Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Хоць мяне, праўду кажучы, ня вельмi зьдзiвiла тое, што зрабiў Чмель, я найбольш задаволены, што ты выцягнуў з таго правiльны выснаў. От што мяне цешыць. Ты — рашчараваны, пакрыўджаны, тойсамы, якi там пры генэральным камiсарыяце разважаў, цi выбегчы цi ня выбегчы насустрач маёру Чмялю й прасiць ягонай помачы, ты памiма ўсяго перажытага, — а можа якраз таму, што перажыў, - на тым самым Пляцы Волi прыйшоў да адзiнаправiльнага выснаву. Ты сам сабе ясна здаў справу, памiма тваей вялiкай эмацыянальнай заангажаванасьцi, памiма таго, што ў такiх выпадках, як было з табой, ты мог-бы, — i дадам, поўнасьцю апраўданы быў-бы, — кiравацца толькi сваiмi эмоцыямi, але ўсё-ж ты змог стануць вышэй, глянуць на рэчы саўсiм рацыянальна й прыйшоў да такога, сказаць-бы, глыбокадумнага выснаву, што ёсьць i свае юды-нiкчэмнiкi. Я не хачу пра гэта доўга гаварыць, бо яшчэ ў мяне наперадзе адна тэма, якую хачу з табой закрануць, але гэта сказаць мушу. Ня кажны, — паўтараю, далёка ня кажны, — будучы на тваiм месцы, такое зрабiў-бы. Гэта ўжо нешта большае. Гэта — развага, рацыянальнасьць. Вiдаць, што ты меў школу, што час свой у ей не растрацiў, што добра людзей ацэньваеш. Аднаго, ты, братка, можа ня знаеш, ну але гэта што iншае. Гэта ты не падумай можа, цi гэты самы маёр Чмель меў да свайго такога, на тваю думку агiднага, кроку якiя там-небудзь свае прычыны. Ну але я не хачу над гэтым задзержывацца. Можа пра гэтае яшчэ пагаворым. Давай цяпер пра што iншае…

Пакуль Падгайскi пачаў пра штось iншае, Янук пастанавiў яму наперад забегчы. — Як сытуацыя на франтох? — спытаў.

— Маючы намер гаварыць пра адну важную справу, я якраз i хацеў зрабiць агляд сытуацыi на франтох. Так, што выслухай. Бальшавiкi, як таран, напiраюць на ўсходнiм фронце. Некаторыя раёны Беларусi, як паўдзённа-ўсходнi, значыцца часьць Гомельшчыны, заняты iмi яшчо летась перад Калядамi. Стаяць яны дзесьцi на Дняпры, падбiраюцца пад Вiцебск, а там далей на поўнач нацiскаюць на балтыцкiя краiны. На поўднi яны ўварвалiся глыбака на Ўкраiну; Данецкi басэйн i Харкаў у iхных руках… Цяпер, вiдаць, яны рыхтуюцца да вясеньняй афэнзывы й фронт рухне на цэлай даўжынi з поўначы на поўдзень. Разумееш, што Беларусь — гэта аўтастрада на Варшаву й Бэрлiн, дык тут будзiць галоўны цiск. Кумекаеш? Трэба лiчыцца з тым, што сёлета вясной Беларусь зноў апынецца ў крывавых бальшавiцкiх лапах. Да гэтага часу, можа быць, захаднiя хаўрусьнiкi адкрыюць другi фронт, можа дзесьцi ў маi, так што Немцам надта туга прыйдзецца. Прынамсi, паводля радыя зь Лёндану, выглядаiць, што там гатовяцца да iнвазii Францыi… А Немцы iз свайго боку яшчо спадзяюцца на нейкую «вундэрваффэ», значыцца дагэтуль няведамую, чорт ведаiць якую новую зброю, якая маiць саўсiм запэўнiць перамогу. Ня кажуць, што гэта за зброя маiць быць. Тайнiца. Адным словам, сёлета на франтах будуць вялiкiя зрухi, а ўся наша бацькаўшчына напэўна апынецца ў маскоўскiх лапах…

Падгайскi спынiўся. Ужо другi раз зазначыў, што Маскалi сёлета Беларусь могуць заняць. Абое маўчалi. I сустрэлiся iхныя вочы. А ў тых дзьвёх парах вачэй адчынiлася ўся глыбiня вялiкага пытаньня, на якое страшэнны жах перашкаджаў даць якi-небудзь адказ. Да гэтага часу Янук думаў пра такую магчымасьць, навет у менскай вязьнiцы, але жахлiвую думку адпiхаў на заднi плян, адгароджваў яе. Так, яно магчыма, навет праўдападобна, але-ж проста жахлiва пра гэта думаць. Няхай, можа пасьля. Неяк адпаведны момант прыйдзе, калi трэба будзе, хаця-нехаця, стануць на парахунак з рэальнасьцю. Але ўсё адпiхалася. А цяпер?

Спасьцярог перапалох i ў аграномавых вачох. У крыху памутнелай ад шнапсу галаве нагальванiзавалiся цяпер усе пытаньнi, спалучаныя з болем сэрца. Як гэта можна было ўявiць, што бацькаўшчына зноў апынецца «у бальшавiцкiх крывавых лапах»? I цяпер вялiзная часьць яе, прынамсi там, дзе гаспадарылi маскоўскiя бандыты, знаходзiлася пад iхнай уладай. Але галоўная, уцалелая ад вайны часьць, — а да гэтага й зруйнаваныя гарады, — ня была ў руках бальшавiкоў. А тады-ж уся-ўсенькая ў iх ярме апынецца. I наступiць новае крывi пусканьне. Усю моладзь, як мятлой падмёўшы, пагоняць на «даёш Бярлiн!» Жахлiва!

— Так, а трэба, трэба пра тое падумаць. Значыцца, што рабiць…, сказаў цiхiм голасам Кастусь Падгайскi, як-бы прадаўжаючы Януковы думкi. I вiдаць, што думкi iхныя былi наладжаны на адну хвалю.

— Вы думаеце, што iхны прыход нямiнучы? — спытаў Янук.

— Хiба-ж якi цуд стаўся-б, чорт iх знаiць… Але, знаеш, Амэрыка й Англiя зь iмi. Як адкрыюць другi фронт, тады Немцам капут.

— А як наша Беларуская Самаахова? — прадаўжаў Бахмач.

— Агульна сказаць, дрэнь. Ахвотнiкаў прышло многа. Так от сiдзяць, ладу з таго мала. Немцы навет вопраткi нi далi, значыцца Бiларуская Самапомач мусiць забясьпечыць iх. А зброя — што папала. Пiраважна савецкiя стрэльбы, дый тых мала. Я гэта гавару пра глыбоцкую… Мусiць, таксама i ў iншых гарадох. Да таго-ж Немцы не дадуць права на адзiнкi большыя, чым батальён, ды яшчо самi будуць iмi камандаваць, а значыцца нашыя афiцэры мусяць слухаць нямецкiх. Адным словам пацеха для нас невялiкая. Можа сям-там, бандытам дзе на хвост наступяць, дый толькi й таго. Таму я й раiў Антосю Дзеркачу йсьцi ў палiцыю, пераняць ад Палякаў, а там будзе вiдаць… Ведама, што цяперака бэцээр робiць стараньнi, каб Немцы дазволiлi стварыць беларускую армiю й змабiлiзаваць дзяцюкоў. От, гэта калi ўдасца. Хаця… Усё гэта запозна. Нам трэба далей наперад глядзець, плянаваць…

Янук з пытальнiкам у вачох зiрнуў на агранома й ведаў, што той скажа нешта надзвычайна важнае, дагэтуль iм нiколi нячутае. Падгайскi зiрнуў Януку проста ў вочы. I ў шэрых аграномавых вачох Бахмач знайшоў поўны давер, а твар ягоны пабацькоўску ласкавы. Так глядзелi сабе ў вочы людзi, якiя доўга шукаюць адзiн аднаго на жыцьцёвых шляхох i нарэшце знаходзяць абяцаную гадзiну й абяцаную сустрэчу. Ад таго моманту Янук ведаў, што лёс ягоны ў нейкай ступенi будзе доўга зьвязаны з гэтым чалавекам. Магчыма Падгайскi й зьявiўся тым чалавекам, што замянiў-бы духовага бацьку, выцягнуў-бы яму руку, павёў-бы ў тую грамаду, якая, — падсьведама прадчуваў юнак, — мела-б iснаваць у цэлым гэным хаосе, якая-б ведала сваю мэту й цьвёрда вяла-б да яе. Пасьля горкага рашчараваньня ў рэдакцыi ў Менску, пасьля горычы-рэалiзацыi, калi прыйшлося зразумець, што ня ўсе з назову Беларусы, навет на высокiх пазыцыях, такiя, як маёр Чмель, могуць i хочуць табе памагчы, юнацкае сэрца спадзявалася, што ёсьць недзе чалавек, якi можа ведаць тую запраўдную, нутраную беларускую клетку, дзе перапоўненае патрыятызмам сэрца маладога юнака знойдзе прыстанiшча, сяброў, дзе будзе крочыць побач iншых, такiх самых адданых, як ён да агульнае мэты.

— У нас ёсьць свая арганiзацыя, — пачаў цiшэй, амаль кансьпiрацыйна, Падгайскi. — Гэна арганiзацыя незалежная ад нiякiх Немцаў цi iншых так званых вызвольнiкаў; яна створаная самымi чыстымi й адданымi беларускiмi патрыётамi, каб змагацца за вольную й незалежную Беларусь. Гэта арганiзацыя, з практычных мяркаваньняў, кансьпiратыўная. Яна апiраецца на свае беларускiя сiлы. Да яе належаць людзi, што ёсьць i ў цяперашняй беларускай цывiльнай адмiнiстрацыi, i ў войску. Яны аб'яднаныя адным жаданьнем — здабыць незалежнасьць Беларусi. У людзей гэтых адна й вельмi простая iдэя: выкарыстоўваючы ўсякiя магчымасьцi, стварыць свой моцны кулак, зьвязацца з заходнiмi хаўрусьнiкамi, каб iх выкарыстаць у будучай вайне за вызваленьне Беларусi. Вызваленьне, трэба сказаць, абапiраючыся на свае сiлы. Гэтыя людзi — абсалютныя рэалiсты. Яны зрабiлi выснаў, што нельга пакладаць надзеяў, як да гэтага часу розныя беларускiя палiтычныя групы цi партыi рабiлi, на тое, што нам якiя-небудзь чужынцы памогуць стануць на ногi, збудаваць сваю дзяржаву. Гэта арганiзацыя цьвердзiць, што мы павiнны вучыцца на нашых гiстарычных памылках. А гiсторыя гаворыць, што дагэтуль нашыя спадзяваньнi на помач каго-небудзь чужога нiколi не апраўдалiся. Я не хачу табе даваць прыкладаў. Сам вучыўся гiсторыю Беларусi, значыцца iх ведаеш. Коратка гаворачы, iдэялёгiя гэтай арганiзацыi зводзiцца да наступнага: анi Палякi, анi Маскалi, анi Немцы нiколi нам вольнай Беларусi нi дадуць. Мы мусiм, выкарыстоўваючы ўсё, мы можам здабыць вольную Беларусь самi. Гэта зусiм проста й ясна. Згаджаешся?

78
{"b":"103053","o":1}