Ясь падаў яму дакументы.
— Увесь кашалёк давай!
Другі мужчына тым часам старанна агледзеў Яся. «Меў рацыю Баран», — падумаў Ясь. Страху ён не адчуваў, толькі злосць, што так па-дурному трапіўся. Ён стараўся прадбачыць пытанні, якія яму будуць задаваць, але абшукалі яго нядбайна. Пратаколу не складалі. Спачатку яго мусілі дапытаць у раённым участку.
У Яся забралі дакументы, грошы, гадзіннік і сцізорык. Пасля ў суправаджэнні двух агентаў адвезлі фурманкай у першы ўчастак на Даўгабродскай. Ясь ведаў рамізніка, які падтрымліваў сувязь з блатнымі. Рамізнік таксама яго пазнаў. Паніч падміргнуў яму і рухам галавы даў знак: «Папярэдзь хлопцаў!»
Праз гадзіну Баран ужо ведаў, што Паніча «павязалі» і што ён у першым участку. А пад вечар Ясю ў камеру перадалі пакунак з ежай. Яго даслала Маруся Лобава, якой Баран сказаў, што хлопца арыштавалі. Ён ведаў, што яна Ясева каханка, і пабойваўся, што ў яе кватэры могуць быць «трэфныя» рэчы. Марусю Ясеў арышт не напужаў зусім. Яна толькі перагледзела рэчы, што ён пакінуў. Усё расклала асобна: што ў шафу, што ў камоду, — і пачала гатаваць яму ежу. Назаўтра да яе прыбег збялелы ад страху за свой інтэрас Жардонь. Ён соваў ёй у рукі грошы і казаў:
— Ты ім займіся… Я не магу… Грошы ёсць, колькі хочаш… Вазьмі адваката ці як там…
— Нічога не трэба. Я сама ўсё зраблю, — адказала яму Маруся.
І праўда, яна зрабіла ўсё, што было можна. Нават трапіла да начальніка ўчастка, які дазволіў ёй убачыцца з Ясем. Сустрэча прайшла ў канцылярыі ў прысутнасці двух чыноўнікаў, што сядзелі за сваімі сталамі, і аднаго паліцэйскага.
Маруся горача абдымала Яся. Хлопец расказаў ёй прыдуманую гісторыю пра тое, як знайшоў на могілках часткі машыны і як яго з гэтай прычыны арыштавалі. Маруся сказала, што яго, несумненна, хутка вызваляць. Што яна зробіць усё, што ён захоча, каб дапамагчы яму.
Аднак дні ішлі, і Ясь зразумеў, што так хутка на свабоду ён не выйдзе. Што праўда, праведзены нядбайна вобшук вынікаў не даў, але Следчае аддзяленне даслала ліст, што, маўляў, справа сур’ёзная і пасля высвятлення дэталей ва ўчастку Яся трэба накіраваць для далейшага следства на Серпухаўскую. Паніч адчуў, што можа надоўга завязнуць за кратамі. Справу могуць скіраваць у суд, які праз увесь гэты гармідар можа адбыцца вельмі няхутка. Гэта ён добра ведаў. «Гэта тыя цывілы і “гінты” ўсю справу завострылі», — зрабіў ён выснову.
Натуральна, супрацоўнікі Следчага камітэта зацікаўленыя не ў раскрыцці справы, а ў затрыманні злачынцы. Бо гэта колькасны вынік. Таму ўсе падазрэнні адразу ператвараюць у доказы, а з абвінавачанага робяць вінаватага. Гэта надзвычай проста, нават калі ў абарот трапляе зусім невінаваты чалавек. Хто з нас можа даць моцнае алібі на кожную гадзіну свайго дня? Хто можа даць жалезныя паказанні ў якой-колечы справе? Усё падуладнае тэндэнцыі і добрай або злой волі пратакаліста. У дадзеным выпадку затрымаць злодзея было патрэбна, таму Ясеў лёс быў вырашаны, нягледзячы на тое, што істотных доказаў супраць яго не было. Паніч ведаў, што ў Следчым аддзяленні яго маглі змусіць прызнаць сваю віну запалохваннем, абяцанкамі і нават біццём. Цяпер ён шкадаваў, што так па-дурному сам улез у камеру. Ён быў тут толькі некалькі дзён, а ўжо сумаваў па свабодзе. Ужо былі невыносныя і гэтая смярдзючая камера, і цвёрдыя нары, і раі паразітаў. А найгоршае было тое, што ён не мог па сваім жаданні выйсці з гэтай замкнутай прасторы. Што толькі чужая воля магла адамкнуць гэтыя зачыненыя за ім дзверы. Ясь не спаў. Сядзеў на падаконні і глядзеў у чорную глыбіню ночы за кратамі. Перарваўшы яго трывожны, лёгкі сон, Яся жэрлі клапы. За ім на брудных нарах спалі яшчэ трое вязняў. Селянін з сынам, якіх арыштавалі за адсутнасць дакументаў і якія сцвярджалі, што ў іх наогул ніякіх дакументаў няма, толькі метрыкі, і тыя — каб не згубіць — яны трымаюць дома, і затрыманы да працверазення п’яны каваль з прадмесця.
Камера была для арыштаваных за дробныя правіны. Больш сур’ёзных злачынцаў або адразу адпраўлялі ў цэнтральную, або пільнавалі з асаблівай увагай. Усю ноч гарэла святло. Ля дзвярэй стаяў адмысловы ўчастковы, дзяжурны таксама наглядаў за камерай. Час ад часу Ясь чуў ягоныя крокі. Тады ён клаўся на нары і прыкідваўся, што спіць. Гук выключальніка — і на некалькі секунд камеру залівала святло.
Седзячы на падаконні, Ясь пачаў абмацваць край мура пад кратамі. Яшчэ ўдзень ён заўважыў там пралом у адной з цаглін. Рама была ўмацаваная ў мур на васьмі «асцюках», пракладзеных вапнай між цаглінамі. Знізу на сем пальцаў краты не даходзілі да сцяны. Ясь з радасцю заўважыў, што адна цагліна рухаецца. Праз некалькі хвілін ён дастаў яе з мура і скінуў уніз. Аднак пралом быў занадта малы, каб нават прасунуць галаву. Расшырыць яго голымі рукамі хлопец не мог.
Неўзабаве ён пачуў на калідоры крокі, лёг на нары і прыкінуўся, быццам спіць. Святло на некалькі імгненняў затапіла камеру і зноў згасла. Ясь басанож хадзіў па камеры. Ён пачаў адкручваць ручкі ў печы. У яго атрымалася дастаць з іх закрутку і засаўку. Яны былі масіўныя і досыць моцныя.
Ён вярнуўся на падаконне і старанна працаваў, расшыраючы пралом у сцяне. Крохкія старыя цагліны паступова здаваліся. Вапна між імі лёгка асыпалася. Праз некалькі гадзін працы Ясь, змораны, спацелы, але зацяты ў сваёй працы, зрабіў такі пралом, у які ўжо праходзіла галава. З расповедаў калег ён ведаў, што калі пройдзе галава і адна рука, то пройдзе і ўвесь чалавек.
Ён прыкруціў назад пячныя дзверцы, ачысціў дзіру ў сцяне над кратамі ад дробных аскепкаў цэглы і вапны, лёг і стаў чакаць праходу дзяжурнага. Той з’явіўся няхутка. Свае абавязкі дзяжурны выконваў рэдка і неахвотна, з упэўненасцю, што ніхто не ўцячэ, бо не было яшчэ аніводнага выпадку. Урэшце Ясь пачуў шорганне крокаў у калідоры, шчоўк уключальніка. Цяпер святло згасла не так хутка, як папярэднім разам.
Святло згасла. Крокі паволі аддаліліся. Ясь зняў пінжак, паклаў яго збоку на падаконне і, уціскаючы галаву і правае плячо ў пралом у сцяне, пачаў вылазіць з камеры. Адтуліна была замалая. Вострыя ў месцах пралому краі цаглін дзерлі яму скуру. Кашулю ён падраў ушчэнт, але змог праціснуць верхнюю частку тулава і выцягнуць левую руку. Ён шкадаваў, што не зрабіў пралом большым. Яго становішча было вельмі нязручным. Ён застраг галавой уніз і не мог прасунуць сцёгнаў. Паспрабаваў таргануцца назад, але гэта ўжо было немагчыма. Ён шкадаваў, што не зняў штаны, гэта б крыху паменшыла аб’ём сцёгнаў. Ён намагаўся захоўваць спакой. Павольнымі рухамі сцёгнаў ён стаў пасоўвацца далей праз пралом і адчуў, што вылезе, калі здыме штаны. З цяжкасцю ён расшпіліў іх і рухам тулава вызваліў сцёгны… І ён адразу ж пасунуўся ўніз, падаючы на рукі. Ён падняўся з зямлі. Зашпіліў штаны. Узяў з падаконня пінжак і, апранаючы яго, паціху скіраваўся ад участка ўглыб падворка. Ён быў свабодны.
ЗЛАДЗЕЙСКІ ЛЁС
Антэк Турак і Сыронь — два абротнікі[34] — выбраліся за дзясяткі кіламетраў ад горада па «юса». На яго навёў злодзеяў сусед заможнага селяніна, які такім чынам хацеў адпомсціць. Супольнікі намерваліся падысці пад хутар наводчыка і, згодна з яго ўказаннямі, юса[35] ліквідаваць.
Паколькі ішлі яны са «статкамі» і былі вядомымі злодзеямі, то, — каб не нарвацца дзесьці на «гінта» — выйшлі з горада на досвітку. Дарога вяла праз вялікі і прыгожы Архіерэйскі лес.
Для чалавека, якога зацягнуў горад і які не бачыць ніколі ані ўсходу сонца, ані заходу зорак, прыроды не існуе. Злодзеі былі незалежныя і па-дзіцячы шчырыя. Іх «свабодная» прафесія не абцяжарвала галаву пастаянным клопатам пра неабходнасць зрабіць нейкі інтэрас. Яны жылі, быццам у сне, і наіўнымі, дзіцячымі вачыма глядзелі на ўсё навокал. Толькі саромеліся гучна выказваць свае настроі і думкі.
Калегі мінулі вялікую паляну, і злева, паміж рэдкімі камлямі дрэваў замільгацелі ружовыя палоскі. Пасмы святла ператкалі сівы туман і пабеглі па дрэвах, сягаючы ўсё вышэй. Верхавіны соснаў адразу ж засвяціліся ружовым, а пасля заліліся чырванню.