Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Гэтаксама i зь цяперашнiм вялiкiм сусьветным пажарам. Ужо ясна, што гарыць наша бацькаўшчына, наша адвечнае дабро й багацтва й калi нам нiчiога не рабiць, стаяць рукi апусьцiўшы, дык агонь можа выкацiць вялiкiя полацi нашых нiваў, загубiць людзей нашых. Вось чаму трэба вам як мага шпарчэй самiх сябе пазнаць, значыцца добра гiсторыю народу свайго вывучыць, а там ключ знойдзеце, як дзьверы ў свой, у новы сьвет адчынiць… Тады, каб жыць i выжыць, змагацца й перамагчы, супольна й дружна за свае iнтарэсы, за волю дарагое бацькаўшчыны Беларусi станеце!

Януку здавалася, што гэтага чалавека можна было-б слухаць без канца. Прыгожая, багатая, лёгкая мова роўным патокам, без найменшых намаганьняў бурлiла. Гэтак гаварыў пястун, руплiвы гаспадар, што кажнае слова цанiў-узважаў i ашчадна, як грошы выдаваў. А якiя важныя, заўсёды абаснаваныя, закругленыя й падсумаваныя думкi! Так мог гаварыць чалавек, што палка, усiм сэрцам, бязь нiякiх засьцярогаў свой народ любiў.

Пра гэта ўсё, што зь вялiкай мастацкай сiлай у ягонае ўяўленьне ўляглося, думаў цяпер, па дарозе са школы, Янук. Побач крочыў маўклiвы й журботны Ўладзiмер.

— Цi табе падабалася лекцыя гiсторыi? — спытаў Янук.

Уладзiмер маўчаў.

— Чуеш, што кажу?

— Чую.

— Ну дык?

— Пусьцяк, — буркнуў двуродны брацiшка.

— Гэта значыць што такое пусьцяк?

— Да нiчаво…

Янук, зьдзiўлены, доўга i ўважна глядзеў на свайго нядаўна прыдбанага сваяка. Праходзiлi перад будынкам, дзе лянiва ў вялым васеньнiм ветрыку, на машце перад уваходам трапятаўся чырвоны сьцяг зь вялiкай чорнай, на белым крузе, свастыкай пасярэдзiне. Калiшняе «ортскоммандатур» на дошцы перад сiняй, аблезлай з хварбы, брамай замянiла цяпер «ортсполiцай». У гэтым будынку iз тэй прыбудоўкай ззаду, дзе Адась Вадзiмскi зь вялiкай насалодай адбiваў Пракопу Бахмачу нутро, некалi мясьцiлася польская палiцыя. Ужо ўвайшло ў звычай, што мясцовыя людзi, а ў iх лiку i Янук, калi трэба было мiнуць будынак, дык на другi бок вулiцы пераходзiлi. — Далей ад чарцей, каб яны галовы скруцiлi! — казаў каторы селянiн, адчуўшы бiзун акупанта. Пра гэтых найнавейшых «чарцей», што прыйшлi на зьмену вайсковай камандзе нямецкага гарнiзону, яшчэ мала вядома было. Насiлi яны вопратку бледна-зялёнага колеру. «Ортсполiцай» на дошцы нешта-ж выясьнiла. Нехта, — а было-ж навокал шмат розных «дойчаў», як грыбоў пасьля дажджу ў лесе, ператлумачыў, што гэта — метсчковая палiцыя, пасьля яшчэ нехта далажыў «эсдэ». А апошнiм часам нарадзiлiся весткi, быццам нямецкiя ўлады арганiзуюць палiцыю зь мясцовых людзей.

Калi-б Янук сваiм уяўленьнем ня прысутнiчаў на гэнай надзвычайнай лекцыi гiсторыка Сабалеўскага, пэўне-ж пастараўся-б перад палiцыйным будынкам на другi бок вулiцы перайсьцi. Побач крочыў маўклiвы, пануры Ўладзiмер. Задуманаму юнаку, як праз туман, прадставiлiся воддаль ад брамы, перад галоўнымi прачыненымi дзьвярмi будынку дзьве постацi — адна ў шэра-мышыным колеры, iншая ў чорным. I можа-б далей ня ўзяў Янук iх на ўвагу, калi-б ня згадка. Адзiн мiг… Перад занятым глыбокiмi думкамi падарожнiкам у натоўпе цi на дарозе мiльгне сiлуэт… Кароткi момант, дроб часiны. Але памяць, упартая i як-жа часта ненадзейная, здаецца незалежна ад цябе, стараецца на гэтым дробе-макулiнцы цэласьць пабудаваць. Фiгура ў чорным, каржакаватая, зь пiлёткай набок на галаве, рыжымi валасамi, малой гарбiнкай на носе, гаварыла нешта чалавеку ў зялёным мундзiры. Правая рука ў кiшэнi, а левая разложанымi пальцамi нешта падчыркiвала энэргiчным рухам.

Янук раптам спынiўся. Людзi ў мундзiрах стаялi крокаў дваццаць воддаль, бокам да хлапцоў.

— Ты чаго? — спытаў просты Ўладзiмераў голас.

у гэны момант чалавек у чорным зiрнуў у гэты бок. Рудыя, калючыя, няпрыязныя вочы. Янук пазнаў яго. Не, сумлеву не магло быць. Аслаблi ногi. Мурашкi ў панiцы пабеглi па целе… Сустрэча вачэй трывала часiнаў пяць. Янук схапiў Уладзiмера за руку.

— Хадзi, скарэй!

— Што такое?

Янук не адказаў. Iмкнучыся якнайскарэй адыйсьцi, Бахмач азiрнуўся. Здавалася, што гэны ў чорным уважнас пазiраў за iм усьлед. Спынiлiся воддаль, паза засягам вока палiцыi.

— Што стаклася? Чаго цябе, як падарвала? — зацiкавiўся цяльпукаваты Ўладзiмер. — Ты зьбялеў, дрыжыш…

— Знаiш… знаiш, каго я там увiдзiў, таго ў чорным? — гаварыў дрыжачым голасам Янук.

— Кажы.

— Чалавека, што маю матку забiў…

Наступiла доўгае маўчаньне.

Дзесьцi з захаду ад сьветафору падпаўзаў вуж вагонаў i плятформаў, наладаваных гарматамi, танкамi, горамi скрыняў з амунiцыяй. Паравоз звольнiў, незадаволена чмыхнуў, прарэзьлiвым тоненькiм сьвiстком сьцебануў васеньнюю млявасьць. Гэны сьвiст быццам крапiва-джгучка апёк Янука, што ля рухлiва-бразгатлiвае майстэрнi да Падгайскага сьпяшыў. Буркнуўшы пад носам адчэпнага, што рупiць яму некуды, Уладзiмера ззаду пакiнуў. Пагутарыць, параiцца трэба. Пэўне-ж, Падгайскi можа больш пра гэтага польскага недабiтка ведаць…

13

«Дзiравы шляхцiц» Паўлоўскi незадаволена пазiраў на зморшчаны й заплаканы Вульлянiн твар. Жанчына цёрла парэпаныя ад працы далонi, манатонным голасам пра бяду сваю барабанiла. А Паўлоўскаму ў галаве ад учарашняга яшчэ не адшумела. Чаго яе сюды ў такi час трасца прыгнала? Сядзiць i хныкае, увесь добры й пагодны настрой сапсула. Iз Вульлянiных слоў i нязьвязаных фразаў ясна было, што ў Гацях на палiцыi сталася.

— … дык ён, каб яго пранцы, каб яны яму бокам вылезьлi, i мае яйкi забраў. Жарцiкi, колька часу гэта iх ад нясушак зьбiрала, сабе анi ў рот, знаiш як нялёгка… Дык гэта брыда й той дзiсятак яек забраў i нiчога мне пра маiх сыноў-галубкоў нi сказаў.

— Якi гэта брыда? — пытаўся Паўлоўскi, а думкi яго ўчэпiста на ўчарашняй «гавэньдзе» трымалiся. «Усё-ж маладзец гэты Бжончэк-Бронхэр… фальксдойч. Хто-б гэта й падумаць мог!»

Паўлоўскi падыйшоў да вакна. Дождж дробнымi кроплямi сьцёбаў па шыбiне. У мухалоўцы на стале мокрая муха намагалася вылезьцi на сухi бераг, яшчэ бзыкала крыльлямi, падала. Вульляна сядзела на лаве ля стала. За перагародкай, у кухнi жонка ля катлоў бэрсалася, выходзiла ў сенцы, цi нi паранку для падсьвiнкаў таўкла. Разьбягалiся Паўлоўскага думкi. Яшчэ ня зусiм з новай уладай i сваiм удзелам у ёй асвоiўся.

— Ды гэты-ж, каб яму тыя мае яйкi ў трыбуху камнем заселi, Немiц, начальнiк iхны!

— А ты, цётка, зь iм гаварыла?

— Ды як там гаварыць будзiш, — махнула зьняможаная жанчына рукой. Ён-жа пасвоему гяргечыць, дык дзе там мне… Ды тамака ў iх нейкая польская паненка, нейкая пiрда вымазаная сядзiць, папольску да мяне пшэкала. Я гэта ёй пра сваiх сыноў-галубкоў так i гэтак, што ў палон папалi, што можа-б гэты начальнiк мне як iх вярнуць памог, ну знаiш… Тая панi пiрда яму, мусiць, так i нагiргiтала. А я ў руках кошычак зь яйкамi дзяржу, ну гэты самы найпякнейшы, каторы мне старэйшы сыночак Васiль некалi сплёў. Яйкi накрытыя вышываным ручнiком былi. Той начальнiк слухаiць тэй пiрды, ды сабе пад носам вурчыць — я, я, яволь, i на мяне паглядаiць. А тады да мяне падыходзiць, кошак бярэць i на стол ставiць. Адкрыў ручнiк, гляджу — на твары прагавiтасьць, вачмi яйкi зьеў-бы. Тады нешта нагiргятаў тэй пiрдзе, а яна кажыць мне, што Немiц яйкi забярэць, пра маiх сыноў даведаецца. Прыйдзi, кажыць, яшчо яек прынясi. От як! Я гэттака-ж прасiць хацела, каб мяне, бедную, ня крыўдзiў, што я i спрацаваная, i адзiнокая, а той як скочыць як крыкнiць. Дык гляджу, адкуль нi вазьмiся ён, — от, далiбог не паверыш браток, Пётра, — гэны-ж самы чорт лясьнiк, што ўсе яго падлам называлi, што некалi цяжарную Бахмачыху Алену ў лесе панскiм за малiны застрэлiў. У чорным ён быў, у палiцыйным надзеты. Дый той таксама гяргеча. Мяне за руку, дый выкiнуў, падла… Ну от… I адкуль гэты самы чорт там узяўся?

Вульляна пачала ў нос хлiпаць. Паўлоўскi стаяў i церабiў раськiданую чупрыну. На твары нецярплiвасьць i злосьць. Жаночага плачу нiяк цярпець ня мог. Няхай-бы гэтыя бабы лепш крычалi цi лаялiся, але ня сьлiнiлi.

25
{"b":"103053","o":1}