Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Ага.

— От вiдзiш. Дык мне тутака залежыць, каб Паўлоўскi, гэты вораг i басяк, катораму некалi трэба будзiць шыю скруцiць, каб ён мяне лiчыў за нейкага нiважнага дурня, якi ня вiдзiць, дзе што робiцца й хто ў што пальцы мачаiць. Ён падумаiць, што я няшкодны. Проста гаворачы, iдзець пра тое, каб ён нi знаў мяне такога праўдзiвага, сур'ёзнага, як ты знаiш. Тады мне ён нiдзе нагi нi падставiць, а значыцца й даносу на мяне ня зробiць, дык можа будзе нешта рабiць. Кумекаеш?

— Усё гэта надзвычайна цiкава й я цяперака вiджу, што ты, за парадай Кастуся Падгайскага, добра робiш. Ты думаiш, што гэты самы ёлупень Паўлоўскi цябе нi прагледзiў?

Антось падумаў.

— Як табе сказаць? Я нi магу пабажыцца, цi прысягнуць… Думаю, што ён нi дагадваецца. Дурны ён ня ёсьцiка, але нiдаверлiвы, сукiн сын. Ну алi як мне быць? Каб от так раней ужо рот адкрыў, дык, — хто знаiць? — можа мяне ўжо зьбяёдалi-б… Таму я думаю, што тутака трэба час выйграць, ды можа, пакуль там якая трасца, i ў ласку да яго ўбiцца. Нiхай навiт думаiць, — i гэта я буду памалу яму ў вушы ўводзiць, — што я ў iх свой, што Палякам на руку… Кумекаеш?

Антось устаў, налажыў на вогнiшча сухога хворасту, якi ўмiг заняўся буйным полымем. Янук адсунуўся ад вогнiшча й пазiраў на прагавiтыя чырвоныя языкi, што сквапна ахоплiвалi новую пажыву. I ў ягоным уяўленьнi полымя пашырылася, узбуйнела, вырасла, шугала й ахоплiвала вялiкiя прасторы роднай зямлi, пагражала ўсеагульным зьнiшчэньнем. А блiзка яго й ягонай сям'i спынiўся, напагатове, каржакаваты забойца.

— Толька от што, Янук, — даляцеў да сьведамасьцi сухi голас зьверху, калi я, з патрэбы, завяду гэтае самае, якую дружбу з Паўлоўскiм, дык, сам знаеш, вясковыя языкi вярзiць пачнуць. Дык от тады не забывайся чаму я так рабiць буду. Калi што пра мяне пачуеш, нiчога нiкому нi расказвай. Язык за зубамi дзяржы. Кумекаеш? Ня выдай мяне. Добра?

— Добра, — адказаў Бахмач.

— Бо калi, нi дай, Божа, гэты басяк маю гульню спанатрыць, то мне капцы могуць быць. А нам-жа час трэба. Кумекаеш?

— Кумекаю, — адказаў Янук Антосевым словам.

Дзяцюк зiрнуў на юнака i ўсьмiхнуўся.

— Я табе саўсiм давяраю. Калi-б нi давяраў, дык нi пазваў-бы на Марылiн Горб i нi расказваў-бы сваiх тайнаў. Глядзi-ж, каб апраўдаў сябе, бо мы ў аднэй лодцы й мусiм адзiн аднаму пасобiць.

Антось разгарнуў прысак, перавярнуў бульбу, заўзята цягнуў носам.

— Ужо пачынае прыпякацца. Але-ж i люблю запах такi!

Гэты дзяцюк ня пераставаў зьдзiўляць юнака. Ажно нiякавата было. Той раскрыўся перад iм, як перад нiкiм iншым зь вёскi. Што гэта значыла? Мусiць ён, сын гаротнiка Пракопа, не апошнiм нулём быў. Халерная думка. Гэтта вось пад бокам, начупыраны, быццам iндык, ахарашваўся-зьвярэў у Гацях забойца ягонае маткi, зь якiм ужо некалi пастанавiў некалi рахункi зьвесьцi. Дзiва, што Антось яго выбраў, утаямнiчыў у свае сьцежкi-дарожкi, руку падаў. Калi так, што-ж у яго глыбей у думках гнязьдзiлася?

— Антось, — пачаў нясьмела.

— Га? — адвярнуўся той.

— Дык ты можа да канца чаго нi даказаў, знаеш? Я цяпер ведаю ўжо пра гэтага дзiравага шляхцiца. Дзякую, што вытлумачыў. Ну але другое: Што рабiць з гэтым Бжончкам, што ты думаеш?

— Забiць.

Януку дыханьне заняло. Вось перад вогнiшчам, зь неразлучнай бярозавай палкай, порачы смаляк, стаяў бездапаможны, здавалася, вясковы дзяцюк. А ў Гацях, абкружаны сваймi галаварэзамi, запусьцiўшы сецi на ўлоў мясцовых «камунiстаў», валадарыў Бжончак-Бронхэр. У таго ў руках мясцовая ўлада, а ў гэтага — бярозавая палка. А на вуснах прыгавор — забiць! Сьветкамi касалапыя хвоi й стройныя бярозы. I Бахмач Янук.

— Як? — спытаўся юнак.

— Проста. Надта проста. Вiдзiш Янук, ты малакасос яшчо, многа чаго нi знаiш. А тутака нiма нiчога такога надта скамплiкаванага. Трэба табе ведаць, што кажны чалавек маiць свае слабасьцi й гэны брыда таксама маiць свае. Трэба iх толька нам знаць. I я пастараюся даведацца. Перш за ўсё трэба ведаць дзе фольксдойч Бронхэр гуляiць, як i колькi п'ець. Я пра яго многа чуў. Таксама ведаю, што ён iз гэтай курвай Марыськай Закшэўскай… Чуў, што гэныя «хлопакi» ягоныя з палiцыi ох якiя ахвотнiкi пагуляць. А калi так, дык недзе-ж яны гуляюць. I вось, знайшоўшы ўтоптаныя iмi сьцежкi, трэба падпiльнаваць. А тады… Адзiн момант, адзiн удар нажа, каб цiха, каб ня чуваць было, от так, здалёку.

Антосева рука маланкава выхапiла з-за пазухi нешта прадаўгаватае i зьзяючае, i ня ўсьпеў Янук навет разгледзiць, што робiцца, як нож крывуляй сьвiснуўшы ў паветры, крокаў пятнаццаць воддаль уеўся ў камель бярозы. Антось падыйшоў да дрэва, выцягнуў нож, выцер зьзяючае лязо, ды зь любоўю, здавалася, паглядаў на яго й падаў Януку.

— На, паглядзi. Цяпер кумекаiш?

Янук трымаў i ўважна абглядаў паляўнiчы нож з прыгожымi касьцянымi чыранкамi.

— Пекны нож. Знаеш, я некалi такi ў Лазоўскага вiдзiў. Ягоны?

Антось не адказаў на пытаньне.

— Спрабуй, пацэль так у дрэва, як я, — запрапанаваў дзяцюк.

Янук паглядзеў на забойчую прыладу, памяркаваў, зiрнуў на Антося, нацэлiўся i зь вялiкiм размахам кiнуў нож у бярозу. Нож крутнуўся ў палёце, збочыў, бразнуўся аб камель i ўпаў.

— Нi так лёгка, як здаецца, га? — суха ўсьмiхнуўся Дзяркач. Ён узяў прыладу зь Януковай рукi й пакуль юнак азiрнуўся, яна дакладна, як раней, сьвiснуўшы ёмка ў паветры, уелася ў камель дрэва.

— Каб табе гусак на нагу наступiў! Як ты гэта робiш спрытна! — крыкнуў з захапленьнем Янук. — Навучы мяне.

— Яно нi так проста, як выглядаiць. Трэба перш ацанiць адлегласьць, а як кiдаеш нож дык знаць яго цэнтар вагi; от кiдаеш ручкай i мусiць перакруцiцца, каб упiўся ў дрэва носам. Кумекаеш? Алi гэта найболi практыкi трэба. Мусiш ужо мець так руку набiтую, каб яна сама, як кажацца, пранюхала… вока глянула, ацанiла, а рука ўжо й знаiць як… от. Практыка вялiкая трэба.

— А ты доўга кiдаў, пакуль навучыўся?

— Эх, гадамi. I многа залежыць яшчо, што кiдаеш. От гэты нож я па вазе выбраў, якраз на маю руку. Знаеш, ты пэўня чуў, што Цыганы, Гiшпанцы й паўднёвыя народы, як Iтальянцы, яны ў гэтай штуцы вялiкiя майстры, добрыя, прыгодныя для кiданьня, паляўнiчыя нажы маюць.

— А ў цябе яшчо болi такiх нажоў ёсьцiка?

— Казаў табе: як многа будзеш ведаць то скора састарэешся.

Янук зморшчыўся.

— Ну ня крыўдуй на мяне, — усьмiхнуўся Антось, — што я пажартаваў. Пэўне-ж у мяне ёсьць яшчо… Калi-небудзь пакажу, калi цябе зiкавяць.

Запахла печанай бульбай. Антось разгарнуў прысак, выхапiў бульбiну, памацаў яе, абцёр попел, разламаў.

— Вяры, гатовая.

Янук узяў бульбiну, пачаў хукаць на яе, абiраць ды сеў на чурбан дрэва.

— От каб яшчо шчыпцi солi да гэтага.

— А во, на, — выняў Антось зь кiшэнi закручаную ў шматцы соль. — Бяры на руку.

Воддаль, на нязусiм яшчэ добра ўмерзлых, сьнегам прыцярушаных купiнах ля кустоў лазьняку нешта заварушылася. Янук спасьцярог яго першы. Гэта быў высокi, з шырокай, разьлеглай, сукаватай каронай лось. Ён спакойна разглядаўся.

— Глянь, Антось, тамака, пад той стажок!

— Iш ты яго! — захапiўся Дзяркач. — Даўна-ж я такога ня вiдзiў. От каб добрую дубальтовачку ў рукi!

— I ты забiў-бы яго?

— А чаму-ж не?

— Шкада. Я такога першы раз на свае вочы вiджу. Раней толькi ў падручнiку прыроды з прыроды спатыкаў, - зьдзiўляўся Янук.

Разгледзеўшыся ды, мусiць, наважыўшы, што небясьпекi зьнiкуль няма, лось паволi наблiзiўся да стага й пачаў скубсьцi сена.

— Калi нi я дык нехта другi заб'ець. Цяперака, вайной, знаеш…

Антось устаў, улажыў у рот пальцы й моцна сьвiснуў. Лось падняў галаву, зiрнуў у гэты бок i, не марудзячы, накiраваўся ў гушчар.

32
{"b":"103053","o":1}