Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Пытаешся, пры чым тут выпiўка зь дзiравым шляхцiцам. Зараз увiдзiш, злосна скрывiўся Антось. — Гэта мне Кастусь Падгайскi расказваў, што гэты самы дзiравы шляхцiц да гэнай разбойнiцкай шайкi паляч'я належыць. А цi ты ведаеш, цi кумекаiш, што гэта за банда?

Янук ня ведаў, што на гэта адказаць. Бярозавая палка зноў пачала заўзята бiць па смаляку. Адчуваў юнак, што яшчэ найважнейшае ня было сказана, што яно наперадзе. I ажно баяўся, дрэннае прадчуваў.

— Аказваецца, што яны маюць зьвязь зь лёнданскiм урадам польскiм. А ўрад той, як вiдаць, галоце гэтай загадваiць як i што рабiць. Ты чуў такое? Галота наша маiць i iншыя зьвязi добрыя: людзi на паяздах машынiстамi й на зялезнай дарозе працуюць, дык празь iх зьвязаныя зь Вiльняй, Варшавай, а тамака з Варшавы ўжо яны неяк зь Лёнданам кантакт дзiржаць. Ды гэтыя-ж панкi, што ад бальшавiкоў i Немцаў за гранiцу паўцякалi, дык яны нашую зямлю сваей лiчаць. Дык тыя панкi й зрабiлi такую арганiзацыю, у iх кантакты й грошы. Пачынаючы во ад гэтай пiрды курвы Марыськi Закшэўскай, што пры самым каманданьце нямецкай i чорнай палiцыi ў Гацях прымасьцiлася, ды шпрэхаiць… Цi-ж гэта ня хiтра? Ноччу зь iмi ў пасьцелi, а пасьля разам нашых «камунiстаў» майструюць, заразы! Палiцыя ў iхных руках, дый другiя нямецкiя канторы абсаджваюць. Закружылi яны каля Немцаў, як мухi ля гною, от як… Ну й дзiва нiма, што нашых найлепшых людзей, як ваўкi авечак, цягаюць. Тут во й сядзi, рукi злажыўшы…

Шмат болю. горкага як той смаляны дым з вогнiшча, было ў Антосевым голасе. Януку цэлы новы сьвет адкрываўся. Уяўленьне рысавала жахлiвую сытуацыю, тым больш, што што цi не самай галоўнай спрунжынай у польскай баньдзе быў каржакаваты забойца ягонае маткi.

Антось, быццам злавiўшы Янукову думку, пiльна зiрнуў яму ў твар.

— Ты можа каторы раз i думаў, навошта я цябе раз пазваў, каб расправiцца з тым ханжой Шпунтам, каторы памагаў Косьцiку твайго бацьку катаваць. А цяперака можа зноў думаеш, чаму я цябе сягоньнiка другi раз выклiкаў, дык можаш дагадацца. Чалавек, каторы стаiць як-бы ў самым цэнтры, а калi нi ў самым дык блiзка сярэдзiны гэтай банды басякоў i забойцаў, гэты чалавек…

— … забiў маю матку, — горкiм голасам дакончыў Янук.

— Так. А цяперака ён iз сваей кумпанiяй нямецкiмi рукамi забiў нашых восем чалавек. I гэта, пэўне-ж, пачатак толька. Паглядзiш як гэта яны, як кажуць, у пер'е абрастуць, нажывай абсмакуюцца, за нямецкiмi плячмi разгуляюцца. Гэты басяк Бжончак пры Польшчы забiваў, дык яму нi навiна. Хто ведаiць цi яшчо да цябе й тваiх нi дабярэцца…

— Да мяне й маiх? А за што?

Антось засьмяяўся калюча-злосным сьмехам.

— Якоя-ж ты дзiця! Бандыцкай натуры нi знаiш, от што… Бандыт, калi ён раз забiў, дык ягоная рука ўжо да крывi й цягнiцца. I бандыт нiколi таму нi даруiць, каторы на яго за што злосьць маiць. А цi-ж ён, ты думаеш, пра вас забыўся? Ён-жа во тут каго толька нi знаў, а вас найболi…

Цi раз марыў Янук пра помсту. Мала, што марыў, але навет пастанавiў. Калi падрасьце… А гэтта, выглядае, справа ня так простая. Ён нiколi ня думаў пра пагрозу для яго сям'i з боку гэнага самага забойцы. Антось прадставiў небясьпечную сытуацыю. Бо й запраўды, калi падумаць, дык цi-ж можаш запярэчыць яму, што «забойцы рука да крывi цягнiцца»?

— Я гэтак ня думаў, - сказаў цiха.

— Як ня думаў? — спытаў Антось.

— Ды што Бжончак можа на нас усiх паквапiцца.

— Во, чаму-ж-бы не? Як вiдзiш, цяперака тут вайна. Яны, вiдаць, маюць свае пляны, гэта значыць, каб нашых людзей, каторыя за сваё стаяць, лiквiдаваць. Ну а калi Бжончак у iх там верх вядзець, дык, пэўне-ж, апроч агульных плянаў ён зробiць i свае парахункi. Гэта, братка, каб я з гэтага месца нi зыйшоў, напэўна так i будзiць.

— Дык што-ж мне рабiць? Бацька мой, — сам знаеш нашых людзей — думаiць, што калi будзiць цiханька сядзець i за бараной i плугам хадзiць, дык нiкому на мазыль нi наступiць, дык i яму анiхто. Але я? Ты праўду гаворыш. Дык цi-ж мне чакаць, пакуль гэты бегамот да нас iз стрэльбай прыйдзiць?

— Во цяпер ты добра думаеш, цяперака вiджу, што кумекаеш. А калi так, дык нам трэба добра падумаць, што рабiць. Адно ясна, што таўчыся на месцы, як тыя авечкi ды чакаць, пакуль воўк прыйдзiць i нас пацягнiць, мы ня можам. Дык што тады?

У Януковай галаве хаос паўстаў. Там вучань школьны, а тут чорт ведае што… На нейкую вайну з Бжончкам iсьцi? I як ён, падлётак яшчэ, можа што зрабiць?

— Згода, цi не? — спытаў Антось.

— Гэта ты пра што?

— Пра тое, што так сабе, рукi злажыўшы, сядзець ня трэба.

— Згода. Але як i што? Трэба добра падумаць.

— Падумаем.

— Ды ты мне расказваў, што наш дзiравы шляхцiц да гэных пшэкаў галаварэзаў належыць. Гэта разумею. I як гэта нашы людзi яго, нiкчэмнiка, пашкадавалi, бальшавiком ня выдалi, каб ён да белых мядзьведзяў на Салаўкi паехаў… Алi гэта нi да рэчы. Ты мне ўсё-ж нi сказаў чаму ты ўчора зь iм столькi гарэлкi вытрубiў, хоць я знаю, што цябе да чаркi нi цягнiць. Нейкая-ж прычына была?

— Ага, была. Вiджу, што кумекаеш. Дык от гэты самы Падгайскi Кастусь перасьцярог мяне. Ён, кажыць, гэты наш Паўлоўскi, ад сваей банды заданьне атрымаў, работу для iх робiць. А якая гэта работа? Ну падумай.

— Даносы? — спытаў Янук.

— Во, во, даносы. Ён маiць пра ўсiх нашых людзей iм даносiць, значыцца як, хто й што думаiць, што робiць, зь кiм руку дзяржыць. У iх пэўне сьпiсак ёсьць. Як толька што, дык яны тады Немцаў на цябе, што ты камунiст, значыцца. А Паўлоўскi-ж пэўне нi мяне аднаго на воку дзержыць. Гэта цi раз ужо ён са мной пра ўсякае цiкавае гутарку пачынаў. Як от, Антось, думаiш пра тоя й гэтае й так далей? Ну а я, — сам-жа ведаеш, — ня ўчора зь пялёнак. Думаю сабе, калi ты, басяк, хочаш мяне за язык пацягнуць, дык пэўне-ж прычыну маеш. Сам знаеш, што я ад Палякаў i бальшавiкоў высьлiзнуў, дык значыцца ня ёсьць ламака нейкi. А цi-ж Паўлоўскi гэтага ня вiдзiць? Ну але, чорт ты рагаты, прастытутка шляхоцкая, нi табе Дзiркача Антося абхiтрыць. Як я тваiх паноў абхiтрыў, дык цябе й пагатове. Дык як ён мяне за язык цягнуць узяўся, то я яму такiя жарцiкi й цымусы… Скулу, думаю, пазадак панскi, да майго нутра дабярэшся. Добра, аказваецца, рабiў, бо мне на днях тоесамае й Падгайскi раiў. I яшчо, казаў Падгайскi: пастарайся, кажыць, добрую руку зь iм дзяржаць, каб ён цябе за свайго чалавека лiчыў, каб на цябе ў яго нiякага падазрэньня нi было. Проста, кажыць, якога прыдурка Ваньку йграй. Я тое перадумаў, што Кастусь казаў, i ягоную праўду вiджу. Цяперака-ж, знаеш, мы нiякай сiлы ня маем, дык навошта на ражон лезьцi? Во, забыўся, чорт вазьмi, трэба палажыць, каб сьпяклiся!

Антось выняў зь кiшэнi некалькi бульбiн, старанна разгроб прысак, паклаў туды бульбу й засыпаў жарам.

— Пакуль мы з табой што скумекаем, дык i бульба сьпячэцца.

Янук маўчаў, спакойна ўдыхаючы сьвежасьць ляснога паветра. Лянiва, у сьцюдзёных праменьнях сонца, драмаў лес.

— Дык от, знаеш, братка, нiвялiкая мне пацеха да гэтага панскага брыды падмазвацца. Рука сьвярбiць, каб добра ў рыла чахнуць. Ну алi прыйдзiць яшчо й на маю нiву сьвята! Ды ты-ж знаеш, як гэты ёлупень пахвальбу любiць, якi зь яго нягоднiк i пусты фанабэра. Дык я яго i ўчора цi раз пахвалiў. Ты, кажу, Пятрусь, усё-ж маладзец, сваiм людзям пасабляеш. Табе ад iх павага й падзяка будзiць. Каб ты вiдзiў, як ён, брыда, падрос! Нi дай, Божа, якi басяк самалюбны. Ды я й давай на гэным яго самалюбii йграць. Адным словам, думаю, што ён мяне цяперака за свайго чалавека маiць. А мне толька гэтага й трэба, а тамака паглядзiм…

— Нi знаю, што табе на гэта сказаць. — заўважыў Янук. — Так выглядаiць, што ты яму хочаш паддабрыцца.

— Ну не, — запярэчыў Антось. — Я баяўся, што ты мяне нi зразумееш. Я-ж нi паддобрываюся яму, а толька хачу паказацца, — як табе сказаць гэта? — ну другiм, нi такiм як я ёсьцiка. Ты-ж от сам цяпер вiдзiш, што ёсьць два Антосi: адзiн такi няшкодны й вясёлы, цi, як нашы кажуць, — Антось прыдурак, а другi — гэта той, каторы з табой гаворыць. Ну праўда гэта, цi не?

31
{"b":"103053","o":1}