Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Ну ты ўжо занадта…

— Ды не, нi занадта. Хачу iлюстраваць табе, як на Ўкраiне было. Людзi саўсiм з глузду зьехалi. Ты ведаеш, чаму нам трэба з камунiзмам змагацца й чаму зь Немцамi нам не падарозе?

— Бо камунiсты прынесьлi нам прыгон калгасны, а Немцы хочуць нас усiх выкаранiць, каб пасьля самiм тут загнязьдзiцца.

— Праўда твая, ды ня ўся. Гэта толькi вынiкi iхных палiтычных таталiтарных сыстэмаў. I камунiзм i нямецкi фашызм — абое рабое. Партыя, дзяржава, дыктатура — гэта ўсё, а чалавек у iх ноль. Ён нi маiць голасу й права, а толькi тыя маюць, каторыя да ўлады дабяруцца. А чалавек маiць душу й сэрца i каб ён разьвiваўся, каб дабро рабiў, мусiць быць вольным. Гэта ведама думаючым людзям ад пачатку сьвету. Каб трымаць нявольнiкаў у послуху, тыя басякi, што ўладу маюць, мусяць ужываць сiлу. Галоўная зброя таталiтарнага рэжыму супраць людзей, яму падпарадкаваных, ёсьць суцэльная, значыцца груповая адказнасьць. За мужа адказваiць жонка й наадварот, за бацькоў адказваюць дзецi, навет сусед за суседа. А рэлiгiя наша хрысьцiянская вучыць, што кажны за свае грахi мае адказваць. Кумекаеш? А цяпер паглядзi што робiцца. У Менску за забойства аднаго Немца робяць аблаву й расстрэльваюць па сто саўсiм нявiнных людзей. Бальшавiкi за грахi — гэта значыцца за грахi ў iхным антычалавечым паняцьцi, — аднаго чалавека высылалi на Сiбiр цэлыя сем'i. Гiтлерава сыстэма такая самая, як i Сталiнава. А цi-ж тая думка, якой кiравалiся Ўкраiнцы, выразаючы нявiнных нi ў чым Палякаў, гэта ня тое самае? Чаму ў паняцьцi тых разьнiкоў нейкае польскае дзiця цi жанчына на Валынi была вiнавата за грахi быўшай польскай дзяржавы? Я-ж кажу, нi дай Ты, Божа, каб мы рабiлi тое, што зрабiлi Ўкраiнцы. Нашае заданьне, каб выйсьцi з гэтае вайны ня толькi з найменшымi стратамi, але каб i захаваць сваю душу, каб ня зьдзiчэць, не асьлепнуць. Бо калi-б мы прынялi аснову суцэльнае адказнасьцi, — найбольш нялюдзкае й д'ябальскае, што ў камунiзьме й фашызьме, — дык якi тады з нас народ? Навошта тады змагацца за волю, калi мы самi адкiнем сваё найлепшае, беларускае, на чым наш народ базаваў сваё жыцьцё тысячу гадоў: глыбокую веру ў Бога, любоў да волi, iндывiдуальная адказнасьць i iнiцыятыву, любоў да блiжняга, помач слабейшым i гэтак далей? Мы-ж тады былi-б няздольныя да сапраўднае волi, бо самi сябе паняволiлi-б гэтым антычалавечым дзiкунствам. Кумекаеш?

Антось прыглядаўся аграному, нiчога не адказаў.

— Вядома, няма роду бяз выраду, але ня ўсе Палякi — лайдакi, як i ня ўсе Немцы — фашысты. Трэба адзьдзялiць народ ад сыстэмы й надта небясьпечна абагульняць, асаблiва вайной.

— Дык чаму тады Палякi нас так суцэльна стараюцца вынiшчыць, нашых найлепшых людзей закопваюць жыўцом, паляць, мардуюць?

— Яны б'юць па нашай галаве, значыцца па людзях, якiя ў галаве стаяць, народ вядуць. Наша заданьне — ня дацца, а змабiлiзавацца, ды бiць па тых Паляках, каторыя iх вядуць, ды па iхных зарганiзаваных групах, асаблiва збройных. Вось як. Кумекаеш?

— Яно так. Ну але мне, мусiць, трэба пад дом, — сказаў Антось.

Пагаварылi яшчэ пра драбнiцы й разьвiталiся. Падарозе дадому, шчуруючы сваймi сьцежкамi, высьцерагаючыся, каб дзе не натрапiць на якi вайсковы цi палiцыйны патруль, Антось доўга перажоўваў тое, што так спрытна вытлумачыў аграном.

28

«Якая недарэчнасьць», — думала Дуня, пазiраючы на сухiя сьцёблы кветак перад зялёным плотам за вакном. — «Саўсiм ня так, як у Коласавага Лабановiча. Час ня той. Ваенная гаручка зямельку трасець».

Казала матка, выпраўляючы Дуню ў гэту вёску:

— Едзь-жа, дачушка, на свой хлеб.

Адно цяпер вiдаць было, што простае, звычайнае матчына пажаданьне сталася сарказмам. Запраўды, якi-ж тут хлеб, не гаворачы ўжо пра заробак. Гэтага заробку, хаця й далi ў раёне наперад грошы, ледзь на харчы хапала, даводзiлася й галадаць.

У першы дзень Дуня мела магчымасьць зiрнуць на сябе вачмi суседкi сваей гаспадынi Кацярыны, у якой на кватэру згадзiлася. Выйшла ў гарод, што ззаду. Яе, вiдаць, не спасьцераглi куды падзелася. Чуе ля паркану:

— Кацярына. Га, Кацярына!

— Што хочаш, Ганна?

— Што гэта за дзяўчо да цябе прыехала?

— Гэта во? Дык гэта-ж новая вучыцелька.

— Вучыцелька, кажаш? — перапытаў гучны, зьдзiўлены Ганьнiн голас. Гэткая жаба, сама дзiцё яшчо i ўжо вучыцелька?

— А як-жа. Ну маладзенькая саўсiм, але з раёну прывезьлi.

— Дык як-жа яе, такую жабоцьку, дзецi будуць слухаць?

— Як, кажаш, слухаць будуць? А цi-ж мне ведаць? Чорт iх знаiць, дзе яны во такiх набралi. Ну алi-ж яна будзiць нi сама, а з гэтым нашым старым вучыцелем.

— Во як… — дзiвiлася далей Ганна. — Дык i гэны стары п'янiца будзiць вучыць. Ну, калi так… А адкуль-жа яна сама, нi пыталася?

— Пыталася. Зь Лiтоўцаў, кажыць.

— Гэта з тых, што ля Гацяў?

— Ага, Ганна, зь iх самых, казала.

Хто ведае, якую яшчэ ацэнку далi-б ей Кацярына з Ганнай, калi-б Дуня, усьмiхаючыся да жанчын, не паказалася на сьцежцы. Дзябёлая Ганна адчынiла рот, каб яшчэ нешта сказаць, але першая спасьцерагла «жабоцьку» й папярэдзiла Кацярыну.

«Старым вучыцелем», якога згадалi жанчыны, аказаўся лысы, з прышчамi на твары, кароценькiмi нагамi й чырвоным, наводля бульбiны носам Мiхал Капышынскi. Стары польскi настаўнiк, дырэктар Бярозаўскай чатырохклясавай пачатковай школы, Дунiн шэф. Першая, сухая гутарка зь iм не належала да прыемных. Гэты стары i, як пасьля даведалася Макатунiшка, бязьдзетны ўдавец, п'янiца, гаварыў паволi, з хрыпам. У гутарцы пракiдвалася польская мова.

— Сама панi кажаш, iле лят…, значы сколька гадоў маеш?

Ягоная зялёныя, глыбока ўпаўшыя, на азызлым твары вочы абмацвалi, распраналi Дуню. Ёй стала вельмi нявыгадна быць з гэтым чалавекам у занядбанай канцылярыi. Крутнулася на цьвёрдым, абдзёртым драўляным крэсьле, зiрнула на шэрыя голыя сьцены, што даўно за вапнай тужылi.

— Прабачце, — змусiла сябе ўсьмiхнуцца Дуня, — я нiякая ня панi.

— А як вас называць?

— Спадарычня.

— Спа-да-рыч-ня…, спа-да-рыч-ня. Ладнэ слова. Новае.

— Падругое, калi цiкавiцеся мною, можаце заглянуць у папку. Хiба-ж iнспэктар прыслаў?

— Ага, ага, прыслаў, а як-жа, — хрыпеў Капышынскi, а зялёныя вочы ўсё распраналi Дуню.

Гутарка пра праграму й распадзел прадметаў паказала, што гэты, з ласкi нязвычайных часоў, дырэктар, застаўся дзесьцi ззаду ў часе. Дуня падказала яму дзе што магла й хутка спанатрыла, што лепш ёй узяць беларусую мову, гiсторыю й геаграфiю Беларусi, каб хрыплы дырэктар дзяцей не калечыў. Дзядзька з радасьцi ледзь у руку Дунi не пацалаваў.

— Спадарычня… Так, спа-да-рыч-ня, — яшчэ раз разьбiў на склады новае для яго слова Капышынскi, — спадарычня Макатун, я думаю, — ках, ках! Прабачце, прастудзiўся, псякрэў, - я думаю, што мы добра будзем разам працаваць. Вы бярыце беларускi ензык i гiсторыю, бо, знаеце, чаго там крыцца, панi, — ках-ках, значыцца, спадарычня. Як повядам, чаго там крыцца, я сам гiсторыю Бялорусi добра нi знаю i прасiў iнспэктара Ворана, каб даў каго на гэты прадмет, а таксама не знаем бялорускего ензыка. Цяпер вiджу, што ён мяне паслухаў.

Дуня думала зь якой бачыны, якой аповесьцi i якога аўтара зьлез гэты чалавек. Анахранiзм, зжытае-аджытае, з парахном усярэдзiне. Пярхiкае, хрыпiць, а вочы, — ненасытныя вочы, душы здраднiкi, цешацца новай цацай, што перад iм расьселася. I думала яшчэ Дуня, чым матываваўся беларускi школьны апарат, вызначаючы вось такое парахно дырэктарам школы. Можа гэты самы Капышынскi, спалянiзаваны некалi шляхцюк, якi беднасьць, магчыма, прыкрываў нейкiм напышаным шляхоцкiм гонарам, можа вось гэты дзядзька ў думках i пасьмейваўся зь беларускай мовы, гiсторыi Беларусi, а можа й пляваў на iх. Калi яго далi дырэктарам школы, дык якое-ж тады мела быць становiшча з кадрамi? Дырэктар! Гэтаму ханжы, анахранiзму трэба было залезьцi ў нейкую шчылiну. Як яму даверылi ўзгадаваньне беларускiх дзетак? Што яны там наверсе падурэлi?

60
{"b":"103053","o":1}