Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Яны пайшлі на аперэтку ў «Рэнесанс». Пасля на вячэру ў рэстаран гатэля «Еўропа». Пасля доўга блукалі вуліцамі. У пэўны момант у Губернатарскім садзе — дзе яны апынуліся ў цені ліп, а далей усё было заліта святлом вялікіх ліхтароў — Марыся спыніла Ажура.

— Скажы, як тваё сапраўднае імя? Тваё першае імя.

— Ян.

— Слухай, Янка. У мяне нічога няма. Усё маё — тваё. Але я ні за што не дзякую, толькі за партрэт.

І яна горача, жарсна пацалавала яго ў вусны. Тады Ажур узяў яе на рукі і падняў. Перайшоў сцежку і стаў над вадой.

— Марыся, дзіцятка маё, спакойна, бо я цябе зараз у ваду кіну.

— Добра.

Але ён не кінуў. Толькі спытаў:

— Хочаш, каб я сёння спаў з табой?

— Хачу.

І яны моўчкі пайшлі вуліцамі…

Гэтыя два сэрцы з такой рознай жыццёвай гісторыяй біліся ва ўнісон. Яны былі добрыя, верныя і смелыя.

Сэрцы чалавечыя збольшага адкрытыя, яны распавядаюць і крычаць пра свой боль і свае радасці. Але як жа шмат такіх, якія жывуць і канаюць ад болю ці палымнеюць ад шчасця моўчкі.

ЗЛАДЗЕЙСКАЯ ПРАЎДА

Ясь падумваў прынамсі на нейкі час змяніць раён пражывання. Фальшывыя дакументы ў яго ўжо былі. «Ліпы» яму зрабіў Ігнат. Цяпер хлопец жыў на вуліцы Нова-Чырвонай, у раёне публічных дамоў. Тут хавацца было найпрасцей. Раён быў вялікі і густа населены. Блатных тут жыло мала, таму паліцыя і агенты асабліва гэтымі мясцінамі не цікавіліся. З тузоў падпольнага свету тут хаваўся толькі Янка Залаты Зуб. Ён акурат і параіў Ясю пасяліцца ў гэтым раёне.

Неяк апоўдні Залаты Зуб завітаў да Яся. З сабой ён прывёў Грамадзяніна, які прынёс хлопцу ліст ад Лобавай. Ліст быў дасланы зладзейскай поштай праз Барана ў трушчобу Цыпы. Адтуль яго забраў Грамадзянін. Лісты злодзеяў не губляюцца і не падлягаюць таемнай цэнзуры. Часам такая «малява» вандруе з Варшавы ці Адэсы некалькі месяцаў. Часам перадаецца з рук у рукі нават праз турмы.

Лобава пісала, каб ён не прыходзіў да яе пакуль, бо ў кватэры быў вобшук. Шукалі яго. Распытвалі жыхароў двара. Прасіла, каб прыйшоў у нядзелю ўвечары, калі сцямнее. Яна будзе чакаць яго на плошчы перад касцёлам.

Паніч лічыў неабходным пачаставаць Янку і Грамадзяніна. Дома ў яго нічога не было, таму яны пайшлі ў бліжэйшы лупанарый. У гэты час ён быў зачынены, але «бандэрша» была свая, і кухня ў яе была добра забяспечаная. Яны прайшлі ў залу для гасцей, цяпер пустую і ціхую. Там і чакалі абеду. Грамадзянін быў ужо на падпітку. У размовах са злодзеямі ён больш піў, чым еў. Так ён заліваў тугу, што жэрла знутры ягонае сэрца, і хваляванне за блізкіх, якіх ён пакінуў на бальшавіцкім баку. У лупанарыі іх знайшоў Чэсік Свабода. Яму быў патрэбны Янка Залаты Зуб.

— Ты як сюды трапіў? — здзівіліся блатныя.

— Злодзей злодзея як сабака сабаку знойдзе, — адказаў Чэсік.

І яго запрасілі на абед. Ягоную «прапаганду» не вельмі любілі, але самога Свабоду шанавалі як фірмовага, характэрнага злодзея.

Калі падалі абед — тлусты і багаты, як звычайна ва ўстановах гэтага тыпу, — хлопцы пачалі піць. Грамадзянін адразу ж напіўся і выступіў з новым праектам:

— Ведаеце што, дзеці мае, — сказаў ён урачыста, — вы павінны абавязкова зладзіць стачку. Стачку ўсіх блатных Менска.

— Не рабі ветру, — сказаў Янка Залаты Зуб.

Але Чэсік Свабода ўжо зацікавіўся:

— Ну, і як гэта?

— У знак пратэсту, — працягваў Грамадзянін, — супраць здзеку са злодзеяў на допытах, марэння іх голадам у турмах, зацягвання разгляду спраў на месяцы.

— Дасканала! — рубануў рукой па стале Чэсік. — Пратэст люмпен-пралетарыяту супраць метадаў прыслужнікаў капіталізму.

— І як гэта будзе выглядаць? — зацікавіўся Ясь.

— А так. У адзін цудоўны дзень мы расклеім паўсюль улёткі, калі нельга будзе інакш, то напісаныя ўручную, што з сённяшняга дня злодзеі не крадуць, пакуль справу іх не разгледзяць і не выправяць нанесеныя крыўды.

— І што далей? — працягнуў Янка.

— Дык вось мінае дзень, два, тыдзень, два: у горадзе аніводнага крадзяжу, аніводнага злачынства. Газеты не маюць пра што пісаць, аніводнай сенсацыі. Паліцыя непатрэбная. Следчы камітэт таксама. Пракуратура занепакоеная. Судам няма чаго рабіць.

— Добра, а на што тым часам будуць жыць злодзеі?

— І на гэта ёсць спосаб. Да стачкі трэба падрыхтавацца. Цягам пэўнага часу кожны злодзей павінен даваць 25 адсоткаў заробку ў стачачны фонд. За пару месяцаў створыцца капітал, якога хопіць на сціплую дапамогу для ўсіх стачачнікаў.

Чэсік Свабода пляснуў у далоні.

— Дасканала! Не памятаю, як гэта называецца ў Маркса… Але кажыце, таварыш, далей…

— Акрамя таго, — вёў далей Грамадзянін, — трэба стварыць Бюро пасярэдніцтва працы і прымаць усе работы. Часова кінуць злодзеяў на рынак працы як танную працоўную сілу. Тыя, хто здольны гадамі галадаць у турме і там працаваць амаль задарма, змогуць супольна стварыць сур’ёзную канкурэнцыю як працаўнікі. Злодзеі здольныя, амбітныя, цягавітыя і трымаюць сваё слова. Калі за што возьмуцца, то зробяць.

З гэтай прамовы Янка Залаты Зуб зрабіў высновы, што Грамадзянін паехаў з глузду. Таму і спытаў у яго:

— А ты яшчэ не кусаешся? Трэба табе ўкол зрабіць.

Але Ясь прапанаваў іншую думку:

— А калі паліцыя, Следчы камітэт, суды, газетчыкі, ведаючы, што могуць страціць пасады і прыбытак, створаць сваю арганізацыю і пачнуць часова красці, каб пазбегнуць небяспекі, якую створыць для іх стачка?

— Такіх у каршэнь! — кінуў Свабода.

— Не, — сказаў Грамадзянін. — І на гэта ёсць спосаб. Трэба адначасова з арганізацыяй стачкі арганізаваць тайную зладзейскую паліцыю, якая будзе пільнаваць сумленных людзей, каб не кралі.

— Гэта ты ўжо лухту вярзеш, — сказаў Янка. — Злодзея можна адвучыць і ўпільнаваць. А з сумленнымі не ўправішся. Бо сумленныя крадуць па законе: там, дзе ты гэтага не заўважаеш. Хто крадзе ва ўдоў, сірот, хворых, пенсіянераў і вязняў?

— Праўда, з гэтым мы не справімся, — пацвердзіў Грамадзянін. — Але мы можам упільнаваць, каб не было афіцыйных злачынстваў. Каб нам стачкі не псавалі.

— Слухайце, вар’яты, — сказаў Янка. — Рабіце вашу стачку, рабіце паліцыю, але перастаньце пра гэта балбатаць. На ваніты цягне, а тут такі абед.

Бяседа працягвалася. Пад вечар да калег далучыліся Грузінка і Лёдзя, дзве прыблатнёныя дзяўчыны. Гаспадыня падаслала іх для таварыства. Ставіліся да іх як да сябровак. Без заляцанняў. Яны таксама ставіліся да хлопцаў па-прыяцельску. Са сваіх хлопцаў грошай за «каханне» не бралі, не падманвалі. Калі хворая дзяўчына ведала, што хлопец блатны, то такога ніколі не заражалі. Фраерам такое ўчынялі на злосць. Натуральна, па-за межамі ўстановы, з панэлі, каб нельга было прыцягнуць да адказнасці.

Блатны не бачыць у прастытутцы горшую жанчыну, ніжэйшую істоту. Не саромеецца яе, пакінуўшы ложак. Блатны лічыць прастытутку лепшай за фраерку. Дзяўчаты з вуліцы і з бардэляў гэта адчуваюць і маюць да злодзеяў сапраўдны сантымент. Яны ахвотна робяцца іх каханкамі, напраўду клапатлівымі і абсалютна вернымі. Маючы на працы перабор мужчын, яны туляцца да сваіх хлопцаў і толькі ім аддаюцца напраўду.

Лёдзя спявала:

Дожджык лье, дожджык лье,
На дварэ залева.
Я была пры злодзеі —
Чыста каралева.

І так песняй і алкаголем, быццам морфіем, яны сунімалі свой боль. Гэта была адзіная мізэрная аздоба іх марнага жыцця.

У нядзелю Ясь не прыйшоў на прызначанае Марусяй Лобавай спатканне. Разам з Баранам яны трапіліся на маліне ў Кацярыны Сперды. Трапіліся праз Казіка Марэцкага. Такія гісторыі ў зладзейскім свеце рэдкія і непрыемныя.

Адзін злодзей, Маміда, сібірак, які не карыстаўся вялікай павагай сярод сваіх, палез супраць блатных законаў. Заціснуў долю аднаго з хлопцаў, Манькі, які атрымаў гэтую дзіўную мянушку таму, што пасля смерці сваёй каханкі ўвесь час пра яе гаварыў і згадваў яе: «Як Манька была жывая!..», «Мая Манька была іншая»… І ўвесь час Манька.

36
{"b":"649013","o":1}