Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Прыпадкова сустрэўшы ў Гацях Антося, у скупых словах пераказаў, што на сэрцы накiпела.

— Як-бы гэта, каб з табой разам?

Антось задумаўся. Набiраць людзей у палiцыю перасталi, вiдаць, аж да новых стратаў.

— Ты знаеш што? — казаў ён Максiму. — Я маю такi плян… Калi нам гэта ўдасца, дык Левандоўскi й Немцы нiдзе нi дзенуцца, возьмуць цябе. У вас часта гэтыя басякi зь лесу бываюць?

— Часьценька.

Антось у агульных рысах пераказаў Максiму свае намеры.

Гэтак неўзабаве пасьля гэтага, калi Максiм двума вёдрамi на каромыслах насiў ваду ў лазьню, адазвалася цiкавая суседка:

— А чаму-ж ты, Максiмка, лазьню тапiць надумаўся? Што гэта, якое вялiкае сьвята, цi што?

— А чаму-ж i не, Настачка? Ды я-б можа й нi рабiў, сама знаiш, адно пiрад сьвятам, алi-ж госьць папрасiў.

— Дык у цябе й госьць маiць быць?

— А як-жа…

— А хто-ж такi, калi можна ведаць?

— Ну Настачка, скажы табе дык ты па ўсей вёсцы разьнясеш-раструбiш.

— Ды што ты, што ты, Максiмка, нiкому я нi скажу, вер мне.

— Нiкому анi гу-гу?

— Дальбог, каб я з гэтага месца нi сыйшла, от бажуся.

Баравiк, ведама-ж, «пад вялiкiм сакрэтам», назваў прозьвiшча свайго гасьця й яшчэ раз прасiў Настачку, каб нiкому нi казала. Цяпер быў упэўнены, што жанчына вестку неадкладна па языках пусьцiць. А лес мае свае вушы.

Антосю давялося нялёгка, пакуль пераканаў Левандоўскага. Той ар'ентаваўся ў ваколiцы куды Дзяркач выбiраўся, яму даўно карцiла пастрашыць там бандытаў, паказаць i Немцам, што ён ня страцiў iнiцыятывы. Усё-ж ён ня бачыў нiякага сэнсу высылаць туды аднаго чалавека й намаўляў Антося, каб узяў з сабой пару памочнiкаў. Калi-ж той тлумачыў, што знайдзе мясцовую помач, камандант махнуў рукой:

— Едзь! Калi правалiшся, мяне ня вiнаваць.

Далёка да зьмярканьня, пад'яжджаючы ў развалках да Ластавiчаў, апрануты ў цывiльнае, Дзяркач трымаў зыркае вока на кажным прыдарожным аб'екце. Што, калi засаду зробяць? Антось даўно перастаў баяцца й турбавацца. Пасьля таго, што перажыў i перад тым, што мела надыйсьцi, — а ўжо добра вiдаць было ў якi бок хiлiлася вайна, — чаго там многа разважаць… Абыякавасьць брала сваё, хоць рэзагнацыя ў змаганьнi яшчэ не наступiла й далёка-далёка было да апатыi. Дзяркач нiчога iз свайго духоўнага стану, вiдаць, не патрапiў-бы вытлуначыць, як казаў, моднымi словамi. Думаў простымi катэгорыямi. А цяпер галоўнае, каб не зрабiлi засады. Пакуль ён iх, каб не яны яго. Чамусьцi быў упэўнены, што працiўнiка разгадаў.

Пакуль не разрабавалi яе «вызвольнiкi» дый самога ледзь не замардавалi, гаспадарка Максiма Баравiка была аднэй зь лепшых у вёсцы. Хата, iншыя будынкi — на зайздрасьць суседзям. А зухаватая з выгляду лазьня, собскiмi Максiмавымi рукамi пабудаваная, вясёла вызiрала з грамады вольхаў на аселiцы, воддаль ад хаты.

Ужо зусiм цямнела, калi мужчыны, у бурках, з ручнiкамi й бялiзнай пад пахамi, паволi накiравалiся ў лазьню. У сенцах запалiлi лiхтар. Антось павесiў на круку на сьцяне асобна прынесены палiцыйны мундзiр, шапку. У куце на лаву палажылi бялiзну, на падлогу паставiлi захоплены Максiмам стары абутак. Каб усё выглядала, што людзi распранулiся й пайшлi хвастацца-парыцца. Антось даў Максiму стрэльбу, якую той узяўся заладоўваць, а сам выцягнуў зь кiшэнi буркi дзьве гранаты, а з запазухi нож, якому прыгледзеўся зь пяшчотай, пагладзiў лязо. Адчынiлi дзьверы ў лазьню й Максiм лiнуў на каменную печ пару чарпакоў вады. Пара бухнула ўверх пад столь i ўдарыла ў твары сяброў.

— А знаеш, тады добра было-б папарыцца. Як думаеш? — сказаў Максiм.

— Мусiць нам болi ня прыйдзецца ў тваей лазьнi.

Спад страхi на двор. з сыкам ад нагрэтых каменьняў, валiлi клубы пары. Максiм паставiў лiхтар у лазьнi на лаве. Мужчыны вызiрнулi на двор праз прыадчыненыя дзьверы. Дзесьцi брахалi сабакi. У некаторых хатах млявым сьвятлом замагалiся зь цемрай каганцы. Вёска прытаiлася, устрымала дыханьне, чакала. I Антось меў ураджаньне, што сочаць iх дзясяткi вачэй.

— Ты, Максiм, дзяржыся кута. Я буду тут напроцi дзьвярэй. Калi яны акружаць лазьню, цяжэй будзiць iх узяць. Адным словам, глядзi на мяне й нi зявай. Кумекаеш?

— Кумекаю.

Самi ў шэрых бурках, пэўныя, што калi-б i сачыла здалёку пiльнае вока дык цяжка iх убачыць, хутка кульнулiся празь дзьверы ў сьнег i папаўзьлi ў алешнiк. Замянiўшыся цяпер у максымальную пiльнасьць, Антось лёг на жываце за здаравенным, што выставаў з гурбы сьнегу, каранём вольхi. Максiм пайшоў направа ад яго i крокаў пятнаццаць воддаль прытаiўся за камлямi й галiнамi густых вольхаў.

Чакаць давялося нядоўга. Антось пасьля зьдзiвiўся, як мог так правiльна ўсё разьлiчыць. Ажно павертыць цяжка было. Тройка паказалася зь кiрунку тае самае суседкi, якой Максiм пра «гасьця» пад «сакрэтам» расказаў. Прыгнуўшыся валюхалiся па сьнезе. Упоцемку ў меру iх прыблiжэньня, можна было iх разгледзець адно з большага. Адзiн зь iх, цi не правадыр, у нечым наводля фуфайкi, трымаў правай рукой наперавес праз плячо аўтамат, iншыя — стрэльбы. Намагаючыся разгадаць iх i iхную тактыку лiквiдацыi гаспадара й «госьця», Антось яшчэ раз праверыў сваю зброю — нож, наган i гранаты. Ён зiрнуў туды, дзе скрыўся Максiм. Нiчога, што паказвала-б там на прысутнасьць чалавека, ня вiдаць было.

Трапiўшы на ўтоптаную Баравiком сьцежку, людзi цяпер яшчэ больш прыгнулiся. Прыблiжалiся борздым крокам. Ужо можна было iх добра разгледзець, але Антося цяпер перасталi цiкавiць твары. Чалавек з аўтаматам махнуў аднаму спадарожнiку рукой i той падаўся наперад, да кута лазьнi, блiжэй да засеўшага там Баравiка. Апошнiя два станулi па двух бакох дзьвярэй, прыслухоўвалiся. Паволi, аж занадта паволi цяклi часiны. Антось ведаў, што ад наступнага iхнага кроку шмат залежыць. Калi-б меў з сабой ручны кулямёт, мог-бы й цяпер пачынаць. Скажам, вось хоць-бы й такi, як гэны бандыт мае. Запраўды, цi не нямецкi, трафейны гэта? Антось ацанiў свае й Баравiковы шансы на перамогу: вельмi малыя. А гэтыя, пiльна наставiўшы вушы, прыслухоўвалiся. I маўчалi. Баялiся, вiдаць, каб iх не пачулi. Усё залежала ад iх наступнага кроку. I важна яшчэ тое, што зробiць Максiм, калi трэба змагацца.

Чалавек з аўтаматам насамперш, а пасьля ягоны спадарожнiк прыселi перад парогам у лазьню й першы паказаў другому кiўком галавы ў сярэдзiну. Той мiгам, адчынiўшы дзьверы, кульнуўся пераз парог. Чалавек з аўтаматам зiрнуў навокал, — цяпер Антось мог лепш разгледзець ягоны аброслы чорнай шчацiнай, шырокi твар, — паказаў таму трэцяму, апiсаўшы рукой паўкольле ў паветры, каб, мусiць, сачыў за ўсiм навокал i сам перакулiўся праз парог. Антось наўмысна зачынiў на клямку дзьверы зь сенцаў у лазьню, каб, ведама, пара не ўцякала, дый магчыма прадугледзеў тое, што цяпер адбывалася. Ведаў, што неўзабаве трэба пачынаць, пакуль тыя, асьцярожныя, паслухаюць, а пасьля агледзяцца, што ў лазьнi нiкога няма. Трэба было мяркаваць, што гранатамi яны не пачнуць раськiдацца, бо, пэўне-ж, ня маюць iх уволю, дык аставалася iншая магчымасьць. Трэба было неадкладна дзеяць.

Бандыт, што стаяў ля кута лазьнi, насамперш абвёў позiркам вакол сябе, а цяпер глядзеў недзе ў бок аселiцы. Хутка ськiнуўшы зь сябе бурку, Антось маланкай выхапiў нош, стануў на поўны рост i кiнуў нож у плечы вартавога. Зараз-жа з з правага боку бабахнула стрэльба. Антось кiнуўся да дзьвярэй лазьнi, пацягнуў шнур у гранаце, кiнуў яе ў сенцы лазьнi й як мага стараўся адкацiцца ад парогу. Ля кута, дзе стаяў вартавы, мiльганула фiгура. Гэта Максiм.

— Кладзiся! — крыкнуў Дзяркач.

Гучны выбух страсануў лазьняй i паветрам. Але Антось, заўсёды апанаваны, ужо трымаў напагатове свой наган. Зь сярэдзiны пачулiся стогны. Прайшло колькi часiнаў. Праз парог карабкаўся чалавек. Дзяркач выстралiў раз, тут-жа бабахнуў стрэльбай Максiм. Полымя асьвятлiла нутро сенцаў. Антось хутка падбег да дзьвярэй, нагой стукнуў ужо няжывога бандыта. Той перакулiўся, раськiнуўшы рукi, пераз парог. I гэтта-ж пад iм Антось спасьцярог у проблiсках полымя ручны кулямёт. Ён адапхнуў трупа, выхапiў аўтамат i крыкнуў Максiму:

70
{"b":"103053","o":1}