У камеры зноў запанавала цішыня.
Гэта было а дзясятай ранку. Згодна з планам, уцёкі павінны былі пачацца падчас першай раздачы ежы — пасля знаку са свабоды. Гэты знак атрымалі і спажывалі. А абед звычайна быў а дванаццатай гадзіне. Да пачатку акцыі заставалася дзве гадзіны.
З суседняй камеры далятала песня:
Наша вязніца з камення,
Час тут павольна паўзе!
Хлопцы чакаюць збавення,
Смутак іх душы грызе!
Уся сёмая маўчала. Слухала. А песня падала і нарастала, каб урэшце выбухнуць смелым пратэстам:
З пурпуру шыйма сцягі,
Хай нас заўважаць багі,
Будуць пярун з бліскавіцай,
Хай б’юць у нашу вязніцу!
І гэтыя бліскавіцы набліжаліся да турмы, каб ударыць у яе… Акурат з-пад чырвонага штандара… Мала хто гэта разумеў.
ЧАС СВАБОДЫ
У камерах панаваў спакой, але сэрцы біліся ў іншым рытме. Сярэдні калідор замёр. Чакаў. Стары злодзей-калідорны, Зубіла, абыходзіў камеры. Адхіляў чорныя застаўкі на вочках і зазіраў у камеры. Калі падыходзіў свой хлопец, ён каротка кідаў яму:
— Ёсць цынк.
Было вядома, пра што вядзецца. Але пра гэта не казалі. Толькі настрой у камеры адразу змяняўся. Наглядчыкі заўважылі гэтую змену, аднак прычыны не ведалі. Дапускалі, што гэта звязана з няпэўнай палітычнай сітуацыяй. Самі яны таксама былі занепакоеныя хуткай зменай улады ў горадзе.
Грыб, вялікі, пануры наглядчык, у той дзень дзяжурыў у сярэднім калідоры. Наглядчыкам ён працаваў дваццаць з гакам гадоў. Вязняў Грыб ведаў добра, і мала было таямніц, якіх ён не выкрыў, працуючы ў менскай вязніцы. Вязнямі наогул ён пагарджаў, але блатныя былі ў яго ў пашане. Некаторых з іх ён баяўся больш за начальства. Блатнога Грыб ніколі не пакрыўдзіў. Блатныя пра гэта ведалі і шанавалі свайго панурага вартаўніка. Хлопцы з сёмай шкадавалі, што ўцёкі выпалі на ягонае дзяжурства. Яны ведалі, што адказнасць ляжа на яго, а крыўдзіць Грыба было шкада.
У сямёрцы абмяркоўвалі ўжо распрацаваны план. Баран, Кулікоўскі, Янка Залаты Зуб, Шчупак, Варлам і Кнот сядзелі на падаконні і на козлах. Размаўлялі яны ціха. Менавіта яны павінны былі захапіць сярэдні калідор і пачаць акцыю. Трэба было абяззброіць і абясшкодзіць Грыба.
— Я яго «на хамут» вазьму, — сказаў Варлам, канакрад, вядомы сваёй вялікай фізічнай сілай.
— Не, — запратэставаў Баран. — Ты станеш ззаду. Я з ім спраўлюся. А калі захоча «хай» узняць, тады бяры «на хамут», а я рулю забяру.
Баран не хацеў крыўдзіць прыстойнага ключніка. З другім наглядчыкам на кухні ўправіцца было проста. Ён не быў узброены, а да таго ж быў баязлівы і слабенькі.
Усё абмеркавалі ў найдрабнейшых дэталях. Варлам паціраў жалезныя далоні:
— Пойдзе работка!
Янка Залаты Зуб кружыў па камеры, як тыгр па клетцы. На шчоках у яго ігралі мускулы. Штосьці там ён прыдумляў. Ігнат Кулікоўскі сядзеў на падаконні і ціха насвістваў. А Баран старанна чысціў боты і думаў пра… Паўлінку…
Набліжалася дванаццатая. Рух у камерах заміраў. Блатныя ведалі, іншыя адчувалі, што збіраецца на штосьці трывожнае… Усе прыслухоўваліся…
А ў калідоры гаспадарыў Грыб. Ён насупіў кусцістыя бровы, бэсціў калідорных, звінеў ключамі і сплёўваў… Штосьці яму не падабалася…
«Прыдумалі нейкую штуку… Але што?»
— Ціха.
Знізу тонкім голасам адгукнуўся Цвыркун:
— Абе-ед!
Калідорныя скончылі з парадкаваннем аддзелаў і скіраваліся ў бок дзвярэй аддзялення. Там спыніліся ля століка, над якім вісела вялікая чорная дошка: «Стан вязняў».
Грыб устаў з-за стала, за якім правяраў спіс падследных вязняў, спіс чамусь не сыходзіўся з лічбамі на дошцы.
— Сёмая ідзе? — спытаўся ён, як звычайна.
— Сёмая, спадар наглядчык, — услужліва пацвердзіў адзін з калідорных.
Грыб сплюнуў і, пазвоньваючы ключамі, пайшоў да камеры. Акінуў поглядам іншыя камеры, прыслухаўся. Ціха.
— На абед!
Янка Залаты Зуб выйшаў першы. Ён быў ужо ля самых дзвярэй. Пасля выйшлі Баран, Варлам і Ігнат Кулікоўскі.
— Сёння, напэўна, абед з дзвюх страваў, — спрабаваў жартаваць Кулікоўскі.
— На другое смажаныя вушы і рыбіны ногі, — сказаў Янка.
Баран быў спакойны, як заўжды. Варлам увесь час пазяхаў.
Грыба гэта не супакоіла. Але і ён умеў замыкаць не толькі дзверы.
— Марш на кухню!
І шасцёра вязняў з адным наглядчыкам рушылі ўніз па лесвіцы. Аддзяленне маўчала. Грыб расшпіліў кабуру. Пераклаў ключы ў левую руку. Тады Баран адным хуткім рухам выхапіў у яго з кабуры рэвальвер. Спрытна адступіў і сказаў наглядчыку:
— Ключы давай, ну!
Твар Грыба заліла кроў.
— Па якім такім праве…
— Сёння правы ўсе нашыя… Вазьмі ў яго ключы.
Варлам хацеў забраць ключы з рукі наглядчыка. Але Грыб схапіўся за іх аберуч.
— Не дам… Я прысягу прыносіў…
Наглядчык ведаў, што не справіцца. Але ён нёс сваю службу добрасумленна. Барукаючыся, не крычаў, каб не падштурхнуць блатных да забойства. Яго абяззброілі і забралі ключы.
— Без кляпу, — адрэзаў Баран і, пакінуўшы Грыба на лесвіцы пад апекай Шчупака і Кнота, з рэштай хлопцаў пайшоў уніз, на кухню. Рэвальвер наглядчыка ён схаваў ля жывата, а ключы нёс у кішэні пінжака.
Кухня патанала ў аблоках пары з катла. Гэта адзін з блатных кухараў «падрыхтаваў прастору» для працы.
Цвыркуна, які нічога не ведаў, «пагасілі» мехам. Ён нават не зарыентаваўся, хто гэта зрабіў. Вязні — і цяпер іх было дванаццаць — узялі шэсць напоўненых супам цэбраў і скіраваліся ў першае аддзяленне. Звычайна там пакідалі чатыры цэбры. Наглядчык, як заўжды, убачыўшы гэту працэсію, адамкнуў дзверы. Але праз момант адчуў, што навокал стала цёмна, і ў гэтай цемры ён ляціць угору. Ён паспрабаваў крыкнуць, але крык абарваўся. Яго абяззброілі і забралі ў яго ключы. Тады Баран адамкнуў пусты карцэр напрыканцы калідора і туды занеслі ўсіх трох наглядчыкаў. Карцэр замкнулі.
Такім чынам вязні атрымалі кантроль над кухняй і двума аддзяленнямі.
— Раздаваць абед. З камер не выпускаць! — загадаў Баран і ўручыў Янку ключы ад першага аддзялення і адзін з двух рэвальвераў.
— Абе-ед! — крыкнуў адзін з калідорных, і першае аддзяленне ажыло.
Прыйшоў у рух турэмны млын, што яшчэ момант таму стаяў нерухомы. Янка Залаты Зуб адмыкаў камеры і заставаўся ў калідоры. Памагатыя заносілі цэбар у камеру і раздавалі суп.
Тым часам блатныя такім самым чынам запусцілі абедзенны механізм ва ўжо вольным другім аддзяленні. Там ролю наглядчыка пры адмыканні дзвярэй выконваў Ігнат Кулікоўскі.
Баран, Варлам, Шчупак, Кнот і два памагатыя з цэбрамі ў руках рушылі ў трэцяе, верхняе аддзяленне. Наглядчыка там таксама пагасілі лёгка. Яго абяззброілі, адабралі ключы і пачалі раздаваць абед. Усе гэта зрабілі для таго, каб звонку — найперш з канцылярыі — усё выглядала, як звычайна. Вязні ядуць, седзячы на падаконнях. Ходзяць. Усё ў парадку.
Толькі калі пад кантроль перайшлі ўсе аддзяленні, пачалі адкрываць камеры.
— Хто хоча ўцякаць — выходзьце! Хто дастаецца — сядзець ціха!
Блатныя пачалі паспешліва пакідаць камеры. Яны спускаліся ўніз і збіраліся каля ўваходных дзвярэй. Фраераў спусцілася мала. Можа, дзясятая частка. Рэшта, напалоханая тым, што адбываецца, засталася на месцы. Некаторыя дрыжалі ад страху, іншыя маліліся. А ўнізе паспешліва рыхтавалі цэбры, з якімі хлопцы збіраліся выходзіць з будынка да пральні. Падзеі павінны былі разгарнуцца цягам некалькіх хвілін. Усе разумелі, што гэтыя хвіліны вырашаць пытанне іх свабоды. Панавала цішыня.
3 трэцяга аддзялення адны дзверы вялі ў царкву. Іх адчынялі пераважна на набажэнствы. Захопліваючы аддзяленне, блатныя не звярнулі на іх увагі. Але ўнутры акурат быў наглядчык, які выконваў таксама функцыі царкоўнага старасты. Ён наводзіў парадак у невялікім пакойчыку. Спачатку стараста не звяртаў увагі на тое, што адбываецца ў калідоры. Думаў, гэта звычайны рух у аддзяленні. Аднак у пэўны момант яго здзівіў тупат і сцішаныя галасы. Ён хацеў выйсці ў калідор і зірнуць, што там адбываецца. Падышоў да дзвярэй, нейкі момант прыслухоўваўся. Гэтага яму хапіла, каб зразумець, што вязні выбраліся з камер і гаспадараць у турме. Наглядчыка апанаваў страх. Дрыжачымі рукамі ён знутры зачыніў дзверы на засаўку. Ён ведаў, што ў царкве ёсць выхад на дах. Выхад гэты быў зачынены на вісячы замок, ключа ад якога ў яго не было. У яго сышло шмат часу на тое, каб выламаць даволі моцны прабой. Наглядчык выбраўся на дах. Здалёк ён бачыў вуліцу, але крычаць не стаў, бо пабойваўся, што вязні пачуюць яго хутчэй, чым адміністрацыя, і змогуць дабрацца да яго і забіць. Падумаўшы, ён пачаў распранацца. Зняў з сябе кашулю і зноў апрануў мундзір, а пасля з цяжкасцю забраўся на высокі комін. Там стаў і роспачна пачаў размахваць кашуляй. Сігналы няхутка, але заўважылі. Нейкі сталы спадар з жонкай ішлі па супрацьлеглым баку Серпухаўскай вуліцы. Яны спыніліся, каб з цікаўнасці паглядзець на турму. Раптам жонка сказала мужу: