Литмир - Электронная Библиотека
A
A

16

Пры яркiм сьвятле электрычнай лямпачкi Падгайскi пiльна прыглядаўся Антосю Дзеркачу, Здавалася, што пытаньне, павiслае ў паветры, адказам сьвяцiлася ў вачох агранома.

— Дык як табе гэта ўдалося?

Тыдзень перад тым, у глухую васеньнюю ноч, калi золь трымала людзей на запеччах, калi, згодна народнае мудрасьцi, «добры гаспадар скацiны на такую непагадзь ня пусьцiць», у ноч цёмную, «як пальцам у вока», нехта нарэшце справiўся з камандантам Бжончкам-Бронхэрам. Крывёю сьцёкшага, апруцянелага, знайшлi яго на сьцежцы ля жываплоту й прысадаў ля дому на водшыбе ад Гацяў. У кабуры — нязакрануты пiсталет, а пры трупе — нiякае прылады забойства. На мясцовым мэдпункце жандармэрыi вымяркавалi, што быў забiты ззаду, доўгай прыладай, якая спад левае лапаткi дастала да сэрца. Паводля пазыцыi, у якой ляжаў, сьледчыя вымяркавалi, што каманданта забiлi й неспадзеўна, бо пазыцыя, — тварам унiз, з аднэй падкорчанай рукой, — не паказвала, каб баранiўся ад нападу.

Дом, ля якога скончыў няслаўны жыцьцёвы шлях «фольксдойч» Бронхэр, мяшчане называлi забягалаўкай, калi не хацелi папулярна-брыдкiм словам карыстацца. Паненкi забаўлялi там палiцыянтаў, а больш дападлiвыя пахатухi апавядалi, што шырока лiлiся там самагонка й шнапс, нiколi не бракавала шчодрай закускi. Ведама было таксама, што «гандэлькам» загадвала Бронхэрава мацi, удава, жанчына, ведама-ж, немаладая, узнагароджаная ў гэтым кiрунку, вiдаць, немалымi здольнасьцямi.

Падчас нямецкае акупацыi такiя, нiколi нярэкламаваныя, дамы йснавалi навет у малых мястэчках, дзе было войска й палiцыя, згодна, вiдаць, старога гандлёвага права — дзе ёсьць патрэба там знойдзецца й тавар. Цывiльным ня было туды не патрэбы, нi доступу.

У час, калi забiты быў Бжончэк-Бронхэр, ня iснавала яшчэ й ценю якое-небудзь небясьпекi ад чырвоных бандаў, а людзi ў мундзiрах, што сьцераглi «новага парадку», сьмела хадзiлi начамi, пераклiкалiся сваймi, адным iм ведамымi, паролямi. Нiкому з уладаў, вiдаць, ня прыйшло ў галаву, што самое палажэньне «дому пацехi», у якiм калiсьцi жыло «тоўстае» бальшавiцкае начальства, магло прадстаўляць нейкую небясьпеку. Часы забясьпечаныя цi абаронных пунктаў, калi ноч падпiльноўвала акупантаў, былi яшчэ далёка наперадзе. Дык нiхто, вiдаць, не зьвярнуў увагi на доўгую, аброслую жываплотам, клёнамi й бэзам дарожку, дзе глухой ноччу можна лёгка скрыцца й асачыць пажаданую ахвяру.

Бронхэра з гонарамi пахавалi на мясцовым могiльнiку, а Немцы жандармы ня надта рупiлiся расшукаць забойцаў i задаволiлiся павярхоўным сьледзтвам. Чалавек быў «фольксдойчам» i за забойствы такiх, дзе няведама хто падняў на яго руку, ня ўжывалiся тады рэрэсii як за самых «обэрмэншаў». Палякi-ж, што абсадзiлi мясцовы гарнiзон палiцыi, трымалiся iншае думкi… I вось пра гэта цяпер адбывалася гутарка.

Вечар дзёгцем чарнеў у вокнах. Падгайскi зусiм ня зьдзiвiўся, ведаючы ранейшыя Антосевы «прыгоды», калi той, цiха пастукаўшы ў дзьверы, зьявiўся на ягоным парозе.

— Што-ж, умеючы нядоўга, — адказаў Дзяркач на тое пытаньне.

Аграном прыкiнуўся зусiм абыякавым, адно пiльна зiрнуў Дзеркачу ў вочы i ўбачыў там пацьверджаньне. Так, вiдаць, навет ён не дацанiў гэтага праныры. Пакуль мяркаваў, як пазбавiцца зьненавiджанага легiянера, Дзяркач яго ўжо на той сьвет адаслаў. Устаў i завесiў фiранкi на вокнах.

— Вып'ем? — спытаўся.

— Налiвай, — адказаў Антось.

Нямецкi шнапс аблiў Антося прыемнай гарачынёй. Забыўся пра зяб, што яго па дарозе праняў.

— Ну як там твая Нiна? — зьмянiў тэму аграном.

— Эт, нiчога сабе, — зiрнуў Антось таму пiльна ў вочы.

— Жывеш зь ей?

— А чаму-ж не…, - неахвотна адказаў Антось. Пра свае любошчы Дзяркач не жадаў расказаць дый мяркаваў, што яны ня надта цiкавiлi Кастуся.

— Вось што, братка, — паволi, думаючы, гаварыў Падгайскi. — Зрабiў ты гэта на сваю руку, проста наперад нам забег. Ну але што-ж, добра. П'ю за тваё здароўе.

Паднялi чаркi. Пiлi мала, адно вусны памачылi.

— Раскажаш? — пытаўся гаспадар.

— Як гэта? Падробнасьцi хочаш?

— Як сам знаеш…

У вадказ Антось вынуў з-за пазухi паляўнiчы нож, тойсамы, каторы некалi аглядаў на балоце Янук, ды палажыў яго на стол. Падгайскi асьцярожна, каб быццам крывёю не запэцкаць рук, падняў двумя пальцамi, прыглядаўся.

— Пекны, што й казаць… I гэта ты зь iм цэлы час за пазухай ходзiш?

— Чаму-ж, навошта…

— Глядзi, баранi, Божа! Як задзержуць то абшукаюць.

Антось маўчаў. Ён узяў нож i зручным рухам улажыў яго ў похву пад левай рукой.

— От што… Паляч'ё цяпер пiльней нюхаць будзiць. Мне чалавек ужо даносiў. Праўда, яны камунiстаў падазраюць, але-ж сам ведаеш каго яны камунiстамi лiчуць. Дый тое, што аднэй брыды ў нас паменшала, нiчога нi вырашаiць. Нам трэба думаць, як iх усiх лiквiдаваць. Як ты з Паўлоўскiм?

— Добра.

— Зьмен нiма?

— Нiчагусенькi. У домыслах ён губiцца. Дый можа зьверху яшчо наказу нi маiць.

— А цi думаў ты, каб у палiцыю паступiць?

Антось скрывiўся й няўцямна пазiраў аграному ў вочы.

— Ты гэта што, кепiкi зь мяне строiш?

— Ды не, я саўсiм паважна.

Разумелiся з паўслова. Антось адразу вымяркаваў, чаму Падгайскi такую думку кiнуў. А можа яна ў яго й даўно нарадзiлася; меў-жа там некага свайго, пра якога адкрыта не гаварыў, значыцца пайменна не называў.

— Агiдна! — плюнуў Антось. — Каб у сваю, дык яшчо-б…

— Зробiм зь яе сваю. От ты паступiў-бы, там ужо нашых двух было-б. Сваiх болей цягнулi-б. А там зробiм нейкi плян. Трэба са сваймi ў другiх гарадох трымацца. Там-сям нашы верх узялi. Адзiн-аднаму памагаць трэба. Гадаўё, нашых людзей найлепшых вынiшчаюць. Каб мы верх узялi, дык табе цi каму другому ня трэба было-б пабандыцку ноччу падпаўзаць, а калi дзе якi мярзотнiк галаву падняў-бы, дык можна было-б яго легальна. Кумекаiш?

— Ага.

— Ну дык як?

— Падумаю.

— Падумай.

— А цi прынiмаюць яны цяперака? — спытаўся Антось.

— Нi чуваць каб… Як будуць, накажу.

— Добра.

Падгайскi ўстаў, выйшаў за дзьверы й па нейкай хвiлiне вярнуўся. На стале перад Антосем палажыў «Беларускую газэту».

— Сьвежая?

— Ага.

— Ведаеш, што я пабеларуску слаба чытаю. Пры бальшавiкох трохi наламаўся.

— Дык як умееш э, памаленьку, — адказаў аграном.

«Вялiкая перамога нямецкай зброi» — паволi й з натугай прачытаў дзяцюк.. — Усё пра вялiкiя пiрамогi. Нешта цi нi захрасьлi яны пад Масквой. I тут многа прапаганды, — спасьцярог Дзяркач.

— Вядома-ж, усей праўды ня скажуць. Але як паслухаеш з двух бакоў,дык сярэдзiну можна выбраць.

— А ты чуеш з другога?

— Чаму-ж не, — сьцiпла адказаў Падгайскi. — У мяне-ж радыё ёсьцiка.

Антось дапiў сваю гарэлку, закусiў агурком.

— Як гэта ёсьць? Загадалi-ж здаць, здаецца… А ты што, не баiшся? Ты галасьнiк маеш?

— Галасьнiк. Адно здаў i квiт маю. А хто там знаiць, што ў мяне два былi…

«I праўда, — думаў Антось, — проста й спрытна. Улада нi прычэпiцца, бо радыё здаў».

— Дык можа паслухаем?

— Падгайскi выцягнуў кiшэнны гадзiньнiк, зiрнуў на яго.

— Яшчо Лёндан навiнаў папольску нi пiрадаець, ажно за гадзiну. А Маскву якi чорт будзiць слухаць. Пазьней.

— Дык ты кажаш, што зь Лёндану папольску? Як-жа яны, гэтыя пшэкi чэрцi туды залезьлi?

Аграном адказаў не адразу. На ягоным шэрым твары ледзь заўважна зарысавалася грымаса.

— Ты, Антось, як цябе знаю, кемлiвы й спрытны, а гэттака як дзiця ўсёроўна. А чаму-ж зь Лёндану нi маюць папольску гаварыць? Англiя, сам знаiш, хаўрусьнiк Польшчы. Там i ўрад польскi, што адгэтуль уцёк, сядзiць. Народ-жа польскi пад акупацыяй…

— Ну добра, добра, я пасьмяяўся, — спынiў Антось Кастуся. — Ведаю сам. Толькi раскажы што яны праз радыё гавораць. Цi гэтапраўда, як тутака пшэкi раструбiлi, што Сiкорскаму Сталiн у Расеi пазволiў польскую армiю зрабiць?

Падгайскi ўстаў.

— Хочаш чаго лепшага пiракусiць? Кiлбасы можа? А гарэлкi ў мяне ёсьцiка, нi бядуй. Нямчура прыпрэцца, каб iм то тога, то гэнага, дык гэтага дабра прывалакуць.

33
{"b":"103053","o":1}