Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Людзi людзьмi. Напалоханыя, зьбянтэжаныя ценi па кутах. Спадзявалiся, што iх не зачэпяць, што ўдасца неяк наводля таго «нiхай хоць чорт пануiць, абы жыць можна было». I як можна так думаць, калi ўсё было ясна, адно трэба было ўмець бачыць?

Антось зноў абмацаў сваю зброю, быццам хацеў упэўнiцца, што ня зусiм-жа безабаронны, уздыхнуў, выпрастаўся ў пасьцелi, зiрнуў на Нiну. Яе грудзi агалiлiся, пярына спаўзла зь iх. Ды не яны цешылiся цяпер Антосевай увагай. Думкi нахлынулi хвалямi й часта не знаходзiлi канкрэтнага пункту апоры. Адчуваў, што нечага не дадумаў, нешта цi ня самае галоўнае асталося збоку. Была-ж у гэтай нярэальнасьцi й зьбянтэжанасьцi, недарэчнасьцi свая нейкая простая праўда. Ня можа быць, каб хiжакi запрудзiлi ўсе шчылiны, разбурылi ўсе грэблi i мiлiёнам безабаронных людзей адрэзалi шлях да ратунку. Пра якi выбар была мова?

Адчуваў Антось, што ён прыблiзiўся да разгадкi, да ўсьведамленьня нечага вялiкага й простага, што дало-б магчымасьць, зарганiзаваўшыся, сьцiснуць кулак i прыняць бой. Вось дзе сэнс — бой! Гэтта й будзе выхад. Антось затрывожыўся. Пра бой думаў-жа i раней. Дык што тут новага? А мусiць тое, што заўсёды плянаваў на аднаго сябе. Больш таго, ужо сёе-тое рабiў: сядзеў у Гараватцы, каб прыпiльнаваць таго бандзюгу, выкапаў пад хатай сховiшча, каб у выпадку патрэбы мець заднi ход. Ну й што? Скажам, калi-Шпунта цi яшчэ пару бандзюгаў удалося яму забiць, дык цi нагэтым канец? Прыйдуць iншыя, заб'юць, спаляць.

Балазе да канца прадумаць. Антось устаў, упоцемку памалу нацягнуў на ногi боты, накiнуў паўшубак, асьцярожна скрыпнуў дзьвярмi. Золкi вецер сьвежасьцю хлынуў у твар. Ромак ляжаў ля парогу. Ён мiгам устаў, тыцнуў Антосю ў руку сваю пысу. Антось гладзiў сабаку, прысеўшы на прызьбе.

— Ну памалу, ня трыся так.

Сабака быццам зразумеў, прылёг ля Антосевых ног. Холад умiг разьвеяў дрымоту, пасьвяжэла галава. Дзяркач ледзь разгледзiў грэбень дрэў у недалёкiм балоце, зiрнуў у бок Гацяў. Над станцыяй сьвятлела зарыва. Там, як заўсёды, жылi рухам i лязгатам чыгункi.

I раптам праясьнiлася ў галаве. Гэта-ж цi раз гаварылi з Падгайскiм пра патрэбу арганiзаваньня сваiх сiлаў. Немцы-ж дазволiлi нейкую самаахову, хоць ня вiдаць, каб надта там што наперад рухалася. Пачаткi, вiдаць, цяжкiя. Але варта больш разьведаць, спанукацць, каб найбольш свае зброю ў рукi бралi. Найважнейшае, каб камандзеры ня толькi добрыя й разумныя галовы мелi, але перадусiм каб сваей справе наскрозь адданыя й ахвярныя былi. Абавязкова. Галоўнае-ж, каб разам. Лягчэй выстаяць будзе.

Яшчэ падумаўшы, Антось пагладзiў сабаку й пайшоў у хату.

— А дзе-ж ты, Антоська, па начах ходзiш?

Нiна сядзела на ложку.

— Ды нiдзе надта. Во на двор выйшаў.

— Ня сьпiцца, цi што?

— Ня сьпiцца. Усякiя пранцы ў галаву лезуць.

— Гэта пра што?

— Ды пра гэту навалач. Знаеш…

27

У кухнi Падгайскага пад абажурам ярка гарэла электрычная лямпачка, а вокны былi суцэльна закрытыя цёмнымi занавескамi. За сьцяной дзесьцi стукаў аканiцай вецер. За сталом сядзеў Антось. Ён узяў да паловы рудой вадкасьцю налiтую аграномам шклянку.

— Выпi, Антось, адным глытком. Разагрэешся. Цябе, мусiць, добра вецер прабраў.

— Дзякую, — адказаў Падгайскаму Дзяркач. Выпiў, зморшчыўся. Шнапс прыемнай цяплынёй расплыўся па жываце.

— А ты ня вып'еш? — спытаўся Антось гаспадара.

— Ня буду. Калi ласка, закусвай, — падсунуў аграном Антосю накроенае на талерцы сала й прыемна пахнучыя кiслыя гуркi.

— Цябе нiхто па дарозе ня вiдзiў?

Антось зiрнуў Падгайскаму ў вочы, падумаў улажыў у рот кавалак адрэзанага гурка.

— А хто-ж мог вiдзiць? Полем iшоў. Знаеш, што вечарам цi ноччу хадзiць нiма як.

— Знаю.

— А чаму пытаешся?

— Таму, што лепi пацiхоньку… Каб вораг ня ведаў. Але можа пра гэта пасьля скажу. Хвалiся, што там у цябе.

— Нiчога, усё пастараму.

Падгайскi ўважна зiрнуў субяседнiку ў вочы, устаў з-за стала, прайшоўся па кухнi.

— Ты, Антось, гэтае самае, ня дуры галавы. Каб нiчога ня было, ты-б сядзеў дома, бяз прычыны ня швэндаўся-б.

Антось усьмiхнуўся.

— Старога ваўка, як кажуць, авечка нi правядзець. Знаеш, думаў я й думаў, а гэтыя думкi, каб iх пранцы, у сваiм сагрэтым кутку пасядзець нi даюць. Я гэта ўсё пра тое, што трэба рабiць, каб злажыўшы рукi нi сядзець. Знаеш, што вытвараецца.

Антось гаварыў паволi, упэўнены, што аграном цярплiва выслухае яго, а пасьля сваё скажа. Як умеў, апiсаў свае роздумы, аграмадную трывогу ня толькi за свой лёс. Падгайскi хадзiў па кухнi, церабiў валосы.

— Ты ўжо скончыў? — спытаў аграном занадта рэзка.

— А што? — зырка зiрнуў на яго, спасьцярогшы нецярплiвасьць гаспадара, Антось.

— Ды тое, што ты, братка, мусiць, забыўся. Таўклi мы раней гэты мак у ступе. Дый ня толькi таўклi, але й згадзiлiся, што няма чаго нашым па завугольлях хавацца, манны зь неба чакаць, а трэба за зброю брацца. Я табе ў палiцыю iсьцi сулiў, а ты адмовiўся. Сказаў мне, што ў чужую палiцыю ня пойдзеш. Воля твая. Рупiць табе ў сваё беларускае войска i ты, як вiджу, вiнавацiш нашых, каторыя дзе-небудзь там пры ўладзе, але нi стараюцца ў Немца дазволу, цi можа й дамагаюцца, але замала. Так цi не?

— Яно-ж так…

— Ты, Антось, ужо чуў, што нашы ў Менску ўжо даўно дамагаюцца й што нiбыта ёсьць нейкiя рэзультаты. Немцы дазволiлi самаахову зарганiзаваць, але нi так, як Беларусы хацелi. А нашы хацелi, каб паставiць на ногi тры добра ўзброеныя дывiзii, пад нашай камандай. А Немцы сказалi, што па акруговых гарадох можаце мець батальёны, а ў паветавых толькi роты. Дый то Немцы маюць iмi камандаваць, а нашыя афiцэры й падафiцэры на iхных паслугах быць. Што-ж гэта за войска беларускае? Дрэнь, братка. А апранаць i кармiць мае Беларуская Народная Самапомач, значыцца мы самi. Немцы зброю дадуць. Дык вось што сталася: у Мiнску закончыўся курс перашкаленьня афiцэраў i падафiцэраў самааховы. Было паўтары сотнi ўдзельнiкаў, ад былых царскiх прапаршчыкаў пачынаючы да калiшнiх польскiх падхаронжых, а гадамi ад дваццацi пяцi да шасьцiдзесяцi. Ну й што-ж? Кушаль Францiшак вёў той курс i сам выкладаў. Яму, ведама-ж, памагалi iншыя перадавыя нашыя Беларусы. Але, атрымаўшы ўсе патрэбныя веды пра новую зброю й беларускi вайсковы рэгулямiн, людзi разьехалiся па гарадох, пачалi арганiзаваць самаахову. I ўжо сабралi ахвотнiкаў, пачалi муштраваць, школiць падафiцэраў, ды што-ж, братка, людзi ў лапцёх, ботаў няма, вопраткi нi хапаiць, ды Немцы навет зброi нi далi. Нiкаторыя здабылi сабе старыя савецкiя ламачыны… Гэта, братка, ня войска, хоць у нашых ахвота ёсьцiка. Але прыгнечаныя. Баюся, калi не папаравiцца палажэньне, дык дамоў разьбягуцца. Вось табе й самаахова…

— Думаеш, што паправiцца?

— Трэба спадзявацца. Нiкаторыя цьвердзяць, што Немiц памякчэў, ужо нi разяваiць з крыкам ляпы, як раней. Бальшавiкi, вiдаць, яму ў азадак трошкi далi. А бандыты яму як пачнуць дапякаць, Немцу значыцца, дык зброю дасьць, ня дзе дзенiцца. Сам-жа на фронце i з бандытамi ня дасьць рады. Але калi тое што будзiць? Я ўсё казаў, - сам помнiш, — што трэба нашым было адразу ў палiцыю пхацца. Цяпер мы былi-б у сваiм доме гаспадарамi, а нi праклятыя Палякi.

— Ну а цi ёсьць самаахова ў Докшыцах цi ў Глыбокiм?

— Такая во лапцёжная, як я табе казаў. Што зь яе… Вып'еш яшчэ?

— Давай.

Падгайскi налiў Антосю й сабе. Выпiлi.

— Я то трывожуся, — працягваў аграном, — каб ня было для нас запозна нi таму, што заўтра цi пазаўтра бальшавiкi гэтых у Бэрлiн загоняць, а таму, каб нашых бальшавiцкiя й польскiя банды й гэтая басота з палiцыi нi перадушылi. Ты знаеш, што тутака ў Гацях гэта нечысьць рабiла. Але цi знаеш ты тое, што падобна адбываецца па ўсей Бiларусi? Я чуў, што ў Мiры паляч'ё, каторае гэта было на пасадах у дварох i маёнтках, дык цяперака абсадзiла нямецкую камандатуру. У даносах Немцу падалi сьпiскi нашых, каторых некалi судзiлi, знаеш, — людзi-ж судзiлiся й за зямлю й за што другое, — дык падалi Немцам сьпiскi, што судзiлi за камунiзм. Ну а Немiц, кумекаеш, пакуль там разабрацца, бабах i людзей нiма! Вось так Палякi масу нашых найлепшых людзей нямецкiмi рукамi вымардавалi. Пад арышт у Стоўбцах папаўся лейтэнант Чабатарэвiч, добры наш чалавек i надта цэнны, што вайсковы. Ён-жа пасьля не адны лапцi стаптаў, дамагаючыся ў Немцаў, каб дазволiлi самаахову нам арганiзаваць. I Кушалю ён пасьля многа памог. Значыцца, апроч гэтага Вiктара Чабатарэвiча, арыштаваны быў i Сабалеўскi, ранейшы пасол у польскi сойм. Многа iншых было пад арыштам, але гэтых нашым удалося выратаваць. А цi чуў ты, што польская банда напала на Жодзiшкi, гэта месца, што за Вялейкай? Выбiлi ня толькi Немцаў, але й цэлы беларускi актыў. А напад падрыхтавалi Палякi, каторыя служылi ў бiларускай палiцыi. Яны навет паказалi бандытам дзе ў якiх хатах жывуць нашыя актыўныя людзi. Мы тамака многа цэнных людзей страцiлi. Вось, братка, як паляч'ё робiць. Арганiзацыя ў iх, разьведка, акцыя!

58
{"b":"103053","o":1}