаўся, што «Вiльня — слаўны горад Крывiчоў». Аўтар i сам ня быў пэўны цi Вiльня паўстала на засягу зямлi калiшняга асноўнага племя пазьнейшага беларускага народу. Адылi ясна, што горад пазьней быў лiтоўскi, а не жамойцкi.

Апроч адрэзанае галавы, у далейшых зваротках загнязьдзiлася колькi друкарскiх памылак. Не ўяўляў аўтар, што верш можна аж так сапсаваць у друку. Другой звароткай ён выказаў захапленьне старой лiтоўскай сталiцай:

Ты разьлёг перада мною
У васеньнiм тумане,
Быццам кветкай маладою
На зялёным дыване.

Янук прыгадваў першы вiд гораду, дакладней — тае зеленi, што ўсьмiхнулася яму ў iмглiстую ранiцу. Такiм дэбютам у газэце, што друкавалася лацiнкай, якое Янук ня любiў ужываць у беларускай мове, скончылася ягонае супрацоўнiцтва зь «Беларускiм голасам». Пасьля пiсаў пра беларускае жыцьцё ў Вiльнi й вершы ды пасылаў у Менск.

Вершы, вершы-лятуценьнi…

Дзесь далекавата налева, на Антокалi бялелi вежы высокай сьвятынi i гэтта-ж амаль перад носам, з-над дахаў пазiралi вежы iншых касьцёлаў. Адсюль, як на далонi, красавалiся й калёны фасаду вiленскае катэдры. Янук яшчэ раз прыгадаў сабе, што трэба пацiкавiцца, цi запраўды ў склепе ейным ёсьць магiлы вялiкiх лiтоўскiх князёў.

Пляны, намеры… Колькi iх было.

Сябра Загорны намовiў гiмназiстку Рандуўну паехаць па абедзе ў Вэркi, куды, казаў, хадзiў рачны параплаў. А Янук, расьсеўшыся ў гэну нядзелю на бальконе, прыслухоўваўся як воддаль, на Кальварыйскай вулiцы цiкалi конскiя падковы. Прыграваны васеньнiм сонцам, зноў думкамi вярнуўся да пачаткаў свайго вiленскага жыцьця.

Хто ведае, цi ўдалося-б Януку дастацца ў беларускую гiмназiю, калi-б не ягоныя паэтычныя спробы. У шэрым, з паападаўшай са сьценаў тынкоўкай, двухпавярховым будынку на Вострабрамскай вулiцы, гэтта-ж непадалёк станцыi, паспрыяла яму адразу пабачыцца з дырэктарам Францiшкам Грышкевiчам. Чалавек сярэднiх гадоў, бляндын, з прыязным адкрытым тварам, даверлiвымi вачмi, ён адразу разьвязаў юнаку язык. Бахмач прыйшоў у канцылярыю дырэктара з большай упэўненасьцю, чымся калiсьцi да Раманоўскага ў школу ў Гацях. Меў-жа за сабою не абы-якi школьны багаж. Пасьля году ў беларускай школе ў Гацях, скончыў шасьцiмесячныя настаўнiцкiя курсы для настаўнiкаў пачатковых школаў у Глыбокiм. Усё-ж адрыў ад дому ў часе вайны, якая ўсё разгаралася, ды паўгалоднае студэнцкае жыцьцё ў далёкiм горадзе прадстаўлялi немалую рызыку. Колькi ваганьняў i роздумаў, пакуль адважыўся на гэты вялiкi крок, а пасьля яшчэ пацягнуў за сабой сябру Лявона Загорнага. Можа й не асьмелiўся-бы, калi-б ня пераконлiвае слова агранома Падгайскага:

— Едзь, Янук, i цягнi майго пляменьнiка. Нi траць нагоды. Нiхай тутака ў пачатковых школах iншыя вучаць. Нi забывайся, што нам патрэбная свая, вельмi добра адукаваная, iнтэлiгэнцыя. Вiленская гiмназiя гэта сапраўдная кузьня беларускасьцi. Навука — найбольшы капiтал у жыцьцi й твой будучы хлеб. Ты вельмi таленавiты юнак i добры патрыёт. Маючы навуку, зможаш шмат зрабiць для свайго народу. Паглядзi, колькi нашых найлепшых людзей Палякi, бальшавiкi й Немцы вымардавалi, каб iх зiмля нi насiла! Араць i касiць у нас будзiць каму, а хто народам кiраваць будзiць? Нам-жа трэба сваю дзяржаву будаваць.

52
{"b":"103053","o":1}