Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Хто гэта зрабіў?! — хрыпла запытаў ён у прысутных.

Спачатку ніхто не зразумеў, што адбылося, таму ўсе маўчалі.

— Я… пытаюся… хто гэта зрабіў?!.. — казаў ірванымі фразамі афіцэр, ледзь стоячы на нагах.

Рычард зразумеў, што афіцэр мае на ўвазе ігрушу, якую Залатая Поля гэтак няўдала лавіла. Таму ён устаў з месца і сказаў:

— Я прашу ў вас прабачэння. Я кінуў ігрушу, але насамрэч ніхто не вінаваты, бо дзяўчына нязграбна яе лавіла. Ніхто не хацеў вас абразіць. Супакойцеся, калі ласка.

— Што?! — зароў афіцэр. — Вы… мяне… супакоіцца… Мярзотнік!..

— Не падымайце тут гвалту, калі ласка, — пачаў Рычард.

— Што-о-о?!.. Ах ты, гнюс!..

Афіцэр, у куточках вуснаў якога паказалася пена, рэзкім рухам выцягнуў з задняй кішэні штаноў пісталет і, робячы крок назад, падняў руку ўгору.

Андзя, якая, прыціснуўшы рукі да грудзей, не дыхаючы, сачыла за яго рухамі, спрытна скокнула наперад і апынулася на стале. Яна была павернутая спінай да даўнейшага каханка, а тварам — да паручніка. Дзяўчына схапіла адной далонню рулю пісталета. Раздаўся стрэл…

— Не страляй! Гэта ж Рычард… мой Рысік! Напрамілы Бог, не страляй! — крычала Андзя, па твары якой цяклі слёзы, а па сукенцы — кроў.

Прыяцелі паручніка адабралі зброю. Андзя аблегла на падлогу. Яе перанеслі на канапу ля сценкі.

— Рысік… Рысік… — кволым голасам клікала дзяўчына.

І цяпер ён пазнаў яе. Ніхто ўжо даўно не называў яго Рычардам. Ён наблізіўся да дзяўчыны, якая ўратавала яму жыццё, і, бледны, ашаломлены, узяў яе за руку, каб праверыць пульс…

— Рысік, мой залаты… Я маю грошы ў гаспадыні… Не пакінь Аліка… гэта твой сынок… Рысік… залаты…

Ён яе не зразумеў. Яго здзівіла толькі, што Андзя ведае пра яго з Гальшкай сына (таго хлопчыка таксама звалі Аляксандр). Яму і да галавы не прыйшло, што дзяўчына кажа пра сваё дзіця.

— Добра, добра, — прамовіў. — Грошай не трэба… я ўсё зраблю.

— Рысік, каханы… я так чакала… чакала… Рысік…

Неўзабаве яна развіталася з жыццём. Амаль шчаслівая. «Рысік дагледзіць Аліка». І гэтак Вавёрка адышла назаўсёды.

У вокны зазіраў сівы, смутны ранак.

Цётка забрала ў мадам Лядзіны грошы, пра якія даўно ведала. Спачатку сума здалася ёй вялікім багаццем, таму яна яшчэ крыху апекавалася сынам Андзі. З часам, аднак, яе клапатлівасць змяншалася. А праз год цётка зусім перастала займацца хлопцам.

— Цётачка, я хачу есці, — клікаў Алік.

— Маўчы, байструк! — калацілася жанчына. — Я ніякая табе не цётка. Прыблуда ты. Няма на цябе смерці, халеры якой… Іншыя дзеці дык мруць і мруць як мухі, а гэтая пачвара дык і не засаплівіцца!

Цётка цяпер пакрысе распрадавала хлапечыя рэчы, якіх вельмі шмат колісь накупіла Андзя. Перш за ўсё цётка прадала ложачак, пазней — вопратку, боцікі, бялізну. Малы застаўся толькі ў адным старым касцюмчыку.

Для Аліка зноў насталі чорныя дні. Пагатоў, ён не мог сам паклапаціцца пра сябе і не меў каму паскардзіцца. Голад пазбавіў яго сілаў. Безупыннае біццё і чаплянні цёткі ператварылі яго ў зацкаванага звярка, які з маўклівым недаверам пільнаваў кожны ейны рух. Калі цётка раз-пораз кідала яму нейкі кавалак — не з літасці, а толькі каб ён зусім ужо знянацку не здох, — то хлопец накідваўся на той кавалак і еў сквапна, душачыся, амаль не адчуваючы ніякага смаку. Яго зрок зрабіўся вастрэйшым, стаў пранізлівым. Яго рухі зрабіліся адшчадныя. Падсвядома ён разумеў, што мусіць берагчы сілы.

Мінула другая зіма пасля смерці маці, асабліва цяжкая для Аліка. Надышла вясна. Хлопец пух з голаду і хістаўся. Цётка меркавала, што ён неўзабаве здохне, і штораз радзей давала яму есці…

Аднойчы, калі п’яная цётка некуды выйшла і не замкнула Аліка ў пакоі, ён вылез з сутарэння і, трымаючыся за парэнчы, стаў караскацца наверх па слізкіх каменных прыступках.

Калі ён апынуўся на дзядзінцы, то ледзьве мог стаяць на нагах, аслеплены даўно нябачанымі праменямі сонца, апоены свежым паветрам. Ён закрыў рукамі твар і хістаўся ўперад і назад… Выглядаў ён страшна. Уся яго ссінелая галава была ў ацёках і струпах. Цела пакрывалі нарывы. Адзежа, падзёртая, вільготная, ажно склейвалася ад бруду. Чырвоныя вочы. Тоненькія ножкі і ручкі. Да таго ж на гэтым бедным целе пасвілася мноства вошай.

Па падворку ішоў малады чаляднік, які працаваў у шаўца. Ён весела пасвістваў. Заўважыўшы скіраваныя на яго вочы дзіцяці, ён спачатку зрабіў некалькі крокаў назад — такім дзіўным і дзікім быў позірк малога. Але праз момант ён сціснуў кулакі і рушыў у бок Аліка.

— Я табе зараз косткі паламлю! Я табе галаву адкручу!

Алік, сабраўшы рэшту сілаў, пусціўся наўцёкі. Ён амаль скаціўся па сходах уніз, у невялікі калідорчык, дзе схаваўся ў цёмным закутку. У жытло цёткі ён не пабег, бо ведаў, што не паспее хутка адчыніць дзверы.

Але чаляднік не гнаўся за ім. Працягваючы свістаць, ён пайшоў далей.

У сутарэнні, насупраць дзвярэй у іхняе жытло, былі іншыя дзверы. Там жыў з жонкаю начны вартаўнік тартака, сталы чалавек. Калі Алік хаваўся ў калідорчыку, жонка вартаўніка, зварыўшы ежу для сабакаў, выставіла яе ў вядры за дзверы, каб ежа астыла. Пах прывабіў Аліка. Вылезшы са свайго кута, ён падышоў да вядра. Апарваючы рукі, выцягнуў з вядра кавалак мяса. Даўшы драпака ў свой закутак, там прагна еў. Потым прадбачліва зацёр сляды на падлозе, выняў яшчэ нешта з вядра і схаваўся ў кватэры.

З таго часу ён стаў сістэматычна красці з вядра прызначаны для сабакаў корм. Хлопчык браў ежу на запас, бо перад гэтым некалькі разоў яму перашкодзілі, і ён не паспеў раздабыць харчоў. Таму ён зрабіў сабе ў цётчыным жытле схованку, у якой пакідаў у бляшанцы кавалкі мяса, пабранага ад сабакаў, а таксама мокрыя кавалкі хлеба.

Цётка ж дзівілася, што байструк, які меўся — як яна спадзявалася — хутка здохнуць, не толькі ўсё яшчэ жывы, але нават паспраўнеў.

— Гэта сучае насенне, — бурчэла яна. — Як пустазелле, хоць дзе расце.

Пасля некалькіх месяцаў жыцця на сабачай ежы да Аліка вярнуліся сілы і здароўе. Ацёкі з твару, рук і ног пазнікалі. Нарывы пазагойваліся… Сабакам (а не людзям) ён мог быць удзячны за тое, што ацалеў. Ён не задумваўся, што забіраў ад жывёлы яе і так невялікі рацыён. Малы не разумеў, што калі ён пачаў набіраць сілы, то слабець і цярпець голад пачалі сабакі.

Неўзабаве Алік пачаў выходзіць з сутарэння часцей і далей. Цётка яму гэтага не забараняла. А ён знаёміўся са светам. Перш-наперш яго зацікавіў сметнік на іншым падворку, недалёка ад прыбіральні. Там была крыніца вялікіх багаццяў, якімі ён стаў спраўна карыстацца. На сметніку яму трапляліся адкроеныя з хлеба сухія скарынкі. У бляшанках ад кансерваў часам былі рэшткі ежы. Здаралася знайсці і кавалкі зацвілай кілбасы. З костак ён выцягваў мязгу. А колькі ж там было іншых скарбаў, якія ён сабе прысвойваў і прадбачліва хаваў, рассоўваючы па розных кутах на падворку і ў сутарэнні!

Гэтак жыў хлопчык-шчанюк, няшчаснейшы за сапраўднага звярка, бо ён мацней пакутаваў ад галечы і быў значна больш бездапаможны. Гэтак ён змагаўся за сваё жыццё. І калі ацалеў, то толькі дзякуючы сабе і сабакам. Людзі тут былі ні пры чым.

Калі Алік стаў злодзеем — невядома. Можа, ён быў ім з пачатку свайго жыцця. Можа, гэта пачалося тады, калі ён пачаў красці сабачую ежу. Цяжка сказаць. Я ведаю толькі адно: ён не атрымаў гэтага ў спадчыну ад продкаў, не меў прыроджаных схільнасцяў да злачынства, не быў тыповым ліхадзеем.

Праўда палягае ў тым, што злачынцам яго зрабіла жыццё. Злачынства было напачатку адзінай магчымасцю выжыць, а пазней — адзінай пакінутай яму прафесіяй. Найгоршай, найцяжэйшай з усіх мажлівых прафесіяў. Калі ёсць людзі, якія будуць адчуваць да яго пагарду, то знойдуцца і іншыя, якія яго зразумеюць. Я толькі апішу найбольш характэрную частку яго жыцця, у якой Алік — о, як жа гэта было рэдка! — паказваўся са сваёй слімаковай ракавіны, у якой звычайна хаваўся ад людзей. Гэтую ракавіну тварылі ўпартасць, падазронасць і маўчанне. Гэта былі таксама якасці ягонай маткі, якой дазвалялася толькі маўчаць і працаваць.

7
{"b":"647782","o":1}