Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Зноў i зноў сябруеш ты мне ў далёкiх дарогах: зiмой у дрывасеках i вясной у квеценi й пчалiным гудзе, летам у духмяных красках i вадзяных плёсах, i восеньню ў сьпелых садох i сьцiплых нiваў плёнах. Пахнула ты мне лiповым мёдам i пульхнымi аладкамi. Цярпеў я твой боль у зьнядужэлым бацькавым голасе й чуў гiмн табе ў мiлагучным хоры школьнiкаў. Бачыў як таргавалi табой i зьдзеквалiся над людзьмi тваiмi чужнiкi й свае наймiты. I чуў енк хаўтурнага галошаньня, калi народ твой, з крывавячым сэрцам, схiляўся ў сьлёзах над агульнай магiлай чужынцам закатаваных нявiнных ахвяраў.

Мой кут — пацеха мая й боль мой! Захапляючыся прывабным i непаўторным хараством лясоў тваiх, журчаньнем крынiцаў, пералiвам колераў вясёлкi й загартаванай ўстойлiвасьцю твайго пярэстага народу. Гiмнам жыцьцёвае суцэльнасьцi кукавала мне няпрынадная выглядам зязюля ў сьцiплых хараством зьзялi ў маiх, дарогамi вандраваньняў змучаных, вачох, мiлыя васiлькi й шыпшыны. Неадлучна спадарожнiчала ты мне з грацыйнай плаўнасьцю карагоду дзяўчат на Купальле й адклiкалася ў сэрцы маiм нямудрымi й журботнымi, або гарэзьлiва-жартаўлiвымi вясельнымi песьнямi. Iншы раз тузала ты болем сэрца маё непрагляднасьцяй нядолi тваiх працавiтых i Богу адданых людзей, або палонiла яго першымi ўзьлётамi каханьня мiлае дзяўчыны.

Мой родны кут, як-жа цябе забыцца! Ты — мой боль i радасьць, трывога й спадзяваньне, любоў i нянавiсьць, сустрэча й расставаньне. А галоўнае — у цябе маё карэньне. I ведаю, што нiкому, нiякаму злыдню нiколi яго не падсеч, нiхто ня мае сiлы, каб нас разлучыць. I няхай пасьля кароткiх цi даўгiх расставаньняў, прыходзяць шчасьлiвыя сустрэчы. Чым даўжэй я быў ад цябе адлучаны, тым цяплейшыя й больш шчодрыя твае абдымкi.

Зноў i нанава прыходжу да цябе, прыглядаюся, прыслухоўваюся, мяркую, ацэньваю. I турбуюся: а цi так ласкава, як раней, усьмiхнешся мне, а цi рассыплецца перад мной сузор'е красак прыроды твае, цi адновiш мае мары, i, самае галоўнае, — цi падмацуеш мяне целам i духам? Каб, калi патрэба прыйдзе, дужым i ўзмужнелым у наступнае падарожжа выправiць…

Бацькава хата цяпер выглядала куды меншай, чымся раней. I скрып дзьвярэй, здавалася, зьмянiўся, а вокны быцца звузiлiся й прыжмурылiся. А якой-жа дзiўнай, цяпер малой i запэцканай, даўно нябеленай паказалася ў куце абшарпаная печ. Гэта-ж на ёй некалi давялося вунь колькi часу праводзiць. Менш году ня быў пад роднай страхой Янук, а як усё тут паказалася цяпер нейкiм чужым i недаступным. Брат Мiкола, як i раней, хадзiў да Пiлiпа на шаўца вучыцца. Ён ня любiў нi гаршкоў, нi катлоў, нi памяла.

— Ну й што рабiць будзеш цяперака? — пытаўся Янука бацька.

Пракоп Бахмач усё яшчэ бадзёрыўся, перад гадамi не капiтуляваў. Пагусьцелi ў яго на лбе барозны й зморшчанымi аздобiлiся шчокi й падбародак.

— Нi знаю, тата. Разгледзiцца трэба.

— Хiба-ж у Вiльню нi паедзеш?

— Куды тамака… Год прапаў, нi надраблю.

— А вучыць у школе можаш?

Пра гэта Янук ня думаў. Так, памяркаваўшы, уладзiцца ў нейкай пачатковачй школе, навет пры канцы году, не праблема. Але цi было-б гэта сугучна зь Януковымi намерамi? Бяздушная сiла ўзяла яго з арганiчнае плынi жыцьця, зьняволiла на чатыры месяцы, а цяпер выплюнула. Дык пра якiя намеры гутарка? Гэтта трэба, бязь сьпеху, разгледзецца, разважаць, паветра чыстага поўнымi грудзьмi глынуць, а пасьля ўжо пра нейкi праект мяркаваць. Ад вёскi быццам адарваўся й да гораду ня прылiп. Абставiны змусiлi яго горад пакiнуць. Вядома, можна было пачаць ад той пазыцыi, якую некалi тут пакiнуў. Вунь як на гаспадарцы рукi патрэбныя былi. Бярыся за плуг, барану, касу, граблi. Як-бы гэта проста й цудоўна было: твой дзед араў, бацька араў i ты ары. Зiрнi навокал: зямля на дбайлiвага гаспадара чакае.

— Што ты, тата, сказаў-бы, каб я хацеў гаспадарку ў свае рукi ўзяць?

Голас гучаў бяз перакананьня. Бацька ўважна зiрнуў на сына. На твары такi самы выраз, як некалi на глыбоцкiм рынку, калi да чужога тавару прыцэньваўся. Развага й памяркоўнасьць. Колькi можна даць мiнiмум i максiмум? Ох, як ведў Янук бацькаў твар.

— Ты гэта што, кепiкi зь мяне строiш?

Праз бацькаў голас прабiвалася крыўда. I запраўды, навошта яго зводзiць?

— Нi табе, сынок, мяне за нос вадзiць.

Старога лiса не падманеш. Ён ужо вунь якi багаж гадоў на плечы ўзвалiў, але ўсё яшчэ бадзёрыцца, трывае. Яму, пэўне-ж, крыўдна, што сын задумаў у такi спосаб пажартаваць. I адразу Янука прылавiў.

Зьбянтэжаны вайной, ён яшчэ ня страцiў балянсу. У Януковай памяцi стаiць крыху прыгорбленая фiгура на пляцы перад генэральным камiсарыятам. Ледзь, здаецца, ступаюць ацяжэлыя ногi. Блуднаму сыну сьцiплую падачу прывёз. За дзьвесьце кiлямэтраў. Колька гэта яму каштавала? Сямейнага гнязда ахоўнiк, ён на сьвет выправiўся, каб падлётка прыгарнуць, цi памагчы яму. А цяпер гэты самы сынок зь яго жартаваць асьмелiўся. Крывавыя мазалi ня могуць быць аб'ектамi жартаў, асаблiва з боку жаўтаротага.

I раптам Януку зрабiлася да сьлёз шкада бацькi. Каб мог, каб асьмелiўся, кiнуўся-б яму на шыю, прыгарнуў, пашкадаваў-бы. Але на iхныя суадносiны паў цень гадоў, а жыцьцёвая жорсткасьць языку замiнала. Не за плуг, барану цi касу яму вяртацца. Яшчэ зусiм у пер'е не абросшы, пырхнуў з роднага гнязда i ўжо, вiдаць, не наканавана яму сюды вярнуцца. Вялiкая i iм некантраляваная сiла палонiць яго сэрца, цягне й штурхае да сьветлае мары, да ўзвышанага, да таго перад чым схiляюцца ў пашане людзкiя галовы. Але…

Адсюль, зь берагу роднага гнязда, вiдаць адно iмглiстыя зарысы таго, што дамiнавала над прагай жыцьця, каханьнем раднi… Дзесьцi ўнутры ўтрывалiлася стопрацэнтнае перакананьне, што тыя зарысы стануць некалi перад iм зусiм выразнай формай, што, магчыма, паўстане перад iм у будучынi галава нейкае Мэдузы, якую мо й зьненавiдзiць, але ня зможа супрацьстаяць сiле прыцяжэньня яе.

Цi-ж не Падгайскi… Як гэта ён сказаў? «Страшэньцы», значыцца згубныя… На родную зямлю зноў нахлыне зьненавiджаная бальшавiцкая пошасьць. Падгайскi ўжо адкрыў яму крыху заслоны, назваў цяпер тайную арганiзацыю, якая, — ужо падсьведама адчуваў гэта Бахмач, — прыцягне яго калiсьцi i ў моцныя абдымкi возьме. I прадчуваў, што ня будзе яму iншай дарогi.

Як пра гэта сказаць гаротнаму, нямогламу бацьку, каторага на свой лад моцна паважаў i любiў? Божа, чаму не парупiўся Ты перакiнуць зручных кладак з аднаго ў другое пакаленьне? Можа некалi ў будучынi давядзецца шкадаваць, што цяпер з бацькам ня зблiзiўся, не падыйшоў да яго, не прыгарнуў, не заглянуў зь любоўю ў вочы, не сказаў ласкавага слова. Як-бы было надзвычайна добра, каб цяпер знайшоў зручную фразу, удалы жэст цi паварот, ды сказаў бацьку: — Зiрнуi на мяне, тата. Я твой вывадак, цела ад твайго цела. Выслухай мяне. Я ад цябе, але мой сьвет гэта ня твой, бо я iншы. Дзякую табе за ўсё, што ты для мяне зрабi-ў i прабач, калi цябе пакрыўдзiў. Зразумей, што я мушу йсьцi сваей дарогай.

I шмат, шмат чаго задушэўнага мог-бы сказаць бацьку. Але ведаў юнак, што не асьмелiцца. Заслона мiж iмi так i застанецца. Бацька, пэўне-ж, думкамi часта вяртаецца ў сваю маладосьць, можа прыраўноўвае яе да Януковай i тое параўнаньне, магчыма, не ў Янукову карысьць.

— У цябе, мусiць, ёсьць вошы? — марудна спытаў Пракоп сына, заўважыўшы як той церабiў плечы.

— Ды ёсьць, каб на iх гаручка.

— Дык от бярыцеся, натапiце лазьню. Ты, Мiкола, памажы. Усю вашывую адзежу ськiнь, ды выкiнь дзесьцi на дрывотню. Трэба будзе спалiць. У лазьню возьмеш усё чыстае, там папарышся й пахвошчысься, каб усё турэмнае паскуства прэч. Дык бярыцеся за работу, а гаварыць яшчо будзем посьля.

Выхвастаўшыся добра распараным бярозавым венiкам i добра папарыўшыся, у той вечар Янук адчуваў сябе лёгкiм i сьвежым, як нованароджаным, быццам у хмарах плаваў. I гэтаму спрыяў яшчо арамат чаю за агульным сталом, дзе ў гутарцы, у прысутнасьцi Алеся, Кацярыны й Надзi да познай ночы сядзелi.

I Ўладзiк доктараў зусiм накшым паказаўся. Ад часу, як Палякi падмялi моладзь сваей мабiлiзацыяй у армiю напярэдаднi вайны, у вёсцы падрасла новая чарга моладзi i Ўладзiк, бяз сумлеву, мог-бы ўжо, — ня дай, Божа, таго! стануць у гурце навабранцаў на iншую вайну, для карысьцi iншага ворага. Фiзычна ён узбуйнеў, насёрбаўся вясковай мудрасьцi й ня зьнiкла яшчэ ранейшая фанабэрыстасьць. Мо наадварот. Дзяўчат у вёсцы было даволi й можна было, на выбар, добра каля каторай пагрэцца. У такой сытуацыi мог сабе такi дзяцюк, як Уладзiк, пазволiць на некаторую пераборлiвасьць цi навет капрызы. Калiсьцi, прыгадваў Янук, гэты самы Зянькевiчаў дзяцюк не зьвяртаў на яго часта ўвагi, а цяпер iшоў напярэймы яму, хоць язык доктаравага сына найчасьцей перамельваў вясковыя плёткi.

80
{"b":"103053","o":1}