Литмир - Электронная Библиотека
A
A

I цiкава, што думкi Дунiны, — як выразна прыгадвала пасьля, — замiж таго, каб канцэнтравацца на вялiкай небясьпецы, спанукалi яе ў зусiм iншы бок, да свайго каханага, што недзе, калi ён жывы яшчэ, сядзеў у нейкiм катушку страшнай вязьнiцы. Прыгадала, як нядаўна наведала сям'ю Бахмача. Янукоў бацька й кульгавы Мiкола сустрэлi яе ветлiва, запрасiлi сесьцi пры стале.

— Ну й што ты, Дунечка, чула пра Янука? — спытаў стары зьняможаны Бахмач.

— Нiчога я, дзядзя, ня чула. Прыйшла да вас, думала можа што ад вас даведаюся.

Пракоп нiчога не адказаў. Ён хадзiў па хаце. Дуня мяркавала, што бацька выдатна ведаў пра яе зносiны зь ягоным сынам, а сьветчаньнем гэтага была можа й пашана ў ягоным ласкальным «Дунечка», замiж раней iм ужыванага «Макатунiшка». I вiдаць, — зiрнi вунь на ягоны заклапочаны й балючы твар, ён вось-вось захоча шырэй выказацца. Чалавек гэты шмат перацярпеў i перажыў, а ў вёсцы шанавалi яго як iнтэлiгэнта першае рангi: разважнага, памяркоўнага, з добрым i вялiкiм сэрцам, глыбока ў Бога веруючага, наскрозь практычнымi жыцьцёвымi мудрасьцямi прасякнутага, якраз такога, каторы ў бядзе на помач iншым сьпяшыў.

— Каб во мяне паслухаў, дык дома, а можа навiт блiзка недзiка з табой разам дзетак вучыў-бы. Ато…

Стары зрэзыгнавана махнуў рукой, а твар перасмыкнуўся балючай крыўдай.

— Якi чорт пагнаў яго ў тую Вiльню? Гэта-ж, каб нi вайна, дык чаму-ж… Бег вучыцца, патрыятызмам загарэўся, а цяперака недзя ў цюрме здыхаiць…

Зьняможаны голас абарваўся. Пракоп падыйшоў да крука ў сьцяне, на якой вiсела барада пянькi, зь якой плёў лапцi для працы на сенажацi цi на балоце, узяўся круцiць пяньку. Рукi ягоныя хадзiлi няпэўна й Дуня мяркавала, шыо Бахмачовы думкi не пры пяньцы былi.

— Што-ж, думаў я, думаў ды сабраўся паехаць аж у Менск сына пашукаць. Хоць i злосьць у мяне на яго, але-ж сэрца нi камiнь. Знаеш, кроў свая. Дык паехаў у Глыбокае да камiсара, каб бялет на дарогу як выпрасiць. А гэтыя-ж ураднiкi, каб iх гаручка, мяне да камiсара саўсiм ня пусьцiлi. Нагiргаталi нешта, а тады пераводчыца кажыць, каб на другi тыдзень у ваўторак прыйшоў. Дый толькi шапнула, што калi хачу бялет, то каб з пустымi рукамi нi прыхадзiў. А пiраводчыца тая, мусiць, з пшэкаў, бо папольску гаварыла. Ну што-ж, думаю, нiхай сабе, i iм-жа жыць трэба, а сына трэба за ўсякуюэ цану знайсьцi. Дык во й паеду ў ваўторак, як сказалi, дый нешта вазьму, каб у лапы iм…

— Дык вы, дзядзя, аж у Менск задумалi ехаць?

— Ага, а як-жа…

— А вы цi ведаеце, дзе Янук?

— Хадзiў-жа я да гэтага самага ягонага прыяцеля Загорнага, ну ты яго знаеш. Праўда таго ня вiдзiў, бо Янук-жа яго аж у Вiльню зацягнуў, але бацькi пiраказвалi што iхны сын гаварыў. Дык ён, значыцца Янук у нейкай там зялёнай вязьнiцы сядзiць. I яшчэ цiкавае, што мне сказалi Загорныя дык гэта тое, што iхны сын, зараз-жа як наш Янук трапiў у цюрму, дык Лявон Загорны пайшоў прасiць помачы ў камандзiра бiларускай самааховы, нейкага там палкоўнiка цi што… Ну ён самы вышэйшы начальнiк над бiларускiм войскам…

— Ну й што той?

— А той кажыць: чаго гэта тут валочыцеся, чаму нi сядзiце на месцы ды ня вучыцеся? Гэтак сярдзiта накiнуўся на Загорнага. I яшчо кажыць яму: уцiкайце з маiх вачэй, бо я i вас арыштую, пасядзiцё разам iз сваiм сябрам.

— От сукiн сын, каб яго зiмля нi насiла! — праклiнала няведамага ёй чалавека Макатунiшка. — А вы, дзядзя, знаеце дзе тая зялёная вязьнiца й як да яе дабрацца?

— Нi знаю, дачушка. У Менску-ж я нiколi ня быў, адкуль мне што знаць… Праўда, ў Глыбокiм заходзiўся ў Бiларускую Самапомач, дык далi мне адрас такой самапомачы ў Менску, у каторай, казалi, табе раскажуць што рабiць, а можа й памогуць Янука звольнiць…

— А за што яго пасадзiлi? Што ён зрабiў?

— Адкуль-жа мне ведаць… Лявон Загорны казаў сваiм, што яны цэлыя два цi тры вагоны вiленскiх спiкулянтаў адразу ў вязьнiцу забралi, дык i Янук трапiў сярод iх… Загорны спад рук Латышоў высьлiзнуў, а Януку нi ўдалося.

— Вы, дзядзька, добра робiце, што стараецеся, — пахвалiла Бахмача Дуня.

Мiкола сядзеў пры стале, у гутарцы ўдзелу ня браў, адно прыглядаўся маладой, сьцiпла але iз густам апранутай настаўнiцы. Дуня заўважыла раней, што адносiўся да яе з пашанай. Здалёк ад яе траымалiся некаторыя вясковыя падлёткi ад часу, калi пачала вучыць у вясковай школе. Як-нiяк яна цяпер займала месца некалi чужой, прысланай з глыбi Польшчы «панiчкi вучыцелькi». Пасьля вiзыты да Пракопа Бахмача надзея на Янукова вызваленьне салiдна загнязьдзiлася ў Дунiным сэрцы.

— Нiма, каб iх халера, як пад падлогу прапалi! — пачуўся злосны Лявонаў голас недзе наверсе ў Дзеркачовай хаце.

— А што, калi яны пад падлогай?

Такое пытаньне Павалiцкага Хвёдара моцна ўстрывожыла жанчын.

— Дык дзе-ж… Я-ж раней у гэтай хаце бываў, нiма ў iх пад падлогай склепу.

Прайшло пару напружаных хвiлiнаў. Зьверху пачуўся гук бiтай пасуды.

— Ты чаго шукаеш?

— Думаў, можа гэты пракляты бобiк дзе самагонку маiць.

— А добра было-б пацягнуць. Але калi самагонка й ёсьць, дык ты думаеш, што ён яе ў шафе дзержыць?

— А чорт яго, бобiкавага бацьку, знаiць…

— Нiхай шукаюць, фiгу iм знайсьцi, — шапнула Нiна Дунi. — Добра, што нi пачалi нас пад палогай шукаць. Задурны гэты Шпунт.

Зьверху гракнуў аўтамат. Кароткiмi сэрыямi. Некалькi разоў.

32

Антось Дзяркач узiраўся ў цемру. Ясныя, месячныя ночы мiнулi. Як на тое, яшчэ захмарылася неба, i зорак ня вiдаць было.

— Вецер, здаецца, не зьмянiўся. Каб ён нi задумаў пагуляць… Тады хоць ты адразу на базу вяртайся.

Сядзелi на сугры ў кустох, побач лiтоўскага ўзбалотку ля бальшака, што непадалёк перасякаў чыгунку. Апранулiся цёпла. Максiм Баравiк, зь Дзеркачовага зьвязу, маўчаў. Чалавек негаваркi быў.

— Ага, — абмежаваўся Баравiк адным словам.

Ён паправiў рукавiцы, пагладзiў стрэльбу. Вецер дзьмухаў з захаду, а перад iмi, у начоўках упоцемку спала вёска Лiтоўцы. Антось часта паглядаў на нявыразныя зарысы свае хаты й пунi, думаў пра тое, што Нiна й Дуня соладка храпуць у цёплай пасьцелi. Там, замiж Дунi, трэба было-б яму быць.

Дзяркач ведаў, што больш надзейнага сябры, чымся Максiм Баравiк, яму не знайсьцi. Калi, з дазволу Левандоўскага, выбiраўся «на паляваньне», заўсёды жадаў мець з сабой гэтага малагаманлiвага, але шустрага й вынаходлiвага жаўнера. Гэта-ж у ягонай лазьнi ў Ластавiчах аж трох бандзюгаў накрылi. Не дарма-ж бандыты ваўкамi iх празвалi. Гэты Антосеў нямецкi шмайсар як трафей яму тады ў Ластавiчах дастаўся. Бандыты некалi здабылi яго ў Немцаў, а ён, Антось Дзяркач, захапiў у iх. Палявалi тады на яго, «фашысцкага ваўка», а Антось з Максiмам аж трох упалявалi.

Ластавiчы ляжалi непадалёк чыгункi, на ўсход ад Лiтоўцаў, i вёску ўжо некалькi разоў абчышчалi бандыты, хоць гацкiя «бобiкi» лiчылi яе сваей тэрыторыяй. Пасьля жнiвеньскага нападу на Гацi й вынiшчэньня ў палiцыi польскага элемэнту, апошняя, галоўна дзякуючы стараньням Кастуся Падгайскага, папоўнiлася Беларусамi. Хаця iнтрыгi з боку Палякаў ня спынялiся, фальксдойч Левандоўскi адносiўся да Беларусаў талерантна й здавалася, што ў нябыт адыйшоў той час, калi рукамi сваiх басякоў i Немцаў польскiя шавiнiсты лiквiдавалi мясцовых, найбольш нявыгадных iм Беларусаў. Пранырлiвасьць i практыка, добрае веданьне людзей i ваколiцы прынесьлi Антосю ў ягонай службе выдатныя плёны. Адылi ён i далей ня спыняў пошукi добрых людзей для папаўненьня адзьдзелу.

Максiма Баравiка пазнаў у бальшавiцкай калёне вязьняў. Баравiкову жонку энкавэдысты замардавалi, а сам ён неяк выратаваўся. Вярнуўшыся да хаты, бязьдзетны, як цень бэрсаўся каля зруйнаванай гаспадаркi, за зброю брацца не сьпяшыў, але ня бачыў перад сабой нiякае будучынi. I што будзе, калi вернуцца тыя? Пагоняць туды, адкуль раз удалося, дзякуй Богу, уцячы. Дык што рабiць? Маўклiвы й зацяты, цяпер бязрадна прыглядаўся, як бандыты начамi вылазiлi зь лесу й забiралi ў людзей апошнi хлеб. Колькi разоў сьвярбелi рукi каб якую сякеру схапiць. А там будзе, што быць мае…

69
{"b":"103053","o":1}