Литмир - Электронная Библиотека
A
A

У яго жэстах, паваротах i гутарцы вычуваўся аўтарытэт, упэўненасьць у сябе й няведама колькi да гэтага спрычыняўся ў чорнай кабуры Люгер.

— Пан солтыс расказаў мне пра вас, — гаварыў Левандоўскi, спацыруючы. Выцягнуў зь кiшэнi залатую папяросьнiцу, паважна, быццам нешта абмяркоўваючы, выняў папяросу й круцiў яе мiж пальцаў. Пстрыкнуў запальнiчкай i зацягнуўся першым глытком табачнага дыму. — Так, пане, я вас крыху знаю. Вы дэзэртыравалi з польскага войска?

Пытаньне зусiм неспадзяванае. Левандоўскi спынiўся насупраць Антося, а рухлявыя вочы затрымалiся на Дзеркачовай барадзе.

— Нi дызыртыраваў я, — спакойна адказаў Антось. — Проста ў войска нi папаў.

— Гэта як так?

— Падарозе ў войска згубiўся, — тлумачыў дзяцюк.

— Гэта значыць, што вы за Польшчу не хацелi ваяваць, калi вас мабiлiзавалi? Цi-ж ня так?

Цяпер камандант пiльна ўзiраўся ў Антосеў твар. Дзяркач, быццам тое не да яго адносiлася, тупа пазiраў на гэтага чалавека ў чорным, адгадваючы што можа скрывацца ззаду за такiмi пытаньнямi. Ён нiчога не адказаў на апошняе пытаньне й Левандоўскi падыйшоў блiжэй. Ад яго несла адэкалёнам.

Пах скварак i яек квялiў насы. Нiна застаўляла стол пасудай, прынесла хлеб, шыткаваную капусту, агуркi.

— Запрашаю за стол, — зьвярнулася яна да каманданта й солтыса.

Не чакаючы прынукi, Паўлоўскi падсунуўся да краю стала, Левандоўскi зiрнуў на недакурак у руцэ, падыйшоў да печы i ўкiнуў яго ў прысак, а пасьля ўсеўся ля стала пад абразамi. Антось адразу прапанаваў выпiць. Запрашаць два разы ня трэба было. Левандоўскi пiў нагбом, нават ня моршчачыся для чужога вока. Самагонку пахвалiў, але ня пытаўся чыей была прадукцыi. Надзiва маўклiва трымаўся Паўлоўскi, што здалося Антосю крыху нязвычайным.

— Дык ня хочаце мне сказаць? — зноў спытаў Антося камандант. Ён са смакам жваў уложаную ў рот вялiкую скварку й напхаў туды шыткаванае капусты. Вочкi бегалi па вянках цыбулi на жэрдках пад столяй, папрыгожа засланым, iз стосам падушак, саматканым дываном ложку ды па Нiнiных грудзёх. Гаспадыня якраз да стала прысела.

— Што сказаць? — няўцямна перапытаў Антось.

— Цi вы хацелi, цi не хацелi за Польшчу ваяваць?

Небясьпека. Спрабуй адгадай куды гэты няведамы чалавек вядзе. Цi спрыяе ён больш Немцам, цi польскаму падпольлю? Трэба будзе Падгайскага й Паўлоўскага распытацца. «Чэрцi, чаму мяне да гэтага часу не паiнфармавалi?» — злавiў сябе ў думках Антось. — «А гэты во кручкi закiдаiць, злавiць мяне стараецца».

— Я думаю, што пан камiндант ужо ад солтыса пра гэта знаiць, асьцярожна адказаў Дзяркач.

Левандоўскi трымаў у руках усе карты. Пра Антося быў нядрэнна паiнфармаваны, а Дзяркач чуўся, быццам у тупiку. I вiнавацiць некага было. Да агранома трэба было даўно схадзiць, распытаць i разьведаць хто, што й дзе робiць. Нядбайла, у Нiнiных абдымках пра сьвет забыўся. Гэта ня зусiм так. Але рэальнасьць у чорным мундзiры за ягоным сталом сядзела, яго самагонку пiла й намагалася ў нейкую, няведамую яшчэ, пастку загнаць. Цьфу, чорт лазаты!

— Так, ня скрыўлю душой, пане Дзяркач. Пан Паўлоўскi казаў мне пра факт, а ня прычыны. Дык можа вы дапоўнiце?

— А калi не? — упёрся зрокам у чорныя вусiкi Антось.

На шчацэ побач вусiкаў ледзь зьявiлася зморшчына, магчыма адзнака нецярплiвасьцi. Камандант напорна ўзiраўся ў Антося, але сам выдатна маскаваўся, бо з твару ягонага цяжка было дагадацца пра думкi. Пустая маска бянтэжыла.

— Я вам магу загадаць, — ледзь усьмiхнуўся начальнiк.

Антось трымаўся спакойна. Ударыўшы яго па плячы, камандант разрагатаўся.

— Ня бойся, пане Дзяркач, жартую. От спалохаўся. Завiталi-ж мы да свайго чалавека, праўда цi не, пан солтыс? Пасядзець, пагаманiць, ну й пазнаёмiцца. Цi-ж гэта, пане Дзяркач, дрэнная рэч, калi сам камандант палiцыi вам гонар робiць, у хату загляне?

Голас быццам сяброўскi, але напружаны. Асьцярожна!

— А гэта-ж нам гонар зрабiлi, праўду кажаце, пан камiндант, — сказала Нiна проста й натуральна, пагасьцiннаму. Левандоўскi ўсьмiхнуўся да яе.

— От бачыце, пане Дзяркач, i вашая панi са мной згаджаецца. Асьцярожнасьць — залатая рэч, — прадаўжаў Левандоўскi. — Бачу, што цяжка за язык вас пацягнуць, лiшняга слова ня скажаце. I цяпер у гэты момант вы пэўне абмяркоўваеце прычыну, чаму мы да вас заглянулi… Няпраўда?

Камандант спынiўся, роўна й напорна глядзеў Антосю ў вочы. У тым позiрку было нешта няпрыемнае, халоднае, як коўзкi рух гадзюкi. Гэтак вось, бязь нiякае эмоцыi, звычайна разглядаецца нейкую рэч, няжывы аб'ект.

На дварэ зазьвiнеў ланцуг i завiшчэў Ромак. Цi ня пах скваркi квялiў ягоны нос.

— Нiна, ты Ромку сягоньнiка кармiла?

— Ага, ранiцай.

— Дык чаго ён вiшчыць?

— Можа пабегаць прырупiла?

— Iдзi во, кiнь яму якую бульбiну цi кавалак хлеба.

— Ладнага сабаку маеце. Як завуць? — спытаў Левандоўскi пасьля таго як Нiна выйшла.

— Ромак.

Камандант пазiраў на Дзеркача, спадзяючыся пачуць пра «ладнага сабаку» больш, але Антось маўчаў.

— А чаму ты сягоньня вады ў рот набраў? — зьвярнуўся Дзяркач да «дзiравага шляхцiца».

Нiна вярнулася ў хату й прысела каля стала.

— Набраў, цi нi набраў, - пачаў Паўлоўскi, — а калi мне трэба дык нiхто мяне на дробную манету нi разьменiць, сам знаiш. От быў у мястэчку, пан камiндант захацеў праехацца, ну от i да цябе заехалiся.

Было ўсё гэта сказана зь вялiкай натуральнасьцю й самаўпэўненасьцю. А яшчэ важней тое, чаго «дзiравы шляхцiц» не сказаў. Напрошвалася галоўнае i асноўнае пытаньне, на якое, памяркаваўшы, Антось не адважыўся. Лепш памаўчаць, пачакаць.

— Пэўне-ж, вы падазраеце, — быццам у вадказ на ягоную думку пасьпяшыў Левандоўскi, — што для прыезду да вас у нас мусiла быць нейкая надзвычайная, страшна важная прычына. А прадстаўце сабе зусiм адваротнае, скажам, што нiякай такой важнай прычыны i заваду нi было. Як тут пан солтыс проста сказаў: «пан камiндант захацеў праехацца», ды ўсё. Цi можа вы думаеце, што я проста ня мог захацець праехацца? А цi от так падарозе да вас цi да каго iншага забегчыся нельга, каб людзей пазнаць, га? Ну як вам здаецца?

Лiтроўка апусьцела напалову. Антось усьмiхнуўся з такога павароту камандантавай гутаркi ды ўзяўся налiваць чаркi.

— Пан камандант ёсьць гаспадаром свайго часу й калi яму захацелася праехацца то няхай сабе езьдзiць на здароўе… А цяпер можа за гэта i вып'ем? — прапанаваў Антось, падняўшы чарку.

— За камандантава здароўе! — падтрымаў солтыс.

Выпiлi.

— Закусвайце, калi ласка, пан камандант, — прапанавала Нiна. — Бярыце, калi ласка, — падсунула яму яечню.

Камандант узяў скварку на вiдэлку, уважна ёй прыгледзеўся i ўлажыў яе ў рот.

— Мне здаецца, — i вы з гэтым, пане Дзяркач, бяз сумлеву, згодзiцеся, што для мяне, як каманданта палiцыi, вельмi важна пазнаць людзей, дый ня толькi ў мястэчку, але й навокал. Цi-ж ня так?

— Але.

— Ну дык вось. Я бачу, што калi-б вы былi на маiм месцы, дык можа таксама думалi-б?

— Але.

— Вы-ж, пэўне, знаеце, пане Дзяркач, што майго папярэднiка нехта замардаваў i што яго, таго забойцы, не знайшлi. А як вам здаецца, пане знайсьцi трэба, цi не?

— Гэта дзела ваша, — проста адказаў Антось.

— Ага, ну бачыце. А калi гэта мая работа, дык ясна, што я яе пастараюся сумленна й добра выканаць. Ну але знаеце, я такi чалавек, што от люблю з разумнымi людзьмi параiцца, як i што рабiць. Давайце мы цяпер i падумаем над гэтым супольна. Значыцца спачатку возьмем факты: чалавек, каторы Бронхэра забiў, не пакiнуў па сабе нiякiх сьлядоў. Усё шыта-крыта. Немцы навет старалiся сабак па сьлядох пусьцiць i то нiчога ня выйшла.

Сказаўшы гэта, палiцыянт упiўся рудымi вачмi ў Антося. Дзяцюк добра вытрымаў гэткi наступ.

— Сабакi, кажаце, па сьлядох нi знайшлi? Ай-я-яй! Можа гэныя сабакi нi знаюць як шукаць?

— Мяне запэўнiлi, што сабакi надта добра вымуштраваныя, але-ж я там ня быў. Адным словам, забойца як пад зямлю кануў, а цяпер ты шукай яго. I ўсё-ж знайсьцi трэба.

36
{"b":"103053","o":1}