Литмир - Электронная Библиотека
A
A

А калi так, дык значыцца гэта мясцовая, свая адмiнiстрацыя ня мела ў вачох акупанта зусiм нiякая вагi. Ды не, пачакай-жа. Нейкую вагу мела бо для нечага-ж яму была патрэбная. А для чаго? Зусiм ясна: яна памагала акупанту зьбiраць харчы, падаткi, гнаць людзей на працу, iншымi словамi — ссаць жывыя сокi з паняволенага народу. Няйнакш, так яно й было.

I на пацьверджаньне гэткiх сваiх выснаваў Янук пачаў згадваць нямецкiя зьдзекi над сваймi людзьмi, якiя ён сам бачыў. Амаль ня было чаго згадваць, адно хiба той вуж хурманак, што на гару глыбоцкага пяшчанага гасьцiнцу ня мог з наладаванымi вазамi ўзабрацца, а ён iз Дуняй задалёку прыглядалiся як Немцы сялянаў лупцавалi. Мо й шчасьлiвы, што большага ня бачыў. Ня дай, Божа, бачыць якую Залатуху, цi трапiць у рукi польскай, пад нямецкай камандай, палiцыi, ды стануць перад руляй стрэльбы на расстрэл. Або цярпець цi гiнуць разам з Жыдамi. Жыды, якiя-б яны ня былi, усё-ж гэта людзi. I калi гэта праўда, што Немцы пагалоўна iх вынiшчаюць, дык ганьба Немцам! Што гэта за народ такi? Немец — вораг! Немец — кат беларускага й iншых народаў. Значыцца, як выглядала, найбольш зьдзеклiвая сiла на сьвеце ўзьлезла нам на плечы. Вось адкрыцьцё!

Янук i задаволены быў з таго, што ён сам, бязь нiчыя помачы, дайшоў да разгадкi такое тайны. Не сказаў яму пра гэта простымi словамi анi Антось Дзяркач, анi Кастусь Падгайскi, анi хто iншы. Пэўне-ж, яны пра гэта ведалi, але чамусьцi яму, проста ў рот, пажваўшы, улажыць не хацелi. Хто-ж iх ведае… Цяжка было сумлявацца, што такiя разумныя й пранырлiвыя дзядзькi ня бачылi таго, што яму, як-нiяк, наiўнаму юнаку, раптам стала зусiм зразумелым. Трэба будзе калi, як кажуць, проста з мосту спытацца iх пра гэта.

Тымчасам, думкi вялi далей. Калi Немцы ёсьць нашымi ворагамi, дык на iх палягаць нельга. Наадварот, каб свайго дамагчыся, дык мо калi змагацца зь iмi прыйдзецца. Але як i чым? I каго на помач клiкаць? I як змагацца з такой магутнай, няпераможнай сiлай?

Рад i ня рад быў Янук з прычыны такога жахлiвага адкрыцьця. I ў гэныя юначыя гады падсьведама адчуваў, што яму наканавана было не стаяць бязьдзейна з боку. Ясна, можна было рабiць i так, як захоўвалася вунь бальшыня людзей: пасыўна прыглядалася ўсей гэтай разьнi, забойствам, вынiшчэньню свайго насельнiцтва. Абы iх не краналi. Ого! Што не, дык не! Янук да такiх авечак сябе не залiчаў. Ужо калi прыйдзе момант, што да сьцяны прыпруць, дык ён бяз супрацiву ня дасца. Але, цьфу! Усё-ж, якая дурнiца зь яго: перш, — i самае галоўнае, — трэба ня дацца, каб якi чужы цi свой нячысьцiк да сьцяны цябе прыпёр. Гэта самае галоўнае!

Што, прыкладам, сталася-б, калi-б вораг наважыў зрабiць зь Лiтоўцамi тое, што зрабiў з Залатухай? I гэтта-ж недалёка чыгунка, i тут можа бальшавiцкая галота вылезьцi з Гаравацкае пушчы й падлажыць мiну на чыгунку, раськiдаць у вёсцы якiя афiшкi цi каго сiлай забраць у свае банды. Могуць справакаваць Немцаў, каб i ў вадносiнах да Лiтоўцаў ужылi меры ваеннае адказнасьцi. А калi спосаб пакараньня нявiннае Залатухi быў ня прыпадковым, а нейкай нормай ваеннага часу, дык колькi беларускiх вёсак i колькi людзей можа пайсьцi яшчэ з дымам?

Янук пазiраў на сваю мiрную, залiтую летнiм сонцам, вёску. Танула яна ў садох i прысадах. Нiвы палавелi жытам, зелянелi ярыной, а дзьве сосны шапталi сабе сакрэты на могiльнiку. I тады спрабаваў Янук уявiць, што аднаго дня ягоную родную мясьцiну, як нядаўна Залатуху, возьмуцца языкi агня папялiць… Ды не! Адганяў думкi, як статак назойлiвых аваднёў.

Гэтак, заглыбiўшыся ў бязвыхаднае, Янук зыйшоў з Гараваткi й адно ля гумна пачуў бацькаў голас:

— А ты дзе гэта бадзяешся? Бяры во граблi, пойдзем у Пральлю пракосы варочаць.

22

У Гаравацкай пушчы часта пераклiкалiся совы, а ў вёсцы не гарлапанiлi яшчэ першыя пеўнi. На чыстым зорным небе рагацiнай вырысоўваўся гiгант Архiп. Лагодны заходнi ветрык ледзь варушыў лiсьцямi дрэваў. Паважна й таямнiча пахiлiўся паточаны шашалем крыж. Дзесьцi на гасьцiнцы ў лесе затарарахалi па карэньнi калёсы, а ў Лiтоўцах спрасоньня лена загаўкаў сабака. Хто там на гасьцiнцы ў гэту пору ехаў? Палiцыя, цi хто? На станцыi ў Гацях, як заўсёды, кiпеў нiколi няспынны рух. Калi мясцовае насельнiцтва спала за пазачынянымi загадам дзьвярмi, на вулiцах, чыгунках i дарогах гаспадарылi людзi ў мундзiрах.

Апрануты ў летнюю сьвiтку, Антось абмацаў нож за пазухай, выцягнуў зь кiшэнi й пачаў смактаць сакавiтую, што проста таяла роце, ранэтку ды цэлы час пiльна ўзiраўся ў адзiн пункт. Калi гэты недабiтак задумае наведаць бацькоў, дый калi мае прыйсьцi па яго, каб яму «лясьнiчоўка бокам вылезла», дык гэта, здавалася, адзiная дарога, на якой яго неспадзеўкi можна злавiць. Знаў Антось гэту Гаравацкую сьцежку, што вяла ў пушчу, як сваю даланю. Ведаў на ёй кажны гарбок, ламень, ямiнку, кажную пахiльнасьць цi зьмяiную крутасьць. А месца сабе выбраў такое, што падарожнiк нiяк не спасьцеражэ. Прылёгшы-ж збоку, яго можна вельмi лёгка асачыць. Iншая рэч, калi-б чалавек з сабакам зьявiўся. Тады небясьпечна. Але ў запасе меў наган. А тымчасам сядзеў на камянi, кусаў ранэтку й думаў.

Насамперш — Нiна. Калi-б зацяжарыла, цi ня прызналася-б яму? Дый вiдаць было-б, як папаўнела-б. А жанчына дамагалася, каб шлюб узяць ды ўжо не намякала, а проста патрабавала, каб дзiця мець.

— Я з гэным старым лунем колька пражыла… Ён, аказваецца, толька сiлу цяглавую хацеў мець, а не сям'ю. А ты што? Дзяцей баiшся?

Нязручнае становiшча. Трэба было тлумачыць тое, пра што Нiна слухаць не хацела.

— Нiначка, любая мая, — пачынаў лагодным, цiхiм голасам. — Цi ты ўжо забылася, як мы проста зь пекла выратавалiся? Цi цяперака той час, каб дзяцьмi абзаводзiцца?

— Што гэта ты ўсё не перастаеш пра гэна пекла? Выратавалiся, ну й дзякуй Богу. Але-ж цяперака жыць ды дзяцей мець трэба.

Жанчына ў сьлёзы кiдалася. «Бабы, дурасьць. Як гэта да вас гаварыць, каб вы ладам жыцьцё скумекалi?» — разважаў у думках Антось.

— А цi ня вiдзiш ты, што робiцца? Як гэта цяперака дзiця на сьвет пушчаць? Сабе рукi зьвяжаш. Навалач нячыстая людзей б'ець, спакою нi даець, жыўцом палiць. Самiм можа яшчо прыйдзецца гняздо пакiдаць… А тады як зь дзiцём?

I намагаўся спатолiць каханую жанчыну цалункамi, абяцанкамi. Цяжэй было вытлумачыць ей, чаму ад некаторага часу, даведаўшыся ад Захарука пра Лявона, у гумно спаць хадзiў. Справа простая. Таго шалапута, самога цi зь кiм, помсты прагнага, калi зьявiцца ў двор зь вiзытаю, прывiтае Ромка. Антось, каторага Лявон будзе спадзявацца знайсьцi з жонкай у пасьцелi, атрымае ў рукi iнiцыятыву. Нiна зразумела й больш ня лiпла з назойлiвымi пытаньнямi.

— Ну а калi ён, цi яны прыйдуць у хату, тады мне што рабiць?

— Ромка разбудзiць. Ня бойся. Старайся задзержыць iх, у плач кiнься, цi што, займi iх. А я, — увiдзiш, — прылаўллю iх сукiных сыноў.

Неўзабаве Антосю ў галаву зусiм iншая думка прыйшла. Калi Лявон не жартаваў, - а на такiя жарты ён быў зусiм няздольны, — ды ляпнуў там нейкаму Барабоську пра свае намеры, дык усё-ж ня мог ён зусiм уцёмную ў Лiтоўцы йсьцi. Найлепш, — разважаў Дзяркач, — каб спанатрыць Шпунта, трэба паставiць сябе на ягонае месца. Ведаў таго як сваю пецярню. Значыцца, першае, Лявон Шпунт хоча мець Дзеркача ў сваiх руках. Калi пайсьцi ў Лiтоўцы, трэба ведаць што там робiцца, дзе жыве Дзяркач i што ён робiць. Як здабыць неабходныя весткi? Лiтоўцы не ляжалi ў бандыцкай зоне. Адылi пушча падходзiла да самага калiшняга хутару Лазоўскага, а адтуль, пераз Гараватку, да бацькую як рукой падаць. Дык чаму не пачаць некалi топтанымi сьцежкамi? Асаблiва для маткi вялiкая радасьць была-бы. Ня бачыла-ж дарагога сынка ад таго часу, як некалi ў лес есьцi яму насiла. Магчымасьць адведаньня Лявонам бацькоў была зусiм праўдападобнай. Гэткую думку быццам Паўлоўскi пацьвердзiў.

— Ты ведаеш, Антось, дзе цяпер Лявон Шпунт? — спытаўся не такi, як раней фанабэрысты солтыс.

— Лявон? — пацерабiў галаву Дзяркач. — Дык-жа казалi, што прапаў недзiка. А чаму я маю ведаць?

45
{"b":"103053","o":1}