Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Ну вось так i навучацца, — заўважыў Янук.

— Чаго навучацца?

— Паськiдаюць мяшкi з вазоў, каб лягчэй было, узьедуць на гару, а тады мяшкi паднясуць i зноў наладуюць. Так усiм лягчэй будзiць.

Загад, чуваць было, пайшоў па ўсiм вужы нязвычайнага абозу, бо зь iншых калясак мяхi пачалi ськiдаць.

— Пойдзем! — спанукала Дуня. — Даволi нагледзiлiся.

Iшлi воддаль ад дарогi мiж кустоў, каб далей ад вока няпрыяцеля, каб, баранi Божа, азьвярэлым чужынцам у рукi ня трапiць. Доўга стаяў яшчэ збоку вэрхал. Рэдка перакiдваючыся словамi, думаючы пра толькi што пабачанае, прайшлi немалую адлегласьць. Невялiкi лес абступiў рэчку, што пятляла мiж пяшчаных берагоў. Зьвярнулi ў лес. Гэтта зусiм iншы сьвет, быццам i ня было таго жахлiвага на дарозе пад узгоркам. Паглынулi iх трэлi птушыныя, цiхi шум-гамана дрэваў i расьлiнаў, што летам i сонцам цешылiся.

— Ты адчуваеш, як парыць? Можа што нацягнiць, — сказаў Янук.

Дуня маўчала. Яна падняла падол шаўковай сукенкi аж за каленi й пабегла на сярэдзiну вады. Рэчка гэта плыла зусiм паволi й дзяўчына боўтала ваду нагамi, падымаючы то адну то другую, круцiлася, усьмiхалася, прыглядалася спакойнай тонi. Яна нахiлiлася, распусьцiла валосы, прыглядалася сабе ў вадзе, быццам у люстры. Янук забыўся ўжо пра Iцку, бiцьцё сялянаў ды вэрхал Немцаў, ён уважна сачыў дзяўчыну.

Далiбог, русалка! Кажуць, што ёсьць такое дзiўнае стварэньне з рыбiным хвастом, гiбкiм дзявочым станам, даўгiмi, пышнымi валосамi, чароўным тварам. Можа гэта адно для дзяцей казкi… А ягоная, Янукова, русалка во тут, перад iм, у вадзе. Зiрнiце, людцы мае, зь якой грацыяй, спрытам ахарашваецца, любуецца яна, сама ў сябе ў спакойным водным люстры ўзiраецца. I шкадаваў хлапец, што маляром-мастаком ня быў. Пастараўся-б, абавязкова намагаўся гэту iстоту на палатно перадаць, назаўсёды ўвекавечыць яе ў поўнай гранi колераў. Няхай-бы побач iтальянскiх мадонаў яе паставiлi. А чым яна за тыя мадоны горшая? I падпiсаў-бы так: «Мая русалка Дуня». Не. Мусiць накш: «Вясковая русалка». Во так. Гэтак абавязкова было-б лепш. Няхай-бы адгадвалi, чаму «вясковая» i чаму «русалка». А якая каму да гэнага справа? Ён, Янук, мастак i ён яе так бачыць. Чуў-жа пра тое, што розныя мастакi бачаць аб'екты па рознаму.

Ды не, чакайце. Мастак Янук Бахмач дарабiў-бы да гэтай «вясковай русалкi» вялiкi й гнуткi рыбiн хвост. Такi iз двумя пругкiмi плыўкамi з бакоў. Пакiнуў-бы бадай так, як ёсьць, верхнюю часьць фiгуры ад каленяў аж да кончыкаў доўгiх валосаў. Але чакайце, людцы добрыя, тут ня ўсё ў парадку…

Януку давялося некалi iлюстрацыi русалак у кнiжках бачыць. Хвост, вядома, як кажны рыбiн хвост. Але-ж рэшту гэтага цудоўнага стварэньня нiколi ў шаўковую сукенку, здаецца, нiякi мастак не апранаў. Дык як быць? Пачаў тады ўважней дзяўчыне прыглядацца. Грудзi зусiм няцяжка ўявiць было. Некалi-ж навет прыпадкова тыя пупышкi бачыў, а цяпер яны празь мяккi, пэўне-ж яшчэ ў панскiм палацы камбедам зрабаваны шоўк зусiм выразнымi абрысамi ўвыдатнялiся. А што-ж далей, калi ўяўляць i вандраваць зьверху ўнiз? У меру плённага падарожжа Януковага ўяўленьня чырваньню загарэўся ягоны твар. Фантазii нядрэнна памагаў сам аб'ект юнаковага зацiкаўленьня, што падкасаўшы вышэй каленяў прыгожую сукенку бэрсаўся ў рэчцы. Фактычна для ўяўленьня пакiнула дзяўчына зусiм нiкчэмны кавалак тэрыторыi, дый там пырсканьнем абмочаная сукенка шчыльна лашчыла гiбкае цела. I хто ведае як далёка забрыў-бы ў сваiх мастацкiх вандроўках Бахмач, калi-б «вясковая русалка», зачэрпнуўшы з рэчкi паўнюткiя прыгоршчы вады, ня плюхнула яму ў твар. За вадой палiўся раптоўны звонкi рогат.

Хлапца, што быццам прачнуўся ад чароўнага сну, салодкiх мастацкiх падарожжаў, сустрэла ўцелаўленьне «вясковае русалкi»: скакуха-рагатуха. залiваючыся гулкiм сьмехам, набiрала зноў у прыгоршчы вады ды, добра прыцэлiўшыся, яшчэ раз плёхнула ў налiты румянцам Янукоў твар.

— Ах ты, жаба, я-ж табе пакажу!

Забыўшыся пра той скарб солi ў торбачцы, Янук раптоўна скочыў у рэчку. Макатунiшка, як сарна, шмыгнула ў зарасьнiкi на процiлеглым баку, суправодзячы свае ўцёкi гулкiм сьмехам i пiскам. «Жабу» нялёгка было знайсьцi, а яшчэ цяжэй злавiць. Ведаў Янук ейную паваротлiвасьць i вынаходлiвасьць. Дзiва няма, што неўзабаве дзяўчыну страцiў. Спынiўся, заклапочана калупаў у носе, прыслухоўваўся дрыжэньню й дыханьню лесу, вакол сябе разглядаўся. Мяркаваў, што неўзабаве, як тыгрыца, скоча на яго «вясковая русалка», пазводзiць, прынадзiць, каб яму, чырвонаму ад сораму й нязручнасьцi, яшчэ больш запякло i ў сэрцы заскрабло.

Ззаду дзьве рукi аблапiлi шыю i ў той-жа момант войстры штуршок падбiў правае калена, а ўжо ў наступную часiну хлапец ляжаў на траве. Рагатлiвы голас, iз гарачым дыханьнем ля правага вуха, зьдзекваўся: — Ага, даганяў i даганяў, аж пакуль я цябе злавiла! Ха-ха-ха! Я-ж табе цяпер пакажу!

Ашчаперыўшы яго ззаду, яна прыцiснула хлапца да густое гэтта й мяккае, як шоўк, травы. Адылi тое нядоўга трывала. Спрыт — адно, а сiла — iншае. Янук лёгка разлучыў Дунiны рукi, ашчаперыў яе i неўзабаве дзяўчына пад iм апынулася.

— Даруй, мiленькi, да душы, ня буду! — сьвяцiлiся шчырасьцю гарэзьлiвыя вочкi. — Я нi такая благая, як ты думаеш. Ня буду, Янучок, выбачай!

Такая непасрэднасьць бянтэжыла. Юнак мала разумеў дзявочыя шыканы. Дый Дуня, якая-ж там зь яе дзеўка? Падлётак. Дык што гэта? Гарэзьлiвасьць цi шчырасьць? Мусiць юрлiвасьць, пра якую нiколi ня думалася, замiнала думаць. Дый дзе там рацыянальна думаць будзеш, калi побач такая прынада-спакуса ляжыць: запрашальна прыадчыненыя вусенкi, жыўчыкi аганькi ў вачанятах танцуцюць.

Янук няўклюдна агарнуў рукой дзявочы стан ды прагавiта прылёг да сакавiтых вуснаў. Дунiн роцiк разьмяк, гарэньнем i пажаданьнем суцэльна зь ягоным зьлiўся. У лесе спынiлася, замерла ўсё жыцьцё. I м, маладым, у цалунку злучаным, прыглядалася й зайздросьцiла, мабыць, уся прырода.

Паскорылi тэмпа малаточкi ў скронях, аслаблi каленi. Салодыч цягнула, паглынала, у вiр ненасытнасьцi валачыла. «Вясковая русалка» пружынiлася, вiлася ля яго й вакол яго, зручна выштурхнулася спад юнака i ўжо наверсе была, выцягваючы зь яго, здавалася, рэшткi энэргii. Нейкiм чынам рука Янукова завандравала ў тое месца, дзе, згодна ранейшага Януковага ўяўленьня, гнуткi русалчын хвост з рэальнай Дуняй меў злучацца. I тады, калi прагавiта й ненасытна, ледзь не да страты прытомнасьцi ўпiваўся Янук у Дунiны вусны, калi забракла паветра, дзяўчына зручна адштурхнула яго, адскочыла i ўжо стаяла на нагах.

Зачырванелы, Янук ляжаў плячмi на траве. Ня сьцiхалi малаточкi ў скронях i яшчэ трымала млявасьць ля каленяў. Спачатку без развагаi, ледзь ня кiнуўся за дзяўчынай, але стрымаўся. Дарма. Яе не дагонiш.

Там высака, над верхавiнамi бярозаў i хвояў зацягвала хмарамi неба. Парыла. Пахла мятай i аерам. Над Глыбокiм, суправоджаныя раскацiстым громам, мiльгалi маланкi. Тут, зусiм над iм, расставiўшы ногi, у поўнай сваей пышнасьцi стаяла Дуня. Прыскорана варушылiся пад мяккiм шоўкам грудзi, чырваньню налiўся твар i не пачалi яшчэ стынуць цалункам разагрэтыя пунсовыя прыадчыненыя вусны. Як нiколi ў жыцьцi, уважна ўглядаўся ў яе Янук, проста ўпiваў у памяць самыя нязначныя драбнiцы. Прыкладна гэна пасма валосаў, што наўскасяк апусьцiлася пераз левае вока. Яно, — зiрнеце самi, — дадае «васковай русалцы» нейкай прынаднасьцi, заманьвае вас, спакушае.

Калi-б ведаў Янук якiх прыгажуняў з палотнаў сусьветных цi хаця-б i сваiх мастакоў, пэўне-ж знайшоў-бы нейкае, адпаведнае Дунi, параўнаньне. Яна такая блiзкая й зусiм недасяжная. Рэальнасьць i ўява. Дурман юрлiвасьцi адходзiў, думкi ясьнелi. Верх брала злосьць.

— Чаго зводзiш? — шорсткiм голасам спытаў хлапец.

Дзяўчына цiха ўсьмiхалася. Быццам пышны матыль на цудоўнай кветцы. Насалоджвайся зрокам, але не чапай. Выцягнеш руку — пырхне й зьнiкне.

— Пытаюся, чаму зводзiш?

— Янучок, я-ж цябе люблю… Цi ты нi знаў?

Самае горшае, — магчымасьць зусiм ня выключаная, — што Дуня зь яго кепiкi строiць. Зашчымела сэрца. Як праверыш, цi яна жартавала цi запраўды яго любiла? I ня мог далей пазiраць у васiльковыя вочы. Ня было сумлеву, што моцна яе кахаў.

21
{"b":"103053","o":1}