Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Зайшоўшы да Князя на кватэру, Янук дзiвiўся, як можна ў руiнах знайсьцi такi куток, фактычна з двух пакояў, абсталяваць яго. У пакоях было ўсё неабходнае, але мелася ўражаньне што кут неабжыты, што чалавек мог усё сваё дабро ў пару валiзак запакаваць дый на новы пункт перабiрацца. У кухнi пры плiце стаяла жанчына, а нос казытала нешта прыемнае.

— Матка! — гукнуў Князь, увайшоўшы. — Вiтай гасьцей.

— Госьцi ў хату, Бог у хату.

Ласкавы голас. Адразу Януку прыемна зрабiлася.

— Сядайце тут ля стала, — запрасiў Князь. — Я зараз-жа з вамi.

Ён пайшоў да жанчыны, а лiтоўскiя прыселi на простай рудой лаве ля стала, пры якiм з другога боку стаяла драўлянае простае крэсла. У куце, завешаным саматканым дываном, стаяў ложак. Пры сьцяне разьмясьцiлася шырокая, крытая патрэсканай i выседжанай скурай канапа. Стол, вiдаць зроблены на хуткую руку, памаляваны пакостам.

— Добры дзень, госьцiкi, — з усьмешкай на твары жанчына, гадоў звыш пяцiдзесяцi, з тварам, якi, вiдаць, бачыў шмат нядолi, апранутая ў сьветлую блюзку ў лiловыя красачкi, зялёную саматканую спаднiцу, старыя чаравiкi, ужо зь сiвымi пасмамi валасоў, узялася чыстым кужэльным настольнiкам засьцiлаць стол. — Я тут, калi пазволiце, стол накрыю. Самi-ж, можа, згаладалiся?

— А як-жа, цётачка, — сказаў Антось. — Нешта ў вас добра пахне.

— Булёну наварыла са скваркамi. Даўно елi?

— Я ўжо забыўся калi.

Князь прадставiў гасьцей. Неўзабаве на стале зьявiўся пахучы булён у глiняных мiсках. Князь прынёс на талерках нарэзанае скрылькамi сала, чорны хлеб, салёныя гуркi, шыткаваную капусту. Побач усяго гэтага зьявiлася напалову напоўненая лiтроўка зь сiвой вадкасьцю й тры малыя чаркi.

— Дык гэта ўсё, Аўген?

— Так, дзякую, матка, — адказаў Князь.

— То я тады адлучуся, а ты, сынок, сам знаеш, калi ня хопiць то гасьцям больш булёну падлi.

— Дзякую.

Жанчына выйшла. Князь напоўнiў чаркi й сказаў:

— За незалежную i несьмяротную Беларусь!

— Так, няхай будзе, — адказаў Дзяркач.

— Няхай жыве! — падтрымаў Янук.

Выпiлi. Самагонка, але чыстая й моцная.

— Бярыце самi, усё на стале ваша, а пасьля будзем гаварыць.

Елi моўчкi. Янук не асьмелiўся нiчога гаварыць. Чалавека першы раз у жыцьцi бачыў. Хто ён такi? Сябра Падгайскага, гэта ведама, але гэтага мала. Скора таямнiца раскрылася.

— Я табе, Янук, мушу сказаць, — тлумачыў Антось, — што Аўген Князь уваходзiць у цантральны камiтэт Бiларускай Нiзалежнiцкай Партыi. Мне параiў да яго зьвярнуцца Падгайскi Кастусь i гаспадар раскажыць нам пра тое, што мы маем як дамоў вернемся. Я думаю, што гэтага для знаёмства досiць.

Янук зiрнуў на гаспадара, якi хутка сёрба-ў булён, быццам Антось не пра яго гаварыў. Дык вось яно. Гэты чалавек, мусiць, з той вярхушкi, ад якое, магчыма будзе й Янукова будучыня залежыць.

— Прашу, бярыце што на стале, а я буду гаварыць, — адазваўся гаспадар. — Часу ў нас мала, а сказаць трэба многа. У нас ёсьць дзьве перашкоды: недахоп часу й пiсаных матар'ялаў. Першая гэта з прычыны, што я ня мог запрасiць вас на вечар. Масу людзей мушу сяньня бачыць, таму вас задумаў палагодзiць цяпер. А матар'ялаў з кансьпiратыўных мяркаваньняў мы амаль ня друкуем. Гэтак бясьпечней. Перш дазвольце спытацца вас, Янук Бахмач, як цiкавiў вас кангрэс?

— Цiкавiць то надта цiкавiць, — адразу адказаў Янук. — Для мяне, маладога, разумееце, гонар там быць. Але мне здаецца, што лепш-бы гаварылi пра iншае. Хаця на кангрэсе цi выпадае…

— Пра што гэта? — цiкавасьцю зазьзялi блакiтныя Князёвы вочы.

— Пра тое, як змагацца будзем. Плянаваць, сiлы гуртаваць, — адказаў Янук.

— Чуеш, пра што ён думаiць? — сказаў Князю Дзяркач. — Казаў-жа табе што гэта за падлётак.

— Думае правiльна. Але-ж на кангрэсе пра гэта няма як.

— А што вы пра кангрэс думаеце? — спытаў гаспадара Янук.

— Лухта, — махнуў Князь рукой, — але яна патрэбная. Безь яе анiяк, анiкуды. А гэта, што вы сказалi, то правiльна. Вось мы таму й сустрэлiся. Слухайце вельмi ўважна, бо я буду гаварыць зусiм коратка й ня буду паўтарацца.

Янук i Антось уважна прыглядалiся гаспадару.

— На фроньце суцэльны прарыў. Немцы адступаюць. З тых вестак, якiя мы маем, выглядае, што бальшавiцкiя афэнзыва набiрае iмпэту й Немцы могуць пакацiцца зь Беларусi вельмi хутка. Не далей, як за тыдзень, наша сталiца можа быць у маскальскiх руках.

Гаспадар спынiўся быццам для таго, каб лiтоўскiя дзяцюкi поўнасьцю ўсьведамiлi важнасьць сказанага.

— Таму мы з бээнпэ пастанавiлi раiць усiм нашым людзям яшчэ сяньня, каб найскарэй разьяжджалiся й станавiлiся на свае месцы, каб нiхто не завяз па дарозе. Разумееце? Мы можам памыляцца, але трэба прадбачыць найгоршае. Таму раю i вам выяжджаць сяньня вечарам. На чыгунках цяпер будзе цесна, але ты, Антось, чалавек ваенны, будзеш ведаць, што рабiць.

— Ага, вядома.

— Прадставiм сабе, што вы прыехалi ў свае родныя Гацi, а тут заўтра-ж iх занiмаюць Маскалi. Што канкрэтна вы будзеце рабiць? — зiрнуў на Антося Князь.

— Баранiцца? Хiба-ж не…

— Ды не. Дык што?

— Вывесьцi людзей i зброю ў лес, — адказаў Антось.

— Я-бы сказаў больш агульна, — заўважыў Князь. — Трэба расставiць людзей па сваiх мясцох, перадусiм нам добра ведамых i правераных людзей, даць iм iнструкцыi, парады. Так, цi не?

— Хiба-ж так…

— Ня ўсе ў лес пойдуць. Нашы сiлы, паколькi гэта магчыма, мусяць забясьпечыць сабе як найбольш выгадных пазыцыяў. Значыцца, трэба людзей i ў мястэчку пакiнуць. Але не забывайцеся пра адно, самае галоўнае.

— А што?

— А тое, што бальшавiкi, паколькi нам ведама, усiх мужчын, ад дзяцей аж да старых, як мятлой падмятаюць. Даёш Бярлiн! Разумееце? Усiх у войска. Каму дадуць стрэльбу, а каму не, але забудзьцеся як звалi. Дык з гэтага вынiкае…

— Што трэба выратаваць як найбольш сваiх людзей? А таму добра падумаць як…

— Зусiм слушна, — згадзiўся Князь. — Ясна, што ўсе нашы людзi, якiя служылi ў палiцыi, нiдзе ня скрыюцца, толькi ў лясох. Да iх далучацца iншыя, навет i Немцы. Мы зробiм памылку, калi будзем цяпер намагацца ўсё прадбачыць. Гэта немагчыма. Адно, што галоўнае маем зрабiць, дык гэта трымаць сувязь, арганiзаваць акцыi, выбар аб'ектаў. Больш пра такi практычны бок я ня буду вам расказваць. Кастусь пра гэта добра паiнфармаваны. Важнае ёсьць пытаньне бясьпекi. Бальшавiцкая разьведка будзе старацца закаранiцца ў нашых шэрагах. Таму нагляд за бясьпекай трэба аддаць у рукi надта кемлiвых людзей i варта, за ўсякую цану, мець сваiх людзей у бальшавiцкiх так званых ворганах. Разумееце? Падчас змаганьня будуць паўставаць розныя праблемы, каторыя будзем паступова вырашаць. Галоўны нацiск класьцi на адданых iнiцыятыўных, ахвярных людзей. Вайна можа працягнуцца яшчэ год, а мы можам i мусiм глядзець далей у будучыню. Але я цяпер, з вашым дазволам, зраблю такую цывiльную прапанову: давайце вып'ем яшчэ па чарцы. Можаце?

Антось кiўнуў галавой, а Янук сядзеў, задуманы.

— А ты, Янук? — спытаў яго Князь.

— Калi ласка.

Гаспадар налiў. Выпiлi й закусвалi.

— Прабач, Янук, — зьвярнуўся да яго Князь, — я ў цябе нi спытаўся, цi ня хочаш пайсьцi на захад. Думаў пра гэта?

Янук адказаў не адразу.

— Ня ведаю. Я прыабяцаў жонцы, што-б нi было…

— Ён толькi што ажанiўся, — сказаў Антось.

— Праўда? То вiншую, — сказаў Князь.

— Дзякую.

— А хто твая жонка?

— Настаўнiца з нашай вёскi.

— Дык добра. Жадаю вам, маладым, шчасьця. А яна палiтычна надзейная?

— Так, зусiм, — сказаў без запыну Янук, хоць меў адносна Дунiнай «палiтыкi» пэўныя засьцярогi.

— Добра, я буду прадаўжаць, — гаварыў Князь. — Хоць мы ў асноўным будзем палягаць на свае сiлы, усё-ж спадзяёмся, што праз нашых людзей удасца нам навязаць сувязь з заходнiмi дзяржавамi й здабыць помач. Яна будзе неабходнай у часе наступнай вайны хаўрусьнiкаў iз Савецкiм Саюзам. Такая вайна, рана цi позна, але будзе. Для нас яна чым раней тым лепш. Мы будзем старацца мець заплечча, сяброў, дапамогу з захаду. Вы самi ведаеце гiсторыю першай вайны й яе насьледкi. Польшча здабыла дзяржаву, бо мела помач ад Францыi, а мы й Украiнцы, што такой помачы ня мелi, свае дзяржавы страцiлi. Цяпер мусiм спрычынiцца, каб гэта не паўтарылася. Нашы людзi, што апынуцца на захадзе, навяжуць патрэбныя сувязi. У выпадку вайны заходнiя дзяржавы, пэўне-ж, будуць разьлiчваць, што паняволеныя народы, у тым лiку й Беларусы, будуць iм памагаць. Мы iм патрэбныя ня менш, чым яны нам, каб Маскву на лапаткi палажыць. Iншыя нашы хаўрусьнiкi ў змаганьнi, зь якiмi будзем мець лучнасьць, — мы яе фактычна ўжо маем, — гэта нашы суседзi, як Украiнцы, балтыцкiя народы, Палякi, ды, калi будуць, незалежнiкi Расейцы, якiя, само сабой зразумела, адракуцца ўсялякiх прэтэнзiяў да нашых земляў. Толькi супольнымi сiламi зможам перамагчы. З Палякамi будзе цяжэй, бо я, у прыватнасьцi, ня думаю, што яны адракуцца «ўсходнiх крэсаў». Як-бы там нi было, бээнпэ цяпер трымаецца i ў будучынi будзе трымацца такога прынцыпу: не абагульняем усiх Палякаў, а мiж iх разрозьнiваем сваiх ворагаў i прыяцеляў. Разумеем, што яны апынуцца ў такiм становiшчы, як i мы, дык мусiм сабе ўзаемна памагаць. Некалi-ж разам, — помнiце? — наш Калiноўскi i ягоныя паўстанцы змагалiся побач з Палякамi супраць агульнага ворага. Мы мусiм адрозьнiваць людзей, асобныя партыi й групы й ня браць усiх пад агульны назоўнiк. Палякi нам вялiкую шкоду падчас акупацыi мiж войнамi й цяпер падчас нямецкае акупацыi зрабiлi, але яны будуць лiчыцца з намi, калi пабачаць нашу стойкасьць, вытрываласьць, ахвярнасьць, а з гэтага нашага боку хопiць. Дык наша палiтыка павiнна палягаць ма талеранцыi да суседзяў, зь якiмi Бог нас побач разьмясьцiю. Зразумела, калi ходзiць пра давер да iх, дык гэта справа iншага характару. У нашым змаганьнi вялiкую ўвагу будзем даваць прапагандзе, пераважна друкаванай. Гэта для вас, спадзяюся, зусiм зразумела. Ты, Антось, прабач, што адразу мне вылецела з памяцi: дазволь павiншаваць з тваiмi выдатнымi баявымi заслугамi. Многа чаго добрага давялося чуць пра цябе.

89
{"b":"103053","o":1}