Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Ну а што зробiш, як прыедуць? Усяго нi пахаваеш. Тыя чэрцi паабчышчалi, каб iх зiмля нi насiла, а цяперака гэтыя бяруцца…

— Знаю, знаю, але зразумей, што нямецкiя налёты, гэтыя хапу-лапу робяцца ваеннымi, дык i бяда таму, каго абчысьцяць. Бо як прыйдзiць цывiльная ўлада дык тады й падаткi будуць.

Мужчыны змоўклi. З захаду на чыгункай пачуўся гул, ён рос i прыблiжаўся, неўзабаве ў сьвятле раньняга сонца зазьзяла вялiкая сярэбраная група бамбавiкоў. Касцы паднялi ўверх галовы.

— Зноў лятуць кляваць! — усклiкнуў Антось.

— От сiла! А дзе-ж бальшавiцкiя падзелiся? — пытаўся Янук.

— Добра, што нячыстая сiла ў штаны напусьцiла. Так iм i трэба! — злосна сказаў Антось.

— Ах, Божа ты мой! — уздыхнуў Бахмач, устаючы ад сьнеданьня. — Нiвядома яшчо, што гэтыя во пакажуць, чым вайна скончыцца. Нiхто дабра нам нi прыносiў…

— Добра, дзядзька Пракоп, пагаварыць пагаворым, — усхапiўся Антось, але я мушу назад да касы…

— А бацька нi памагаiць?

— Занямог нешта.

Антось зрабiў крок, другi й спынiўся. — I з табой, Янук, хачу такжа пагаварыць, — сказаў.

— Са мной? Пра што? — зьдзiвiўся Янук.

— Ды… посьля… Цяперака нiма часу. Увiдзiмся.

I пасьля гэтых слоў Дзяркач раптоўна рушыў да сваей, уваткнутай воддаль у скошаны луг касы. Непадалёк яе крочыў, грацыёзна падымаючы доўгiя ногi, быццам каб не замачыцца, прыгожы рослы бусел. Ён нешта злавiў у дзюбу, падняў галаву, праглынуў i пазiраў на Антося, якi шпарка прыблiжаўся. З павольным узмахам крыльляў падняўся, зрабiў вялiкi круг i прызямлiўся ля хмызьняку над канавай. Пастаяў, глянуў навокал ды ўзяўся прадаўжаць сваё паляваньне.

Мiкола ўзяў пасуду.

— Чуў, Мiкола, што Антось казаў? Сёе-тое трэба будзiць схаваць, прыхiнуць, — казаў Пракоп сыну.

— Ага, трэба.

— Ды чорт яго знаiць што й куды, — задумаўся Пракоп. — Ну ладна, iдзi дамоў i там, за гаспадаркай глядзi.

Янук узяўся за касу й задумаўся: пра што хацеў пагаварыць зь iм Антось Дзяркач? Часам здавалася яму, што цяперашнi Дзяркач i ранейшы — гэта два апрычоных чалавекi. Колiшнi жартаваў, сваволiў, часта над такiмi падлёткамi, як Янук, зьдзекваўся, сур'ёзна да iх не гаварыў, ад сябе гнаў. Ад часу вяртаньня з бальшавiцкае вязьнiцы Антось выразна спаважнеў, стаўся больш памяркоўным, задуманым, на слова ашчадным. I цi тая гаворка, якую прыабяцаў, мела што супольнага зь вiзытай да Кастуся Падгайскага, пра якую во толькi што бацьку згадываў? А калi так, то чаму якраз меў зь iм, Януком, пра яе гаварыць?

— Ну ты, сынок, што, ужо стамiўся? — спытаў бацька. — Давай нацiскаем. Вiдзiш-жа, што час нi стаiць.

Янук падумаў, зiрнуў на бацьку. Яго ня трэба было два разы спанукаць. Хуткiм крокам пайшоў да касы i ўзяўся яе вайстрыць.

9

Янук сядзеў на Гараватцы ля дуба Архiпа i яшчэ раз намагаўся прыгадаць гутарку, што меў з Антосем Дзеркачом. Калi-б ня тая гутарка, а асаблiва нешта недаказанае, навет цi не таямнiчае ў ёй, не сядзеў-бы ён тут, не чакаў-бы на тое, калi-ж нарэшце асочыць Лявона Шпунта.

— Ты, Янук, братка, паслухай мяне, дык нi пажалееш посьля. Ты i я добрая пара. Прыдзiцца нам многа чаго разам рабiць. Павер мне, я ўжо цi нi два разы сьмерць абхiтрыў, ведаю што гавару. Ня будзiш каяцца, кажу табе. Гэтага-ж басяка, каб яго зiмля нi насiла, знайсьцi трэба, пакуль з рук ня высьлiзьне. Дык як?

Антосевы вочы шчырасьцю зьзялi. Сядзелi на крушнi каменьня на мяжы мiж жыта. Далей, у доле вiдаць была разложыстая, пышная шыпшына. I здавалася, што ўвесь сьвет замкнуўся ў рамкi хараства жыта, якое канчала налiвацца, васiлькоў, што духмянасьцю нос казыталi, шыпшыны, што валадарна на шырокай мяжы загаспадарыла. I яшчэ дзесь уверсе траляляў жаўранак i веяў, няньчачы посьцiлку нiвы, млявы вецер.

Хлапец мяркаваў, што Дзяркач зьмянiўся. Прайшоўшы столькi лiхалецьцяў, - насамперш уцёкi з польскае мабiлiзацыi, пасьля-ж вяртаньне «з таго сьвету» бальшавiцкае вязьнiцы, — гэты дзяцюк быў куды хiтрэйшым i вытрывалым, чымся iншыя, што навокал хат сваiх бiбiкi зьбiвалi. I ўжо калi ён што шчыра гаварыў, варта было слухаць.

— А што ты хочаш з гэным басяком рабiць? Нашто ён табе?

— Пагаварыць зь iм…

— Пра што?

Антось скоса зiрнуў на Янука, быццам хацеў сказаць: замнога знаць будзеш, скора састарэешся.

— Ты знаеш хто мяне ў цюрму пасадзiў?

— Бальшавiкi, хто-ж…

— Колькi iх? Адзiн, тысячы? Хто зь iх?

— Ну дык хто? Лявон?

— Ясна, што ён. Таму-ж i хаваецца, бо мяне баiцца.

— Дык лягчэй пайсьцi й Немцам наказаць, яны яго возьмуць. Ён-жа камунiст…

Антось сарваў колас жыта, расьцёр яго на далонi, узяў пару зярнят у рот i пажваў.

— Ужо налiлiся, цьвярдзеюць, — сказаў. — Думаў я i аб гэтым. Ды пакуль там якi Немiц, я сам хачу гэтай брыдзе ў рашку плюнуць. Дый цi толькi плюнуць! Цi ты знаеш, колька гэты басяк бальшавiцкiмi рукамi нашых людзей зглумiў, каб яго гром ня мiнуў? Гэта нячыстая сiла нi маiць права па нашай дарагой, iм апаскуджанай, зямлi хадзiць, ён на пятлю заслужыў.

Лагодна гойдалася жытняе калосьсе. З другога боку крушнi пырхнула плiска й пачуўся пiск птушанят. Убачыўшы людзей, птушка адляцела, прысела на камень воддаль мяжы.

— Глядзi, во плiска, мусiць тут гняздо, малыя пiшчаць. Адыйдзем, сказаў, устаючы, Антось.

Усталi, пайшлi шырокай мяжой i спынiлiся побач буйнага куста шыпшыны.

— Як ты, Антось, кажаш, што ён нашых людзей глумiў? Ну на цябе данёс, а на каго яшчэ? — пытаўся Янук. Яму яшчэ ня верылася, што Антось, якi так нядаўна, — год назад, прыкладна, — на ўвагу яго ня браў, цяпер гэтак шчыра й адкрыта зь iм гаварыў. Дый пра якiя важныя рэчы!

— Ён-жа, Косьцiк i Павалiцкi Хвёдар, — гэта адна басяцкая банда. А ты-ж ведаеш, што яны пры бальшавiкох рабiлi?

— Ага… А дзе Павальiцкi Хвёдар?

— Нi знаю. Можа з гэтым басяком дзе.

У Антосевым голасе чулася нотка нецярплiвасьцi. Янук перастаў насядаць з пытаньнямi. Здавалася, што Дзяркач i бязь iх раскажа яму ўсё, што патрэбна было ведаць. I запраўды дзяцюк паiнфармаваў Янука, хаця даволi агульна, пра тое, што дзеiлася ў Гацях, што даведаўся ад Кастуся Падгайскага. Асаблiва зацiкавiлi Янука аграномавы мяркаваньнi пра тое, што могуць пачаць рабiць Палякi, каб выкарыстаць для сябе Немцаў i як гэта можа прынесьцi шкоду Беларусам.

— А пра якiх Палякаў Падгайскi гаварыў? — захацеў удакладнiць Янук.

— Ды якiх-жа… Тых, што ў Гацях i ваколiцах асталiся, значыцца падонкаў усякiх, што на нашых людзей нажы войстраць.

— Дык гэта значыць, можа й такiх, што я iх знаю, можа з каторымi ў школу хадзiў?

— Во, а чаму-ж не. Але гэтыя яшчо маладыя. За старэйшымi сачыць трэба.

— Яй-Богу гэта можа быць! — сказаў з нацiскам на апошняе слова Янук.

— Што такое? — спытаў Антось.

— А тое, што Палякi Немцам могуць служыць. Я-ж вiдзiў як гэтыя пшэкi, павыходзiўшы ў Гацях на вулiцу, Немцаў вiталi. Знаеш што, Антось? Наслухаўшыся ў iхнай школе пра iх патрыятызм i проста дзiкую нянавiсьць да Немцаў, нiколi не паверыў-бы, каб ня вiдзiў на свае вочы…

— Дык ты паможаш мне, цi не?

— А што табе памагчы? — хацеў упэўнiцца Янук.

— Гэтага прадажнага юду знайсьцi.

— Скажы мне, чаму сам проста ня пойдзеш да iх у хату й нi папытаеш? Можа ён там сядзiць i цябе жджэць…

Антосеў твар спахмурнеў. Здалося Бахмачу, што гэта той, калiшнi Дзяркач, што зараз-жа, бяз цырымонii, возьме цябе за галёнкуй швырне ўбок. Але Янук памылiўся.

— Ну ты ня сьмейся зь мяне, — мiльганула грымаса на Антосевым, твары. Я ўжо хадзiў. Сказалi, што нiма й нi знаюць дзе ён…

— I ты iм паверыў?

— Ды не. Хлусяць.

Янук уважна глянуў на Антося. Дзяцюк пазiраў на яго бязь хiтрасьцi, як добры сябра цi брат. Хлапец ня сумляваўся, што Антось запраўды патрабаваў ягонае помачы. А калi так, дык як-жа адмовiцца? Ён нагнуўся й сарваў у жыце кветку васiлька. Не сьпяшыў з адказам, абрываў з васiлька пялёсткi. Дзесьцi непадалёк узьляцеў i зазьвiнеў жаўранак

12
{"b":"103053","o":1}