У камеры нумар 7 на пятнаццаць чалавек было адзінаццаць злодзеяў. У тым ліку Баран, Ігнат і Янка Залаты Зуб. З’яўленне калег са свабоды канчаткова вырашыла справу запланаваных уцёкаў. Быў распрацаваны наступны план пераняцця кантролю над турмой.
Падчас раздачы ежы — гэта адбывалася тры разы на дзень — наглядчык аддзялення выпускаў з камер чатырох вязняў на дапамогу двум калідорным. Разам яны ішлі ўніз на кухню і прыносілі суп або — з раніцы — кіпень. Згодна з завядзёнкай, калідорныя заўжды ўказвалі на памагатых у камерах. І звычайна гэта былі блатныя. Адначасова спрытна вырашалася процьма іншых справаў: абмен рэчаў на тытунь, адсылка і атрыманне маляваў. Малявы дасылалі нават у жаночую турму на Грушаўскую. Наглядчыкі ведалі, што дапамога злодзеяў на раздачы — справа не бескарыслівая, але прымалі яе для захавання спакою. Калі для гэтых абавязкаў бралі фраераў, падчас раздачы ежы адразу ж успыхвалі сваркі і непаразуменні. А злодзеі, даючы лепшы суп сваім хлопцам, і паміж фраерамі дзялілі яго абсалютна справядліва. І не было ніякіх пытанняў, бо скардзіцца фраеры не наважваліся.
Першае аддзяленне (ніжняе) з другім злучала жалезная лесвіца. Ля яе пачатку былі ўсталяваныя вялізныя зашклёныя краты, а ў іх — дзверы. Гэтаксама другое аддзяленне злучалася з верхнім. Згодна з дамоўленасцю, як толькі са свабоды дадуць знак, што немцы пакінулі горад, калідорныя выпусцяць з сёмай камеры чатырох хлопцаў, якія разам з наглядчыкам спусцяцца на кухню. Там ушасцёх яны забяруць ключы ў наглядчыкаў, звяжуць іх, заб’юць кляпамі раты і пойдуць у першае аддзяленне. Там абясшкодзяць наглядчыка з першага аддзялення і ўсіх трох пасадзяць у карцар. Пасля панясуць цэбры з ежай у трэцяе аддзяленне. Гэтаксама абясшкодзяць там чацвёртага наглядчыка. Такім чынам уся турма пяройдзе пад іх кантроль. Пасля заняцця турмы з яе маглі лёгка выйсці каля дзесяці вязняў. Звычайна пасля сняданку, абеду і вячэры ў двор да лазні выносілі цэбры для мыцця. Там іх шаравалі два адмыслова прыстаўленыя да гэтага абавязку вязні. На іх не звярталі ўвагі, бо тых, каго наглядчык выпускаў з будынка на працу, лічылі бяспечнымі. Наступнай задачай было абясшкодзіць наглядчыка ля пральні і лазні, што можна было лёгка зрабіць, зазірнуўшы пад нейкай вымоўкай у гэтыя памяшканні, звычайна адчыненыя цягам дня. Горш было з абходчыкам. Але і гэта можна было зрабіць, бо ён заўжды падышоў бы да вязняў, калі б тыя паклікалі яго да наглядчыка ў пральні. Гэты будынак не праглядаўся з вокнаў канцылярыі, што спрашчала справу.
Цяпер хлопцы з двара маглі лёгка пакінуць турму. Ім было дастаткова проста перанесці лаўкі з пральні і зрабіць рыштаванне пад адносна невысокім дахам. Пералезці з даху на мур было як сабаку муху схапіць. Такім чынам усе вязні з двара маглі лёгка ўцячы з турмы, незаўважаныя канцылярыяй і вартай ля брамы. Але амбіцыі злодзеяў сягалі вышэй. Штука была ў тым, каб выпусціць усіх хлопцаў. А фраеры могуць уцякаць або заставацца, як ім заманецца.
Каб захапіць браму, а гэта значыць адначасова канцылярыю і пост аховы, дзе, акрамя адміністрацыйнага персаналу, было звычайна яшчэ чацвёра-пяцёра наглядчыкаў, трэба было ў браму ўвайсці. Каб гэта правярнуць, двое хлопцаў павінны былі падысці да брамы з загружанымі цэглай насілкамі і чакаць перад ёю. Ключнік у гэтых выпадках заўжды адмыкаў, бо вязні прыбіралі ў вартаўнічай будцы і канцылярыі, а таксама працавалі на рамонтах. Калі веснічкі ў браме адчыняцца, дзясяцера блатных з пяццю пісталетамі кінуцца на браму, абяззброяць некалькіх вартаўнікоў і зоймуць канцылярыю. Тым часам унутры турмы хлопцы павінны былі адкрыць усе камеры і аддзяленні. Блатныя павінны былі першыя спусціцца ўніз і чакаць ля ўваходных дзвярэй, калі адчыніцца брама і будзе занятая канцылярыя. Толькі тады злодзеі ў браме павінны былі адчыніць веснічкі ў другой браме, што выходзіць на вуліцу, і падаць знак уцёкаў. Вырашылі, што выходзіць будуць не натоўпам, а групамі.
Усё гэта было абмеркавана і дакладна арганізавана. Ролі былі падзеленыя. Падрабязнасці плана ведалі толькі дзясятак з гакам вязняў. Пра тое, што з адступленнем немцаў пачнуцца агульныя ўцёкі, ведалі дзясяткі блатных. Фраеры і дробныя злодзеі не ведалі нічога. Таму выдаць план не мог ніхто. Чакалі толькі знаку са свабоды: бохан хлеба і сыр. Гэта павінна было адбыцца з дня на дзень, з гадзіны на гадзіну. Звычайны лад жыцця вязняў змяніўся. Удавалі, што ўсё ідзе па-ранейшаму: жартавалі з наглядчыкамі, дасылалі малявы, раздавалі ежу, але ў галовах тых, хто прымаў рашэнне аб акцыі, няспынна варушылася думка: «Калі?» У сёмай камеры ўдзень хлопцы амаль не размаўлялі. Чакалі. А вось увечары, пасля пераклічкі, ажыўляліся. Тады, лежачы і седзячы на нарах таварыскімі групамі, ціха размаўлялі. Наглядчыкі не звярталі на іх увагі. Яны наогул намагаліся як найменш назаляць блатным, бо не варта было. Калі хтось з наглядчыкаў лез не ў сваю справу, блатныя заўжды маглі выкінуць з ім даволі балесную штуку. Таму наглядчыкі заплюшчвалі вочы на парушэнні правілаў. У сваю чаргу, у фраерскіх камерах яны жорстка сачылі за парадкам і дысцыплінай.
Тэмы зладзейскіх размоў — гэта, пераважна, жанчыны, ежа, работа, турэмныя справы. Святло ліхтара з двара скоса падала ў камеру, пакідаючы на падлозе даўгаватую пляму. Гэта крыху асвятляла камеру, у якой размаўлялі вязні і гарэлі агеньчыкі цыгарэт. Барана жыўцом ела туга па Паўці. Яму не ставала яе аблічча. Ён думаў пра яе няспынна. Нават ейная здрада і подласці, якія ён так лёгка выкрываў, не прыцьмілі пачуцця. Калі ён глядзеў у ейныя вочы, намагаючыся зразумець гэтую жанчыну, ён чуў у грудзях казытанне. У бляску ейных вачэй плавілася ягоная загартаванасць, быццам у прорве, гінулі ягоныя мроі.
Калі Аліка арыштавалі, ён з надзейным хлопцам даслаў каханцы маляву са следчага аддзялення, папярэдзіўшы яе пра арышт. Яна адказала яму, запэўнівала ў сваім каханні і пісала, што ёй вельмі шкада і што яна спадзяецца на яго хуткае вызваленне. І ўсё. Ані слоўца пра ягоныя патрэбы. Іншым злодзеям каханкі дасылалі ежу, хоць некаторыя і самі жылі бедна. Пра Барана не клапаціўся ніхто… Тым часам як у Паўці справы ішлі выдатна.
А вось Маруся Лобава ўвесь час дасылала Ясю перадачы. Што праўда, на гэта даваў грошы, хай сабе і няшмат, дзядзька Жардонь, але ўся праца была на ёй. Баран ніколі не галадаў, бо блатныя жылі камунай, але яго зневажаў сам факт таго, што ён, фірмовы злодзей, у якога ёсць каханка, не атрымлівае ад яе дапамогі. Гэта проста атручвала яму жыццё.
Позна ўначы ў іх камеры сціхлі размовы. Вязні заснулі. Толькі Алік яшчэ доўга не спаў.
Назаўтра наглядчык адамкнуў камеру і выклікаў на калідор таго самага вязня, на імя якога са свабоды павінны былі перадаць хлеб і сыр — знак, што немцы пакідаюць горад. Гэта быў дужы мужык, спакойны і просты. Ён зусім не ведаў, што перадача на яго імя павінна выклікаць у турме такія сур’ёзныя падзеі. Не ведаў нават, хто гэта так пра яго паклапаціўся. Калі яго выклікалі з камеры, блатныя перазірнуліся. Позіркі гэтыя не патрабавалі слоў. Злодзеі чакалі вяртання фраера з калідора, бо выклікаць яго маглі і з іншай нагоды. Але неўзабаве мужык вярнуўся. Ён нёс вялікі бохан хлеба, парэзаны пры даглядзе лустамі, а на ім ляжала, таксама парэзаная на кавалкі, вялікая галава вясковага сыру.
«Немцы пакідаюць горад».
У камеры запанавала цішыня.
Мужык нягегла расклаў на стале лусты хлеба з кавалкамі сыру паўзверх. Ён намагаўся падзяліць ежу на столькі порцый, колькі было людзей. Пасля ён павярнуўся да сукамернікаў з нясмелай усмешкай — не ведаў, што сказаць. Яны былі добрыя з ім. Не крыўдзілі. Часта нават дзяліліся харчамі, калі ў саміх было.
— Частуйцеся, хлопцы… Што маю…
Усе няспешна падыходзілі да стала і бралі ежу. Селяніну пакінулі найбольшы кавалак хлеба і сыра. Ён узяў яго і сумна еў.
— Калі ж гэта чалавек на свабоду трапіць? — скабаў ён з ціхай роспаччу ў голасе.
— Сёння! — кінуў яму з кута камеры Янка Залаты Зуб.
Мужык толькі махнуў рукой.
— Э, ды дзе там… Зжаруць мяне гэтыя муры…