— Вечар добры! — павітаўся ён з парога.
— Добры, добры! А што за інтэрас?
— Хачу табе апыліць цяля з блату[33].
— А адкуль ты ведаеш, што я купляю? — скупшчыца крыху недаверліва агледзела Яся.
— Ну ведаю і ведаю.. І ад Турка, і ад Нагая. Не хочаш купляць, то да пабачэння… Аднясу Рудой Цыпе. Далей жыве, але дурных пытанняў не мае.
Скупшчыца пацерла рукі. Яна акурат мыла бялізну. Падышла да меха і з цяжкасцю падняла яго.
— Колькі ты за цяля хочаш?
— Разам з мехам чатырыста рублёў.
Гэта было менш за палову ад нармальнай цаны. Скупшчыца ахвотна пагадзілася і па просьбе Яся, які быццам бы кудысьці спяшаўся, выплаціла грошы. Хлопец развітаўся і выйшаў. Супольнікі прыляпіліся насамі да брудных шыбаў, назіраючы, што будзе далей. Задаволеная даходнай аперацыяй, скупшчыца падышла да меха. Развязала яго і пачала даставаць цяля, проста вытрасаючы змесціва на падлогу. У мяху даберман быў засумаваў, то цяпер вылез, пазяхнуў і пацягнуўся. Пасля даволі зычліва скіраваўся да анямелай са страху жанчыны. Скупшчыца закрычала і заскочыла на ложак, а з ложка праз камоду палезла на печ. За акном раздаўся выбух смеху. Перапалоханая і раззлаваная скупшчыца ледзь пазбылася дзіўнага госця, які паводзіўся ў ейнай кватэры надзвычай прыстойна, толькі з’еў згатаваную на заўтра курыцу, што ўжо парэзаная ляжала на кухоннай шафцы.
Праз пятнаццаць хвілін калегі ішлі з Лагойскага тракту на Камароўку. Сыронь паляпваў дабермана, які ўсё яшчэ аблізваўся пасля смачнай вячэры. Малыш атрымаў ад Яся грошы. Хацеў узяць толькі долю, але хлопцу гэтая дробная сума была без патрэбы, а ў Малыша справы ішлі кепска. Ясь радаваўся ўдаламу жарту і пакаранню, якое напаткала несумленную скупшчыцу.
Праз колькі дзён Казік Марэцкі распавёў Ясю, што, ідучы на «скок», знайшоў ля Хрышчэнскай вуліцы, у калідоры на першым паверсе прыбудоўку, якую аніяк нельга адкрыць адмычкамі, хоць замок і выглядае звычайным.
— Можа, знутры зачынена на засаўку ці кручок? — спытаў Ясь.
— Але там не жыве ніхто. Дакладна. Зрэшты, там і вокнаў няма.
Увечары яны пайшлі туды разам. Ясь спрабаваў адной адмычкай адкрыць замок. Рукой ён адчуваў зуб засаўкі, падымаў яго ўверх і вёў налева. Але потым засаўка зрывалася і з трэскам, досыць моцным у акустычным калідоры і пад’ездзе, падала назад. Ясь некалькі разоў паўтарыў гэтую спробу і адмовіўся. Ані Ясь, ані Казік не разбіраліся ў слясарнай справе. Яны ўмелі толькі ўпраўляцца з усімі нумарамі адмычак і ведалі прынцыпы канструкцыі замкоў. Гэты выпадак быў для іх загадкавы. Яны сышлі з нічым.
Надвячоркам Ясь зайшоў у гатэль, дзе жыў Ажур, і падрабязна распавёў яму пра загадкавы выпадак. Ажур усміхнуўся. Ён адразу зразумеў, у чым загадка.
— Дзверы на спружынным замку. Іх можна звычайным кручком адчыніць. Толькі трэба, як пойдзе ўгару, не адкідваць засаўку, бо яе там няма, а пацягнуць дзверы на сябе.
Увечары Ясь сам пайшоў на Хрышчэнскую. Засунуў кручок у шчыліну ад ключа і, не прытрымліваючы дзверы, калі адмычка падняла засаўку, пацягнуў на сябе. Дзверы прачыніліся. Ясь прычыніў іх за сабою і пасвяціў ліхтарыкам. Убачыў цёмнае памяшканне, а ў ім дзве вялікія скрынкі, збітыя з дошак. Яны былі моцныя і шчыльныя. Краі былі абабітыя жалезнымі ліштвамі. Ясь паспрабаваў іх падняць і ледзь здолеў ссунуць з месца.
Тым самым вечарам Ясь распавёў Марэцкаму пра вынікі сваёй прагулянкі. Калегі вырашылі забраць скрынкі. Напэўна ж, яны не пустыя. А там мог быць і вельмі дарагі тавар. Ясь прапанаваў Барану паўдзельнічаць у рабоце. Майстар не надта ахвотна пагадзіўся: работу ён палічыў няпэўнай, сляпой і занадта дробнай для прыкладзеных высілкаў.
Назаўтра пад фасад дома на Хрышчэнскай пад’ехаў Стась Рамізнік. У павозцы сядзеў Баран. Казік Марэцкі і Ясь павінны былі падрыхтаваць усё да пагрузкі. Па баках цяжкіх скрынак яны зрабілі моцныя ручкі з вяровак.
Вечар быў цёмны. Супольнікі паспешліва вынеслі і пагрузілі скрынкі. Стась паехаў. Усе скіраваліся на маліну Казіка да Кацярыны, у былы схоў Барана. Калі яны прыйшлі, Стась ужо чакаў іх. Ён крыху пашкодзіў воз цяжкім грузам. Учатырох яны ўнеслі скрынкі ў кватэру і пачалі распакоўку. Перад вачыма блатных з’яўляліся бліскучыя сталёвыя колы, шасцярні, рычагі. Аглядаючы іх, злодзеі прыйшлі да высновы, што гэта нейкая складаная, дакладная машына. Але што яна робіць, яны зразумець не маглі. Усе былі расчараваныя і знявераныя такім вынікам.
Праз два дні ў гарадской газеце з’явілася надрукаваная тлустым шрыфтам аб’ява:
«За вяртанне або ўказанне месца, дзе знаходзяцца часткі зніклай 19 верасня машыны для вытворчасці цыгарэтных гільзаў, будзе выплачана сума ў 200 000 ост-рублёў. Звяртацца па адрасе: вул. Хрышчэнская, дом № 14, кв. 2, з 10.00 да 2.00 па абедзе».
Ясь параіўся з Баранам. Ён хацеў вярнуць машыну і атрымаць узнагароду. План вяртання быў распрацаваны. Яны аднясуць часткі на вайсковыя могілкі і там схаваюць у зацішным месцы, а з раніцы Ясь пойдзе на Хрышчэнскую і скажа, што выпадкова знайшоў іх там. Баран не раіў яму гэтага рабіць.
— Ніколі не вер фраеру! Што сабака брэша, што фраер абяцае, усё на адзін капыл выйдзе. Як не будзе з квасу піва, так з фраера чалавека слова не будзе.
— А я паспрабую. Яны нічога не дакажуць. Знайшоў, і ўсё. А можа, і выплацяць.
Баран упэўнена сказаў:
— Рабі, як хочаш. Толькі памятай, што фраер цябе, калі зможа, за твае ўласныя грошы ўдушыць, а што ўжо пра ягоныя грошы казаць!.. Мне з тых грошай доля непатрэбная!
Нягледзячы на гэта, Ясь з Казікам Марэцкім пад аховай вечаровай цемры папераносілі часткі машыны на вайсковыя могілкі. Там яны схавалі іх у загадзя нагледжаным месцы. Праца была доўгая і непрыемная. Яны вярталіся шмат разоў. А на наступны дзень а дзясятай Ясь пайшоў па згаданым адрасе. Папярэдне ён прывёў у парадак кватэру, каб магчымы вобшук не даў аніякіх вынікаў. Прыбраў адтуль усе каштоўныя рэчы, аддаўшы іх на захаванне Марусі Лобавай, якая здзівілася, але ні пра што хлопца не распытвала.
Ясь пазваніў ва ўжо знаёмыя яму з работы дзверы кватэры нумар два. Амаль насупраць вядомай прыбудоўкі. Адчынілі адразу ж. У паўцёмным пакоі Ясь разгледзеў фігуру старэйшага нізкага мужчыны ў акулярах.
— Вы да каго?
— Я па аб’яве ў газеце.
— Ага!.. Прашу вас…
Неўзабаве Ясь апынуўся ў пакоі, часткова падобным да канцылярыі, часткова — да бібліятэкі. Сцены былі застаўлены шафамі з кнігамі, а на двух вялікіх сталах ляжала мноства папераў, фармуляраў, эскізаў. Ясь коратка расказаў двум прысутным у пакоі мужчынам, што выпадкова знайшоў на вайсковых могілках часткі невядомай яму машыны. Паколькі ён прачытаў у газеце аб’яву пра зніклую машыну для вырабу гільзаў, то вырашыў што гэта акурат яна.
— Добра, — сказаў другі, маладзейшы мужчына. — Грошы вы атрымаеце, калі мы засведчым, што гэта менавіта тая машына, якую ў нас скралі, і калі яна ў камплекце.
Пасля гэтай размовы Ясь у таварыстве яшчэ двух мужчын паехаў грузавым возам у бок вайсковых могілак. Ягамосць, што адчыніў яму дзверы, застаўся дома. Ясь паказаў на могілках месца, дзе напярэдадні ўвечары разам з Казікам яны схавалі часткі машыны. Усё загрузілі на воз і паехалі назад. Дарогай Яся пераконвалі, што зараз яму выплацяць грошы. Маўляў, усе вельмі ўсцешаныя, што часткі знайшліся, бо без іх уся машына была б непрыдатная, а каштуе яна дзясяткі мільёнаў ост-рублёў. Ясю дзякавалі, цешачыся, што выпадак дазволіў яму зарабіць дзвесце тысяч рублёў. Ясь цалкам гэтаму верыў і збіраўся частку сваёй долі аддаць Казіку.
Воз спыніўся перад домам на Хрышчэнскай. Ясь у суправаджэнні спадарожнікаў зайшоў у кватэру. У пакоі цяцер сядзела трое.
— Усё на месцы? — спытаў спадар, які адчыніў Ясю дзверы.
— Так.
Ясь адразу адчуў, што трапіў у пастку. У двух прысутных мужчынах ён адчуў «гінтоў». Адзін з іх звярнуўся да Яся на «ты»:
— Дакументы пакажы.