Аўтар робiць нацiск на раньнi разрыў Iсуса зь Ерусалiмскiм храмам; рытуал пагружэньня ў ваду, уведзены Янам Хрысьцiцелем, ужо быў такiм разрывам, таму што яго хрост, у адрозьненьне ад рытуальнага абмываньня габрэяў, быў аднаразовым актам ачышчэньня пасьля вызнаньня грахоў. Прымаючы хрост з рук Яна, Iсус фактычна адышоў ад храма, што i пацьвярджаў у далейшым жыцьцi, асаблiва ў Ерусалiме.
Я натую толькi вытрымкi з гэтай надзвычай цiкавай кнiгi, дзе ўсе важныя падзеi з жыцьця Iсуса iдуць у храналягiчным парадку i імавернасьцi кожнай прысьвечаны асобны разгляд, пры шматлiкiх тлумачэньнях, зьвязаных з культурным фонам. Аўтар, паўтараю, веруючы каталiк; як гэта запэўнiваньне гучыць у вушах арбiтраў навуковых дасьледаваньняў («дасьледаваньне», як вядома, па-лацiнску inquisitio), меркаваць ня мне. Гэта дасканала напiсаны i вельмi варты таго, каб яго прачыталi, аповед аб чалавеку, роўных якому сьвет ня бачыў i якi скiраваў чалавечую гiсторыю на новыя шляхi.
Тэкст перакладзены паводле: Kultura, № 1–2, 1995.
Размовы з д’яблам
Стэнаграма з мэтафізычнай прэс-канфэрэнцыі Дэмана ў Варшаве 20 сьнежня 1963 г.
Перасталі ў мяне верыць, і я, зразумела, ведаю аб гэтым. Я ведаю аб гэтым і стаўлюся да гэтага абыякава. Верыце вы ў мяне або ня верыце — гэта не мая справа, гэта ваша справа і толькі ваша. Разумееце, спадары? Мне бязьмежна, абсалютна ўсё роўна, а калі гэта часам мяне зацікавіць, то толькі так, як розум дасьледніка часам цікавіць якісьці кур’ёз прыроды. Розум, паўтараю, бо ўва ўсім, што я раблю, ува ўсім, што я перажываю, рэч дадзена без значэньня, без найменшага значэньня. І тое, што вы адмаўляеце маё існаваньне, ніяк не закранае маёй бесьцялеснасьці, таму што ўва мне няма бесьцялеснасьці, да таго ж я не хачу падацца вам лепшым, чымся я ёсьць, ні нават такім, якім я ёсьць, бо я хачу быць, кім я ёсьць, і нічым болей. Тое, што вы ня верыце ў мяне, не закранае ніводнага з маіх жаданьняў, бо ўсе мае жаданьні споўненыя. Я не зацікаўлены, каб было прызнана маё існаваньне, я зацікаўлены, каб справа ніштажэньня не аслабла. Вера ў мяне або яе адсутнасьць не ўплывае на памер маёй суровай працы.
Часам мяне зьдзіўляюць прычыны гэтай адсутнасьці, здараецца, нейкая справа на хвіліну затрымлівае мой позірк, я прыглядаюся да вашага жалю вартага скептыцызму, як вы прыглядаецеся да павука, які лезе па сьцяне. Мяне зьдзіўляе лёгкасьць, зь якой вы адкінулі сваю веру, зьдзіўляе мяне таксама, што калі нявера пасоўваецца наперад, я заўсёды першы падаю ахвярай. «Падаю ахвярай» — гэта так кажацца, каб нешта складна вымавіць, насамрэч я не зьяўляюся ніякай ахвярай і ня падаю, о не, ня падаю. Але адсутнасьць веры пачынаецца зь мяне. Найлягчэй зьняверыцца ў д’ябле. Пасьля надыходзіць чарод анёлаў, пасьля Тройцы, пасьля Бога. Быццам д’ябал быў найтанчэйшай часьцінкай вашага ўяўленьня, найсьвяжэйшай і найменш утрываленай, наймалодшай тканкай вашай веры, а можа папросту яе сарамлівай рэштай, недастаткова мілай, цяжкай для запамінаньня, неахвотна прыгадванай. Але я бачу, што тыя, хто верыць, палымяна верыць, з запалам, часам проста апантана, і нават тыя ў сваёй веры абмінаюць д’ябла, яны перасталі аб ім гаварыць, няпэўна адварочваюць позірк, калі іх запытаць, маўчаць, самі ня ведаючы, ці пакінулі яго цалкам, ці, можа, нейкая адна каморка іх душы адчувае яго прысутнасьць, а калі і адчувае, то ўсё слабей, каморка паступова згасае, адмірае, застывае, д’ябал выпадае ў забыцьцё. Хай так і будзе.
Я часьцяком наведваю цэрквы, слухаю казаньне, уважліва слухаю, без усьмешкі, спакойна. Рэдка, усё радзей здараецца, каб казаньнік, нават які-небудзь бедны вясковы пробашч, згадваў мяне на амбоне. Ні на амбоне, ні ў спавядальні, ні дзе-небудзь яшчэ. Пытаецеся, чаму? Саромеецца! Так, найчасьцей саромеецца. Невук, скажаце вы, прастак, верыць у казкі, не пасьпявае за духам часу, які ня хоча абмінуць і царквы. Ня можа? Так, скажуць тэолягі, царква пасьпявае за духам часу, нярэдка яго апярэджвае, сьмела ідзе, не баіцца інавацыяў — але, дадаюць, толькі ў сваёй форме, толькі ў мове, толькі ў вонкавым выглядзе, але не ў містычным зьмесьціве, ня ў веры, не ў адданасьці Богу. Чаму так, спадары тэолягі? А як жа са мной, калі так можна сказаць, дарма што, як я ўжо гаварыў, само па сабе гэта мяне зусім не цікавіць. Дзе ўсё-такі месца ўпалага анёла? Хіба я належаў толькі да мовы, да малазначнай выяўленчай формы, якую зь нядзелі на панядзелак, як гальштук, можна зьмяніць? Хіба нячысьцік — гэта толькі рытарычная фігура, loquendi modus facon de parler? Хіба гэта адно спосаб узбуджэньня млявай фантазіі вернікаў, які ў любы момант можна замяніць нечым іншым? А можа, спадары, усё зусім наадварот: ён зьяўляецца поўнай, бясспрэчнай, прызнанай у традыцыі, выяўленай у Пісаньні, апісанай Царквой цягам двух тысячагодзьдзяў, адчувальнай, укарэненай, рэальнай рэчаіснасьцю? Чаму ж тады вы ўнікаеце мяне, спадары? Баіцеся кпінаў з боку няверуючых, баіцеся, што з вас будуць зьдзекавацца ў кабарэ? Гэта калі ж вера пачала лякацца насьмешак паганцаў і ерэтыкоў? На які ж шлях вы ўступаеце? Калі вы будзеце адступаць ад фундамэнтаў веры, баючыся зьдзекаў, чым вы скончыце? Калі д’ябал сёньня, то Бог немінуча заўтра ўпадзе ахвярай вашай сумятні. Спадары, вы далі аблытаць сябе стодзіву сучаснасьці, якое баіцца канчальных справаў і ўтойвае перад вамі саму іх магчымасьць. Не для сваёй карысьці я кажу аб гэтым — мне чаго! — кажу да вас і для вас, як бы забываючыся на хвіліну аб уласным пакліканьні і нават аб уласнай павіннасьці шырыць аблуды. Ня я адзіны гавару гэта. Дзе-нідзе знойдзецца яшчэ манах які або сьвятар, што ў роспачы гучна дамагаецца ўправы на д’ябла, заклікае да веры, выкрывае заняпад Царквы, згадвае найсьвяцейшую традыцыю. Але хто яго слухае? Аглухлая Царква, якая навыперадкі бяжыць са сваім часам, хоча быць сучаснай, прагрэсіўнай, гігіенічнай, функцыянальнай, спраўнай, спрактыкаванай, спрытнай, матарызаванай, радыёфанізаванай, навуковай, чыстай, энэргічнай. Калі б я сапраўды быў зацікаўлены ў вашых лёсах, спадары, о, як жа я змог бы паказаць вам вашу нэндзу, вашы вартыя толькі шкадаваньня намаганьні, скіраваныя на тое, каб пасьпець за часамі, якія і так на тысячы міляў наперад заўсёды вас апярэджваюць. Спорт, тэлевізія, кінаэкран, банкі, прэса, выбары, урбанізацыя, прамысловасьць — і вы хочаце авалодаць гэтым сьветам? Чаму я кажу — авалодаць! — вы хочаце яму прыпадобіцца? У гэтым сьвеце вы хочаце быць сучаснымі, парваць з «казкамі», крочыць на чале чалавецтва, што ўдыхае атамны пыл у лёгкія, ужо счарнелыя ад цыгарэт і выкідных газаў? Чаго ж вы мусіце вырачыся, каб здабыць прызнаньне ў гэтым сьвеце? Д’ябла? Усяго толькі д’ябла? І вам здаецца, што на гэтым саступка скончыцца? Спадары! Вы перасталі лякацца зьняверанасьці, вы перасталі баяцца гарэзіі, вас не трывожыць д’ябал, а таму і Бог вас не трывожыць, аднаго вы толькі баіцёся — каб вас не назвалі адсталымі, ня зганілі сярэднявеччам, ня высьмеялі пагардліва вашую несучаснасьць, не давялі, што вы негігіенічныя, неактуальныя, ненатрэнаваныя, ненавуковыя, небагатыя, неіндустрыялізаваныя. Гэтага, аднаго гэтага вы баіцёся; дзеля таго, каб адбіць адзін гэты закід, вы ліхаманкава ствараеце свае друкарні, свае банкі, свае палітычныя партыі, свае капліцы ў духу corbusier, свае абстрактныя вітражы. Безумоўна, ня я страчу ад вашага заняпаду. Занепадайце, калі ласка, я ня падаю з вамі, гэта вы падаеце. У марнай надзеі, што лісьлівасьцю і дагаджэньнем можна завабіць атэістаў, вы самі ўжо гатовы прыняць увесь іх атэізм, адмовіцца ад усяго, чым вы жылі дагэтуль, і ў дурноце сваёй вы яшчэ мяркуеце, што захавалі веру, нязьменную ў зьмесьце, і толькі надалі ёй сучасны «кшталт». А д’ябал першы падае на алтары, заўсёды першы.
Гэта варта ня столькі ўвагі, колькі сьмеху, што адно з вуснаў бязбожнікаў я чую часам сваё імя, якое да таго ж яны вымаўляюць без трымценьня, бо яны ня маюць дачыненьня да традыцыі, якая з гэтым найменьнем зьвязвае нейкую рэальнасьць. На кірмашовых прадстаўленьнях яшчэ бываюць паказваюць «нячысьціка» на сьмех дзяцём, а калі-некалі ў тэатры ці ў кнізе, без сумневу, бязбожніцкай. А ў касьцёле, а на амбоне? Старыя абразы з храмаў выносяць, каб д’яблам ня страшыць. «Сучаснае выхаваньне», кажуць, гэтага патрабуе. Вы, спадары, заключылі пакт з усімі, абы ісьці ў нагу з тымі, хто з вас зьдзекуецца, вы згаджаецеся з усім, апрача вашай веры, апрача традыцыі. Вы пакінулі ад д’ябла парэшткі, праклён бязь зьместу, батлейкавую ляльку, сарамлівую смугу забытага міту, якой трэба пазбыцца як найхутчэй; мулкі сьлед даўно прамінулых часоў, рызьзё прадзеда ў сучаснай кватэры — гігіенічнай і функцыянальнай. Вас называюць хрысьціянамі? Хрысьціянамі бяз д’ябла? Хай так, не мая справа, не мая справа.