Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Глядзі, глядзі!.. Там на даху… Што гэта, вар’ят?!

Муж прыгледзеўся.

— І праўда што… Але ж гэта турма, а не дом вар’ятаў!

Паступова яны даўмеліся, што ўсё гэта не дарэмна. Што чалавек з даху намагаецца папярэдзіць пра штосьці людзей звонку.

— А можа, гэта вязні ўцякаюць? — выказаў здагадку муж. — Трэба зірнуць… Сказаць…

Ён скіраваўся да зачыненай турэмнай брамы.

— Не хадзі. Заб’юць яшчэ! — спыняла яго жонка.

— Усё адно… Калі яны выберуцца, то ўвесь горад могуць перарэзаць… Гэта ж крымінальнікі!.. Мой абавязак як грамадзяніна…

Ён скіраваўся да брамы, і пагрукаў у акенца. За некалькі секунд канцылярыя зарыентавалася ў сітуацыі. Схапіліся за зброю. Браму з боку двара наглуха замкнулі. Зазваніў тэлефон.

Немцы пакуль не пакінулі горад. Большая частка гарнізона выйшла, але шмат вайскоўцаў яшчэ засталося. А бальшавікі не спяшаліся займаць Менск. Праз колькі хвілін пасля трывогі да брамы пад’ехалі дзве бронемашыны з некалькімі дзясяткамі нямецкіх салдат. Цяжкая брама адчынілася, і машыны паволі запаўзлі ў турэмны двор. Тым часам муры акружыў узброены нямецкі атрад, які прывезлі сюды грузавікамі.

У самой турме насупраць уваходных дзвярэй у калідоры і на лесвіцы сабралася больш за сотню вязняў. Яны рыхтаваліся выходзіць з будынка ў двор, каб захапіць канцылярыю. Цэбры ўжо вынеслі. Размаўлялі сцішанымі галасамі. Тыя, хто выходзіў пазней, стаялі ў калідоры ля сцен, каб не перагароджваць праход.

І раптам звонку раздаўся гул матораў. Усё замёрла. Цішыня.

— Шухер! — кінуў хтосьці.

— Падстава! — працадзіў Варлам і дастаў з-за пояса рэвальвер.

Неспадзявана звонку весела затарахцеў аўтамат, і серыя куль пяшчотна абрасіла муры. Узнікла паніка. Вязні пачалі прапіхвацца ў глыб калідораў, хавацца па камерах. Унізе застаўся толькі з дзясятак блатных. Баран шпарка замкнуў адчыненыя дзверы на замок і магутныя засовы.

Зноў адгукнуўся аўтамат.

Блатныя пачалі раіцца, што рабіць.

Ігнат Кулікоўскі, малы і задзірысты, раззлаваны, але з агнём уваччу, горача пераконваў:

— Хлопцы, будзем абараняцца! Забарыкадуем дзверы мяхамі з мукой. У нас некалькі рэвальвераў. Харчоў хопіць і на тыдзень. Хай паспрабуюць нас узяць… Хай фраеры зубы паламаюць!

— І што з гэтага будзе? — панура спытаў Шчупак.

— Нічога мы тут не абаронім. Мы ж у турме, — дадаў Кнот.

Варлам панура маўчаў. Баран уважліва сачыў за тварамі таварышаў.

Янка Залаты Зуб сказаў:

— Я б і адзін абараняўся, але навошта?

— Для таго, каб нас не катавалі пасля. І справы ўсім пашыюць! — запаляўся Ігнат.

— Нас зашмат, — адгукнуўся Кнот. — Вялікай справы не зробяць. І ў косці не атрымаем, калі падпарадкуемся самі.

Баран ведаў, што адзінагалоснага рашэння тут ня будзе. А што будзе праз дзень, калі пачнецца адкрытае супрацьстаянне, а можа, і забітыя будуць з ліку паліцыі? Разам з тым у камерах заставалася некалькі соцень вязняў, якіх яны вымушаныя былі б асудзіць на голад.

Звонку хтосьці падышоў да дзвярэй і па-руску сказаў:

— Калі адчыніце дзверы, пакараем вас мякка. Калі не, будзе кепска.

— Чакаць! Праз пяць хвілін адкажам! — адгукнуўся маўклівы дагэтуль Варлам.

— Хлопцы, не адчыняйце. Будзем змагацца! — заклікаў Ігнат.

— Дурань, і што тады?! — ускрыкнуў Кнот.

— Дачакаемся, пакуль бальшавікі прыйдуць… Тады здамося. Нас вызваляць, як усіх вызвалілі ў 1917 годзе.

— Там былі не бальшавікі… Там рэвалюцыя вызваляла. Керанскі… — умяшаўся Шчупак.

— Як сабе хочаце… Пашкадуеце…

Баран падняў руку.

— Няма тут чаго… Паддамося… На бальшавікоў не разлічвайце… Давайце ўсе ключы і рэвальверы… Самі па камерах… Кожны ў сваю… Я адамкну дзверы…

Блатныя аддавалі Барану зброю і ключы. Пасля кіраваліся ў свае камеры. У душах яны неслі роспач і горыч. Адзіная іх надзея сканала.

Давідка, які весела і смела браў удзел у акцыі, цяпер — ідучы ў камеру — плакаў ад злосці. Ясь быў амаль абыякавы. Яму ўсё гэта было толькі «цікава». Ён не хацеў адыходзіць ад дзвярэй, баючыся за свайго настаўніка. Ён марудзіў.

— Ідзі, ідзі ўжо! — сказаў яму Алік.

Праз момант калідор быў пусты. Не сышоў толькі Ігнат. Ён стаяў, трымаючы ў руцэ рэвальвер і закусваючы ніжнюю губу.

— Ну!? — кінуў яму Баран і працягнуў руку па зброю.

— Зараз… Бывай, сябра… Шкада, што…

Але ён не сказаў, чаго шкада. Прыклаў рэвальвер да скроні і стрэліў. Алік паспеў бы яму перашкодзіць, але ён ведаў, што нельга ні ў каго забіраць нават такую «свабоду».

Баран паклаў рэвальверы і ключы на падлогу перад дзвярыма і пачаў іх адчыняць. Падняў засовы. Вялікім ключом адамкнуў замок і расчыніў дзверы наросхрыст. Зірнуў на боты, ці блішчаць, і зрабіў крок наперад. Прагучаў стрэл, хтосьці крыкнуў па-нямецку: «Не страляць!»

Алік стаў у адчыненых дзвярах турмы, усміхнуўся і жэстам запрасіў унутр. Як гаспадар гасцей.

Нямецкі унтэрафіцэр смела падышоў да дзвярэй. Убачыў зброю і ключы на падлозе. Далей ляжаў труп вязня, які паміж стратай жыцця і мройнай відзежай свабоды выбраў першае.

Ён глядзеў у незнаёмы яму твар вязня. Пад маскай усмешкі твар быў спакойны. У ягоных вачах была пагарда.

Нейкі момант яны маўчалі.

Стары унтэрафіцэр зразумеў трагізм сітуацыі і веліч гэтага вязня. Яму хацелася падаць яму руку. Больш за ўсё ў жыцці ён цаніў адвагу. Але рукі не падаў. Яго даймала думка, пра што гэты вязень можа думаць цяпер.

А Баран акурат у гэты момант думаў: «А што там робіць Паўлінка?»

Працяг у рамане «Ніхто дабром не дасць збавення…»

СЛОЎНІК

Абротнік — канакрад.

Апыліць — прадаць.

Бімбер — невядома чаму на пачатку вайны «бімберам» сталі называць самагон. На зладзейскай мове гэты выраз значыць «гадзіннік». Сінонім: цыбуля.

Блат — махлярства, крадзеж.

Блатны — злодзей, свой.

Бліт — золата.

Вытыш — сапраўднае прозвішча.

Вярхушка — верхнія кішэні.

Гаміра — гарэлка.

Глік — шчасце.

Гройсэ ганеф (ідыш) — вялікі злодзей.

Даларатар — ахвяра крадзяжу (ландон).

Даліна — кішэнны крадзеж.

Даліншчык — злодзей-кішэннік.

Зыхер — пэўна, дакладна.

Капорнік — блатны, што здае сваіх супольнікаў.

Керны — на падпітку.

Кіч, кіча — турма.

Ксіва — цыдулка, распіска, малява.

Ксюта — маладая дзяўчына.

Люй — хам.

Меламед — настаўнік у габрэйскай рэлігійнай школе.

«На ключык» работа — выкарыстанне злодзеем моманту, калі гаспадар выйшаў з кватэры.

Павуціна — кароткі гадзіннікавы ланцужок.

Паток — воз.

Рэкс — варта, што папярэджвала пра небяспеку.

Сармак — грошы.

Сковер — сабака (звяга).

Скокер — кватэрны злодзей, які працуе ўдзень (клавішнік).

Скокі — боты; сінонім — колы.

Скура — кашалёк.

Статкі — інструменты ўзломшчыка.

Стырачнік — картачны шулер.

Сценку рабіць — засланяць злодзея, які заняты работай.

Трушчоба — маліна, зладзейскае логава.

Туцар — «загоншчык», які працуе з кішэннікам.

Хойрак — зухаваты, самаўпэўнены чалавек.

Цёплы — багаты.

Цынк — знак, вестка. Даць цынк — папярэдзіць. Стаяць на цынку — на варце. Цынкаваныя стыркі — краплёныя, пазначаныя карты.

Шапенфельд, шоп — крадзеж у краме падчас куплі.

Шкельцы — каштоўныя камяні.

Шніф — начны крадзеж у кватэры.

Шухер — небяспека. Спаймаць шухер — быць выкрытым, заўважаным за работай. Шухерны — той, хто пільнуе, ці няма небяспекі.

Шыкса — дзяўчына.

Юс — кабан.

42
{"b":"649013","o":1}