Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Бачыў, свіння, такую жанчыну?.. Га?.. Бачыш, якія ногі!… Кожная па тысячы… У, дзе там… Кожная па сто тысяч… Колькі ты яму даў?

— Каму? — не зразумеў Ясь.

— Ну, гэтаму Сыркоўскаму… каб са мной спаць…

— Дзве тысячы…

— Я думала, Сырок мяне ашукаў… А што такое дзве тысячы… На добры пярсцёнак не хопіць… І раскладвайся тут за дзве тысячы перад такім блазёнкам…

Ясь быў цверазейшы за яе, а цяпер адчуў сябе зусім прытомным. Яму было сорамна, шчокі заліліся чырванню…

— Не трэба мяне зневажаць. Я зусім не збіраўся з вамі спаць. Гэта быў план Сыркоўскага. Я хацеў даць вам зарабіць.

— Ой, які святы!.. А сапраўды, каналья!.. Разумееш, дурыла такі!.. Усё тваё майно не вартае вось гэтага майго пальца. За дзве тысячы… Падла!..

Ясь узяў з крэсла шапку.

— Да пабачэння і перапрашаю, калі няхоцькі пакрыўдзіў…

Ён пайшоў да дзвярэй. Акцёрка падарвалася з месца.

— Чакай!

— Чаго жадаеце?

— Хадзі сюды! Распранайся і кладзіся ў ложак! Сёння мне патрэбны мужчына!

— Калі вы маеце для мяне тры тысячы, то з задавальненнем…

— Што?!

— Так-так… Мае ногі дакладна прыгажэйшыя за вашыя, ды і іншыя дадаткі таксама… Вартыя трох тысячаў…

— Гаўнюк!

— Ах, як вы прыгожа выслаўляецеся… Я б таксама мог сказаць вам штосьці непрыемнае, але не хачу… Вы ж не настолькі п’яная, каб не зразумець, наколькі ўсё гэта агідна.

— Ты мяне не вучы!.. Разумееш?.. Я раблю, што мне падабаецца.

— Не надта… Вас можна купіць за дзве тысячы… А мяне вы не купіце зусім…

— Дурны фраер!

— Што?!

Ясь здзіўлена глядзеў на яе. Гэты выраз з ейных вуснаў падаўся яму вельмі камічным. Ён пачуваўся фірмовым злодзеем, блатным, а тут сапраўдная фраерка раптам узнагародзіла яго такім тытулам. Знянацку Ясь пачаў так шчыра і весела смяяцца, як смяяўся рэдка калі. Цяпер здзіўленая акцёрка глядзела на гэты нечаканы выбух смеху. А Ясь падышоў да ложка, сеў на край і, адсмяяўшыся, паволі і ціха, сказаў:

— Ты, я бачу, з нашай хеўры спрытнюга і па-блатному клёва ўмееш спяваць. А памятаеш, як да цябе ў спальню месяц таму блатны хлопец зазірнуў. Як ты зенкі расплюшчыла, а пасля такога мойра падчапіла, што, быццам тое заліўное, трэслася. Памятаеш, як табе махнулі «дамавінку» і «скуру». Усё вярнулі поштай, толькі адну фотку на памяць пакінулі. Я ўсе лісты розных шпагатаў да «каханай, незабыўнай, найчароўнейшай багіні» прачытаў. Такі з мяне фраер. А ты, спрытнюга, за дзве тысячы з панічам з-пад Барысава вымушаная распуснічаць.

Акцёрка нацягнула на лоб коўдру і ў жаху глядзела на Яся.

— Гэта былі вы?!

— Гэта ніяк са справай не звязана… Рэч у іншым. Я вас лічыў добрай, мілай жанчынай. Пакахаў вас, бо лічыў, што вы вартыя кахання. А цяпер бачу, што вы не больш за «агітку» вартая… Хіба толькі даражэйшая. Толькі гэта…

— Прашу вас… Я вам зараз аддам тыя дзве тысячы.

— Не трэба… Гэта вам за страчаны час і навуку для мяне… Яно таксама чагосьці вартае.

Ясь устаў і выйшаў з пакоя. На вуліцы марознае паветра прыемна халадзіла ягоны распалены твар. Задуменны, ён ішоў вуліцамі і нёс у сэрцы тугу па страчаных ілюзіях. Гэта было яго першае, дурное, шумлівае каханне.

Маруся Лобава здзівілася, калі пасярод ночы ён пагрукаў ёй у акно. Яна пусціла яго ў кватэру.

— Што здарылася? — спытала яна з трывогай.

— Нічога кепскага… Вяртаўся позна і захацелася да цябе зайсці.

— Цудоўна. Можа, хочаш есці?

— Не… Мы пілі… Я пасля вячэры…

Неўзабаве Ясь быў у Марусіным ложку. Жанчына ціха ляжала поруч з ім. Ён адчуваў, што яна шчаслівая ад ягонай прысутнасці. Яму стала шкада, што ён прысвячаў ёй мала ўвагі. У пэўны момант ён моцна пацалаваў яе ў вусны і шчыра сказаў:

— Ведаеш, Маруся, ты вельмі мілая… Вельмі…

Жанчына адказала яму моцнымі абдымкамі.

ВЕЧАРЫНКА З КВЕТКАМІ

Злодзеі на Камароўцы былі арыстакратыяй. Але вуліца была тэрыторыяй хуліганаў. Паміж злодзеямі і хуліганамі існавалі даўнія антаганізмы. Наогул, хуліганы пабойваліся злодзеяў, хоць тыя і трымаліся сціпла і было іх няшмат. Добры злодзей заўжды пагарджае хуліганам, альфонсам і старызнікам. Не ўступае з імі ў кантакт і адорвае пагардлівай назвай «шпана». Хуліганнё для фірмовых злачынцаў — элемент агідны і небяспечны. Хуліганы часта служаць паліцэйскімі інфарматарамі, псуюць рэпутацыю раёна дурнымі нападамі на мінакоў і дзікімі скандаламі на вуліцах. У сваю чаргу, самі хуліганы ненавідзяць злодзеяў за іх сур’ёзнасць, майстэрства ў працы, добрыя строі, за тое, што, паходзячы з іншага раёна, а часам і горада, яны знаходзяцца ў іх раёне на асабліва прывілеяваных правах. Дзяўчаты, напрыклад, лічаць за лепшае мець каханка злодзея, а не хулігана. Злодзеі жывуць на найлепшых малінах і карыстаюцца там пашанай. А вось хулігана нават у сваёй сям’і толькі церпяць, бо прыбытку ад яго ніякага, а клопату шмат.

Хуліганаў за пляшку гарэлкі можна наняць, каб кагосьці правучыць ці нават прыбраць з гэтага свету нажом або каменем. Злодзей на такія рэчы не пойдзе. Галоўныя рысы злодзея — спрыт і смеласць, а хуліган адзначаецца толькі нахабнасцю і дурасцю.

Кася Залатая Труба вырашыла запрасіць на свае народзіны гасцей. Пецька Бык ахвотна на гэта пагадзіўся, бо вымалёўвалася дасканалая нагода для сур’ёзнай папойкі. Пачалі раіцца, каго запрасіць. Пры гэтым не абышлося без значных сварак і нават бойкі. Урэшце сышліся на тым, што госці будуць трох катэгорый: першая — госці Касі Залатой Трубы, другая — госці Пецькі Быка і трэцяя — супольныя. Кася, як даліншчыца, вырашыла запрасіць майстроў і найбліжэйшых калег па сваёй кішэннай спецыяльнасці: Тоську Сароку, Кулямёта, Чэсіка Свабоду, Паніча (Яся). Пецька Бык лічыў абавязковым запрасіць Моркаўку і Фіську. Супольнымі гасцямі былі тузы зладзейскага свету: Жаба, Янка Залаты Зуб, Мангол, Філіп Лысы, Казік Марэцкі. Акрамя гэтага, запрасілі некалькі суседскіх дзяўчат.

Кіраваць арганізацыяй вечару ўзялася Кацярына Сперда. Менавіта ў яе кватэры, як у найбольш прасторнай, павінен быў адбыцца прыём. Кася і Пецька Бык не паскупіліся на грошы. Залатой Трубе апошнім часам шанцавала, таму форсы было дастаткова. Пяклі, смажылі, гатавалі. Пецька Бык прынёс некалькі кашоў піва і набыў многа гарэлкі. Усё было прадумана да найдрабнейшых дэталей.

Дзве Кацярыны з раніцы запрэглі Пецьку Быка насіць ваду і шараваць падлогу. Таму фармазон, паступіўшыся сваёй далікатнай спецыяльнасцю, падкасаў штаны і басанож узяўся за працу. Ахвотна шлёпаў па мокрых маснічынах і, з імпэтам шаруючы іх, спяваў:

Каб мне сказалі, дзе я спачну,
Я б залатую справіў труну,
З золата сценкі, са срэбра — вечка,
Каб зіхацела прыгожа і вечна.
Гэй, дыгу-дыгу!
Гэй, дана-дана!
Каб зіхацела прыгожа і вечна.

Кася штохвілінна зазірала і кантралявала яго працу. Як заўжды, яна не шкадавала пры гэтым зласлівых заўваг. Звычайна Пецька Бык нядоўга б трываў. Яны адразу ж учапіліся б адно аднаму ў кудлы. Але сёння ён быў у аксамітным гуморы (толькі падумайце: столькі гарэлкі) і нішто не магло вывесці яго з раўнавагі. На зачэпкі Касі ён наогул не адказваў. Рабіў сваё далей, спяваючы:

А на тым вечку кілішак зуброўкі:
Каб разумелі, што хойрак быў лоўкі!
А на тым вечку пара кіёчкаў,
Каб там было чым вучыць фраерочкаў!
Гэй, дыгу-дыгу!
Гэй, дана-дана!
Каб там было чым вучыць фраерочкаў!

Пра бяседу ў Касі Залатой Трубы даведалася ўся Камароўка. Гэта нібы і мусіла быць таямніца, але дзе ж такую таямніцу ўтрымаеш, калі яна сама наверх лезе. Тут пазычылі посуд, там крэслы, дзесьці яшчэ кветкі. І пайшла па свеце пагалоска.

18
{"b":"649013","o":1}