Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Заглянем мы ў 1569 годзе ў Люблiн, прыслухаемся да нарадаў лiтоўскiх, значыцца нашых i польскiх магнатаў i шляхты. Прасочым якiмi махiнацыямi, наўсуперак жаданьням нашых прадстаўнiкоў, Палякi ўбiлi першы цьвiк у дамавiну нашага нацыянальнага, незалежнага ад Польшчы, жыцьця, стварылi акт, званы Люблiнскай вунiяй, значыцца фактычна на векi вечныя прылучылi нашую бацькаўшчыну да Кароны. Трэба вам ведаць, што перад Люблiнскай было некалi падобных умоваў-вунiяў на працягу папярэдняга стагодзьдзя. Мэта Палякаў цалком праглынуць i спаланiзаваць нашу бацькаўшчыну. Нашыя кiруючыя магнаты такой вунii не жадалi. Аж па шматлiкiх спробах у Люблiне Палякi нарэшце асягнулi сваё. Прасочым далей, што рабiла польская палiтычная вярхушка, пабачым там гнiль i парахно, спасьцеражэм ненасытную прагавiтасьць i поўны маральны расклад пануючага там элемэнту. Убачым тыя катастрофы, што гэткiя гаспадары сьцягнулi на сябе й нашу краiну, доўгiя войны з Маскоўшчынай, зьнiшчальную швэдзкую навалу ды руiну вялiкага, багатага й магутнага гаспадарства.

— У гэны час, з багаславенства й пры помачы Ватыкану, польскiя Езуiты, быццам краты, тачылi беларускую душу. Са сваiх касьцёлаў, манастыроў i школаў пачалi яны запраўдную афэнзыву. Першая iх мэта — апанаваньне вялiкiх беларускiх магнацкiх родаў. Пад такiм заядлым напорам нашыя магнаты прыймалi чужую, значыцца каталiцкую веру, пакiдалi свой народ. Яны сталiся тымi, пра якiх пазьней ведамы кашталян Мялешка сказаў, што «костка наша, але чужым мясам абрасла й ваняе».

— Мы далей пабачым, як безгаловая польская палiтыка прынесла для нашай бацькаўшчыны катастрафальныя вынiкi. У другой палове васемнаццатага стагодзьдзя Рэчпаспалiтую падзялiлi суседзi — Прусы, Аўстрыя й Расея. Запраўды, у гiсторыi народаў гэта рэдкi выпадак, каб безгалоўе й безгаспадарлiвасьць кiраўнiкоў зруйнавалi ўсю сваю дзяржаву, а разам з тым i нашу бацькаўшчыну Лiтву ў пропасьць маскоўскае няволi пацягнулi.

— Уважна прыгледзiмся, як маскоўскiя вяльможы, салдаччына i ўраднiкi, з волi насамперш Кацярыны Другой, а пасьля iншых цароў як п'яўкi ўсысалiся ў мякаць беларускую, пачалi пiць жывыя сокi нашага цела, рабаваць народныя й прыватныя скарбы нашыя. Моладзь гналi ў маскалi этапамi на Сiбiр, дома-ж сялян упраглi ў ярмо зьдзеклiвага й бязвыхаднага прыгону. Пабачым, як народ наш нi раз паўставаў супраць Расеi, стараўся вярнуць зрабаванае маскалямi. Кстусь Калiноўскi, наш выдатны нацыянальны правадыр-рэвалюцыянер, падняў супраць Маскоўшчыны вялiкiя народныя масы ў паўстаньнi 1863-га году. Залатымi лiтарамi ўпiсаныя ў гiсторыю нашу словы Калiноўскага зь ягона «лiсту спад шыбенiцы»:

«Ваюй, народзе, за сваё чалавечае й народнае права, за сваю веру, за зямлю родную. Бо я табе спад шыбенiцы кажу, народзе, што тады толькi зажывеш шчасьлiва, калi над табой маскаля ўжо ня будзе».

— Мэтэорам праляцеў Кастусь Калiноўскi празь беларускае, завалочанае маскоўскiмi хмарамi неба, паказаў нам шлях да волi. Але паядынак быў надта няроўны, бо маскоўскiя сiлы празь меру вялiкiя. Сам гэрой меў усяго 26 год, калi павесiлi яго ў 1864-ым годзе на Лукiскiм пляцы ў Вiльнi.

Сабалеўскi гаварыў з выразнай насалодай, iнтанацыйна падчыркiваў словы й цэлыя сказы. Цьвёрда-мiлагучны нiзкi бас вызначаўся аўтарытэтнасьцю й фiнальнасьцю, якую звычайныя слухачы рэдка калi адважацца аспрэчваць. Настаўнiк вандраваў перад лаўкамi, часта з-над акуляраў пазiраў на вуйняў, спыняўся перад вакном i задумана стаяў па некалькi часiн. Выняў зь кiшэнi настаку, выцер шырокi, блiскучы лоб, паправiў акуляры. Зачараваная ягоным дарам мовы, зьдзiўленая зусiм iншым насьвятленьнем некаторых гiстарычных фактаў, чымся рабiлi некалi акупанты, кляса застыла ў задуме.

— Спынiмся над працэсамi беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня. Пазнаёмiмся з Дунiным-Марцiнкевiчам, што ўжо ў палове дзевятнаццатага стагодзьдзя шмат пiсаў пабеларуску. Пачуем голасны клiч бацькi беларускага адраджэньня Францiшка Багушэвiча: «Не пакiдайце мовы роднай, беларускай, каб ня ўмерлi!». Паўсталая ў Вiльнi ў 1906-ым годзе беларуская газэта «Наша Нiва» клiкала народ да асьветы, баранiла ягоных нацыянальных i сацыяльных iнтарэсаў. На яе старонках чытаем першыя творы будучых волатаў лiтаратуры: Янкi Купалы, Якуба Коласа, Максiма Багдановiча й цэлага шэрагу iншых.

— У сваiм вершы Янка Купала, ведамы як беларускi народны прарок i правадыр, заклiкае:

«На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход

Iдзi аграблены, закованы народ!»

Галадаўшаму доўгi час нельга, да ежы дабраўшыся, аб'ядацца, бо страўнiк ня справiцца. Прагавiтым ведаў пра сваё й роднае вучням нельга было адразу зашмат даваць. Раптоўная лявiна вестак з вуснаў таленавiтага настаўнiка магла быць няперадуманай, астацца няпераваранай. Яна ашаламляла сваей праўдзiвасьцю, эмацыянальна ўзбуджала кволыя маладыя сэрцы.

Сабалеўскi затрымаўся пасярод клясы, доўга i ўпорна глядзеў на зьзяючыя вочы й твары.

— Ведаю, дарагiя мае. Тое, пра што я тут сягоньня так павярхоўна гаварыў, ёсьць для бальшынi з вас неспадзеўкай. Дзiва няма, калi некаторыя з вас проста ашаломленыя.

Перад вучнямi цяпер стаяў ласкавы, дбайлiвы бацька. Ён усьмiхаўся, быццам па галоўках iх гладзiў.

— Гэта зусiм натуральна. Некалькi хвiлiн таму назад, — настаўнiк выцягнуў зь кiшэнi сярэбраны гадзiньнiк «цыбулiну», адкрыў яго, уважна паглядзеў на стрэлкi, некаторыя з вас рагаталi з таго, што ёсьць гiсторыя Беларусi, гiсторыя не як прадмет, так сказаць, а запраўдная. Я наўмысна ўзяў вас за руку й паказаў некаторыя мамэнты з машай слаўнай тысячагадовай прошласьцi. Самi бачыце, што нiва гэта прасторная й па ёй мы пастараемся прайсьцiся як дбайлiвы й руплiвы гаспадар. Але вы ўжо, здаецца, уявiлi, што Беларусь была вялiкая, змагарная i слаўная. Змагарная, непакорная й нязломная яна й асталася.

— Да прадмету гiсторыi раю вам адносiцца з найбольшай сур'ёзнасьцю. Вывучаючы факты ў iх праўдзiвым, нашым, беларускiм асьвятленьнi, паволi адчыняцца вашыя вочы. Ня толькi пазнаеце адкуль мы прыйшлi, хто мы ёсьць i куды, мусiць, iсьцi,але настолькi пабагацееце духова, што стане ў вас сiлаў для тэй далейшай i нялёгкай дарогi. Пазнаньне сваей прошласьцi ўзбагачае ўсiх нас разам i кажнага паасобку. Параўнальна гаворачы, наш рост у няволi пад чужым ярмом можна ўявiць як вэгэтацыю кволае расьлiны дзесь у глухой засенi або змроку. Тая-ж самая расьлiна, няхай i кволая, узбуйнее й налiецца сокамi, набрыняе, успышнее, умацуецца ўсiмi сваймi клеткамi калi толькi даць ёй даволi сонца й добры корм. У даным выпадку сонцам для нас ёсьць воля й праўдзiвае асьвятленьне нашае прошласьцi дый прошласьцi нашых суседзяў, што нас сiлаю, глумам i маною ў ярме й галечы трымалi.

— Я спадзяюся, што вы будзеце сур'ёзна адносiцца да прадмету гiсрорыi яшчэ й таму, бо патрабуе гэтага цяперашнi час, так сказаць гiсторыя, што на нашых вачох творыцца. Я-б устрымаўся ад спасьцярогаў адносна цяперашняе сытуацыi беларускага народу, у тым лiку й кажнага з нас, калi-б ня лiчыў гэта абсалютна неабходным. Бачыце ня зьбiраюся прадказаць будучынi, адно можна з пэўнасьцю ўжо цяпер сьцьвердзiць, а гэта тое, што завiруха, даруйце, магчыма ўжываю занадта клагоднае слова, — значыцца, што завiруха будзе патрабаваць шмат ахвяраў, пралiецца многа крывi, у тым лiку й нашай. Мейце на ўвазе, памятайце адно, што чужнiкi, якiя цяпер ёсьць на нашай зямлi, якiя валодаюць зброяй, ня будуць нас пытацца, што рабiць маюць, ня будуць нас па галоўках гладзiць, а пэўне зусiм наадварот…

Апошнi сказ Сабалеўскi вымавiў наўмысна павольна, нiзкiм, сур'ёзным, здавалася, што прарочым голасам. Спынiўся й доўга прыглядаўся юнацкiм тварам перазь верх акуляраў. Цi хацеў перадаць нясказанае?

— З гэтага выснаў, - зноў пачаў, ходзячы паволi, настаўнiк, — што нам трэба за сваiх, значыцца адзiн за аднаго пастаяць, падтрымаць адзiн другога, самiм сабе памагаць. Параўнайце сытуацыю да пажару вялiкае вёскi, дый не абавязкова ў ветраны дзень. Калi адна хата загарыцца, усё, што жывое, сьпяшыць тушыць яе. Тут дзеiць можа ня так звычайная людзкая даброць, як патрэба самазахаваньня. Практычна й проста справа зводзiцца да таго, што калi вяскоўцы не патушаць агня, што жарэ тую першую хату, дык ён зь ветрам цi безь яго можа перакiнуцца на далейшыя гасподы цi будынкi й зглумiць усю вёску. Зразумела? Гарыць маё, а ты будзеш разiнькай цi зь iншых прычынаў не паможаш тушыць, дык можа й тваё згарэць. Выбару тут няма.

24
{"b":"103053","o":1}