Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Вайсковыя патрулi на двухшляховай чыгунцы побач Лiтоўцаў ужо ўжылiся ў быт сялянаў, зрок звыкся зь iмi так, як прыкладна з гаравацкiм гiгантам Архiпам цi тымi сястрыцамi соснамi на могiльнiку. Бачыш вунь далекавата на чыгунцы дзьве постацi, шлёмамi завершаныя. Ледзь-ледзь рухаюцца роўнамерным крокам. Дый цi толькi днём. Лiтоўскiя даўно вымяркавалi навет, як часта патрулi праходзiлi. Ведама, што чыгунку сьцерагчы трэба. Ад каго? Гэта, ведама-ж, ваенная справа.

У вадну зiмовую ранiцу патруль наскочыў на нешта дагэтуль нябачанае. На ўсходнiм шляху знайшлi разьвiнчаныя й зрушаныя рэйкi. Зараз за паваротам, з лагодным нахiлам унiз, значыцца там, дзе машынiсту цяжка цi немагчыма ў час спасьцерагчы шкоду й затрымаць цягнiк. Патруль неадкладна заалярмаваў базу i ўдалося спынiць надыходзячы, наладаваны войскам i запасамi цягнiк, ухiлiць катастрофу. Пасьля направы, цягнiк спозьнена рушыў на ўсход, а мясцовыя ваенныя ўлады пачалi сьледзтва. Сьляды злачынцаў згубiлi на ўежджанай дарозе, а роспыты ў прылеглых да чыгункi хутарох i вёсках, у тым лiку i ў Лiтоўцах, нiчога не далi. Патрулi на чыгунцы ўзмоцнiлiся.

Iшоў час i цiшыню лясоў начамi пачалi трывожыць гукi матораў у небе. Зь «вялiкае зямлi» прывозiлi й ськiдалi апэргрупы спэцаў, iнструкцыi, зброю. У лясох пацясьнела ваўком, сарнам, ласём i зайцам. Банды арганiзавалiся й пачыналi выяўляць прэтэнсыi на ўладу, нападалi й нiшчылi мясцовую нiзавую беларускую адмiнiстрацыю, школы, зьдзеквалiся зь сялянаў, якiя супрацiўлялiся рабункам. I тады дайшла да Антося Дзеркача вестка пра Лявона Шпунта. Прынёс яе непаседлiвы Захарук. Кагадзе езьдзiў ён у Докшыцы, захапiўшы з сабой пару мяшкоў зярна на млын.

— Змалоў? — спытаў яго Антось, сустрэўшы на вулiцы.

— Ды дзе тамака… прывёз назад. Млын той для войска й нямчуры мелiць i фiгу ўлезiш. Трэба далей над жорнамi пацець. I я думаў, знаеш, Антось, трэба было-б нам да войта, каб як дзела з млынам папхнуць. Нiхай-бы яны, наша начальства значыць, зь iмi пагаварылi. Вайна вунь куды адсунулася, дык навошта-ж жорны круцiць? Падаткi ад нас бяруць, млыны забралi й сабе мелюць, дык чаму-ж нам ня могуць?

Гутарка адбылася на засьнежанай вулiцы сонечным днём. Бярозавым кiйком, па старой звычцы, Антось ёрзаў па выгладжанай палозьзем, зьзяючай сонцам, дарозе. Збоку ў сьнезе ляжала вялiкая галiна хвоi, згубленая некiм па дарозе зь лесу.

— Ды маглi-б, чэрцi, — адказаў Антось. Як правiла, трымаўся цяпер Антось з гэтым чалавекам асьцярожна, гаварыў у вабрэз, больш распытваў i слухаў. Часы няпэўныя. — Ну а што тамака ў Докшыцах чуваць?

— Эт, знаеш, калiсь гэта быў кiрмашны дзень, людзей, бывала, наедзiць поўна-паўнюсенька. Але нi цяпер. Сёй-той, па старой прывычцы, прыклыпаiць. От, знаеш, маю для цябе нешта цiкавае. Чуў, можа, дзе цяперака Лявон Шпунт?

Бярозавая палка спынiла пiсаць крывулi па спалазаваным сьнезе. Антось уважна зiрнуў Захаруку ў вочы.

— Лявон? А хто яго знаiць? Ты што чуў?

Захарук спачатку скруцiў папяросу, уважна абгледзiў яе з двух канцоў i паволi прыкурыў. На твары хiтрасьць. Зноў Антось надта добра той твар i гэту хiтрасьць i чакаў нечага важнага.

— Вiдзiў я з Тумiлавiчаў Янку Барабоську. Знаiш яго?

Блiжэйшыя вёскi, асаблiва iх моладзь, Антось ведаў нядрэнна. Далейшыя адлегласьцю Тумiлавiчы амаль ня ведаў.

— Ды не. Дзе тыя Тумiлавiчы! Нi знаю.

— Ну дык, гэтае самае, — зацягнуўся Захарук самасейкай, — дзядзьку гэтага я знаю вунь як даўно. А тут на Докшыцкiм рынку мы зь iм нос у нос стукнулiся. Значыцца, здароў, як жывеш, i разгаварылiся. А тады ён мне гэтак i кажыць: калi будзiш вiдзiць Антося Дзiркача, дык пiрадай яму прывет ад Лявона Шпунта й скажы, што лясьнiчоўка яму бокам вылiзiць. Так i скажы, кажыць мне гэтысамы Барабоська.

— Лясьнiчоўка бокам вылiзiць? — перапытаў Антось.

— Ага. Пiрадай, кажыць, Антосю Дзiркачу ад Лявона Шпунта й скажы, што лясьнiчоўка яму бокам вылiзiць. Што гэта значыць?

Антось маўчаў.

— Я тады, гэтае самае, пытаюся, а дзе-ж той Лявон Шпунт ёсьць цяперака. У партызанах, кажыць мне гэты самы Барабоська. А дзе-ж тыя партызаны? пытаюся. — У нас, а найболi дык туды ў бягомельскiх лясох, — кажыць ён мне.

— Дык яны да iх у вёску прыходзяць?

— Ды няўжо-ж… Павесiлi, кажыць, солтыса, разагналi школу, дзяўчат пагвалцiлi, а колька над людзьмi назьдзеквалiся! Аграбiлi, кажыць, цэлую вёску, так падчысьцiлi ўсё пабальшавiцку, зладзеi. Маладых каторых дык з сабою ў парцiзаны забiраюць. I кажыць мне гэтысамы Барабоська, што сам нi знаiць што рабiць, цi ў палiцыю, цi ў парцiзаны йсьцi. От i выбiрай!

Яшчэ шмат апавядаў Захарук пра нялюдзкасьць бальшавiцкiх бандытаў i мясцовага хламу, што пераказваў яму Барабоська. Антось слухаў дзядзьку вельмi ўважна. У ягоным уяўленьнi трываў вобраз: акрываўленыя чалавек пад нагамi на падлозе, недарэчнае шкляное вока ў ласiнай галаве i Янук побач iз стрэльбай.

— Дык што гэта такое? Чаму ён так казаў, што лясьнiчоўка табе бокам вылiзiць?

Антось паволi мацаў сваю чорную бародку, уважна зiрнуў на Захарука, але дзядзькi гэтага ня бачыў. Перад вачмi стаяў вобраз зь лясьнiчоўкi. Маўклiва рушыў дахаты.

— Што-ж гэта ня хочаш сказаць? Нешта скрываеш, цi што? — дамагаўся свайго Захарук.

— Мне нiма часу, — кiнуў пераз плячо Дзяркач.

20

Дзень сяньняшнi, сераду 25-га сакавiка, — ведаў Янук, прыгадваць будзе доўга. Вось неўзабаве, мо за якую гадзiну, узыйдзе ён на гэну рудую, што даўно па хварбе зажурылася, сцэну, стане перад гэтымi, цяпер гаманлiвымi, як пчолы ў вульлi вечарам, людзьмi ды прадэклямуе свой, не бяз поту напiсаны верш, прысьвечаны таму далёкаму гiстарычнаму здарэньню, што адбылося некалi ў Менску Беларускiм. Сотнi сялянскiх вачэй уп'юцца ў яго, спасьцерагуць кажны ягоны рух, а мiлiёны мурашак распаўзуцца па целе, ды цi не перасохне ў горле. Узварушыцца й некуды пасьпяшыць сваiм пампаваньнем сэрца, а ў скронi пачнуць татахкаць рытмiчныя малаточкi. Млосна. Памажы, Божа!

Што гэта раiў яму дырэктар Сабалеўскi, калi на школьным конкурсе, у якiм узялi ўдзел найвыдатнейшыя вучнi, каб напiсаць верш, прысьвечаны 25-му Сакавiку, узяў ён першае месца?

— Перад самым выступам, калi маеш выйсьцi на сцэну й асаблiва калi ўжо станеш тварам перад людзьмi, будзеш моцна хвалявацца. Усе хвалююцца перад выступамi, навет уежджаныя артысты й прамоўцы, каторыя ўжо многа практыкi знаюць. Я таксама, калi маю выступаць перад вялiкай аўдыторыяй, спакою не магу ўтрымаць… А каб не хвалявацца, дам табе добрую раду: зусiм ня думай пра тое, што маеш выступаць, а думай пра нешта табе мiлае, навет сьмешнае выпадак-абразок iз свайго жыцьця. Во гэтак…

Янук намагаўся пра нешта зусiм адменнае думаць, але яно, як на злосьць, уцякала й трацiлася ў тым страхоцьцi, што наступiць мела. А сьмешнага прыгадаць нiяк нельга. Побач сiдзела прыхарошаная, прыгожа зачэсаная румяненькая Дуня.

— Янучок, табе ня страшна? — шапнула яму на вуха.

— Лыткi дрыжаць, мурашкi па целе бегаюць, — перасалiў юнак.

Зiрнуў у ейныя блакiтныя, крыху прыжмураныя вочы, мусiць спадзяючыся там бадзёрасьць знайсьцi, але замiж яе ў дапытлiвых вачох-васiлькох спасьцярог ледзь заўважны цень трывогi. I блiзкасьць Дунiна ня спрыяла ўспакаеньню. Гэныя ўяўныя мурашкi цяпер, здаецца, iнвазiяй хлынулi на галаву. Вось-вось да самых мазгоў дабяруцца.

— А табе? — спытаў. Ледзь зварухнуўся перасохлы язык.

— I мне таксама, — кiўнула галавой дзяўчына.

Янук моцна ўздыхнуў. Недзе ззаду хтосьцi глумiў самасейку, бо нос едкi смурод трывожыў.

— Што табе! — хмыкнуў Янук. — Прачытаеш напiсанае, а ты-ж выдатна чытаеш. Абы адвага. От мне… Гэта-ж трэба свой верш казаць. А калi забудуся? Абсьмяюць.

Дуня мела вельмi ўрачыста прачытаць тэкст Акту 25-га Сакавiка. Яе выбралi, як найлепшую, пасьля чытаньня ў школе. А выступiць яна мае калi дабярэцца да таго ў сваiм дакладзе дырэктар.

Як гэта адважыцца? Дух займала. Нiколi-ж раней перад людзьмi, апроч вучняў у клясе, ня выступаў. А там на залi ў гэнай гушчы нагамi на падлозе шоргаючых i насамi сморгаючых сялян сядзеў недзе ззаду ягоны бацька, а ў iншым месцы й смаркуль Стась i ўжо дзяцюк Уладзiк, i брат Мiкола. Няхай адно запнецца, цi ня так добра скажа, дык ужо хто як хто, а Стась на ўсю глотку зарагоча.

39
{"b":"103053","o":1}