Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Цётка даўно б ужо пакончыла з «байструком», але хацела, каб гэта здарылася як бы незнарок. Яна не баялася суда — хто б змог даказаць ейную віну? — але яна была, нягледзячы на подлы характар і каменнае сэрца, вельмі пабожнай. Таму яна баялася толькі аднаго: каб за забойства дзіцяці не трапіць на векі вечныя ў пекла. Толькі гэта звязвала ёй рукі, толькі гэта і ўратавала дзіця. Андзя адчула тое мацярынскім інстынктам і аднойчы, калі цётка зноў спрабавала звесці дзіця з гэтага свету, сказала ёй:

— Цётка, запомніце, калі ласка: калі вы зробіце яму крыўду, то Бог вам не даруе! Памятайце пра гэта! Я таксама ў вас не застануся… Мяне Бог пакараў, бо я сабе нагу вывіхнула. А вас яшчэ горшы лёс спаткае, калі вы яго заб’яце.

— Сам здохне! — фыркнула кабета, кінуўшы ў бок Андзі поўны злосці позірк.

З той пары замахі на жыццё дзіцяці спыніліся, і цётка мусіла змірыцца з прысутнасцю немаўляці. Зрэшты, хлопчык быў надзіва спакойны і амаль што не дакучаў.

Зацяжарыўшы, Андзя пакінула службу. Калі ў сям’і чыноўніка, а таксама ў цэлым доме ўсе хутка даведаліся пра ейны стан, дык яна нідзе не знайшла спагады або прынамсі разумення. З яе смяяліся, кпілі, называлі вулічнай дзеўкай і шлюндрай.

Ейная даўнейшая гаспадыня неяк заўважыла:

— Я ведала, што гэта за ягадка!.. Я казала дочкам, каб сцерагліся яе, як агню… Ведаю я такіх нявінніц… мілым тварыкам мяне не абалваніш. Я адразу яе раскусіла, як толькі пабачыла…

Бадай, яна забыла, што пазнаёмілася з Андзяй тады, калі той было ўсяго дзевяць гадоў.

— Добра, што яна яшчэ не абчысціла кватэры і не ўцякла з каханкам!.. — усё больш раз’юшвалася крывадушная гаспадыня. — Я пра гэта парупілася!.. Я… а хто ж… Бывай здаровейкам… Бадай цябе качкі затапталі… Мяне нялёгка абвесці вакол пальца!..

Але ў кватэры штораз мацней пачала заўважацца Андзіна адсутнасць. Працы поўна, а рабіць — няма каму. На працу змабілізавалі ўсе рэзервы: дзвюх старэйшых дачок і дзвюх малодшых, а таксама хлопцаў, апрача найстарэйшых, у якіх прабіваліся першыя вусікі — ім было неяк не з рукі працаваць. Нават сама пані адклала раманы Поля дэ Кока і, абвязаўшы галаву хусткай, узялася за прыбіранне пакояў. Праца ішла жвава: адны насілі дровы, другія ваду, іншыя выносілі смецце, мылі посуд, кармілі і пераапраналі меншых дзяцей, падмяталі, мылі падлогу, гатавалі сняданак, абед, вячэру, палілі ў печках, але вечарам выявілася: нягледзячы на тое, што ўсе былі без сілаў ад стомы, яшчэ засталося шмат чаго незавершанага. Гаспадыня пачала бэсціць сталую кухарку, якая ва ўсім пільнавалася сваіх абавязкаў і нават мела нахабства патрабаваць памочніцу. Кухарка ў сваю чаргу прыгразіла звольніцца. Гаспадыня капітулявала.

Праз пару дзён у кухні з’явілася новая гаротніца. Яе адразу ж нагрузілі працай. Але служка была такая нязграбная, ажно яе нават пачалі падазраваць у наўмысным шкодніцтве. Талеркі ў яе біліся цэлымі стосамі. Растаўкла яна і настольную лямпу. Яна здолела нават нейкім таямнічым чынам скінуць са сценкі люстэрка, якое разляцелася на аскепкі. Гэта перапоўніла чашу цярпення. Няўдаху за валасы выкінулі з кватэры.

Ейная пераемніца вечна спала. Яна не прапускала ніводнай магчымасці і нагоды, каб не аддацца свайму ўлюбёнаму занятку. На другі дзень яна знікла. Пасля доўгіх пошукаў яе знайшлі ў склепе, куды яна пайшла з вядром па бульбу. Дзяўчына спала як пшаніцу прадаўшы, седзячы на перавернутым дагары дном вядры. На наступны дзень яна з рана амаль да вечара праспала на гарышчы. Выгналі і яе.

Чарговая служка была досыць спрытная і энергічная. Гаспадыня была вельмі задаволеная: «Нарэшце знайшлася ніштаватая памочніца». Але ейная радасць трывала нядоўга. Жыхары дому заўважылі неўзабаве, што па вуліцы, у браме, на падворку і на лесвіцы з’явілася мноства вайскоўцаў самых розных фармаванняў. Шмат хто выказваў розныя здагадкі, стараючыся зразумець гэтую незвычайную з’яву. «Мусіць, недзе непадалёк стварылі штаб», — нехта зрабіў не надта лагічную выснову. Хутка жыхары заўважылі, што вайсковы наступ прасоўваецца ўсё вышэй па сходах і канцэнтруецца пераважна каля дзвярэй кватэры, у якой служыла вельмі энергічная, але досыць палахлівая дзяўчына. Жаўнеры спрабавалі аднаго разу нават зазірнуць на кухню. А калі двое «жаніхоў» уступілі там у зацятую спрэчку за сэрца сваёй прысухі, прычым найбольш пацярпелі рондалі, супніцы і талеркі, то і тая пакаёўка згубіла працу.

— Прэч! Тут у мяне не казармы! А як жа! Бывай здаравенькая, бадай цябе качка! Пайшла вон!

Наступная служка мела яшчэ больш гарачы тэмперамент. Месца жаўнераў на вуліцы, на падворку, у браме і на сходах занялі ледзь не цэлыя аддзелы пажарнай службы з двух суседніх раёнаў. Спачатку жыхары дому палохаліся і правяралі, ці няма дзе пажару. Але неўзабаве высветлілася, што мэтай атакі рыцараў саламандры было толькі палымянае сэрцайка новай пакаёўкі. Таму выгналі і яе.

Гаспадыня заламала рукі:

— І што мне цяпер рабіць? Як шкода Андзі! Золата, а не дзяўчына была! Якая ціхая, працавітая, спрытная, не балбатуха… Ну, панесла па ўхабіне… бо маладая, нявопытная… Але працавітая, сумленная. Дзе я такую знайду?

Толькі цяпер Андзіна праца атрымала прызнанне. Калі пасля родаў дзяўчына ачуняла, цётка, з якой былая гаспадыня ўжо дамовілася пра заробак дзяўчыны, загадала ёй вярнуцца на ранейшую працу.

Андзя зноў у ахвотку ўзялася за працу. Маўчуха, як і раней, яна працавала яшчэ больш рупліва, і ў кватэры быў глянц-парадак. Толькі жыццё самой Андзі цяпер змянілася. Яна больш не размаўляла з чаравікамі, калі іх чысціла. Не бегала па лесвіцы. Яе характар змяніўся праз мацярынства.

Былая Вавёрка назаўсёды знікла з камяніцы.

У кожную вольную хвілю Андзя адведвала і карміла сына. Яго пахрысцілі і далі імя Аляксандр. Цётка супакоілася і перастала рабіць замахі на жыццё дзіцяці. Малы не быў для яе цяжарам і дакукай, бо Андзя заўсёды знаходзіла час, каб самой вырвацца з працы і заняцца сынам.

Мінуў год. Андзя працавала на ранейшым месцы. Гэта, магчыма, цягнулася б яшчэ доўга, але зноў непрадбачаная акалічнасць парушыла звыклы лад жыцця дзяўчыны. У сям’і чыноўніка адным з сыноў быў ужо дарослы Грыша. Ён наведваў у гімназіі сёмы клас, ало вучыўся дрэнна, і зусім не з тых прычынаў, якія часта перашкаджаюць у навуцы здольным і гарачлівым хлопцам. Ён не мог пахваліцца поспехамі толькі праз млявасць, ляноту і капрызнасць. Апошнім часам гэты маладзён з чырвонымі рукамі, бяздумнымі вачыма і гнілымі зубамі пачаў выказваць да Андзі зацікаўленасць. Імаверна, ананізму яму было ўжо не дастаткова. Ён безупынку чапляўся да дзяўчыны, якая з цяжкасцю пазбягала расстаўленых ім пастак. Аднойчы ён заспеў яе падчас прыборкі спальні, схапіў ззаду і разам з ёй паваліўся на ложак. Дзяўчына не закрычала, бо не хацела залішняй увагі іншых дамачадцаў. Грыша быў высокі і досыць моцны, але яна была рухавая і дужая. Яна выкручвалася, але пераўзбуджаны маладзён раптам пачаў яе душыць. У Андзі пацямнела ўваччу. З носа лінула кроў. На твары выступілі сінякі. І тады, прыслухаўшыся да інстынкту самазахавання, які ўрэшце прачнуўся, яна пачала біцца з усёй моцы. Яна падбіла панічу абодва вокі і пару разоў сапхнула яго на падлогу, падскочыла да дзвярэй, але выбрацца з пакою не здолела, бо кавалер замкнуўся на ключ. У пэўны момант Грыша сарваў са сцяны вяшак. Андзя схапіла столік для кветак… На шум збегліся дамачадцы. У дзверы загрукалі кулакамі. Паніч адамкнуўся і, падзёрты ды перапэцканы ў Андзінай крыві, вылецеў з пакою.

— Матуля, гэта ўсё Андзя!.. — зароў герой, хаваючыся за плячыма маткі.

— Ах ты, гадзіна, дзіця мне хацела забіць! Прастытутка ты, жабрачка, зладзейка! Выклікайце паліцыю! Я цябе правучу!..

Андзя памкнулася з кватэры, збегла ў падвал, дзе, тулячы да грудзей Аліка, стала ціхенька плакаць.

На службу яна ўжо не вярнулася, хоць гаспадыня, схамянуўшыся і цвяроза ацаніўшы справу, хацела ўзяць яе назад. У гэтым ёй пасярэднічала цётка:

— Андзька, ідзі заўтра на працу. Табе ж нічога не сталася. А калі паніч хацеў троху пазабаўляцца, то што з таго… Дурная ты. Каб ты мела розум, то яшчэ б атрымала з гэтага якую карысць. А ты як вар’ятка. Знайшла што шкадаваць. І для каго ты марнуешся? Для гэнага твайго хахаля, які цябе кінуў, як сучку са шчанём? Давай выходзь заўтра на працу. Я перапрашу гаспадыню.

5
{"b":"647782","o":1}