Литмир - Электронная Библиотека
A
A

На зялёным даху яе распоўзься аграмадны бiзантыйскi купал, якi абступiлi чатыры вежы. Ззаду да сьвятынi прытулiўся вялiзны, з чырвоным дахам, будынак калiшняга кляштару. Насупраць царквы, перазь немалы пляц i вулiцу зухавата чапурыўся дзьвюмя барокавымi франтавымi вежамi рыма-каталiцкi парафiяльны касьцёл. Ракой Бярэзьвiцай, што прабягала пад мостам на Вiленскай вулiцы, гэтта-ж побач старога й бязьдзейнага вадзянога млыну, возера Глыбокае спалучалася з возерам Беразьвецкiм. На паўночным канцы апошняга вiдаць быў сiлуэт калiшняга Базыльянскага касьцёлу й кляштару. Палякi трымалi тут гарнiзон кавалерыi, а бальшавiкi замянiлi яго ў вязьнiцу, у якой закатавалi шмат выдатных мясцовых людзей.

Направа ад праваслаўнае царквы зелянеў стары гарадзкi сад, а за iм могiльнiк. Шнуром старых бярозаў бег гэтта гасьцiнец на Лужкi й Дзiсну. За царквой i парафiяльным касьцёлам, у паўночна-ўсходнiм куце стоўпiлiся двухi трохпавярховыя будынкi. Два зь iх калiсь памяшчалi пачатковую й тэхнiчную школы. Стаялi побач бальшака, што бег на Азерцы й Мамаi.

У прадаўгаватае Беразьвецкае возера з аднаго боку ўглядалася сьвятыня з кляштарам, а заходняга — сасьняк на пяскох. Вялiзная i крыклiвая хмара груганоў i варон нiколi ня сьцiхала над жыдоўскiм могiльнiкам побач конскага рынку, якi атрымаў мазву ад таго, што калiсь на iм пераважна коньмi гандлявалi. Галоўны-ж рынак ляжаў на скрыжаваньнi вулiцаў Вiленскай i Докшыцкай, у цэнтры места. Сюды з паўдня дабягаў i гасьцiнец, ля якога сядзелi цяпер нашыя юнакi. Паўдзённы й захаднi бок гораду раськiнуўся на ўзвышшах. Гэтта пасялiлася бальшыня Жыдоў i вырасла калiсьцi вялiкая, як пуня, сынагога. У недалёкай будучынi паўстане тут i глыбоцкае «гетта», у якiм зброя й пажар вынiшчуць рэшту жыдоўскага насельнiцтва пад восень 1943 году.

Чыгунка з Гацяў дугой падбягала да гораду з паўдня. Цягнiкi спынялiся на станцыi паблiзу шырокага Докшыцкага гасьцiнцу, дзе на белай вадакачцы вялiкiмi лiтарамi напiсалi назву гораду, а чыгунка бегла на захад, — на Варапаева, Паставы, Сьвянцяны й Вiльню.

Юнакi любавалiся панарамай места. Яго зелень, пярэстасьць будынкаў i аж тры сьвятынi, што ў абодвы возеры ўглядалiся, iдылiчным выглядам запярэчвалi iснаваньню якой-небудзь вайны. Праўда, кагадзе ў Бярэзьвiчах нос зарываў смурод ад трупаў замардаваных бальшавiкамi вязьняў, а цяпер нямецкая жандармэрыя СС, апора «новае Эўропы», разьмясьцiлася ў выгадным будынку побач Бярэзьвiцы на Вiленскай вулiцы. Зьявiлiся ўжо й жоўтыя мундзiры нямецкае цывiльнае ўлады, а польская разьведка, на службе свайго замежнага ўраду, ужо рабiла лiсты Беларусаў, якiх пасьля зьнiшчала нямецкiмi рукламi як «камунiстых».

— Пекны горад! Не? — сказала Дуня.

Янук задумаўся. Калi глядзiш на яго здалёку, дык iз сваей велiчнай панарамай горад дзiва якi прыгожы. Ды ў памяцi трываў iншы цобраз: ля вэрхару крамаў iз прынаднымi таварамi аж кiшэла ад бедных дзетак, вулiцы й завулкi сьмярдзелi адсутнасьцю адходнае сыстэмы, а зялёнае й прыгожае здалёку возера поўнiлася гусiным i iншым калам, сьцёкамi ды iншым хламам. Рыбак з вудачкай (былi й такiя-ж, — зьлiтуйся, Божа! — рыбакi) мог прасядзець цi адну пару й нiчога ня клюнула. А дзядзька Захарук iзь сьлязьмi ў вачох апавядаў як бальшавiцкая брыдота ў бярэзьвiцкiм манастыры-вязьнiцы нарабiла. I прыгадваў Янук, на яго думку, найбольш велiчную аграмадзiну праваслаўную царкву. У сярэдзiне надта-ж прасторнага, наводля рэпы, купалу пырхалi «сьвятыя птушкi». Юнак iх на свае вочы бачыў. Такiя самыя, як на iконах Хрышчэньня намаляваныя, ды пра якiх у дзень Вадохрышча сьпявалася:

I дух вiдзе галубiне…

Дух гэны, як у сьвятым Эвангельлi сказана, у выглядзе галуба на Хрыста зыходзiў. А гэтыя-ж галубы, што гаспадараць усярэдзiне вялiкага царкоўнага купалу, улезьлi туды, пэўне-ж, праз пабiтыя вокны, якiх зьнiзу не разгледзiш, завысака. А што яны — зусiм ня дух, на гэта доказы ёсьць. Стаiш у царкве, Богу молiшся, а тут раптам плёх на галаву. Памяркуйце самi

Ад «сьвятых птушак» да Жыда Iцкi зь ягонай Хайкай, цi як яе…

— Ой, ня будзiць дабра, Януцок, ня будзiць! — лямантаваў Iцка й жывёльны страх у вачох ягоных загнязьдзiўся. — Насы ў Польсцы пазганялi ў «гетта», б'юць i страляюць! Ой, нi цакаць i нам дабра!

— «Бедныя людзi, шкада iх! — думаў Янук. — I няўжо Немiц гэты такi зьвер?»

Маўчала побач Дуня. Вышчабяталася. Спасьцерагла, што Янук пiльна да яе прыглядаецца. Усьмiхнулася. Не хацелася з гэтага месца йсьцi. Здавалася юнаку, што сядзеў-бы так зь любай дзяўчынай, цешыўся-б цудоўным вiдам гораду й няхай-бы забаўляўся валосамi лёгкi вецярок.

Ззаду, з-за плячэй, адтуль, дзе гасьцiнец усьпiнаўся на пяшчаны ўзгорак, даляцелi дзiкiя крыкi, скрып калёсаў i адзiнотны стрэл. Янук i Дуня ўмiг скочылi й пабеглi ў гэны бок. Трымалiся воддаль ад бальшака. пад прыкрыцьцём кустоў. Перад iмi на даўгiм, прынамся на кiлямэтр, гасьцiнцы, убачылi вуж вазоў-аднаконак, наладаваных шэрымi мяхамi. I гэны вуж, як адразу было вiдаць, завяз у сыпкiм, дробным пяску. Гэты адрэзак дарогi добра, аж занадта добра, ведалi вакольныя сяляне й старалiся, калi зь цяжкiмi вазамi, аб'яжджаць яго докшыцкiм гасьцiнцам.

Новы ўладар, вядома, мог пра гэта ня ведаць, або й перасьцярогаў на ўвагу ня браць. Зь сялянскiмi сьвiткамi ўперамешку варушылiся ля вазоў нямецкiя мундзiры. Некалькi чалавек, натужыўшы як мага мускулы, учапiлiся за сьпiцы калёсаў, намагалiся пхнуць пярэднi воз. Адзiн лейцамi спанукаў i пугай лупцаваў у аглоблях сiвога каня.

— Ноооо! Каб цябе воўк, нооо! — крычаў заядла селянiн.

Калi сяляне, чалавек шэсьць, старалiся зварушыць пераладаваную каляску, Немцы iм не памагалi. Адзiн прыкладам стрэльбы бiў у плечы, па галовах, дзе трапiў, а iншы, запенiўшыся, лаяўся на ўсю глотку. Ён стрэлiў уверх, мусiць таму, каб страхам спанукаць i каня i сялянаў да большага намаганьня. Але колы аж па восi ўвязьлi ў пясок i ясна было, што ня выбрацца адтуль калясцы з такiм цяжкiм ладункам.

Юнакi сьцiшылi дыханьне, прыселi за кустом. Дзiўным быў можа ня сам факт, што Немцы сялянаў бiлi, але чыста прымiтыўна-дзiкi спосаб бiцьця. Стрэльба ў руках Немца, як качарга, то прыкладам, то руляй таўкла па сялянскай мякацi, па касьцях. Падобна селянiн на таку снапы цэпам малацiў некалi. Чалавек, стукнуты моцна ззаду, пахiснуўся, упаў. Немец падскочыў да ляжачага i з усяго размаху ботам яго ў твар ударыў. Закрываўлены, iз глухiм енкам, селянiн схапiўся за галаву, адкацiўся набок.

— Фэрфлюктэ, мэнш! Шнэль, шнэль! — дзёрлася запененая глотка.

Ля ўсiх вазоў варушылiся, натужвалiся змучаныя людзi.

— Глянь, глянь! — усклiкнуў з абурэньнем у голасе Янук. — Гэтыя-ж нячысьцiкi, каб iх зямля нi насiла, нашых людзей б'юць! Каб на вас гром! Цi-ж вам нi вiдаць, што калёсы саўсiм у пяску захрасьлi, што ня выбрацца?

— А што яны тых мяхох вязуць? — пыталася дзяўчына.

— Як то што? Зярно, пэўня, от што.

— Дык цяперака-ж, перад жнiвамi, людзi ў прогаладзь жывуць. Дзе яны маглi так многа зярна набраць?

— А дзе, ты думаеш, дзелася збожжа з маёнткаў, каторыя бальшавiкi саўхозамi парабiлi, га? От пэўня каторы маёнтак абчысьцiлi й вязуць, можа на млын, цi куды, — тлумачыў Янук. — Мяне толькi цiкавiць, чаму яны сваiмi грузавiкамi не вязуць, а мужыкоў пазганялi… I хто гэта вiдзiў каб на вазы так многа накладаць?

Прыглядалiся дарэмным натугам вужа хурманак узьлезьцi на ўзгорак. Вэрхал i бiцьцё прадаўжалася.

— А хто гэта казаў, што Немiц нi такi дзiкун, як Маскаль, што людзей так ня душыць! Паглядзi во, як нячыстая сiла, каб цябе зiмля нi насiла, як б'ець людзей, як быдла якое! Каб цябе, каб цябе! Што ты зь яго выб'еш, сукiн сын?! — злаваўся Янук.

— Лепi пойдзем, Янучок. Глядзi, нас яшчэ ўвiдзяць дык i нам пападзець.

— За што?

— Як то за што? Цi iм многа трэба? Возьмiць у прыпрэжку, а тамака разьбiрайся.

— Чорт яго, гэтага Немца, знаiць. Можа праўду кажаш…

Гулкi вэрхал, скрып вазоў, рыпеньне гужоў, хрып коней i цяжкое дыханьне людзей ня спынялiся. Нязвычайны вобраз прыкаваў юнакоў да зямлi. Стаялi, як заварожаныя. Напятыя да адказу мускулы, акрываўленыя й спацелыя твары, енк i стогн ад удараў, запененыя конi, — жах! Трэснуў гуж ад хамута й сiвы пярэднi конь, зрубцаваны пугай, увесь дрыжачы ад перапалоху, задам выступiў пераз аглоблю. Немцы ззаду падбеглi да пярэдняй хурманкi й пачалi нешта гергятаць. Сяляне, усё яшчэ ўпёршыся ў воз, звольнiлi натугi. Зноў пачулiся крыкi загадаў i некалькi мяшкоў з возу паляцела на дарогу. Рукi зьвязалi парваны гуж.

20
{"b":"103053","o":1}