Литмир - Электронная Библиотека
A
A

А цяпер раскажу крыху пра сябе. Вучу я ў сваей школе ў Лiтоўцах…»

Лiст даволi даўгi. Зь яго даведаўся Янук, што Антось забiў двух вясковых бандзюгаў, прачытаў i пра нялёгкасьць Дунiнага настаўнiчаньня ў вясковай школе. I пажаданьне, каб вярнуўся ён, каб разам настаўнiчалi. Даведаўся й пра тое, што Дзеркачыха Нiна перабралася да мужа ў Гацi й забрала навет з сабой усю хатнюю жывёлу. Сама-ж Дуня пражывае цяпер у старых Дзеркачоў, бо дома няма як працаваць.

I наапошку:

«Чакаю цябе, мiленькi. Вяртайся да сваей гарэзьнiцы-рагатухi. Хоць ад часу нашага расстаньня мiнула некалькi месяцаў, я зусiм мала зьмянiлася, а ўжо сам ты скажаш, як спаткаемся, цi папрыгажэла цi пабрыдчэла. Чакаю цябе на волi. Цалую цябе.

Адданая табе Дуня.»

Патрэбныя былi Януку гэныя цёплыя словы, як сонца й паветра. А яшчэ больш цэннынм стаўся лёгкi гумар «гарэзьнiцы». I м, як можа больш нiчым iншым, падмацаваўся юнак, каб ператрываць рэшту часу ў вязьнiцы й дажыць да ўжо ня так далёкага дня.

34

Дзень усьмiхаўся ласкавым сонейкам, чыстым чысьцюсенькiм, дзе-нiдзе воўнай лёгкiх хмарынак засланым небам i зусiм умеру марозным, слабым ветрыкам. Дзень, як на замаўленьне. I зьзялi ў руiнах сьвежыя, рассыпаныя ноччу сьняжынкi, куды весялей спрэчкi вялi вераб'i. Асаблiва гэты дзень для беларускай сталiцы, а ўжо зусiм адмысловы для Янука — першы дзень волi.

Учора, калi выпусьцiлi, ня ведаў як iсьцi без канвою, па бакох аглядаўся. Ня верылася, што вось ён сам ставiць свае крокi ў якi хоча бок. Цэлы вечар у Рашкевiчыхi, быццам губка ваду, пiў-глытаў усё новае, яму яшчэ кагадзе зусiм недаступнае: што на вайне, што ў горадзе й на Беларусi наагул, што на шырокiм сьвеце. Дзе фронт, хто каго й як? I даведаўся, што сяньня мае на Пляцы Волi быць. Кажную драбнiцу пачутага абмяркоўваў, ацэньваў-узважываў, з большай развагаю ў сьвятле практыкi перажытага прымерваў…

На Пляцы Волi сабралася ўжо шмат цывiльных. Прыйшло й войска. У чорным… Паставiлi ў казлы зброю, фармавалiся прастакутнiкамi пад крыклiвую каманду. Казалi па радыё, што мае быць выпуск афiцэраў i падафiцэраў Беларускай Самааховы. Дык чаму яны ў чорнай вопратцы? Можа пасьля iм зялёную дадуць? Ня ведаў юнак, што згодна волi акупантаў Самаахова мела быць апранутая стараньнямi Беларускае Самапомачы, значыцца ў нейкi самаробны кужаль, а ўжо куды лепш, калi ў паўсуконьнiк. Кужаль, пахварбаваны нейкай альховай карой… Дзе-ж фарбу возьмеш?

На загадцы колеру вопраткi гэных стройных i добра падабраных, ужо навучаных вайсковага рамясла людзей, Бахмач затрымаўся адно мiмалётам. Хоць жывот ягонны, дзякуючы Рашкевiчысе, папаўнеў, хлапец адчуваў нейкую слабасьць, быццам вольнасьць i прылiў усяго новага, што ашаламiла яго пасьля вязьнiцы, пахiснула на нагах.

Перайшоў нейкi Рубiкон. Ня сам iз свае волi. Яго на другi бераг, бадай, сiлы лёсу перакiнулi. А там, дзякуючы цярпеньню й роздумам, адкрыўся i ўстаў перад iм зусiм новы, да гэтага часу практыкай нязьведаны сьвет. Апынуўся на самым доле таго сьвету, безагляднымi валадарамi якога былi вунь гэныя, што цяпер гаспадараць на сьцягамi абвешаным, шчодра ахвярнай крывёю палiтым Пляцы Волi.

I прыносiць, i здаюць iм рапарты людзi ў чорным. А самi гаспадары нейкiя шрубкi цi шасьцярнi зблiжэй неапазнанае Януком машыны, каторая ня ведае любовi, дый наагул ня мае нiякае эмоцыi. Машына тая — аграмадная гаргарына, а рухавiк яе — суцэльная й безаглядная сiла. Для сьмерцяноснай машыны нiчога на сьвеце, апроч сiлы, ня iснуе. Што з таго, што вось гэныя малыя шрубкi прыкiдваюцца тваймi прыяцелямi, цi — як некаторыя маўлялi, хаўрусьнiкамi па зброi супраць бальшавiцкае агiды? Ты-ж ведаеш, што яны гэта звычайныя смактуны, што павалiлi твой народ i смокчуць-цягнуць зь яго асноўныя жыцьцёвыя сокi. Чаму яны называюць сябе тваймi прыяцелямi? Пэўне-ж, гэта — людзi ў масках. Тыя самыя, што спалiлi, разам зь дзецьмi, жанчынамi й старымi Залатуху, Азарцы, Шабунi, што зьнiшчылi сотнi iншых Азарцаў. Яны з таго кодла, што закрывавiла й спапялiла не адзiн пляц волi, можа пачынаючы ад Варшавы, праз Ратэрдам i Лёндан, а можа яшчэ яшчэ раней падчас гiшпанскае вайны. Вышчарбiўшы пару зубоў у Сталiнградзе, гэта ненажэрна-прагавiтая пачвара ўсё яшчэ трывае, бо ня пераламалi ёй яшчэ хрыбетнiка.

А хто гэныя людзi ў чорным? Патрыёты, цi пазадкi? Чым матывавалiся яны, калi йшлi на службу? Няўжо-ж адным патрыятызмам? Якi гэта патрыятызм? На Янукоў юнацкi, да чырвана, здавалася, распалены патрыятызм гэныя тучненькiя «обэрмэншы»-таптуны халоднай вады лiнулi. Праўда, тлела ў сэрцы iскра. А вунь, мiж афiцэраў на Пляцы Волi спасьцярог Янук i высокага, стройнага, прыкладна-вытрыманага ў рухах маёра Чмяля. Твар яго спакойны, самазадаволены, жэсты вывучаныя. Сямейка ягоная на Пляцы Волi сабралася. Гаспадар паклiкаў. Як выглядаў гэты маёр Чмель, калi громам абрушыўся ў сваiм бюро на Лявона Загорнага, пагражаючы яго арыштаваць, калi той прыйшоў помачы Бахмачу шукаць? Зiрнi, якi ён паслухмяны-гiбкi перад гаспадаром. Што гэта за чалавек? Цi можна яму даверыць свой лёс, як камандзеру, якi павёў-бы цябе на змаганьне на сьмерць i жыцьцё з ворагам? Цi дзялiў-бы ён з табой гразь i золь у вакопах, цi перавязаў-бы табе рану, цi падаў-бы табе мiску гарачае стравы, цi спатолiў-бы цябе цёплым словам?

Парываньнi, натхненьне, патрыятызм… Яны можа яшчэ былi, але агiдны сьвет няволi, у якiм Янук амаль не загiнуў з голаду й хваробы, узброiў, насьцярожыў, пасеяў недавер да раней высокiх, у юнацкiм уяўленьнi беззаганных аўтарытэтаў. Яшчэ аставалася вера, хоць i яе разьядаюць сумлевы…

Калi гэта, што маладому Януку давялося спазнаць, пабачыць, пачуць, рэальнасьць, дык чым тады займаецца Бог? Чаму народ, якi даў сьвету Сьвятую Афрасiньню Прадславу Полацкую, Сьвятога Кiрылу Тураўскага, Скарыну, Дастаеўскага, Калiноўскага, Багдановiча, Купалу й шмат iншых выдатных людзей, чаму народ, якi амаль зьлiўся з прыродай i нiкому крыўды не рабiў, пакiнуты сiламi нябеснымi на зьдзек i глум iншых? Чаму тапталi яго ўсе, як той прыказачны гарох пры дарозе?

Побач касьцёл. На яго дзьвярох, зьедзеныя непагодай, парваныя ветрам, шматкi паперы. Ледзь разьбярэш:

…нядзелi адбываюцца служ…
…ксёндз Вiнцук Гадлеўскi
………………………………

Калiшнi Генэральны Iнспэктар Беларускiх Школаў. Родная школа — вялiкая кузьня беларускасьцi, аграмадная работа для вялiкага чалавека. Чалавека зь вялiкай лiтары. Гаротнiка-апостала, што пехатой прывалокся дзесь з Варшавы тады, як яшчэ курылi руiны спаленых гарадоў… каб «будаваць беларускi дом». Мусiць з занадта вялiкiм размахам браўся будаваць. Вырас, узмужнеў, народным, нявыгадным для акупанта аўтарытэтам стаўся. Молах загадаў яго прыбраць. У руках латыскiх забойцаў-эсдэкаў, сваякоў калiшнiх бальшавiцкiх стралкоў, цi ня ў Рызе ахвярнае й пакутнае жыцьцё скончыў. Гэта рэальнасьць.

Колька можна вырасьцi за чатыры месяцы? Цi льга аж на столькi перайначыцца, каб запярэчыць самому сабе, ранейшаму? Выглядае, што так. Юнак у шэрай, паўсуконнай сьвiтцы, бледны, слабы, худы, што цяпер стаiць пры дзьвярох касьцёлу на Пляцы Волi й прыглядаецца войску, ведае горыч рашчараваньня, безнадзейнасьць няволi, пагрозу цёмнае пропасьцi, што магла праглынуць яго ў нябыт. Вытрымаў. Цяжка сказаць, як гэта ўсё адаб'ецца на ягонай душы: цi прывядзе да моцнага й трывалага гартаваньня характару, цi ня дай, Божа, — да ўпадку. У сэрцы — сумлевы, недавер. Цяжар усьведамленьня, што свой чалавек не абавязкова зьяўльяецца тваiм памочнiкам. Можа быць i ваўком. Iржа сумлеву разьядае кволую тканiну маральнае асновы юнацкага характару.

Дзесьцi над Дняпром тысячамi вогненных зяпаў выпальвае сабе дарогу другая пачварная машына.

«Даёш Бярлiн!»

Тая, што зглумiла мiлiёны людзей на Салаўках, у Сiбiры, Беламорканале, Калыме. Ледзянавокi, з васпаватым твара, таксама як i «обэрмэншы», дзеiць правамi прыроды. Ён — абсалют, пачатак i канец, i найвышэйшы судзьдзя, i пракурор абвiнавальнiк, ён i прысуд. Ён — альфа й амэга ўсяго, што пад ягонай уладай дыхае й варушыцца. Ён разьвяжа ўсе Гордыевы вузлы, усе складаныя пытаньнi жыцьця ў якiх блыталiся мудрацы ўсiх народаў i пакаленьняў ад пачатку сусьвету. Непакорным прынясе вечны супакой… у магiлах, а апрычнiкам дасьць прылады забойства й шчодра ўзнагародзiць iх, каб прадаўжалi сваё нiкчэмна-подлае iснаваньне на ягонай службе. I мiлiёнамi распаўзуцца забойцы па цэлым сьвеце, каб гордае, вольнае й непакорнае выкаранiць, а падатнае пад сваю ўладу ўзяць.

74
{"b":"103053","o":1}