Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Здаецца, — адказаў нясьмела Янук. — Але як, якiмi сiламi? Вы прабачце, спадар Падгайскi, я ня вельмi гэта ўсё разумею.

— Ня турбуйся, што адразу не зразумеў. Гэта цяжка зразумець навет некаторым старым i спрактыкаваным нашым дзеячом. Вiдзiш, у навейшай беларускай гiсторыi да гэтага часу нiхто так проста й ясна гэтага пытаньня ня ставiў. А яго ня так лёгка зразумець. Перш за ўсё, у бальшынi нашых людзей, навет самых перадавых i беларускай справе адданых, ёсьць комплекс народнай нiжэйшасьцi. Ворагi выпаласкалi нас духова, на працягу стагодзьдзяў ўбiвалi нам у галовы, што мы — гэта мужыкi, пагной, толькi здатны iм служыць. Гэтым часам яны адабралi ў нас веру ў свае сiлы, паняцьце, што мы ёсьць ня толькi ня горшыя, а ў некаторых адносiнах навет лепшыя за iх. Яны зруйнавалi ў нас чалавечую годнасьць, значыцца зламалi нам хрыбетнiк, на якiм трымаецца ўся нацыянальная й духовая вартасьць чалавека. Яны нiшчылi нашыя духовыя вартасьцi, ганьбiлi нас маральна стагодзьдзямi. Першы крок, стануць на свае ногi, — мы зрабiлi ў васемнаццатым годзе, калi абвесьцiлi дэмакратычную незалежную Беларускую Народную Рэспублiку. Гэта быў вялiзарны зрух, улiчваючы, што бальшыня народу знаходзiлася тады ў летаргу, як-бы ў сьне; была нацыянальна нясьведамая, толькi адзiнкi бачылi куды вядуць i што рабiць трэба. Гэныя адзiнкi, гэта, — як Палякi гавораць, i ты пэўне тое чуў, - гэта страцэньцы, значыцца згубныя. Праўда тварцы акту дваццаць пятага сакавiка былi рэалiстамi; яны ведалi, што незалежнасьцi Беларускай Нардонай Рэспублiкi ня ўдасца ўдзержыць, але ўсяроўна трэба распачаць працэс, палажыць першыя вянцы свайго дзяржаўнага дому, або глыбака закiнуць у народ iдэю, што ён зможа, калi напружыць свае сiлы, стануць на свае ногi. Кумекаеш?

— Разумею, ды нешта нi саўсiм. Як гэта нам самiм здабыць нiзалежнасьць удасца, ды цяперака гэткай страшнай вайной? Дзе мы возьмем зброю? Дый што, будзем на два франты бiцца?

Падгайскi адказаў не адразу. Ён зiрнуў з адценьнем нейкай загадкi на твары, быццам хацеў сказаць нешта зусiм знамянальнае.

— Зусiм ня дзiўлюся, што так гаворыш. Гэта нармальная рэакцыя. Iншага ад нашых цяжка спадзявацца. Мне самому не давялося лёгка, пакуль зразумеў усю велiч iдэi й цьвёрда стануў на яе грунт. Гэта тая самая iдэя, каторай карыстаюцца ўсе духова вольныя народы. Нам зразумець яе нялёгка таму, бо, як я ўжо раней казаў табе, нам чужынцы стагодзьдзямi ўбiлi ў галаву думку, што мы чамусьцi горшыя за iншых, што мы прыдатныя толькi на нейкiх пахолкаў, значыцца можам тольклi iншым служыць. I гэтай, вось такой нявольнiцкай атруты нам цяжка пазбыцца. Трэба пераўзгадаваньне.

— Трэба ўбiць нашым людзям у галовы простую праўду, што яны маюць на гэтым сьвеце такiя самыя правы, Богам iм даныя, як i ўсе iншыя народы, што няма народаў-паноў i народаў-рабоў. Мы маем тутака такое самае Богам дадзенае права быць i вольна жыць, як усё iншае, Богам створанае. Як i ў прыродзе: зiрнi, усе расьлiны, усе зьвяры, кажнае самае наймалейшае мае права быць i разьвiвацца й выкарыстоўваць усё навокал сябе. Праўда адно зь iх слабейшае, а другое мацнейшае. Таму йдзе вечнае змаганьне.

— Ты-ж сам гаварыў, выказаў свае думкi, што меў на Пляцы Волi, што гэныя дзьве машыны-аграмадзiны дзеюць правамi прыроды, яны не прызнаюць нiякай духовай маралi, жывуць прынцыпамi чыстай сiлы. Нам такi прынцып трэба ўзяць за аснову, значыцца дзяць сiлай. Пачакай, пачакай, не сьпяшы. Я ўжо магу ўгадацль тваё наступнае пытаньне. У тым то й справа, што пытаньне гэта будзе памылковым. Яно заўсёды i ўсюды выплывае ў нашых людзей, калi перад iмi такую праблему паставiш. Дзе-ж наша сiла? Дзе наша армiя? Мы-ж слабыя, мы ў няволi.

— Гэта праўда. Але ты прыпомнi гiсторыю, вазьмi хоць далёка адлеглага ад нас Спартака. Кiм ён быў, пакуль на ногi ўсiх гладыятараў падняў? I прызнаеш, амаль Рым не павалiў. Крышку яму паспрыяла-бы развалiў-бы найбольшую iмпэрыю на сьвеце. Значыцца наша першае заданьне — перамагчы сябе. Паверыць у свае сiлы й абсалютную правiльнасьць нашай iдэi. Зрабiўшы гэта, мы можам стварыць моцны кулак. Пасьля спалучыўшыся зь iншымi паняволенымi народамi, такiмi, як Украiнцы, балтыцкiя народы, навет Палякi, — бо цяпер i яны ў падобнай да нашай сытуацыi, — мы створым вялiкi й сiльны кулак. Значыцца сiлу. Кумекаеш? Супольнымi сiламi, з помачай захаднiх дзяржаў можам маскоўскую гаргарыну развалiць i вызвалiцца.

— Знаю, што гэта можа занадта новае для цябе. Запомнi тое, што гэту iдэю наша арганiзацыя ўжо сягоньнiка праводзiць у жыцьцё. На цябе яна можа проста неспадзявана звалiлася. Трэба табе часу, каб такое перадумаць, аналiзаваць, i прыйсьцi да правiльных выснаваў. Я веру, што ты гэта зробiш. Таму цяпер i ня буду далей iсьцi. Толька яшчо паўтараю галоўнае: першае абсалютная вера ў свае сiлы, другое — арганiзацыя сiлаў, трэцяе — шуканьне хаўрусьнiкаў i супольныя пляны, а пасьля гэтага ўжо дзейнасьць. Гэта занадта схэматычна, я ведаю, але прашу цябе падумаць. Калi скумекаеш, тады ўвiдзiш, як усё гэта проста й правiльна. Толька трэба верыць. Але, прабач, браток, можа на адзiн раз, — тут Падгайскi ўсьмiхнуўся, — замнога надурыў табе галаву. Дык я на гэтым i скончу. Хiба маеш якое пытаньне.

— Проста i ясна, значыцца ў галоўным, — сказаў Янук. — Але, цi можаце мне сказаць, што гэта за арганiзацыя, дзе яе знайсьцi? I як яна спадзяецца атрымаць помач хаўрусьнiкаў з захаду?

— Арганiзацыя называецца Беларуская Незалежнiцкая Партыя i яна цяпер тайная. Табе кажу гэта, бо маю да цябе поўны давер. Практычна бяручы, ты пра гэта нiкому ня будзеш расказваць…

— Ну ясна, — згадзiўся Янук.

— Ты ўжо з арганiзацыяй у кантакце, бо я належу да Беларускай Незалежнiцкай Партыi. Мы выходзiм з палажэньня, што пасьля таго, як разаб'юць Немцаў, захаднiя дзяржавы мусяць схапiцца ўдужкi з Масквою. Можа не адразу, але мусяць. Тады яны будуць патрабаваць нашай помачы ня менш, чым мы iхнай. Кантакты й супрацоўнiцтва будуць. Гэтага, бадай, i хопiць на сягоньня. Iдзi дамоў, адпачывай. Яшчо пагаворым, будзiць час.

Янук выйшаў ад Падгайскага з поўным жыватом i вельмi перапоўненай галавой. Бурлiла там, кiпела, пералiвалася, аж перазь берагi хлiпала. Хаос. Займе шмат часу яго ўпарадкаваць.

Янук iшоў галоўнай вулiцай Гацяў, але амаль нiчога навокал сябе ня бачыў. Увесь паглынуты думкамi, прасякнуты сьвежымi ўражаньнямi пасьля доўгай гутаркi з аграномам Падгайскiм, ён амаль мэханiчна стаўляў адну нагу перад другой i паволi пасоўваўся наперад. Адно рэзка адчуваў — да адказу наладаваны жывот. Каб хаця страўнiк, замораны баландай, справiўся з такiм прыбыткам!

36

Родная зямля — крынiца майго натхненьня, нянька, кармiцелька, настаўнiца, што мяне ўзгадавала i ў сьвет накiравала, — прыймi на ўлоньне сваё зьнядужэлага целам i акрыленага духам сына. Зь вялiкага падарожжа, зноў босымi нагамi ступаю па старых, утоптаных i iншых, цяпер пустазельлем зарослых, сьцежках. Зноў i яшчэ раз аглядаю цябе новым зрокам, пiльна прыслухоўваюся да тваiх гукаў, чую тваё дыханьне, насалоджваюся вясёлкамi прыроды твае. Як сьмяглы й змучаны падарожнiк спыняецца й прагна п'е з аазы ў пустынi, гэтак я, што вандраваў па далёкiх дарогах, вяртаюся ў кут, што даў мне жыцьцё, каб сокамi тваймi жыцьцядайнымi набрыняць. Вяртаюся да вытокаў.

Цяпер нанава прыглядаюся табе й прыслухоўваюся да цябе, правяраю твой пульс, мяркую, цi ты тая самая, што ў адлучцы доўга цешыла й прынаджвала мяне. Сумлеву няма, — i ў далёкiх падарожжах ты мне неадступна прысутнiчала. Бачыў я цябе ў удушлiвай камэры менскай вязьнiцы й згадаў цябе на галодны жывот, схiляючы галаву перад вiленскай Войстрай Брамай. Клiкала ты мяне перасьпевамi салаўёў i гарэзьлiва-заманлiвай усьмешкай мiлай Дунi, журботным шумам дубровы й маестатам магутнага гiганта Архiпа.

Спавiвала ты мяне ў нядолi й быццам мачыха ў сьвет пусьцiла. Сама, пагвалчаная, ты нiколi не магла шчодра ўзнагародзiць працы дзяцей сваiх. Твой боль — нашае цярпеньне. Ведаем, што наканавана табе ўзгадоўваць добрых i шчырых, адданых працы людзей. Мо занадта добрых, якiя не спанатрылi, што прыяцелем прыкiнуўся вораг. Пахрысьцiянску, з уроджанай iм гасьцiнасьцяй, за стол чужынца пасадзiлi й глум на сябе сьцягнулi. А ты, пагвалчаная, абрабаваная, трывала, як магла, даўгiмi лiхалецьцямi. Цябе разьдзелi, аплявалi, ганьбавалi, а за крыўды табе ўчыненыя iм свае сьцiплыя дары сулiла i ўсё далей бяз думкi пра помсту трывала. I плацiлi табе злом за тваё дабро, i ўкрыжавалi цябе, i памiнкi зрабiлi. А ты трывала й жыла. Для дзяцей, для ўнукаў выжыць мусiла. Каб некалi зноў на поўны рост усталi, каб нявольнiкамi ў сваей хаце ня былi!

79
{"b":"103053","o":1}