Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Намёк тычыўся былога занятку каханка, які перакупам хадзіў па вёсках. Цяпер ён гэтага саромеўся. Пецька Бык не вытрымаў: вылупіў вочы і паволі ўстаў з крэсла. Гаварыць ён ужо не мог, толькі хрыпеў.

— Ого, як наіндычыўся!.. Не падабаецца яму! — пішчала Кася, усё больш задзірыста надзімаючы губы.

Пецька Бык зрабіў крок наперад, перабіраючы пальцамі рук, быццам знянацку апаранымі. Кася таксама выступіла наперад.

— Бач ты: фартоўца знайшоў! Фіська і фартовец!

— Фартовец!! — выгукнуў Бык.

— Ага, — піскнула Кася. — Сам у мультановым гальштуку ходзіць, а шмара ягоная ў зрэбных майтках!.. Фартовец!.. Цягнецца, што той дым па дахах. Тхара ў куратніках падмяняе. Бабам «усю пяхоту» падушылі! Блатныя!

І яны зрабілі яшчэ два крокі наперад. Бык усё больш бялеў і хмурнеў, Кася чырванела і запалялася. Быку заняло мову, ён цяжка дыхаў. Кася тарахцела ўсё жывей. І сварка дакладна скончылася б біццём посуду і крушэннем рэчаў наўкола (сабе самім яны наносілі найменш шкоды), але ў дзверы пастукалі. Гэта адбылося, калі яны ўжо амаль сутыкаліся лбамі. Гаспадыня кватэры Кацярына Сперда прыйшла да Касі чагосьці там у яе пазычыць. Кася пайшла адмыкаць дзверы.

А віноўнік гэтай сутычкі, Фіська, размашыста шыбаваў Бондараўскім завулкам далей, ажно бруд з-пад ботаў на чатыры бакі свету ляцеў. Раптам дарогу яму заступіў цёплы заходні свавольнік-вецер. Быццам ветразь, надзьмуў пінжак і спыніў рух. Фіська нахіліўся наперад для атакі. Хацеў зламаць нечаканы супраціў. Алё вецер спрытна ўхіліўся ўбок, і Фіська, губляючы раўнавагу, развярнуўся на пятках і задам сакавіта-смачна пляснуўся ў лужыну… Яна ажно з берагоў выйшла… Злодзей уздыхнуў. Пасля рассмяяўся… Сядзець было зручна і мякка, а холаду вады ён не адчуваў, бо алкаголь самавіта яго грэў… Ён бы, напэўна, і доўга так праседзеў, але вецер зноў наляцеў (мо на працу сваю паглядзець) і галаўны ўбор з яго здзьмуў… Шапёха пусцілася ў непакорны заплыў па лужыне. Гэтага Фіська ўжо не вытрымаў, вылаяўся і некалькі разоў беспаспяхова паспрабаваў быў вызваліцца з гразевай ванны. Нарэшце ў яго гэта атрымалася. Ён схапіў шапку з вады і, стоячы пасярод калюжыны ў наскрозь мокрай адзежы, трыумфальна зацягнуў:

Злодзей будзе выкрадаць,
А я буду прадаваць.
Мама, злодзея люблю!
Гэй-я!
Мама, злодзея люблю!

Ясь адарваўся ад чытання рукапісу і запаліў цыгарэту.

— Як табе гэта? — спытаў хлопца Грамадзянін, бо лічыў малога найбольш разумным у гэтым таварыстве і даў яму прачытаць першую частку рамана з жыцця злачынцаў, над якім цяпер працаваў.

— Мне зусім не падабаецца, — шчыра адказаў Ясь.

— Што табе не падабаецца?

— Усё, пачынаючы з назвы… Што гэта за назва для рамана, «Туман»?

— Над назвай я доўга думаў, — сказаў Грамадзянін, — і менавіта гэтую выбраў як найбольш адпаведную. Бо разумееш, я пішу пра свет зусім невядомы і жудасна абылганы. Звычайнаму грамадзяніну жыццё злачынцаў вядомае менш за жыццё бізнесменаў.

— А навошта табе гэта пісаць?

— Хачу сказаць праўду пра тых людзей, пра якіх гавораць і, свядома і несвядома, пішуць хлусню.

— Навошта гэтая праўда патрэбная? Навошта і каму?

— Перш за ўсё яна патрэбная самім злачынцам, каб паказаць шляхетным людзям, што іх абяздоленыя браты таксама людзі, у жыцці якіх больш болю, чым ліхіх памкненняў. Акрамя таго, для будучыні. Для людзей мудрых, якія будуць шукаць праўду пра даўнія часы і пра розныя адрэзкі чалавечага жыцця, Для тых, хто захоча ўкараняць і паглыбляць веды пра чалавека… Я хачу публічна сказаць, што злачынцы — гэта проста няшчасныя людзі. Што віна за іх учынкі павінна быць падзеленая паміж усімі грамадзянамі, якія не здолелі ўсцерагчы іх ад гэтага страшнага лёсу. Я буду пісаць пра гэта. Я скажу людзям шмат праўды пра тых, каго выкінула за борт нармальнага жыцця… Я сам адчуваю віну перад імі… Наша абыякавасць і суворасць да іх — вось што сапраўднае злачынства. Подлае, жорсткае… Не магу без агіды згадваць сябе самога, як я некалі выступаў на судзе прысяжным, у ліку дванаццаці іншых прысяжных. Мы судзілі маладога селяніна за забойства бацькі. Ён забіў яго сякерай і сам прыйшоў у паліцыю. На судзе з яго нічога нельга было выцягнуць. Казаў, што д’ябал падкаснуўся, і ўвесь час плакаў. З паказанняў сведкаў таксама нямнога можна было даведацца. Пракурор, какетнічаючы з прысутнымі ў залі дамамі, разануў ладную прамоўку. Мы згодна прызналі: вінаваты. І мужыка адправілі на катаргу, бестэрмінова. Карацей, мы выдралі яго з жыцця. Знішчылі назаўжды… Нядаўна я пачаў думаць пра тую справу. Згадаў сабе пэўныя падрабязнасці: што бацька часта вяртаўся п’яны і біў маці і малодшых дзяцей. Сведкі называлі гэта: «Любіў стары павучыць». Сын заўжды быў цвярозы і працавіты. І шмат іншых падрабязнасцей дадалося. І тады ў мяне склалася абсалютна іншая карцінка. Бацька — тыран, дэспат, як напіваўся, катаваў сям’ю. І неяк сын пастаяў за сябе, маці або меншага каго з дзяцей. Абарвалася ў ім, можа, тое, што ён бачыў, што цярпеў столькі гадоў. Прыйшла «ліхая хвіліна» у якую асляпленне і сякера абрубілі тое, што трываць ужо не было сілаў. Хто вінаваты? Гэта правільнае пытанне… Хто вінаваты ў гэтым, акрамя цемры і галечы?.. Бо гэта наша супольная віна... Хто з тых дваіх больш вінаваты… Забойца ці забіты?.. Можа, забіты?.. А хто будзе саджаць гэтых сытых разумнікаў-быкоў, якія зладзілі сабе тэатр з чалавечай трагедыі і свядома да гэтага злачынства далічылі яшчэ адно… На якое зямное пекла мы асудзілі таго чалавека?.. Асудзілі і ганарліва пайшлі, поўныя пачуцця добра выкананага абавязку. Ці паспрабаваў хоць хто паглыбіцца ў душу таго чалавека… Халера!.. І ніхто не згадаў словаў Хрыста: «Не судзіце, ды не судзімы будзеце…».

Грамадзянін змоўк. Ён быў заўважна стомлены і расчараваны. Важкасць і складанасць узнятай тэмы быццам прыціснулі яго. Ён склаў рукапіс напалам і засунуў яго ў бакавую кішэнь бруднага, зношанага паліто. Ясю перадаўся гэты настрой. Пасля доўгай паўзы хлопец адгукнуўся:

— Ніхто твайго рамана не надрукуе; калі ты будзеш так пісаць. Скажуць, што ты выступаеш у абарону злачынцаў.

Грамадзянін раптам пачырванеў і відавочна раззлаваўся.

— Мо і скажуць… Людзі подлыя… Я выступаю і буду выступаць у абарону справядлівасці… Досыць у нас ужо подласці на сумленні… Я подла жыў: сыты, абыякавы і ў бяспецы тады, калі іншыя галадалі і вымушаныя былі красці тое, што ім па праве належала… Ніхто мяне так жыццю не навучыў, як злодзеі… Адзін мне неяк так сказаў (я тады ў Арле ў турме сядзеў): «Як вы, пане, так у жыцці ўладкаваліся, што жылі сумленна і наогул у турме не сядзелі?» Яму дзіўна было, што я толькі на пяцьдзясят трэцім годзе жыцця ў турму трапіў, — Трамадзянін усміхнуўся. — Я некалі згадаў, як студэнтам сядзеў ля акна і назіраў за арыштантамі, якія пілавалі на падворку дрэва. Падворкам ішла нейкая добра апранутая мажная жанчына. Мінула вязняў, але тут жа спынілася, дастала пяць капеек, падышла да аднаго і ўрачыста сказала: «Вось вам, Бог вас не забыў!» Вязень, якому яна давала грошы, адхапіў руку і раптам сказаў злосным хрыпатым голасам: «Ты, пануся, Богам сабе морды не падцірай. Ён табе не брат! Не для цябе ён прыйшоў! Ты дасі 5 капеек, набалбочаш на 50, нос задзярэш на 500, а скрадзеш на 5000! І гэтыя 5 капеек таму даеш, што або ўдачу ў інтарэсах сваіх мець хочаш, або квіток уваходны ў рай купіць!! Але Бога не падкупіш! Лафірында! І мяне не ашукаеш! Я табе не драбіна ў неба!» Я тады быў страшна абураны — такое хамства! Такіх бы вешаць! Наглядчык вылаяў вязня. Пануся наіндычылася і сказала, што падасць скаргу пракурору… Так была прынятая трапна выказаная праўда… Як бы я хацеў сустрэць таго чалавека!.. Ён ведаў жыццё!.. Для мяне цяпер ён варты больш, чым тысяча прыстойных грамадзянаў з майго мінулага…

Гэтая размова адбывалася ў кватэры Ігната Кулікоўскага на Ніжняй Ляхаўцы. Грамадзянін прынёс туды рэчы, купленыя ў розных крамах на замову Яся згодна з падказкамі Ігната. Яны рыхтаваліся да працы «на машынку». Тады гэты від аферы быў яшчэ невядомы.

2
{"b":"649013","o":1}