Дык вось, пайшлі яны разам на ўзлом. Здабыча была даволі багатая. Сталі яе ліквідаваць. І тут Манька выпадкова трапіўся. Праз тыдзень яго выпусцілі. Ён выйшаў без усяго. Адразу ж знайшоў супольніка і нагадаў пра сваю долю. Але Маміда заявіў, што «фацыент» сеў на маліну. Што нічога ў яго з гэтай работы не было. Манька пачаў дазнавацца і высветліў, што Маміда прадаваў «шмокты» ў розных месцах. Тады хлопец выступіў са скаргай перад калегамі і прывёў доказы супраць Маміды. Справу Маміды вырашылі скіраваць у зладзейскі суд. Суддзямі былі: Жаба, Філіп Лысы і Казік Марэцкі. На разбор выклікалі Маміду. Звычайна абвінавачаныя на такія разборы не прыходзяць, бо ведаюць, што вынік іх часцяком бывае смяротны. Але Маміда заявіўся і абараняўся вельмі спрытна.
Разбор вёў Жаба. Ён быў, як заўжды, халодны і спакойны. Нічога не ўпусціў. Асісціравалі Філіп Лысы, які справай не цікавіўся, і Казік Марэцкі, які злаваўся і чапляўся да Маміды. Манька абвінавачваў. Доказы ягонага абвінавачвання было лёгка праверыць, таму яму верылі на слова. Маміда сцвярджаў, што ўсё ў поўным парадку, бо, калі супольнік сеў, ён прадаў усе шмокты як мага хутчэй і планаваў з Манькавай долі дапамагаць яму ў турме. Прадставіў сведку — завочна — дачку сваёй маліншчыцы, праз якую ён адправіў пасылку ў турму, але пасылку не прынялі, бо Манькі там тады не было. Грошы ён выдаткаваў на свае пільныя справы, бо ведаў, што Маньку яны цяпер непатрэбныя. Але ныкаць долю супольніка ён не збіраўся. Сказаў, што верне ўсё бліжэйшымі днямі.
Падчас гэтай «дзінтойры» між Мамідам і Казікам Марэцкім завязалася спрэчка. Казік занадта пераймаўся справай і не стрымліваў свайго абурэння з нагоды выкрутлівасці абвінавачанага. Спрэчка абвастрылася. Маміда сказаў Казіку штось зняважлівае. Той падарваўся з месца і ўдарыў Маміду. Пачалася бойка. Іх расцягнулі.
Прысуд быў такі: «Доказаў таго, што Маміда хацеў прысабечыць долю супольнікаў, няма. Справа тут цёмная, і праясніць яе немагчыма. Маміда павінен бліжэйшым часам вярнуць долю Маньку і ў будучым глядзець, каб такое не паўтарылася».
Калі разбор скончыўся, Казік сказаў:
— Я гэтую справу нажом праясню.
Маміда ведаў, з якім злодзеем мае справу, і, хоць і быў нахабны, збаяўся. Яму прыйшла ў галаву ідэя ліквідаваць Марэцкага раней, чым ён да яго дабярэцца. Быў у Маміды знаёмы «гінт», якому злодзей і здаў Казіка. Указаў маліну, лад жыцця, віленскі псеўданім і іншыя падрабязнасці.
Марэцкаму нават у галаву не прыйшло, што фірмовы злодзей — хай сабе і з далёкіх мясцін (сібірак) — можа пайсці на такую здраду. Таму ён не мяняў ані маліны, ані ладу жыцця. Часта бачыўся з Баранам, з якім сябраваў як з супольнікам па многіх работах у Вільні і як з таварышам па турмах. Пасля таго як засыпаўся Ясь, яны сустрэліся з Марэцкім у Бондараўскім завулку, у Кацярыны Сперды. Туды ж у суботу ўвечары пайшоў Ясь, каб убачыцца і пагаварыць са сваім настаўнікам. Паніч збіраўся там заначаваць і назаўтра пайсці на спатканне з Марусяй Лобавай.
Калегі ў меру пілі, адчуваючы сябе ў поўнай бяспецы ў ціхай кватэры. Кацярына штосьці рабіла на кухні. Часам яна выходзіла на двор. У пэўны момант яна ўвайшла ў пакой бледнай і ціха прамовіла:
— Хлопцы, шухер!
Але адразу за ёю ў кватэру ўварваліся пяць цывільных агентаў Следчага камітэта.
— Рукі ўгору!
Ніхто з блатных не меў пры сабе ані зброі, ані інструментаў. Яны паднялі рукі ўгору. Іх пачалі абшукваць. Зброі не было, таму ўсіх пакінулі ў куце пад наглядам двух агентаў з пісталетамі напагатове, а трое іншых пачалі абшукваць дом. Кацярына Сперда як гаспадыня вымушаная была іх суправаджаць. Пасля ператрусу, які не даў вынікаў — пытанні ўзніклі толькі з нагоды футра Кацярыны і амаль новага, нікеляванага самавара, — быў складзены пратакол і трох сяброў вывелі на вуліцу. Папярэдне рукі ім закавалі ў кайданкі. Казік быў скуты асобна. Левай рукой Барана прыкулі да правай рукі Яся. Так яны ішлі ў маўчанні Бондараўскім завулкам, а пасля павярнулі на Сляпянскую вуліцу. Перад выхадам з кватэры Баран паспеў шапнуць Ясю: «Ты мяне не ведаеш… ты прыйшоў да Касі, бо шукаеш пакой… “ліпы” выкінь… ідзі на “вытыш”[38]»… Ясь, карыстаючыся магчымасцю, свабоднай рукой дастаў з кішэні фальшывыя дакументы. У зручны момант ён кінуў іх у лужыну перад сабой і пастараўся наступіць нагой. Гэтага не заўважылі. Ад сваіх дакументаў Баран даўно пазбавіўся.
У нейкім месцы хтось крыкнуў:
— Стой!
Бліснулі ліхтарыкі. Грымнула некалькі стрэлаў. Казік Марэцкі ўцякаў. Яся і Барана двое «гінтоў» схапілі пад рукі. Зрэшты, скутыя разам, яны далёка не ўцяклі б. Казіка даганялі. Чуліся стрэлі, бліскалі ліхтарыкі, гучалі крыкі: «Стой!» Але Казік уцёк, з ранай у сцягне і прастрэленым вухам.
Раззлаваныя ўцёкамі Казіка агенты адвялі Яся і Барана ў Следчы камітэт. Дарогай Баран паспеў даць хлопцу яшчэ колькі ўказанняў, каб той ведаў, якой лініі трымацца на допыце… «Засвяціўся праз непаразуменне з той машынай для гільз… Нікога не ведаю… Барана таксама!»
Уцёкі Казіка спрасцілі іх паказанні.
Агенты былі злосныя і панурыя.
Перапісалі дадзеныя. Натуральна, фальшывыя. «Учора прыйшоў з Вільні ў Менск. Сустрэў тут віленскага знаёмага, Марэцкага, у Вільні ведаў яго як перакупшчыка з рынку. Затрымаўся ў яго на час пошукаў жытла. Па прафесіі шавец. У Вільні няма працы, таму перабраўся ў Менск».
Адзін з агентаў падчас складання пратакола збіраўся скарыстацца кулакамі. Баран уважліва паглядзеў яму ў твар і спакойна сказаў усім:
— Вы сваю працу маеце, то працуйце… Мне трэба жыць, вам трэба жыць… Кулакамі вы з мяне нічога не выціснеце… А ў вас не ў аднаго кішкі могуць вылецець…
Агенты зразумелі, што маюць справу з сур’ёзным блатным, і не кранулі яго. А вось Ясь — без пабояў, згодна з інструкцыяй настаўніка — распавёў пра сябе ўсё, за выключэннем істотных рэчаў, што маглі б пашкодзіць яму ці каму іншаму. Асновай яго паказанняў была знойдзеная машына для гільзаў, арышт — абсалютна «беспадстаўны», — уцёкі і хаванне.
Барана і Яся затрымалі ў Следчым камітэце даўжэй. Абдумвалі стаўкі з магчымымі пацярпелымі. Баран асабліва баяўся стаўкі ў справе гранды ў малочнага фабрыканта. Але Ліся не ведала яго зусім. Камплект удзельнікаў налёту быў ужо завялікі. Хлопцы, якія напраўду бралі ўдзел, не выдалі яго. А вось адна жанчына дакладна пазнала ў ім злодзея, які выходзіў з валізкай з брамы дома, дзе яна жыла. На валізку яна ўвагі не звярнула, але твар запомніла. Калі яна падышла да кватэры, дзверы былі адчыненыя, а ўнутры былі сляды працы злодзея і не хапала найлепшых рэчаў. Яна выбегла на вуліцу, каб яго спыніць, але злодзей ужо знік. Барану прышылі «левую» справу. Дасведчаны злодзей пратэставаў. Перш за ўсё стаўка была праведзеная няправільна, бо Мангола прывялі на яе аднаго. А стаўка павінна праводзіцца так, каб разам з падазраваным у крадзяжы пацярпеламу паказвалі адначасова яшчэ некалькі іншых асобаў. Былі ж выпадкі, што «далатар» пад уплывам асяроддзя і таго, што яму паказваюць менавіта злодзея, пазнавалі яго ў агенце Следчага камітэта або ў арыштаваным з жалезным алібі, бо акурат у дзень крадзяжу той быў у турме.
Адзін з агентаў, які працаваў раней ў Следчым камітэце ў Вільні, пазнаў у Баране блатнога з тых мясцін. Гэта сур’ёзна пашкодзіла Аліку. І хоць абвінавачванне кабецінкі было не зусім пераканаўчае, алё гэтў работу «на ключык»[39] аддалі Манголу. Адзін з агентаў сказаў Аліку:
— Ты зрабіў ці не ты, усё адно. Ты сядзіш за кагосьці, а хтосьці сядзіць за цябе.
У пратаколе пазначылі, што гэта вядомы прафесійны ўзломшчык з Вільні. Справу перадалі ў Следчы камітэт. Ясю «прышылі справу» ўцёкаў з камеры ў аддзяленні і перадалі справу следчаму суддзі. Пакуль іх трымалі ў камеры Следчага камітэта. Уцёкі Казіка з гінтоўскіх рук замаўчалі, бо гэта кампраметавала агентаў.
Паміж камерай і свабодай закружылі малявы. Простыя блатныя хлопцы выносілі іх бескарысліва, а мянты, што пільнавалі ізалятар, выносілі за хабар. Казік напісаў, каб ні ў чым не прызнаваліся. Што засыпаў іх Маміда. Што хлопцы зробяць, што магчыма, каб ім дапамагчы.