Литмир - Электронная Библиотека
A
A

У хаце было цiха, адно цiкаў на вакне малы будзiльнiк. Антось мяркаваў, што паляiцыянт тропiць так, як яму падказвае ягоны, палiцыянтаў абавязак. Няхай сабе. Нi такi ён, Антось, дурны, каб дацца гэтаму чужому прыблуду на якi хiтры кручок.

— От як-бы вы, пане Дзяркач, калi-б вы былi на маiм месцы, пачалi расьсьледаваць? Падумайце.

— Ня ведаць мне, — цiха адказаў Антось, — як рабiць палiцыйную работу. Знаеце самi, панок, што я — цёмны мужык, дык дзе мне там у чым мудрым разьбiрацца.

— Ну гэта ўжо вы крыху ў перабор. Па сьвеце-ж бывалi, у войску былi, у вязьнiцы таксама, дык вунь чаго на сьмерць вас не загналi. Дык галаву, вiдаць, маеце.

Антось уважней «дзiраваму шляхцiцу» прыгледзеўся. Той варушыў вуснамi, вiдаць, што ня мог скваркi перажваць, бо кагадзе на зубы скардзiўся. Быццам злоўлены, спадылба зiрнуў на Антося й неяк надта-ж скора вочы ўбок адвёў. Здалося Дзеркачу, што ў тых вачох проблiск вiны спасьцярог. Ды цi не памылiўся? Дроб часiны. Мог памылiцца. А знаў-жа гэтага чалавека, як разьдзетага. Нешта крылася за гэтым прыездам. Звычайна гаваркi й фанабэрысты солтыс сяньня вады ў рот набраў.А гэта-ж яму нялёгка далося. Любiў язык у падарожжа з прывязi спусьцiць, ой як любiў! А гэтта… Трэба быць асьцеражней… А можа Паўлоўскi спэцыяльна маўчыць, каб чаго лiшняга не сказаць?

— Вы гэтага самага Бронхэра добра зналi? — проста спытаў Антося Левандоўскi.

Антось скончыў жваць скварку, паволi абцёр рукою вусны, зiрнуў на каманданта, каб што вычытаць на ягоным твары. Там як-бы распагодзiлася. Здаецца, што пытаньне сяброўскае.

— Знаў, чаму-ж не… Лясьнiком быў, дык усе яго зналi. Здалёку, значыцца…

— А як да яго людзi, як да лясьнiка, адносiлiся?

Антось зноў зiрнуў на палiцыянта, але не сьпяшыў з адказам. Запавольваў наўмысна.

— Гэта мяне пытаецеся? — перапытаў.

— Так, вас.

— Ну дык як вам гэтта сказаць, нi знаю. Людзi, як да лясьнiка, значыцца служачага… А каторы служачы, дык ён-жа, вядома, свайму пану служыць. Дык от так i адносiлiся, значыцца…

— Як? Добра, цi дрэнна?

Пытаньне было кiнута зручна. Яно, гэтае пытаньне, здаецца такое нiкчэмнае й звычайнае, але да чаго яно вядзе? Быў Дзяркач ужо ў руках добрых iнквiзiтараў i ведаў небясьпеку аднаго намёку, аднаго неасьцярожнага слова, навет позiрку. Найлепш паволi языком баранаваць, старацца як мага працiўнiку наперад забегчы.

— Знаiця, нi нам яго судзiць. Спытайцеся, каго хочаце…

— Я вас пытаюся, — насядаў Левандоўскi.

— Ну дык я вам скажу гэтак: ён мне мяжы нi пiраараў, куры ягоныя мае лехi нi падзерлi, анi за дзеўку якую мы зь iм узагрудкi нi бралiся…

— Што гэта значыць? — спытаў камандант солтыса.

— Пане камандант, гэта тут у нас так гавораць. Значыцца калi чалавек табе ворагам ня быў.

Фольксдойч хiтравата ўсьмiхнуўся, палез у папяросьнiцу, прыкурыў. На твары ягоным зьявiўся цень.

— Ну а калi камандантам палiцыi яго паставiлi, то таксама вам ворагам ня быў?

Антосеў твар налiўся нявiнна-наiўным зьдзiўленьнем.

— Што гэта такое вы пытаецеся? А чаму ён меў мне ворагам быць? Гэта што, я якiя парахункi зь iм меў мець, цi абакраў каго?

Гаспадароў голас гучэў абурэньнем. Камандант зварухнуўся на лаве, зiрнуў на Нiну й «дзiравага шляхцiца», усьмiхнуўся.

— Ну што вы, пане Дзяркач, хвалююцеся. Я-ж от так папрыяцельску спытаў. Анiчога дрэннага пра вас ня думаў. Здавалася мне толькi так, што калi чалавек сьцярог урадавага дабра, значыцца лясьнiком быў, дык мог каму на нагу наступiць. Цi пасьля, як камандантам быў… Нехта-ж меў прычыну яго забiць. Ну як вы думаеце, была прычына цi не?

— Ясна, што бяз прычыны ня было, — вялым голасам згадзiўся Антось. Лес лесам… Трэба каму якая жардзiна, цi што, дык што-ж бывала, што каторы паедзiць i высячыць, а лясьнiк яго паганяiць. Каторы-ж папаўся дык пэўня-ж, што лясьнiку за гэта ў рукi нi цалаваў. Ну а камiндант зноў-жа камiндантам. Ня ўсе яго любяць, але-ж каб забiваць за гэта чалавека, дык дзе тамака…

— Значыцца, — падхапiў Левандоўскi, — вы гэтым кажаце, што людзi маглi крыўду мець, але не такiя вялiкiя, каб за iх чалавека забiваць?

— Яно так выглядаiць, — згадзiўся Дзяркач.

Камандант зацягнуўся папяросай, пусьцiў кружкi дыму й глыбока задумаўшыся, паволi прыглядаўся iм аж пакуль расплывалiся пад шэрай столяй. Нiна ўстала з-за стала, села на табурэце ля вакна i ўзялася цыраваць шкарпэтку.

— З нашай гаворкi тады выходзiць, што чалавек мог мець ворагаў, але не такiх вялiкiх, каб яго каторы забiў. А вам пэўне-ж вядома, што яго абскардзiлi, што ён тут адну жанчыну з вашай вёскi ўлетку нiбы за ягады застрэлiў.

— А гэта…, было такое. Ды гэта нi даказана за што. Казалi, што выпадак быў. От нiхай солтыс скажыць…

— Бжончэк старую Бахмачыху застрэлiў, - сказаў Паўлоўскi. — Але гэта так сталася, што яна нiбы за лясьнiкову стрэльбу схапiлася, каб за мужа заступiцца. Знаеце, выпадак такi няшчасны…

Левандоўскi зноў падумаў, зiрнуў на недакурак, устаў ад стала й занёс ды выкiнуў у прысак пад плiтой.

— А ў гэтых Бахмачоў якая сям'я?

— Пракоп Бахмач, удавец цяперака ну й два сыны.

— Якiя сыны?

— Адзiн малады, цяперака ў школу ходзiць, а другi старэйшы. Той на нагу кульгавы, ён за шаўца вучыцца.

— Вы думаеце, што каторы зь iх хацеў адпомсьцiць?

— Што вы! Стары Пракоп, ён нядужы, а гэтыя-ж адно яшчо дзiця, лiчы, а другi калека… Спытайцеся от пана солтыса.

— Бахмачы нi такiя людзi, каб каго забiваць асьмелiлiся, — аўтарытэтна адказаў Паўлоўскi.

— Ага… Ну што-ж, мне трэба будзе зь iмi пабачыцца. Калi вы кажаце, што ня меў ён тут ворагаў, дык пытаньне астаецца пра матыў. Хто меў прычыну, каб яго забiць? Палiтычнае забойства, цi што? Яно так выглядае.

Левандоўскi зноў упёр свае рухлiвыя вочы ў Антося. Дзяркач трымаў наiўны выгляд.

— Як самi кажаце, яно так выглядаiць. Але калi думаеце, што каторы з нашых за палiтыку, дык гэта курам на сьмех. Нашы нiколi ў палiтыку ня лезьлi, з боку дзiржалiся, а ня тое, каб каго яшчо за палiтыку забiваць.

— I камунiсты таксама?

Антось адразу спахапiўся.

— Ад якога часу раўняць нашых з камунiстамi? Вы што, ня вiдзiця, што нам камунiсты нарабiлi? Я сам во ледзь вырабiўся. Каб ня Немцы, дык косьцi недзiка на Сiбiры зямлю парылi-б…

— Знаю, знаю, — пасьпяшыў згадзiцца камандант.

— Ведаеце, камiндант, давайце во яшчо па чарцы вып'ем. Можна? — спытаў Антось, бяручыся за лiтроўку. Ён прыгледзеўся пляшцы й мяркаваў, што яшчэ па чарцы выйдзе. Госьцi былi зусiм цьвярозыя, а другой пляшкi не хацелася даставаць. Камандантавы пытаньнi былi яму не на карысьць. Начальнiк намагаўся лавiць Дзеркача за язык. Важна, каб нiводнага слова лiшняга не сказаць.

— Ну дык за ваша здароўе, — запрапанаваў Антось.

— Вы думаеце, што тут нiдзе камунiстаў ужо няма? — выпiўшы самагонку, вярнуўся да спыненай тэмы Левандоўскi.

— Чорт iх ведаiць, — адказаў Дзяркач. — Можа дзе ў якiя дзiркi й пазалазiлi. Вам лепi пра iх ведаць. Мне толька плуг ды каса, а палiтыка мне, як кабыле пятая нага.

Левандоўскi спасьцярог, што на гэну тэму нiчога ад Антося больш не даведаешся й таму да яе не вяртаўся. Выходзячы з хаты, паны начальнiкi ветлiва дзякавалi гаспадынi за пачастунак. Антось стаяў ля вакна й прыглядаўся засьнежанай дарозе аж пакуль брычка за паваротам зьнiкла.

— А ўсё-ж цiкава, хто таго Бжончка забiў, - сказала Нiна, крыжуючы ваўняную нiтку ў пяце шкарпэткi й ня гледзячы на Антося. I Антось удзячны быў ей, што блiзка i ўважна ў вочы яму ня зiрнула, бо магла-б там штосьцi непажаданае спасьцярэгчы.

— Так, цiкава, — адказаў Дзяркач.

Ён выйшаў на двор. За бальшаком, ля школы чуваць былi дзiцячыя звонкiя галасы. Вiдаць, што дзецi кончылi заняткi. Вучыла iх старая Плясьневiчыха, удава нейкага польскага ўраднiка. Як вучыла! Даўно трэба было-б свайго настаўнiка, каб гэта недалуга дзяцей не калечыла.

37
{"b":"103053","o":1}