Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Вось дзе й калi яно пачалося. Адчынiлiся вочы, перад якiмi вырастала трагiчная панарама ўпадку вялiкага народу. Вiдаць, што заходнiя хiжакi доўга й старанна плянавалi й капалi магiлу, рыхтавалi дамавiну. Дый цi толькi заходнiя? Сабалеўскi-ж адно цяпер да Люблiнскае вунii дабраўся. А там далей з усходу дзяржыморда неўзабаве абаронныя ўмацаваньнi Вялiкага Княства Лiтоўскага праломiць. Пад нагайкай «чужака-дзiкуна» паўстане нязносны прыгон i павядуць на сьмерць гордых i непакорных найлепшых сыноў i дачок.

— А чаго-ж ты, Янучок, так задумаўся?

Заўсёды прыемны й мiлы голас Дунi, тут-жа праз вушанку, вярнуў яго да рэальнасьцi. Дзяўчына ўзяла яго пад руку, прыхiлiлася, а васiлькi вачаняты iз затоенай iскрынкай гарэзьлiвасьцi сквапна шукалi на Януковым твары прычынаў ягонай задуменасьцi.

— Ды нiчога, — буркнуў адчэпнага Янук.

— Ну скажы, скажы пра што думаў! — налягала дзяўчына.

Блiзка былi ейныя вусны, тыя самыя, каторыя некалi ў канюшыне яго спакусалi. Але цяпер яны ня прынаджвалi, а быццам загадвалi.

— Думаў аб Люблiнскай вунii, — адказаў Янук. — А яшчо болi пра дамавiну.

— Ха-ха-ха! — разрагаталася дзяўчо. — А я думала, што ён… А чаму пра дамавiну?

— Ну знаеш як Сабалеўскi казаў. Ты-ж на лекцыi была, мусiць-жа слухала.

— Янучок, Янучок, я-ж табе казала, што як будзеш надта многа думаць, дык скора састарэешся.

Голас лёгкi, жартаўлiвы, тварык ясны, марозiкам зачырвонены-прыкрашаны. Гэта ня тая частая надзьмутасьць i ня колкасьць у вачанятах-васiлькох. Здаецца, што знаеш яе ўсю, наскрозь, але вось адкрываеш новае ў наступным павароце…

— Ты, Янучок, ня чуў колькi дзiравы шляхцiц кажухоў сабраў?

Ад дамавiны да кажухоў. Зручны скок. Цяперашняе, калi навет i ня грэе, дык усё-ж цела блiжэй чымся халодная, даўная, з выразным прыцiскам Сабалеўскага, дамавiна. Роўным скрыпам гаманiў пад нагамi мароз, брылянтамi расьцьвiталi на галiнах азяблыя сьняжынкi. Аблiваючы ягоны твар цёплым дыханьнем, штурхала ў плячо Дуня.

— Нi знаю. Вiдзiў, як зь нейкiм Немцам на развалках жабраваў. Да нас заходзiлiся, фiгу дасталi. А навошта мне ведаць?

— Я ўчора да цёткi Вульляны забеглася, мацi мяне была па нешта паслала. Казала Вульляна, што ад яе адзiн кажух вымантажылi. Ды знаеш як? Прывёз ёй дзiравы шляхцiц паштоўку, што праз Чырвоны Крыж прыйшла, пра ейных сыноў-галубкоў.

— Што ты кажаш? Дзяцюкi жывыя, абое?

— А як-жа, жывыя. Дый разам яны сядзяць, значыцца ў адным абозе. Дык Вульляна так узрадавалася, — нi жарцiкi гэта, яна-ж вочы сабе за гэтыя гады выплакала! — што чаго таго Немца й дзiравага шляхцiца з радасьцi нi расцалавала. Таму, мусiць, лёгка было ад яе кажух вымантажыць.

— Няўжо-ж…

— Казала, што кажух гэны Паўлюкоў, ужо падношаны. Наце вам, кажа, кажух майго сына-галубка, нiхай вам Бог здаровейка дасьць за такую вестачку.

— А ты паштоўку гэну чытала?

— А як-жа. Зьверху нейкi «сталяг» i нумар яго, гэта значыць абоз палонных зазначаны. А пасьля якiх пятнаццаць слоў усяго, мусiць болей пiсаць нi даюць. «Дарагая мама. Мы твае сыны Антон i Паўлюк цяпер у лягеры пленных. Добра маемся, здаровыя, есьцi досiць. Нi бядуй, вернемся» Дый падпiсалiся. От i ўсё.

— I напiсана, што «добра маемся»?

— Ага. Я тры разы перачытвала, а Вульляна дык напамяць знаiць.

— Можа так добра маюцца, як гэтыя ў Бярэзьвечах?

— Што ты! Нi дай, Божа! Кажу, што чытала. Ды гэтыя-ж савецкiя, дык iх голадам мораць i страляюць, а яе-ж сыны былi ў польскай армii. Казаў яшчо дзiравы шляхцiц Вульляне, што польскiя палонныя ў нямецкiх лягерах каторыя, дык iм пасылкi зь ежай Чырвоны Крыж з Англii прысылаiць…

— Дзякуй Богу за гэта. Кажаш, пiшуць, што вернуцца?

— Ага, сама чытала.

18

Пазiраючы на «дзiравага шляхцiца» й Левандоўскага, што сядзелi на лавах пры стале ў Нiнiнай хаце, Антосю Дзеркачу навет ня трэба было ўгадваць, што яны, пэўне-ж, «нi так сабе ходзяць». Без патрэбы не завiталi-б да яго ў гэты засьнежаны пасьлякалядны дзень. Прыехалi собскай брычкай Паўлоўскага каля абеду. Значыцца, солтыс мусiў у Гацi паехаць, забраць новага фэльдфэбэля-каманданта, што на месца Бронхэра прыйшоў. Як i папярэднiк, гэты таксама фольксдойчам быў, папольску нядрэнна гаварыў, дзесьцi з Памор'я паходзiў.

Чаго яны прыехалi? Хутка шыла зь мяшка вылязе, разважаў Антось. А вылезьцi яму паможа вунь тая пляшка сiвухi, якую Антось на стол паставiў. Хоць сам на гарэлу не ляцеў, жыцьцёвая практыка падказала, каб яе на ўсякi выпадак трымаць, як мясцовыя казалi, — «каб калi ад чарцей адкупiцца»…

Нiна ўвiхалася ля плiты, пад якой буйным агнём заняўся хвораст. Жанчына вялiкiмi скрылямi рэзала сала, што вось неўзабаве засквiрчыць на патэльнi, прыемным пахам будзе дражнiць моздры. Ад таго часу, калi Нiна й Антось цудам вырвалiся з бальшавiцкiх лапаў i вярнулiся дамоў, яны жылi разам, загаспадарылiся. Антось узяў ад бацькi невялiкае сьвiнчо, якое пры доглядзе руплiвай гаспадынi вырасла на добрага парсюка. Перад Калядамi яго закалолi й такiм чынам завёўся рэдкi ў гэны ваенны час «шпэк», за якiм бесьперапынна валачылiся па вёсках чужыя прыблуды.

— Але й баба ў цябе прыгожая! — усклiкнуў Левандоўскi й зусiм бясцырымонна прыглядаўся жанчыне.

Нiна належала да тых вясковых красак, якiя часта ў зарослым лебядой агародзе не дагледзiш. Яна ўвыдатнялася сьцiплай, упарадкаванай, утрыманай красой. Не дарам-жа некалi Паўлюк Бурак на яе палакомiўся. Колькi разоў мяркаваў Антось як выглядала-б жанчына, калi-б прыаздобiць яе ў нешта запраўды дарагое, зьзяючае, скажам у якi якi цэнны шоўк цi дыяманты. Адылi бачыў, што што прынаднасьць ейная ў сьцiпласьцi ляжала. Недарагое й простае, — трант цi неданосак, — умела перашыць, дапасаваць да свае фiгуры, якую запраўды маглi-б песьнямi вялiчаць паэты красы. Жанчына зь дзявочаю постацяй, яна ўсё яшчэ пра першае дзiця марыла. Схавайцеся перад ёю непадстрыжаныя авечкi: хвядосавы манькi, брунiськi, макатунiшкi. Не дарма за ёю бесьперапынна дзяцюкi цiкавалi. Зiрнi хаця-б на гэныя пушыстыя мяккiя каштанавыя валосы, ружовай касынкай перавязаныя ды зiрнi на румяныя шчокi цi вусны, быццам для пяшчоты створаныя. А ў тых сiня-шэрых, вялiкiх i пранiклiвых вачох часамi паказвалася цьвёрдасьць, мяжуючая з крыўдай. Гэта, пэўне-ж, спадчына цяжкое дарогi, якая, калi-б ня перашкодзiла вайна, прывяла-б праз бальшавiцкiя вязьнiцы й канцлягеры да магiлы. Але на зьмену цьвёрдасьцi прыходзiла лагоднасьць i тады Антось пазiраў у вочы каханай жанчыны й жыў асалодай гаючага супакою.

Пакуль Дзяркач удумках зарэагаваў на словы новага каманданта, той борзда ўстаў з лавы, падыйшоў да Нiны ля прыпечку, правай рукой прыгарнуў яе да сябе, нахiлiўшы сваю галаву да ейнае. Чорныя вусiкi апынулiся зусiм блiзка Нiнiных вуснаў.

— Гавару, што панi вельмi прыгожая. Як завешся?

Такое неспадзяванае панiбрацтва зьдзiвiла гаспадыню, але яна зусiм не зьбянтэжылася. У сваiм жыцьцi, бяз сумлеву, бачыла цi мала нахабнiкаў i гэты чарнавусы ня быў навiною. Яна спрытна крутнулася, вышмыгнула з учэпiстай палiцыянтавай рукi. У левай руцэ трымала кавалак сала, а ў правай вялiкi нож i пазiрала Левандоўскаму проста ў вочы.

— Паночак, вы што гэта? Рукi пры сабе дзяржыце!

Голас цьвёрды, войстры. Зiрнула на Антося i ў гэным позiрку, здаецца, дакор: паглядзi як ты на такое дазваляеш!

Антось зьбянтэжыўся. Як ты спынiш дзiкуна, калi ён — улада, ды ў тваей хаце да тваей каханай дабiраецца?

— Але-ж панi мае й характар, фу! Агонь! — зьдзiвiўся, як апечаны, палiцыянт. Ён адыйшоўся ад Нiны й пачаў спацыраваць па хаце. Наступiла нязручнае маўчаньне, адно Нiна, умiг паспакайнеўшы, падыйшла да прыпечку i ўзялася за перапыненую палiцыянтам работу. Дзяркач мяркаваў, што не да яго належала iнiцыятыва гутаркi, таму ўважна прыглядаўся новаму каманданту.

Быў гэта чалавек сярэдняга росту, шчуплы, з вайсковай вытрымкай i крокам, якi вандраваў, вiдаць, шматлiкiмi й далёкiмi дарогамi. Ведаў, добра ведаў Антось гэты крок. Ды ён-жа й сяржантам, цi, як панямецку, фэльдфэбэлем быў. Цi мала мог новабранцаў паганяць. З выгляду яму трэба было саракоўку, дадай цi аднiмi год, — даць. Пад носам разьмясьцiўся цёмны паясок каротка абстрыжаных вусаў, а на дробным твары найбольш рухлiвымi былi вочы. Яны рэдка спынялiся, здаецца, на адным пункце. I выглядала, што рэдка калi на цябе пазiралi, а заўсёды абмiналi твае вочы. Спад чорнае пiлёткi тарчэла густая чорная грыва валасоў. На гэтым шчуплым, худаватым чалавеку гладка ляжаў добра дапасаваны чорны мундзiр. Вiдаць, што каманданту на добрага краўца пашанцавала. На нагах у яго былi абшытыя скурай, зграбныя, лепшай якасьцi валёнкi, магчыма, што «трафейныя».

35
{"b":"103053","o":1}