Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Устаў. Спасьцярогшы ў Януковым твары перамену, дзяўчына чакала, маўклiва пазiраючы на яго. Янук узяў Дуню за руку, перайшлi рэчку, дзе хлапец забраў сiратлiвы мiж зеленi кужэльны мяшочак з соляй. I доўга маўчалi падарозе дамоў.

12

У лянiвы, сонечны васеньнi дзень, адзiн з тых, пра якiя адвечна з натхненьнем сьпяваюць паэты, станцыя Гацi пульсавала буйным, гулкiм жыцьцём. Цягнiкi з ваеннымi матар'яламi й жаўнерамi сьпяшылi на ўсход, дзесьцi на той пераможны, як гарлапанiла радыё, фронт пад Масквою. А ля чыгуначнага пад'езду, дзе ад бамбардаваньня цэлым i непашкоджаным захаваўся стары склад, завозна было ад сялянскiх вазоў. Там, — гэта бачыў Янук, — звозiлi людзi па загаду новых гаспадароў збожжа. Падаткi… Лягчэйшыя, значыцца колькасна куды меншыя, чымся падчас панаваньня таго ўсходняга маскоўскага «вызвольнiка». I збожжа, мабыць, ссыпалася ў вагоны й ехала на захад.

З будынку школы шнурам высыпалi дзецi i юнакi. Янук паволi йшоў побач свайго двуроднага брата Ўладзiмера й шкадаваў, што няма побач Дунi. I мяркаваў, якой-бы гэта тэмай раскатурхаць гэтага маўклiвага юнака.

— А ты-ж казаў мне некалi, што дзесяцiгодку скончыў? — пачаў Бахмач.

— Ты ўсяму верыш? Я хлусiў…

— Дык колькi ты клясаў там скончыў?

— Угадай.

— Ну ты-ж запiсаўся ў шосты. Дык як гэта разумець?

— Няма чаго рабiць…

Янук зiрнуў на Ўладзiмера й зьбянтэжыўся. Юнак жыў з маткай у тым самым доме, дзе iх некалi наведалi Бахмачы. Мацi ўладзiлася на працу ў кухнi пры вакзале й здавалася, што будучыню мела забясьпечаную, прынамся на блiжэйшую адлегласьць.

Калi Антось Дзяркач наказаў Януку ад Падгайскага, што пачнецца ў Гацях навука, юнак параiўся з бацькам i зь ягонага дазволу пайшоў пацiкавiцца «бiларускай» школай.

Пагалоскi пра беларускае школьнiцтва кружылi даўно. Пацьвердзiлi iх першыя беларускiя ластаўкi — газэты зь Менску. Стараньнямi агранома Падгайскага траплялi ў Гацi менскiя й вiленскiя беларускiя газэты. Дастава тымчасам, кульгала, пошта яшчэ не наладзiлася й газэты развозiлi беларускiя патрыёты саматугам. А з тых газэтаў можна было сёе-тое вымяркаваць пра намеры акупанта.

— Падгайскi казаў, каб ты ў школу йшоў. Нам свае ўчоныя людзi назарэз трэба, — навучаў Янука Дзяркач, перадаючы вестку пра пачатак школьных заняткаў.

— Гэта Падгайскi казаў, што свае ўчоныя людзi трэба?

— Няўжо-ж… А ты думаеш, ня трэба?

— Ну, ну, чаму-ж не…

— Дык што, пойдзiш?

— Нi знаю. З бацькам параюся.

— Думаiш, ня пусьцiць?

— Чаму-ж… Самадумам нi пайду.

Гэткiя Антосевы пытаньнi Янук лiчыў нармальнымi пасьля зблiжэньня зь iм i асаблiва тэй расправы iз Шпунтам у лясьнiчоўцы. Забегся да Дунi, каб перадаць навiну й падахвоцiць яе прадаўжаць навуку. Дзяўчыны ня было дома, цi не пабегла да Клавы, а бурклiвая мацi збыла яго паўсловам.

Вайна аддалялася на ўсход, а ўладу на занятых землях брала ў свае рукi цывiльная адмiнiстрацыяш. Як выбралася адтуль войска, апусьцеў на некаторы час i школьны будынак сямiгодкi. Але ненадоўга. Занялi яго чыгуначнiкi й працаўнiкi Тодт'а.

Галоўна дзякуючы Кастусю Падгайскаму, на войта Немцы згадзiлiся вызначыць руплiвага й разважнага Беларуса Адама Бабра. Як адным з найважнейшых i неадкладных заданьняў, новы войт зацiкавiўся асьветай. Зьвязаўся зь мясцовым беларускiм актывам, нямецкiмi ўладамi, а пасьля i зь беларускай управай раёну, дзе школьным iнспэктарам назначаны быў стары й здольны настаўнiк Барыс Воран, якi неўзабаве падтрымаў Бабра й памог адкрыць у Гацях сямiгодку. Праўда, галоўнай прычынай адвалокi былi нямецкiя чыгуначнiкi, што яшчэ ў школьным будынку гаспадарылi. Хутка й спраўна вырасьлi пры чыгунцы баракi й неўзабаве туды перабралiся Немцы. Нарэшце будынак школьны ў беларускiх руках апынуўся. Ды ён патрабаваў немалога рамонту. Каго просьбамi, а каго навет i пагрозамi, войт Бабёр мабiлiзаваў даволi мясцовых людзей i неўзабаве клясныя пакоi засьвяцiлi сьвежай вапнай, а школа зазьзяла чысьцiнёй.

Не хапала належных падручнiкаў, паперы, алавiкоў, чарнiла. На скорую руку не падбярэш квалiфiкаваных беларускiх настаўнiкаў з тых, што былi ўзгадаваныя акупантамi й асталiся на месцы. Як на дзiва, астаўся калiшнi дырэктар Якаўлеў, якi меў i адпаведныя квалiфiкацыi й надзвычайна ведаў беларускую мову. Быў беспартыйным пры бальшавiкох i спадзяваўся, што Немцы, якiя тымчасам сур'ёзна не зацiкавiлiся яго мiнулым, апрабуюць яго на дырэктарскую пазыцыю. Тымчасам Беларусы пакiнулi яго дырэктарам.

«Свае ўчоныя людзi трэба».

Словы гэтыя глыбака ў Януковай памяцi заселi. Так. Сумлеву быць не магло. Без сваiх вучоных нiчога не здабудзецца, не наладзiцца, адно чужнiк будзе верхом на табе ехаць…

Нейкае дзiўнае адчуваньне. Навокал гучэлi галасы, якiя даўно пачуць хацелася й прыйшлi зьмены, пра якiя некалi марылася… «Беларусы, вас чакае зямля!»… «Уцякла жыда-бальшавiцкая хэўра й больш ня вернецца»… Цi-ж тут дзе хвальшывая нотка? Як гэта чуецца чалавек чадам цi iншай трасцай адурманены, якому паволi, паступова, тымчасам хаатычна праясьняецца ў галаве?

Гiсторыя Беларусi… Такi прадмет у галаве ня месьцiўся. Гэта ня тое, што, прыкладна, гiсторыя Польшчы цi Расеi. То былi вялiкiя i, як iх польскiя й расейскiя цiвуны выхвалялi, моцныя гаспадарствы. Але госторыя Беларусi? Калi яна, тая Беларусь, была? Курам, вiдавочна, такi прадмет на сьмех, выдумка нейкая нiкчэмная… Ну вядома, народ-жа жыў-быў, а значыцца…

Так разважаючы, Янук сябе ў тупiк загнаў. Цi-ж не апавядаў некалi стары дзед Якуб пра вялiкае паўстаньне Кастуся Калiоўскага, цi-ж ня сам ён, Янук, некалi магiлу паўстанцаў у Гаравацкай пушчы адкрыў? А калi народ жыў i за свае правы змагаўся, дык цi ня меў ён дзяржавы сваей? Янук прыгадаў, як некаторыя вучнi, пачуўшы пра прадмет гiсторыi Беларусi, спантанiчна разрагаталiся. Былi гэта ня нейкiя там мясцовыя «пшэкi» цi панкi, што адважылiся парог школы пераступiць, хоць напалоханымi зайцамi трымалiся. Рагаталi свае, дзецi пакрыўджанага народу сялянскага.

Нясумяшчальнасьць двух паняцьцёў — Беларусь i гiсторыя яе, як прадмет школьнае праграмы. Пра такое ня толькi ня думалася, але й iснаваньне такога школьнага прадмету не падазравалася. Чужнiкi быццам таўкачы ў ступе, заўсёды адно таўклi: вы — пагной для тых, што над вамi пануюць, вы — хамы да нiчога няздатныя, адно цяглавая сiла. Так з аднаго боку. А зь iншага цябе заўсёды вызвалялi, каб ты, — калгасная нiкчэмнасьць, або падаткамi й «культналогамi» аднаасобнiк прыгнечаны, — гадаваў, вырошчываў i цягнуў… Мяса — дзяржаве, малако — дзяржаве, яйкi — дзяржаве. Сабе — фiга! На полiўцы праз «шчасьлiвае жыцьцё» лындай. Палiтручая заедзь на «мiцiнгах» бясконцымi гутаркамi марыла, падганяла, заўсёды тое «вызваленьне», каб яно спарахнела, прыгадвала.

А гэтта во «вас чакае зямля», школы свае ў беларускай мове. Сяляне аднагалосна прывiталi вестку пра лiквiдацыю калгасаў. Ды тымчасам гэта адно пачаткi, а далей вiдаць будзе. Няўжо-ж i тут за прынадай бiзун? А мо й горш? Сяляне ўздыхнулi з палёгкай, падаткi куды меншыя…

Усё-ж, хто мог падазраваць, што iснуе гiсторыя Беларусi?

Сьмех…

Нясумяшчальнасьць!

Гiсторыя i Беларусь!

Згадвалiся першыя мамэнты асьведамленьня. Як яны казыталi, лашчылi, паднечвалi сэрца! Гэта ўжо на наступных лекцыях прыйшло. А пачатная лекцыя быццам цябе абухом па галаве!

Апынуўся Янук у тым самым пакоi, дзе некалi падобны на сьвятара бальшавiк паходжаньне чалавека «от обезьяны» тлумачыў. За вакном добра знаёмая двухшляховая чыгунка, па якой некалi «доблiсная» ваеннае знарадзьдзе бесьперапынна на захад перакiдвала. Цяпер цягнiк iзь iншым ваенным знарадзьдзем, куды магутнейшым, сьпяшылi недзе пад Маскву. Воддаль, на машце, перад будынкам нямецкае палiцыi вецер то выпростваў, то скручваў сьцяг iз павуком-свастыкай. А на франтавой сьцяне кляснага пакою, над пагоняй, з рамак партрэту глядзеў чалавек з чорнымi вусiкамi пад носам, у шапцы з даўгiм, нiзка на лоб насунутым казырком i ў такiм-жа рудым мундзiры, як насiлi некаторыя нямецкiя ўраднiкi. Адно пазьней даведаўся Бахмач, што ня ўсе Немцы, а адно сябры Нацыянал Сацыялiстычнай Нямецкай Рабочай Партыi такiя мундзiры насiць мелi права.

22
{"b":"103053","o":1}