На самым пачатку Маруся ставілася да свайго вучня досыць строга і холадна. Але з цягам часу яна пачала мякчэць, стала менш вострай і патрабавальнай. Некалькі разоў таксама здарылася, што за Ясевы поспехі яна гладзіла яго па валасах або па шчацэ.
На твары ў хлопца тады выскокваў румянец, і ён не ведаў, як сябе паводзіць. А Маруся толькі ўсміхалася ў адказ на яго збянтэжанасць і сарамлівасць.
Маруся імпанавала Ясю і падабалася як жанчына, але ў гэтым было мала эратычнага: хлопец перадусім захапляўся ейнымі ведамі і манерамі. Маруся была зграбнай, элегантнай, мела шмат дыхтоўных упрыгожанняў. Яна ўмела пекна ўбрацца, Яна пырскалася нейкай дзіўнай парфумай, ад якой яму рабілася незвычайна слаба. Хлопцу здавалася, што гэта пах ейнага цела і валасоў. Кабета ўсё больш прываблівала яго, але адначасова ён усё больш баяўся яе. Гэта быў страх таго, што, як ён адчуваў, можа паміж імі адбыцца, чаго ён, зрэшты, у сваіх марах вельмі жадаў. У параўнанні з ёй ён бачыў сябе такім нехлямяжным, брыдкім, што гэта яго яшчэ больш бянтэжыла. Ясь шмат чытаў і чуў пра стасункі між мужчынам і жанчынаю. Сам пра гэта таксама часта думаў. Употай ён жадаў ужо не адну жанчыну ды шмат за імі назіраў. Але калі здараліся нават добрыя нагоды, то ён аніяк не мог наважыцца. Нават думка пра пацалунак была для яго страшнай, хоць і спакуслівай.
А Маруся памалу, чэрпаючы з гэтага асалоду, чаравала хлопца. Яго сарамлівасць была для яе віном, якое яна смакавала як добры знаўца… Аднойчы яна прыняла яго ў адным ранішнім халаціку. Яна загадала яму прысесці за сталом і чытаць адно з ранейшых апавяданняў. Настаўніца папраўляла яго і адначасова мылася за ягонымі плячыма. Хлопец чуў за спінаю плёскат вады, гук намыльвання і лёгкіх дотыкаў ды скуры, і перад ягонымі вачыма зноў з'явілася тая жанчына, якую ён бачыў голай у лазні. Ён падумаў: «А што б яна сказала, калі б я павярнуўся?» Яму вельмі хацелася гэта зрабіць, але ён адначасова адчуваў, што на свеце не існуе такой сілы, якая б змусіла яго гэта зрабіць. Таму ён чытаў далей, збіваючыся і выклікаючы гнеўныя папраўкі Марусі, якая рабіла гэта ненатуральным тонам. Выцершыся пасля купання, яна пачала шалясцець шаўковай бялізнай. Потым уселася за стол, застаўлены безліччу разнастайных флакончыкаў і шкляных пляшачак самых розных памераў і формаў. Там перад люстэркам яна рабіла ранішні туалет. Ясь чытаў далей, прыслухоўваючыся да рухаў Марусі, паглынаючы пахі духоў і пудры, якія разыходзіліся па пакоі.
— А цяпер перакажыце гэта сваімі словамі, — кінула ў ягоны бок кабета.
Ясь пачаў мямліць, намагаючыся выказацца па-французску. Блытаўся ў добра знаёмых фразах. Не мог нармальна скласці ніводнага сказу.
— Што гэта такое?.. Прачытайце, калі ласка, яшчэ раз з самага пачатку, — да яго вушэй даляцеў Марусіч голас.
Ён перапыніў свой блытаны аповед і стаў чытаць спачатку. Гэта таксама ў яго не надта атрымлівалася. Праз момант ён пачуў: «Ну, прынамсі чытаць ужо можна было б навучыцца». Тады неспадзявана ўперад прасунулася Марусіна рука, якая нібы незнарок даткнулася да яго перадплечча, а пазней кранулася кнігі на стале. Другая яе рука лягла на ягонае правае плячо. Ясь адчуў цяпло ейнага цела. Яго ноздры хваляваў пах пудры. Маруся гучна, свабодна і выразна чытала сказ за сказам. Некаторыя з іх яна каментавала. Ясь баяўся паварушыцца і ўвесь пачырванеў, як бурак. Яго агаломшыла блізкасць жанчыны, ейны пах, голае плячо. На лобе ў яго з’явіліся кропелькі поту, а шчокі і вушы гарэлі. Ён аддаў бы ўсё, каб урок урэшце закончыўся. Сам сабе ён здаўся бязглуздым і нікчэмным. А адначасова абудзілася ў ім звярыная цяга да кабеты, жаданне накінуцца на яе, прынізіць, спрычыніць боль за тое, што яна гуляецца з ім, прымушае яго пакутаваць. Усё гэта было такім салодкім і адначасова трывожным, што думкі пра гэтую жанчыну замітусіліся яшчэ больш хаатычна.
Маруся прыкідвалася, што не заўважае Ясевага стану. Яна прымала яго ўсё больш разняволена і ва ўсё больш скупой адзежы. Жартавала з ім. Распытвала, ці ён хоць раз быў закаханы ў нейкую дзяўчыну і якія жанчыны яму найбольш падабаюцца. Аднойчы яна пачала вучыць хлопца танцаваць. Зацягнула пад носам мелодыю нейкага вальсу, падхапіла Яся і пачала круціць спалоханага хлопца па пакоі.
Аднаго разу ў нядзелю пасля заняткаў Маруся даволі доўга размаўляла з Ясем, расказвала яму пра Францыю і Парыж, дзе некалі жыла з бацькам два гады. Гэтым разам ейны строй быў някідкі, сама яна была прыязнай, далікатнай і асабліва падабалася Ясю, які з вялікай цікавасцю слухаў яе апавяданні. Яна ж не правакавала і не рабіла нічога, што магло збянтэжыць вучня. У гэты момант яна ставілася да яго як да роўнага і векам, і ведамі. Ясь меў уражанне, што дачыняецца з даўно знаёмым, зычлівым прыяцелем. Калі Лобава сабралася, каб выйсці ў горад, Ясь устаў і развітаўся з ёю.
— І яшчэ адно, — сказала Маруся. — Я запрашаю сёння да мяне а пятай. Добра?
— Не ведаю… — нясмела адказаў Ясь.
— Чаго вы не ведаеце?
— Ну… не ведаю, ці належыць… Не хацелася б вам назаляць…
— Усё гэта глупства! Вы мне зусім не назаляеце… А сёння мой дзень нараджэння… Я тут нікога не ведаю… Таму запрашаю вас на чорную каву… У мяне акурат ёсць вельмі смачная… Прыйдзеце?
— Добра…
— Тады а пятай.
Маруся вырушыла ў горад, а Ясю раптам прыйшло ў галаву, што жанчыне трэба падарыць кветкі… Гэтая думка зарадзілася ў яго, калі ён зрокам наткнуўся на адзінокі і буйны куст бэзу, што густа разросся каля ўваходу ў жытло Барана. Куст рос у бяспецы, бо недалёка была будка Мілага, і сабака адстрашваў жыхароў дамкоў і вулічных мінакоў, якія б хацелі пажывіцца бясплатным бэзам.
Дзень для Яся цягнуўся нясцерпна доўга. Пасля абеду ён апрануў свой найлепшы гарнітур, які захаваўся яшчэ з перадваеннага часу. Каля трэцяй гадзіны ён заўважыў, што Маруся вярнулася з гораду. Тады ён незаўважна нарэзаў з бэзавага куста вялікі букет ды схаваў яго ў сянях. Некалькі разоў ён заходзіў у кватэру і глядзеў на будзільнік. Нарэшце роўна а пятай з букетам бэзу ў руках ён пастукаў да Марусі ў дзверы.
— Ах, якія ж прыгожыя кветкі! — сказала Маруся на падораны букет.
Хлопец пажадаў ёй «шчасця, здароўя і поспеху ва ўсім», што не раз сам чуў пры такой нагодзе. Маруся паціснула яму руку і падзякавала. Кветкі яна паставіла ў вялікі слоік з вадой, бо букет не змяшчаўся ў аніводнай вазе. Пасля гэтага яна пасадзіла хлопца пры стале, які быў прыгожа накрыты для дваіх.
— Спачатку давайце вып’ем, — весела сказала Маруся.
Яна наліла ў кілішкі гарэлку, запраўленую вішнёвым сокам, і ўрачыста прамовіла тост:
— За нашае вялікае сяброўства!
Пазней загучалі іншыя тосты.
Ясь пачуваўся штораз лепей і вальней, пагатоў Маруся пазбягала ўсіх тэмаў, якія маглі б бянтэжыць або сароміць хлопца. Яна пачала расказваць пра Маскву. Яна распавядала так каларытна і цікава, што Ясь аж заслухаўся. Ён аж душыўся ад смеху з ейных жартаў, якія яна ўстаўляла ў аповед, і часам перапыняў яе, распытваючы пра падрабязнасці.
Маруся была адзетая вельмі стрымана: мела на сабе цёмную вузкую спаднічку і белую блузку з манжэтамі ды адкладным каўнерыкам. Валасы былі гладка ўкладзеныя, з праборам пасярэдзіне. Такая вопратка і прычоска яе вельмі маладзілі. Ясю цяпер здавалася, што яна нават маладзейшая за яго. Алкаголь ужо добра ўдарыў хлопцу ў галаву. А гэта знесла дыстанцыю, якая дагэтуль існавала паміж ім і жанчынай, нягледзячы на ранейшыя Марусіны старанні. Цяпер Ясь гаварыў свабодна і весела. Яму крыху заплятаўся язык, думкі ў галаве блыталіся, але ён адчуваў сябе дасканала, як ніколі.
Лобава час ад часу крытычна паглядала на Яся, але гэтак, каб ён не заўважыў. «Не ўмее піць», — зрабіла выснову жанчына і зноў напоўніла кілішкі.
— Давайце вып’ем за вясну! — сказала яна з вясёлым смехам. — За нашую вясну!
— Гэта значыць за вас… Бо вы сама як вясна… такая… такая… — Ясь не мог знайсці адпаведных словаў.
— Ну, якая? Якая?
— Такая… ну, такая прыгожая і свежая, і ўвогуле… цудоўная…
— Ах, які ж ты мілы! — рассмяялася Маруся. — А ведаеш што!.. Знову кажу «ты»… Давай вып’ем на брудэршафт… Бо казаць на «вы» — гэта страшна нудна… А сам-насам давай будзем казаць сабе заўсёды «ты»… Як сябры… Добра?