Дырэктар злёгку хітнуў гаспадыні галавой на развітанне і выйшаў на вуліцу.
Як ён сышоў, жанчына з заціснутымі кулакамі падбегла да мужа:
— Дурань! Ідыёт! Паўмільёна выкінуў у акно! І нашто я выйшла замуж за такога хамуйлу!
Гаспадар смачна сплюнуў:
— Сама ты ідыётка. Ты ж пачала казаць «паў»…
— Я акурат хацела сказаць «паўтара», але збілася, а ты мне перашкодзіў і не даў скончыць. Як апошні дурань вылез з мільёнам. Я бачыла, як ён пасміхаўся твайму дурноццю. Ён бы і два мільёны даў, і тры, магчыма, нават пяць або дзесяць… Вось жа дурань, дурань, дурань!
— Але ж той паніч ацаніў яго на паўмільёна, — спрабаваў бараніцца муж.
— Бо я яго ўпрасіла. Разумееш? А зрэшты, што такі блазнюк разумее. Той сам казаў, што не ведае, колькі гэта каштуе… І што тут казаць. Калі мы вырашылі, што папросім паўтара мільёна, чаму ты прасіў адзін?!
І сварка працягвалася. І думка пра страчаныя і такія блізкія мільёны даводзіла мужа і жонку да роспачы.
Увечары ў краму прыйшоў Ясь. Ён быў у падарожным паліто, а цераз руку ў яго быў перакінуты плед.
— Ну як, ці бераце вы карціну, бо я акурат з’язджаю?
— Вядома, бяром, — панура адгукнуўся армянін. — Але, можа, вы б крыху саступілі. Што ў гэтай карціне такога: і фарбы палопаліся, і брудная, і намалявана абы-як…
— Я нічога не магу саступіць. Або вы купляеце, або не. Я вас не прымушаю. Хваліць карціну таксама не буду. Прадаю вам тое, што вы бачыце. А калі цана не адпавядае, то і не купляй, пане гаспадар.
Праз паўгадзіны Ясь выйшаў з крамы, маючы ў кішэні 50 000 ост-рублёў (той пачак, які армянін атрымаў як задатак ад дырэктара) і 450 000 ост-рублёў золатам і даляравымі купюрамі. Гэтая сума была досыць нядобрасумленна пералічана армянінам. Але Ясь зрабіў выгляд, што не разбіраецца ў гэтым.
З таго часу гаспадар крамы і яго жонка больш ніколі не бачылі ані Яся, ані дырэктара. Бо калі назаўтра, а сёмай гадзіне вечара армянін з карцінай пад пахай прыйшоў у гатэль «Еўропа», то выявілася, што там няма аніводнага госця з падобным прозвішчам.
Так яны страцілі чатырыста пяцьдзясят тысяч рублёў і двух добрых кліентаў. Але дзіўная рэч, пасля гэтага выпадку сужэнцы менш сварыліся і менш перажывалі, чым напярэдадні, малюючы сабе магчымасць зарабіць уяўныя мільёны. Яны атрымалі крыху досведу і, на добрую памяць, партрэт «каханай нябожчыцы мамусі».
Але яшчэ доўга потым армянін падазрона пазіраў на кожнага кліента, які купляў дарагія цыгарэты або цыгары.
ГРАНДА
Залатая Паўця была каралевай Залатой Горкі. Другі месяц яна самастойна займалася крамай, уладальніцай якой стала. Крама была невялікая, але прыгожа адрамантаваная, светлая і зручная. Раней тут прадавалі канцтавары, але попыт на іх быў кепскі, і Паўця стала гандляваць содавай. Акрамя содавай, чыстай і запраўленай каляровымі сіропамі, тут можна было набыць цукеркі, шакалад, арэхі, семкі, садавіну.
У гандлі Паўця паказала сапраўдную чуйку. Яна ўмела так салодка прадаваць свой салодкі тавар, што збірала вакол крамы ўсё большую кліентуру. Абсалютна нечакана выявілася, што крама — ужо ў першы месяц — пакрыла ўсе выдаткі, ды яшчэ і прынесла прыбытак. Невялікі, але, беручы пад увагу тое, што гандаль толькі пачаўся і сур’ёзная сума пайшла на рамонт, абсталяванне і закупку тавару, можна было дапусціць, што справа пойдзе дасканала.
Жыццё Аліка Барана з Паўлінкай пайшло інакш. Паўця заўжды была з ім ветлівая, добрая, далікатная. Яна напраўду старалася адгадваць ягоныя жаданні. Клапацілася пра тое, каб у яго заўжды была чыстая бялізна і ахайнае адзенне. Паўлінка нават боты яму пачала чысціць, бо заўважыла, што каханак любіць, каб боты заўжды прыгожа блішчэлі. Але Алік не дазваляў ёй гэтага рабіць.
Калі Баран вяртаўся з горада, Паўця заўжды пяшчотна вітала яго, абдымала, цалавала, пытала, ці не стаміўся, рыхтавала ваду для ўмывання, гатавала ежу, дбаючы пра тое, каб каханак меў тое, што любіць.
Алік Баран не пазнаваў у ёй колішняй Паўлінкі. Гэта была абсалютна іншая жанчына, непадобная да той, якую ён ведаў да іх расстання. Цяперашняя Паўця стала для Барана здзяйсненнем яго старой мары… Але, нягледзячы на ўсё гэта, з Алікавай душы не знік недавер да яе. Часам неўпрыкмет ён назіраў за ёю і разважаў: «Ці ты напраўду такая, ці толькі вочы мне замазваеш?» Нават у матэрыяльных справах Паўка стала вельмі далікатнай. Да той ступені, што ніколі ўжо сама не прасіла грошай на пакупкі і хатнія выдаткі.
У Аліка мінула паласа няўдач, цягам якой ён нават залез у пазыкі. Цяпер «работы» самі ішлі ў рукі, і ён выконваў іх лёгка і ўпэўнена. Неўзабаве ён сплаціў пазыкі і займеў добры запас гатоўкі. Неяк увечары Паўлінка пачала лашчыцца да яго, а пасля сказала:
— Ведаеш што, каханы мой, мы цяпер шмат зарабляем. Грошай на ўсё хапае і яшчэ застаецца. Купляй золата. Невядома, што там далей будзе. Можа, змены якія. А залатыя грошы заўжды сваю цану маюць.
— Дзве дзясяткі я ўжо маю, — сказаў Баран і паказаў Паўлінцы залатыя манеты.
— Толькі ты добра хавай, каб не згубіліся.
— Не бойся, — адказаў Алік, — я ж не фраер.
Паўлінцы гэта не вельмі спадабалася. Яна хацела б ведаць, дзе каханак хавае грошы, але распытваць пабойвалася, каб ён не запасочыў яе ў карыслівасці.
Аднойчы да Аліка завітаў у госці Федзя Гусар. Гэта быў брат славутага ў цэнтральнай Расеі бандыта, пра якога хадзілі легенды. Пасля рэвалюцыі Гусар пайшоў братавай сцежкай. Той стаў бандытам у выніку спрэчкі з кіраўніцтвам і жадання адпомсціць. Гэты застаўся ў галечы пасля рэвалюцыі, а паколькі быў вельмі смелы і спрытны, стаў акулай і наводзіў жах на паліцыю некалькіх ваяводстваў. Урэшце, у асаблівай небяспецы Федзя даў драпака ў Вільню і тут знайшоў некалькі сваіх маскоўскіх калег. Праз іх ён адразу ж пазнаёміўся з рэштай зладзейскай арыстакратыі Менска.
Баран і Гусар доўга раіліся над здаўна запланаванай работай, за якую Федзя Гусар узяўся адразу ж пасля прыезду ў Менск. Гэта была гранда, або — як выражаўся Федзя — стопка. Гэта значыць, разбойны напад. Баран, як кваліфікаваны стары злодзей, вельмі неахвотна ішоў на гранду. Наогул, злодзеі-спецыялісты не любяць такога кшталту спраў. Маўляў, «нічога тут складанага няма, фраерам руляй пад насы тыцкаць і форсу трэсці. Гэта любы хамуйла зможа. Ты яму пыл у вочы пусці і так нагрэй, каб ён сам нічога не заўважыў».
У гэтай непрыхільнасці прафесійных злодзеяў да разбойных нападаў вялікую ролю грае звычайны разлік. Калі трапіцца на крадзяжы, прысуд не будзе занадта вялікім. А вось засыпаешся на грандзе — і пакаранне можа быць вельмі суворае… Удзел прафесійных злодзеяў у разбойных нападах мінімальны. Большасць з іх у нармальныя часы наогул такога віду работы не прызнае. Пераважна гэта сфера дзейнасці людзей, выпадкова збітых з панталыку, яны пачынаюць напады ў роспачы, а працягваюць, не маючы дарогі назад (калі іх выкрываюць), і так і ідуць гэтай сцежкай… да смерці або да здрады і шматгадовай турмы.
Напад планавалі зрабіць на кватэру багатага ўладальніка фабрыкі малочных прадуктаў і некалькіх спецыялізаваных крамаў. Пасля падрабязнага вывучэння тэрыторыі і складання плана, было прынята рашэнне, што для работы будзе дастаткова пяці чалавек. Паўдзельнічаць прапанавалі і Ясю. Гусар зморшчыўся: «Замалады!» Але Баран сказаў: «Я яго добра ведаю. Супольнік. Не горшы за цябе або мяне будзе». Ясь ахвотна пагадзіўся. Канакрад Малыш і яго калега Рулет, якія мелі зброю, замыкалі пяцёрку. Для Яся Алік назаўтра набыў бельгійскі браўнінг. У яго самога быў наган. Ён не давяраў аўтаматычнай зброі.
Праз два дні, цёмным вечарам, уся пяцёрка шпацыравала вуліцай паблізу месца планаванага нападу. Яны былі тут ужо даўно, але работы не пачыналі. Утварылася перашкода: па іншым баку вуліцы, амаль адначасова з імі, з’явіліся дзве групкі людзей па трое, яны праходжваліся туды-сюды. Было так цёмна, што іх фігуры ледзь можна было адрозніць.
Пяцёрка Барана чакала, калі перашкода знікне. Думалі, што гэта звычайныя мінакі або гуляе сабе хто. Але тыя прайшліся да канца вуліцы павярнулі і такім самым парадкам пайшлі назад.