Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Дзьверы адчынiлiся. Энэргiчным крокам у клясу ўвайшоў лысы, як калена, пуцаты ў твары, сярэдняга росту, у акулярах чалавек, апрануты ў даматканую сьвiтку, сiнiя порткi, напушчаныя на рудыя боты. Чалавек затрымаўся, зiрнуў на вучняў паўз верх рамы акуляраў, падняў уверх правую руку й голасным, цьвёрдым, амаль энтузiястычным голасам скажаў:

— Жыве Беларусь!

У агульнай маўклiнi пачулася хiхiканьне. Зь няўцямнасьцю зiрнуў на Янука двуродны брат Уладзiмер. Чалавек у даматканай сьвiтцы падыйшоў да стала й, пiльна ўглядаючыся ў вучняў, сказаў:

— Сядайце. Жыве Беларусь! Кажны дзень вы будзеце чуць такое прывiтаньне, замiж «добры дзень» ад настаўнiкаў сваiх. Ваш адказ — жыве! Я кажу: жыве Беларусь, а вы адказываеце — жыве! Зразумела?

Выразны, павольны, цьвёрды, зраўнаважаны голас. Паважны, зь ледзь заўважнай лагоднасьцю, твар.

— Прашу ўстаць!

Заскрыпелi лаўкi.

— Жыве Беларусь! — голасна i ўрачыста, выцягнуўшы наперад, на ўзровень iлба, даланёй унiз, правую руку, сказаў чалавек у даматканайа сьвiтцы. Пару вялых галасоў адказала — жыве!

— Ня чую!

— Жыве!

— Яшчэ мацней!

— Жыве!

— Сядайце!

Чалавек роўнамерным вайсковым крокам падыйшоў да вакна й спынiўся. Кляса сiдзела, быццам спаралiжаваная, а ён доўга пазiраў праз вакно. Па чыгунцы звольненым тэмпам кацiўся даўгi ланцуг плярформаў з панакрыванымi брызентам танкамi, гарматамi, грузавымi аўтамашынамi. Чалавек адыйшоў ад вакна, пачаў спацыраваць перад фронтам лавак.

— Тут на пярэдняй сьцяне, — кiўнуў галавой у бок сьцяны, — наш нацыянальны гэрб пагоня павiнен павiнен вiсець побач Гiтлера, а ня нiжэй яго. Няхай старшыня клясы падбае пра гэта.

Настаўнiк памаўчаў.

— Называюся Антон Сабалеўскi й буду выкладаць у вас гiсторыю Беларусi.

Настаўнiк уважна разглядаў твары вучняў, быццам запярэчаньня чакаў.

— Вы, калi будзеце да мяне зьвяртацца, то называйце мяне «спадар настаўнiк». Слова спадар адпавядае польскаму пан цi расейскаму гаспадзiн. Зразумела?

Усё гэта было надзвычайна новае. Вучнi пiльна слухалi.

— Ведаю, ведаю, — прадаўжаў Сабалеўскi, — што ў некаторых галовах вашых проста не зьмяшчаюцца побач сябе гэтыя два словы — гiсторыя Беларусi. Ад няпамятных часоў чужнiкi казалi нам, што мы не народ, што нiколi й нiчога ня мелi, што мусiм толькi на iх працаваць. I зусем зразумела: калi мы не народ, дык якая-ж тады ў нас гiсторыя… Але паслухайце, што сказаў вялiкi наш паэт Алесь Гарун:

А даўней Беларус непадданы

Гаспадарыў, быў сам над сабою,

I далёка у сьвеце быў знаны

За Лiтоўскай i Ляскай зямлёю.

Так яно й было. Беларусы самi на сваiх землях гаспадарылi. Спачатку мелi вялiкае Полацкае Княства, ды iншыя, а потым ужо й сваю магутную дзяржаву — Вялiкае Княства Лiтоўскае. Чужынцы, бязумоўна, ня толькi што скрывалi ад нас нашае слаўнае мiнулае, але калi гаварылi пра нас наагул дык толькi дзеля таго, каб нам, малаадукаваным, сваей мiнуўшчыны нясьведамым, убiць у галаву, што яны нам заўсёды дабро прыносiлi, што яны намi старанна апякавалiся, адзiн ад другога вызвалялi ды пра нашае дабро дбалi. Так, вызвалялi, апеквалiся…

У голасе Сабалеўскага пачуўся выразны сарказм.

— I вось, дарагiя мае, — пачаў, роўнамерным крокам ходзячы перад лаўкамi Сабалеўскi, — нам абавязкова трэба пазнаць, хто-ж мы ёсьць. Цi мы запраўды «хамы» й парабкi, нiжэйшыя iстоты, гной для росту чужынцаў, рабы паслухмяныя без нацыянальнае прошласьцi, свайго собскага «я», цi, наадварот, — мы — стары ў гiсторыi, слаўны народ, зь вялiкай i пакутлiвай, цяжка пройдзенай дарогай, са старой i багатай культурай, слаўнымi традыцыямi, але часова чужой брутальнай сiлай на каленi пастаўленыя, але не заламалiся яшчэ таму, бо ня гледячы на ўсялякае лiха, годнымi й непакорнымi ў сваiх душах i сэрцах засталiся. Так…

Вандруючы перад лаўкамi, Сабалеўскi схiлiў чало й перазь верх акуляраў уважна зрокам абвёў клясу. Хiхiканьне даўно прапала. На яго пазiралi сур'ёзныя, зацiкаўленыя, задуманыя юначыя твары.

— Нам трэба пазнаць, хто мы такiя, бо, — як сказаў нi раз i нi адзiн фiлёзаф, — каб ведаць куды йсьцi маеш, даведайся спачатку адкуль ты i як прыйшоў. I таму, дарагiя мае, мы й даведаемся адкуль прыйшоў наш народ. Супольна павандруем у далёкую мiнуўшчыну i адтуль, ад карэньня, праверым зь якое глебы расьце нашае нацыянальнае дрэва. А падарозе, вандруючы, правяраючы, распытваючы, параўноўваць будзем праўдзiвыя гiстарычныя факты iз тымi, што ўбiвалi нам у галаву чужынцы. Толькi тады, шляхам праверкi й параўнаньня, мы нашу родную, дарагую нам, праўду знойдзем.

— Такiм чынам перш за ўсё даведаемся, што з асноўных трох плямёнаў, Крывiчоў, Дрыгавiчоў i Радзiмiчаў, злажыўся на працягу стагодзьдзяў наш народ i што першым нашым магутным гаспадарствам было Полацкае Княства, з калыскай нашай дзяржавы ў недалёкiм ад нас i слаўным горадзе Полацку. Пазнаем мы падарозе князёў полацкiх ды вялiкую жанчыну, слаўную палачанку, асьветнiцу й патронку Беларусi, сьвятую Афрасiньню Полацкую.

— Мы заглянем у Наваградак, стары й ведамы горад у цэнтры нашае зямлi й першую сталiцу Вялiкага Княства Лiтоўскага. У ходзе навукi пра Вялiкае Княства Лiтоўскае мы пазнаем, — што Лiцьвiны цi Лiтоўцы гэта i ёсьць мы, пазьней чужнiкамi Беларусамi празваныя, а ня тыя каторыя сяньня сябе Лiтоўцамi, а краiну сваю Лiтвой называюць. Яны былi й ёсьць Жмудзiны, Жамойцы, а паiхнаму — Жэмайцiсы. Такiмi былi яны ад веку, а назоў наш гiстарычны — Лiтва, прысабечылi сабе зусiм нядаўна, а гэта пасьля таго, як народ наш страцiў сваю незалежную дзяржаву ў 1919-ым годзе.

— Павандруем мы пасьля ў сталiчнае, старое беларускае места Вiльню, заглянем на княскi двор, пачуем на двары Вялiкага Князя й iншых лiтоўскiх магнатаў беларускую мову. Зацiкавiмся мы польскiмi панамi й ксяндзамi ды iхнымi дзяржаўнымi мужамi, якiя выдалi сваю Ядвiгу за нашага Ягайлу й пасадзiлi яго на свой пасад у Кракаве толькi таму, каб пасьля выцягнуць сваю сквапную руку ня толькi па нашыя землi й багацьцi, але — што найважнейшае, па нашы сэрцы й душы.

— Падарозе пачуем вялiкi розгалас бiтвы пад Грунвальдам, дзе Крыжацкi Ордэн выступiў сваiмi мячамi супраць вояў супольнае армii Лiтвы й Кароны. Наўсуперак цьверджаньня гiсторыкаў Польшчы, што для сваiх мэтаў схвальшавалi факты, мы ўбачым, што галоўным камандзерам армiяў з нашага боку быў не кароль Ягайла, што iз сваiм дваром сядзеў ззаду. Бiтвай кiраваў наш вялiкi й слаўны князь Вiтаўт. I ў крытычную хвiлiну, калi трэба было ня толькi маланкава думаць i стратэгiчна цi тактычна плянаваць, але й вояў адпаведных мець, тады Вiтаўт кiнуў у бой Беларусаў Смаленшчыны. Гэтак наш Вялiкi Князь i нашы з крывi й косьцi браты са Смаленшчыны перамаглi Крыжаносцаў, выратавалi Лiтву й Карону ды на стагодзьдзi затрымалi нямецкую пагрозу. Гэтага, са зразумелых прычынаў, не казалi нам польскiя гiсторыкi. Факты яны схвальшавалi, а славу, што нам належылася, сабе забралi.

— Заглянем мы з вамi i ў Прагу, цяперашнюю сталiцу Чэхаславаччыны, дзе наш слаўны доктар Франьцiшак Скарына, сын Лукаша «са слаўнага места Полацку» ўжо ў 1517 годзе выдаў i сам надрукаваў першую кнiгу бiблii старой беларускай мовай. Скарына, такiм чынам на цэлага паўстагодзьдзя апярэдзiў у друку сваей мовы iншых усходнiх Славянаў, перадусiм Маскалёў. Ён-жа ўжо ў 1525 годзе залажыў першую друкарню на роднай зямлi ў Вiльнi. А хiба-ж ня трэба вам гаварыць, што ў той час друкаваная кнiга азначала вялiкi крок поступу асьветы для народу. Далей даведаемся, падарожнiчаючы ў мiнулым, што наша бацькаўшчына, вялiкая тады й магутная Лiтва, мела свае, пiсаныя ў роднай мове правы, i ўжо ў 1529 годзе быў прыняты для ўжытку зборнiк гэных правоў. Называўся ён Статутам Вялiкага Княства Лiтоўскага i быў адным зь першых кодэксаў правоў у тагачаснай Эўропе.

— Гэну пару, асаблiва шаснаццатае стагодзьдзе, называюць некаторыя залатым векам беларускай культуры. З пашырэньнем друку, — а неўзабаве, пасьля Скарынавай у Вiльнi, паўстала ў Беларусi яшчэ некалькi друкарняў, друкаваная кнiга сталася даступнай многiм людзям, што раней аб пiсанай кнiзе й марыць не маглi. Пашыралася асьвета, разьвiвалася культура. У Беларусь пачалi пранiкаць рэфармацыйныя iдэi з Захаду. Яны йшлi праз Польшчу. Самай Польшчы, зразумела, залежала, каб апанаваць нашу бацькаўшчыну. Рабiлася гэта галоўна праз рэлiгiю й асьвету, больш канкрэтна праз каталiцкi ордэн Езуiтаў. Пра гэта мы будзем разважаць даволi падробна.

23
{"b":"103053","o":1}