Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Iшоў час, а Янук сядзеў. У гэткiм становiшчы нiколi Бахмачу не даводзiлася раней быць. Пад iм гарэла лава, нэрваваўся. Ведаў, што назаляць гэтым занятым людзям не павiнен, што, вiдаць, трэба было-б устаць, перапрасiць iх i выйсьцi. Ды простай адвагi не хапала. Людзi гэтыя раней яго не спасьцераглi, а што будзе цяпер? Упiкнуты iхнай абсалютнай няўвагай да яго, юнак так зьбянтэжыўся, што нiяк наступнага кроку ня мог вымяркаваць. Гэтта-ж ясна бачыў, што гэтым людзям перашкаджае, што ён тут зусiм непажаданы. Гэтак бывае, калi чалавек, зьбiты з нармальнага тропу ў жыцьцi, сам сябе заганяе ў тупiк, калi самая звычайная дзейнасьць, нейкая лёгiчная акцыя магла-б зьмянiць сытуацыю. Колькi пасьля ня думаў Янукк пра той выпадак, бачыў свю звычайную дурноту. Чаму ня ўстаў, зусiм проста не адчынiў дзьверы й ня выйшаў? Але нiяк ня мог рацыянальна вытлумачыць таго, што ён тады зрабiў. А справа ў тым, што зрабiў абсалютны ноль. Проста сядзеў, быццам прыкаваны да тэй лавы й зьбянтэжанымi вачмi паглядаў на двойку людзей, каторыя яго бачылi й ня бачылi.

Мужчына зiркаў на Янука ўсё часьцей i ў ягоных шэрых вачох, як здалося юнаку, скакалi iскры нецярплiвасьцi. Падпершы рукой падбародак, ён часьцей торгаў галавой. Жанчына разважала над старымi словамi й фразамi зь бястурботнай флегмай. Але раптам шэрыя мужчынавы вочы зрабiлiся калючымi iголкамi, зiрнулi проста на Янука, а тут-жа загрымеў рэзкi загадны голас:

— Во-о-о-он!

Януку як быццам хто варам у твар лiнуў. Застукала раптоўна сэрца, млоснасьць разьбеглася па целе, закружылася галава.

— Вон, кажу! Чаго тут сядзiш? Ня бачыш, што перашкаджаеш?

Мужчына прыўстаў за сталом i хлопцу здалося, што вось-вось на яго кiнецца. Янук хуценька ўстаў з лавы i неўзабаве апынуўся за дзьвярмi. Моцна бiлася сэрца. Стаяў у слаба асьветленым калiдоры й нiяк ня мог наважыцца што далей рабiць. Здавалася, што ляпей-бы залезьцi ў нейкую нару, каб людзi яго ня бачылi. Якi сорам! Зрабiў непрабачальнае зло й за гэта атрымаў зусiм заслужанае пакараньне. Якая дурнота! А з другога боку, гэтта нейкi голас кпiў зь яго: «вось табе як на Парнас узабраўся! Так табе й трэба! Куды лезеш? Цi ты iм раўня? Мужык дурны!»

Добра не ўяўляючы куды пойдзе й што будзе рабiць, Янук зыйшоў па сходах унiз. За зачыненымi дзьвярмi прадаўжалася рытмiчнае кляпаньне машынапiскi, а за другiмi — стук малатка. Янук выйшаў на вулiцу й спынiўся. Некуды трэба было йсьцi, абы не стаяць, абы сабрацца з думкамi. Здавалася яму, што й гэтысамы будынак, каторы вось нядаўна знайшоў з такой вялiкай радасьцю, ды з такiмi вялiкiмi спадзяваньнямi адчынiў яго дзьверы, цяпер стаўся варожым, халодным, адпiхаў яго.

Iшоў вулiцай унiз да Нямiгi, зусiм не бачачы што робiцца навокал. На рагу вулiцы спынiўся перад кучай газэтаў, якiя прадаваў малы хлапец. Вялiзны загаловак на першай бачыне «Беларускай газэты» крычаў: «Новыя вялiкiя перамогi Вялiканямеччыны». Зайшоўся ў рэстаран, замовiў чай i булку. Сядзеў i доўга думаў. Пасьля блудзiў па горадзе, але мала вакол сябе бачыў. Каторы ўжо, дзясяты цi соты раз, паўтаралася ў уяўленьнi сцэна з рэдакцыi: чалавек з калючымi вачмi торгае падбародкам, знэрвавана корпаецца рукой у сваiх рэдкiх валосах i, раптам, гюэнае гнеўнае слова! Чырвань залiвае Янукоў твар. Як гэта магло здарыцца? Што цяпер? Пайсьцi назад, цi што? Але дзе ўзяць сьмеласьць?

Янук заўсёды намагаўся абаснаваць выпадкi, адказаць на пытаньнi: што, як i чаму сталася? Ня спыняўся з адказамi на «што», асаблiва важнымi былi «як» i «чаму». Цяпер-жа, як нi намагаўся, ня мог рацыянальна таго здарэньня вытлумачыць. Зашмат няведамых. Хто такi той дзядзька з калючымi вачмi? Якую выконываў у рэдакцыi функцыю, ды якi сам быў чалавек, або, — як звычайныя людзi вызначаюць гэта, — якi меў характар? Дый адкуль такi аўтарытэтны й крыклiвы ў яго голас?

Тымчасам Янук вiнавацiў самога сябе. Але ў чым ягоная правiна? Калi там была рэдакцыя, калi газэта выдавалася для народу, калi шматлiкiя чытачы пасылалi туды матар'ялы рознага роду, дык цi-ж рэдакцыя не жадала бачыць наведвальнiкаў? Цi-ж рэдактарам i супрацоўнiкам няцiкава было бачыць аднаго цi другога дзядзьку з правiнцыi, пагутарыць зь iм, памацаць яго, так сказаць, пацягнуць каго за язык, каб чуць-чуваць, праведаць, што ў гушчы народнай дзеiцца? А калi адведзiны забаранялiся, дык чаму тады пра гэта не абвесьцiць ну, скажам, хоць бы й на дзьвярох напiсаць, або ўстанавiць час для наведвальнiкаў?

Валочачыся па менскiх вулiцах, Янук бесьперапынна стаўляў сабе новыя, вельмi нязвычайныя пытаньнi й намагаўся на iх суладна адказаць. I з прагрэсам такiх разважаньняў у дзьвёх асобах прыходзiў да выснаву, што, магчыма, сам зрабiў памылку, якую яму можна было выбачыць. Здавалася, што наляцеў на нейкага калi не дзiкуна, дык карантыша-нелюдзя, якi зь няведамых прычынаў забыўся пра звычаўную ветлiвасьць. А можа гэта першы раз такое здарылася, што прыйшоў да iх такiя нясьмелы юны наведвальнiк, якi, не папрасiўшы дазволу, расьсеўся на лаўцы ды патрабаваў адказу на простае пытаньне? Дык чаму-ж тады не сказалi яму, што, прыкладна, рэдактара цяпер няма, што прыйдзе пазьней, цi як? А гэтта проста не заўважылi яго, а пасьля… вон!

Як-нiяк, балела! Яшчэ больш крыўдна, калi прыраўнаць тую сакавiта ўяўленую Януком сустрэчу з гэтай рэальнай. Праўда, у фантазii гон вялiзны. Магчыма, яна пераацанiла вагу iнстытуцыi газэты ды асаблiва ейныя матар'яльныя абставiны ў часе вайны. Прыгожае, вялiкае, добра абсталяване бюро, камфорт! Шыш, дудкi, браце! Напэўна курылi яшчэ навокал гарам руiны, а руплiвыя вочы патрыётаў ужо сачылi дзе, у якiм уцалелым будынку зьвiць гняздо для гэтай абсалютна неабходнай працы, каб народ на духу падняць, каб клiкаць да еднасьцi й змаганьня, да новых намаганьняў, да вялiкага ўваскрошаньня. I ўсё-ж, пэўне, было накш, чым уяўляў лiтоўскi юнак. Знайшлi будынак, сьцягнулi дзе што далося з мэблi, i пачалi… Газэта, цi фактычна дзьве адразу, нарадзiлiся недзе ў жнiвенi, значыцца на зусiм яшчэ сьвежым папялiшчы. А колькi-ж трэба было намаганьняў, каб зарганiзаваць ня проста працаздольных, але найлепшых i перадавых, калi вораг ад няпамятных часоў глумiў беларускую нiву, вынiшчаў найбуйнейшае й плённае, а пакiнуў самы асот i гiрсу? Ды адкуль там i хто, дый за якiя сродкi мог абсталяваць якую добрую кантору й друкарню, тым больш, калi на ўсё патрабаваўся дазвол новага й ненажэрнага акупанта?

Iз тэй сьцiплай колькасьцi школьнае лiтаратуры, якую некалi чытаў, намагаўся Янук знайсьцi гэроя ў падобнай сытуацыi. Выбар невялiкi. Магчыма, што Дыкэнсаў Алiвэр Твiст, зь ягоным «яшчэ». Але там, здаецца, больш сарака такiх самых галодных, як ён, перапалоханых, маўчала. Адзiн ён, наiўны, з растрывожаным апэтытам сустрэў азызлы падбародак i заплыўшыя тушам вочы. I само яно, тое слова вырвалася неяк. А гэтта?

Янук, сьцяблiнкай з гэнай «сакавiтай рунi» асьмелiўся на вялiкага сейбiта зiрнуць, паглядзець што ў гумне дзеiцца. Вон!

Хто ён такi, той дзядзька з калючымi вачмi? А цi ён, Янук Бахмач, гэта новы Алiвэр Твiст у новым часе, каторы ня крычаў «яшчэ», але патрабаваў да сябе ўвагi? Дыкэнса чытаў яшчэ ў польскiм перакладзе й запомнiўся яму малы Алiвэр. Ды не. Мусiла дзесьцi ў мастацкай лiтаратуры быць апiсаная больш адпаведная сытуацыя. Дзе? Хто? Цi было штосьцi падобнае ў беларускай лiтаратуры? Ня ведаў. А калi ня было апiсана, то, пэўне-ж, магло ў жыцьцi здарыцца. Вазьмi Янку Купалу, Якуба Коласа, Цётку, Багушэвiча, Багдановiча. Цi ня было ў iх чагосьцi падобнага, калi бяздушны ўраднiк каторага за дзьверы выгнаў? Магло быць. Адно, што нiхто гэтага не апiсаў…

Назаўтра Янук сядзеў перад маладжавым з выгляду, гадоў мо сарака, з чубам у складкi, Вяршынным, тым самым, каторы пра «рунь» пiсаў. Вяршынны гаварыў роўным i цiхiм голасам:

— Узяць вось ваш першы верш «Каб быў я арлом»… Першая спроба нядрэнная…

Вяршынны разлажыў перад сабой папку гадавiка газэты й нарэшце знайшоў верш.

— Вось чытаем першую зваротку:
Калi я учора на сонца глядзеў,
Жадаў, каб у высь я арлом паляцеў,
Над роднай краiнай кружыў-бы кругом,
Ох, як было-б добра, каб быў я арлом!
51
{"b":"103053","o":1}